Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Актуалізацыя дзейнасці першага літаратурнага аб’яднання праз стагоддзе

Актуалізацыя дзейнасці першага літаратурнага аб’яднання праз стагоддзе

11 лютага 2021, 08:59 Культура, Навука 47
Актуалізацыя дзейнасці першага літаратурнага аб’яднання праз стагоддзе

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 27 студзеня адбыўся навукова-практычны семінар “Шляхамі маладнякоўцаў”, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Змітрака Бядулі і 120-годдзю з дня нараджэння Міхася Зарэцкага.

Са змястоўнымі паведамленнямі на семінары выступілі Таццяна Лаўрык, Алесь Суша, Эліна Свірыдовіч, Святлана Воцінава, Аксана Данільчык, Ігар Шаладонаў, Анатоль Трафімчык і іншыя даследчыкі і навукоўцы.  Прысутныя атрымалі шмат новай інфармацыі пра жыццё і творчасць Змітрака Бядулі, Міхася Зарэцкага і іншых “маладнякоўцаў”.

Падчас семінара прагучаў відэазапіс прамовы сына Змітрака Бядулі -Яфіма Самуілавіча Плаўніка. Пра лёсы трох паэтак – Зінаіды Бандарынай, Наталлі Вішнеўскай, Яўгеніі Пфляўмбаўм – распавяла літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Аксана Аляксееўна Данільчык.

Таццяна Анатольеўна Лабада паведаміла пра ўшанаванне памяці Змітрака Бядулі ў “Беларускай хатцы”.  Актуалізацыя твораў беларускай літаратуры праз стагоддзі і па-глыбленне ў вывучэнне біяграфій творцаў наводзіць на думку пра шматлікія гістарычныя паралелі з сёняшнім днём.

На працягу двух гадоў Нацыянальная біблітэка Беларусі разам з партнёрамі: Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, выдавецкім домам “Звязда” працуе  над маштабным рэспубліканскім праектам “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прысвечаным 100-годдзю стварэння Усебеларускага аб’яднання пісьменнікаў  і  паэтаў “Маладняк” – першага прафесійнага літаратурнага аб’яднання ў нашай краіне. У межах праекта ажыццяўляецца шэраг культурных акцый.

(Трэба ўзгадаць, што Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” існавала з лістапада 1923 па лістапад 1925 года, і яго дзейнасць пакінула яркі след у беларускай культуры.

 Яго заснавальнікамі былі М. Чарот, А. Дудар, А. Вольны, А.  Александровіч, А. Бабарэка і іншыя.

Філіялы аб’яднання былі створаны ў Менску, Бабруйску, Барысаве, Гомелі, Магілёве, Оршы і іншых гарадах. У склад “Маладняка” ўваходзілі нацыянальныя секцыі рускіх, польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх пісьменнікаў.)

За апошні час было створана 6 віртуальных раздзелаў да юбілеяў маладнякоўцаў: Валерыя Маракова, Адама Бабарэкі, Уладзіміра Хадыкі, Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага, Яна Скрыгана. Сёмы раздзел прысвечаны юбілею Андрэя Александровіча.

– Для нас было важным размяшчэнне поўных тэкстаў кніг сяброў  “Маладняка”, – сказала на падсумаванне ўсёй праведзенай дзейнасці загадчык інфармацыйна-аналітычнага аддзела бібліятэкі Таццяна Анатольеўна Лаўрык. – За 2019-20 гады намі разам з музеем гісторыі беларускай літаратуры было сумесна ажыццёўлена шмат разнастайных імпрэз, лекцый і круглых сталоў, відэапрэзентацый. Зацікавілася нашым праектам Берасцейская абласная бібліятэка.  Мы шмат працавалі над тым, каб папулярызаваць творчасць маладнякоўцаў: У. Дубоўкі, Я. Скрыгана, М. Чарота, А. Александровіча.

Каб распавесці больш пра іх дзейнасць сучаснікам і для прэзентавання раздзелаў, арганізоўваліся мерапрыемствы, лекцыі, круглыя сталы. Разам з часопісам “Маладосць” мы правялі лекцыю “Ад “Маладняка” да “Маладосці””.  Падчас пандэміі мы шукалі новыя формы працы. Мы наладзілі сувязь з музеем Кузьмы Чорнага. Ірына Эрнстаўна Багдановіч падрыхтавала раздзел, прысвечаны У. Дубоўку.

Апошняй ініцыятывай, якая атрымала шырокі рэзананс, стала правядзенне анлайн конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына!”, прысвечанага 120-годдзю Уладзіміра Дубоўкі. Мы наладзілі сувязь з самымі рознымі арганізацыямі, якія носяць імя Дубоўкі.

 На конкурс паступіла 880 прац з розных рэгіёнаў краіны з чытаннем самых разнастайных тэкстаў Дубоўкі. Удзельнікі конкурсу расказвалі пра ўдзел у сваіх арганізацыях. Навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Выгоцкага размясцілі свае дыпломы на сайце. Яшчэ адзін раздел мы прысвяцілі Яну Скрыгану і наладзілі сувязь з яго дачкой Галінай Іванаўнай, а таксама з музеем аграгарадка Камень, які даслаў нам шмат матэрыялаў. Мы стварылі рубрыку на нашым сайце, прысвечаную 100-годдзю “Маладняка” і  суполка ў Фэйсбуку “О, Беларусь, мая шыпшына”. Мы пачалі супрацоўнічаць з роднымі пісьменнікаў – “маладнякоўцаў”.

– Для нас гонар браць удзел у шматлікіх культурных і навуковых акцыях, выставачных і публікацыйных, – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай і выдавецкай дзейнасці А.А. Суша. – Для літаратурнай прасторы Беларусі праект з’яўляецца вельмі важным. Многія нашы ініцыятывы выклікалі фенаменальную рэакцыю! Дзеці з самых розных школ і бібліятэк чыталі вершы перад камерай ва ўмовах кавіду. Гэта сведчыць пра цікавасць да беларускай літаратуры.

Плённая атмасфера семінара натхніла даследчыкаў працаваць далей. Вялікая колькасць гледачоў далучылася да ўдзелу ў семінары ў дыстанцыйным фармаце.

Э. Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5016
Далучайцеся да нас