Якія бываюць календары? Прыватныя, сямейныя, карпаратыўныя. Фірменныя, офісныя, інтэр’ерныя. Эксклюзіўныя… Бадай, кожны каляндар нашай серыі – заўсёды культурна-пазнавальны, даследніцкі, незалежны. І заўсёды на беларускай мове. Але найперш ён нясе хараство і эстэтыку.
В. Дранчук.
Зайздросная мэтаскіраванасць і стваральная ўпартасць уласцівыя аўтару каляндарнай серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына” Валеру Дранчуку. Без гэтага не было б сёлетняга дваццацігадовага юбілею яго аўтарскага выдання дзеля праслаўлення і абароны фундаментальных каштоўнасцяў – прыроды, мовы, культурных набыткаў народа.
– Падстава і час заснавання каляндарнай традыцыі гістарычна ўнікальныя, – падсумоўвае Валер Дранчук. – Гэта сумежжа стагоддзяў, ХХ і ХХІ-га, імкненне ўвайсці ў дзверы будучыні праз сімвалічную годную арку. А што, як не прырода, ёсць самай лепшай аздобай будучыні, хіба не яна найпраўдзівы гарант прывабнай і вольнай краіны!
На гэты, прыродна-пазнавальны і культурны напрамак выдан-няў ахвотна пагадзіўся генеральны дырэктар ААТ “Мінскводбуд” Сцяпан Паўловіч. Дзякуючы яму і калектыву прадпрыемства, якое ўзяло на сябе фінансавую частку праекта, выдадзены календары “Нясвіж. Водна-паркавы ландшафт”(2001), “Міхал Сяўрук. Графіка травы і лісця” (2003), “Напалеон Орда. Сядзібна-паркавы краявід” (2007), “Святая вада Беларусі” (2009), “Дзіцячыя экалагічныя плянэры на хутары Гавязна (2010), “Дубы. Дубровы. Краявід” (2010), вялікафарматныя календары да 130-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа (2011-2012 гг.) ды інш.
Падчас эканамічных цяжкасцяў выжыванню праекта паспрыяла незалежная грамада, ТБМ і яго сябры. На выданне календара “Ідыліі. Самадзейны мастак Хведар Вініцкі” (2017 г.) ахвяравалі сродкі дзясяткі будучых карыстальнікаў – удзельнікаў першай “культурнай талакі” з вёсак Карцэвічы, Малева, Саская Ліпка, Альхоўка, з Гарадзеі, Нясвіжа і Менска, з Германіі і Вялікабрытаніі. У апошнія гады выдадзены календары “Невядомая Нясвіжчына”, “Касцёл у Новых Навасёлках”, “Маляванкі ў Ваш дом”, каляндар-постар “Міхал Сяўрук” (да 115-годдзя з дня нараджэння).
Юбілейны каляндар “Выбранае. Жыве Беларусь!” на 2021 год складзены з папярэдніх, больш як двух дзясяткаў календароў. Фотавобразы месяцаў не паўтараюць дакладна рэтравыпускі, але абавязкова адпавядаюць іх геаграфіі і характару. На кожнай старонцы аўтар падае кароткія цытаты са сваіх змагарных кніг і лістоў, занатовак з “зялёнага дзённіка”, выступленняў на прэзентацыях. На старонцы лютага чытаем: “Шчырая замілаванасць да прыроды, любых сэрцу краявідаў мусіць ісці поруч са словамі набатнай праўды, калі прырода спусташаецца і дэградуе”. Старонка ліпеня цытуе радкі з адкрытага ліста ў адказ на масавыя высечкі старых дрэў: “Парадак” – сінонім хараства і гармоніі, а не хворай тэхнакратыі. Авёс вырастае за год, а дрэва расце гады і стагоддзі”.
20-гадовы юбілей “Маляўнічай Бацькаўшчыны” супадае з жыццёвым юбілеем аўтара. Таму выданне календара “Выбранае. Жыве Беларусь!” мае дзве святочныя нагоды. Праўда, як зазначае Валер Дранчук, юбілеі мінаюць – ідэі застаюцца. Новыя тэмы патрабуюць рэалізацыі. Хочацца спадзявацца, каляндарная серыя “Маляўнічая Бацькаўшчына” будзе мець свой працяг, каб “несці хараство і эстэтыку” роднай зямлі і матчынай мовы.
Вольга Карчэўская.
Нясвіж.