У нядзелю 24 студзеня 2021 г. у Менску ў сядзібе ТБМ адбылося чарговае паседжанне рэспубліканскай Рады таварыства. Кворум быў забяспечаны прысутнымі, але, паддаючыся павевам часу, адпрацоўваўся і рэжым анлайнудзелу. Атрымалася не адразу, але некалькі чалавек, пераважна з Гомельшчыны, усё-такі далучыліся. Тым не менш, над адпрацоўкай гэтага рэжыму яшчэ трэба папрацаваць.
На паседжанне быў вынесены наступны парадак дня:
- Справаздача аб дзейнасці ў 2020 г. (перыяд пасля з’езда).
- Прыняцце і зацвярджэнне плана дзейнасці ТБМ на 2021 г.
- Разгляд і падтрымка тэкстаў для Агульнанацыянальнай дыктоўкі.
- Дзейнасць Універсітэта імя Ніла Гілевіча.
- Аб дзейнасці сайта ТБМ tbm-mova.by.
- Функцыянаванне сядзібы ТБМ.
- Рознае.
Паседжанне пачалося з хвіліны маўчання ў памяць сяброў ТБМ, якія пакінулі нас ужо ў гэты кароткі перыяд, які прайшоў пасля з’езда.
Справаздача старшыні была кароткай, бо часу пасля з’езда прайло мала, але тым не менш знайшліся людзі, якія аказалі годнымі ўзнагарод. Падзякі ТБМ былі ўручаны Валянціне Раманцэвіч і Алесю Рымшу.
План традыцыйна быў зацверджны без вялікіх спрэчак. Адзначыць трэба пункт аб удзеле ў Дні пісьменства, які пройдзе ў Капылі. Там у нас няма арганізацыі, але ёсць прыхільнікі і сябры. Удзел плануюць як дэлегацыя з Менска, так і арганізацыі з Нясвіжа, Ліды, Слоніма і наогул з Гарадзеншчыны
Тэксы для Агульнанацыянальнай дыктоўкі вызначаны з твораў Івана Шамякіна (100 год з дня нараджэння), Міколы Ермаловіча (100 год з дня нараджэння), Ніла Гілевіча (90 гадоў з дня нараджэння) і тэкст Уладзіміра Арлова “Незалежнасць гэта…” да 30-годдзя аднаўлення незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе.
Алег Трусаў і Уладзімір Колас далажылі сітуацыю з Універсітэтам імя Ніла Гілевіча. Па факту дзяржаўныя структуры банальна блакуюць з’яўленне ўніверсітэта, бо бачаць у ім канкурэнта.
Рада разгледзела сітуацыю з дзейнасцю (дакладней, бяздзейнасцю) сайта ТБМ tbm-mova.by. Рада прызначыла новага адміністратара сайта – намесніка старшыні ТБМ Зміцера Солтана з Наваградка. Кансультантам прызначана ІТ-спецыяліст Ганна Янкоўская, сябар Лідскай гарадской рады ТБМ. Былі абмеркаваны і іншыя пытанні, якія тычацца прысутнасці ТБМ у віртуальнай прасторы.
Няпростая сітуацыя з сядзібай ТБМ. Драпежніцкая арэндная плата і ў лепшыя часы была праблемай, а падчас пандэміі, калі закрыліся розныя курсы, стала ўдушальнай для арганізацыі. Што праўда, акрамя закліку тэрмінова заплаціць складкі за 2021 год, іншых вартых прапаноў не паступіла.
На завяршэнне Рада ТБМ у чарговы раз выказалася за адзіную дзяржаўную беларускую мову.
Яраслаў Грынкевіч.