Напярэдадні Новага, 2021, года ў Менскім выдавецтве “Колорград” выйшла кніжка паэзіі “Вяртанне восені. Сцятыя вобразы”. Гэта – другая кніга беларускага паэта са Слонімшчыны Міколы Канановіча. Так напісана ў выходных даных. І гэта – праўда! Але не ўся. Бо! Сапраўдныя беларусы не лічаць колькасць кніг сапраўдных нацыянальных паэтаў, а чытаюць іх вершы.

Першая кніжка М. Канановіча “І доўжыцца ноч…” выйшла ў 2003 годзе накладам 500 асобнікаў. Дзякуючы спрыяльнаму збегу абставінаў, тыраж мог быць сама меней у два разы большы, але аўтар вырашыў, што хопіць і столькі, і… памыліўся. Не хапіла. Прырода надзяліла Міколу Канановіча глыбокім аналітычным розумам, уразлівай душою і паэтычным талентам, а мы, беларусы, дзякуючы самому паэту, які не змарнаваў дадзенае яму Богам, маем магчымасць узбагаціць свой розум і сэрца сапраўднай паэзіяй. Не дзіва, што гэтая першая кніжка паэта даўно стала рарытэтам.

Новая кніжка М. Канановіча паказвае нам шмат у чым і новага паэта. Тут меней бунтарства маладосці, а больш разважлівасці (ажаніўся чалавек), больш узвышаннасці, больш чыстай красы. Паэт пасталеў, і… адступіла ноч. У кнізе болей святла, цяпла, дабрыні. Асабліва гэта адчуваецца ў вершах, прысвечаных жонцы Ірыне і дачцэ Хрысціне.

Кніга паэзіі “Вяртанне восені…” выдана коштам самога аўтара, таму, на жаль, тыраж яе ўсяго 30 асобнікаў. Але! Гэтая кніга ўжо сёння рарытэт! І не толькі з-за малога тыражу, а і з-за вельмі ўдалага яе аздаблення. Гэта кніжка – той выпадак, калі форма адпавядае зместу. Вяршыняй высокагустоўнага мастацкага афармлення кнігі з’яўляюцца малюнкі 16-гадовай дачкі паэта. Хрысціна сама выбрала вершы таты, да якіх ёй захацелася зрабіць малюнкі.

Надоечы прачытаў пісьмо вядомага рускага савецкага пісьменніка-дысідэнта Уладзіміра Вайновіча (1981 год) тагачаснаму кіраўніку СССР Леаніду Брэжневу, што прыйдзе час і людзі будуць здаваць на макулатуру па 20 кг твораў Брэжнева, каб атрымаць талон на пакупку адной кніжкі Вайновіча. Перакананы! Паэзія Міколы Канановіча не вымяраецца і ніколі не будзе вымярацца штукамі ці кілаграмамі, бо мае толькі адну вартасць – мастацкую!
Міхась Варанец,
г. Слонім.
З кнігі
“І ДОЎЖЫЦЦА НОЧ…”
ДЫЯЛЕКТЫКА
Калі апускаецца ноч,
Тады абуджаецца чэрнь,
Ды шчасце праходзіць наўзбоч
Перамен.
Калі выбіраюць цара –
Не будзе ён добрым царом.
На звалку даўно ўжо пара
Уладароў.
Калі ў хмары ракетамі б’юць, –
Дзесьці льецца
чарнобыльскі дождж,
І атручаныя жывуць –
Для чаго ж?
Калі свету настане канец –
І ўсё з праху пачнецца ізноў,
А нябесны наш Бог-Айцец
Зробіць Еву наноў.
ІНТЭР’ЕР ПЫСТЭЧЫ
На небе поўня. Лямпа на стале.
Цябе няма. І тут няма мяне.
Было каханне,
жарсць і сэрцаў стук,
І слоў цяпло, суладдзе ног і рук.
Пасля – зіма,
як галавой аб брук…
І ноч лупатай поўняй
смокча кроў,
Святло пустое сее лямпа зноў,
Даўно нам наша
свечка не гарыць,
Мы не жывём,
а толькі мусім жыць.
І калі нас разгубленасць
знайшла,
Не важна стала, у чым чыя віна.
З кнігі “ВЯРТАННЕ ВОСЕНІ…”
ТУМАН
Туман схаваў царкву,
І могілкі, і поле.
З жыццём былым парву.
І боль не будзе болем?..
Няўтульнасць, неспакой,
Нявызначанасць шляху.
І слізка пад нагой,
І не відаць абсягу.
Я ведаю, туман
Развеецца апоўдні.
Ды не загоіць ран
І шлях змяніць не здольны.
Што позна, а што не –
Тлумачыць мне не трэба.
Я жыў у тумане
І з ім сыду на неба.

ВОСЕНЬСКАЕ
Вязнямі – кнігі ў шуфлядзе.
Гадзіннік адстуквае дні.
Восень на даляглядзе,
А здабыткаў – ані!
Калгасны кірмаш прыедзе
Раённы карміць гарадок,
А я заблуджуся недзе
У лесе на той дзянёк.
Знікну з астылых вуліц,
Пакіну людскі натоўп.
Хай ціша бору атуліць,
Што ў ступе жыццёвай стоўк:
Каханні, гады, жаданні,
Мары, надзеі, час,
Падзенні і беснаванні,
І шанец яшчэ на раз.
І .
Ты мае не чытаеш вершы,
Не прысвечаныя табе,
Ды наперадзе твор наш лепшы
Сэнсам станецца для цябе.
З дня на дзень вясна надыходзіць.
Так пранізліва пахне снег.
Ты па ім асцярожна ходзіш,
Бо табе паслізнуцца грэх.
Чакаеш лета і сонца,
Каб жыццём распусціцца з ім
І падоўжыць жыцця
бясконцасць,
І застацца ў ім нам дваім.
ХВАРОБА
Залацістая, рыжая, мілая!
Развітальны твой позірк злавіў.
Не хацела, мая ты любімая,
Расчапіць сваіх ручак наіў.
Ды хвароба аднолькава жорсткая
Да старых і да дзетак, як ты.
У вачанятах – гаркота маркотная.
То ў твой годзік і месяцы тры.
Адпускаць у палату бальнічную-
Быццам сэрца на лекі здаваць –
Дзяўчыначку нашу цяплічную…
Але мусім лячыць і трываць.
ПА ДАРОЗЕ
(Фантасмагорыя)
На сядзенні заднім – бо забілі –
Прымясціўся Божы раб Мікола –
Бачу я сябе ў аўтамабілі,
Што ў бок ад свету круціць колы.
Застаецца, белым палыхае
Квецень красавіцкая мястэчка,
Дзе ніхто мяне ўжо не чакае,
Не кахае, не запаліць свечку.
Я імкну ў халоднае нікуды
І на Божы рай не спадзяюся,
Не баюся пранцаў і прастуды
І ні з кім ужо не пасваруся.
Не страшныя мне цяпер “канвоі”
І да фені праца па Сізіфу.
Еду я ў вечныя ізгоі
Па зусім бясплатнаму тарыфу.
Бо – забілі. Значыць, ёсць нагода
Не ў чаргу па рай
да Божай брамы,
А дамоў, у Вялікае балота,
Дзе бываў калісь
шчаслівы самы,
Дзе Зяльвянка
з Летай нерастуюць –
Еду на бясконцую рыбалку.
Там самы са мною пасябруюць,
А ў каханкі выберу русалку.
АШЧАДНАЯ КНІЖКА
На шэрай паперы
Ды з яркай Пагоняй –
Ашчадная кніжка бабулі.
1993-ці.
Ужо так блізка
Да бабінай смерці,
Да смерці Пагоні
На кніжках ашчадных,
На Доме ўрада
І ўсюды,
Дзе здрада
Цісне, як прэсам,
Дзе чэрці ізноў
Пагоняць люд лесам
Далей ад шляхоў
І бліжэй да балота,
Дзе кніжак ашчадных
Не мецьме басота.
…Эпас народа
І шанц гістарычны
Пасад свой займець
На зямельцы спрадвечнай
Звузіў на пшык
Гарлапан той публічны,
Што выплыў наверх
З калатнечы галечай.
Памерла бабуля.
Падзерлі Пагоню.
І казка, і песня, і мова
Паснулі.
А іх абаронцаў
Дручкамі гоняць
Пагоны,
Што тоўстыя шчокі
Надулі.
Зноў чорная зграя
Лютуе над людам.
Даляры ёй, золата
Засцілі вочы.
…Бабуліна кніжка
ляжыць у шуфлядзе
рэліквіяй памятнай
новага часу.
А што там далей,
і ці доўгі век здрадзе?.. –
Гэта ўжо тэма
іншага сказу.
ПОСТКАЛЯДНЫ СІНДРОМ
Каляды.
Чорныя Ляды.
Быкаў Васіль,
Што так змрочна зусім?
Сыс Анатоль,
Ты ўзяў бы мой боль?..
Някляеў Уладзімір –
Ён за праўду, за мір! –
Ў “амерыканцы” адбыў
Новы год і Каляды –
Пашыраў далягляды
Ад кандыдата
Да арыштанта
І ў хаце сядзельца…
Ці баліць каму сэрца?
…Каляды ўжо ззаду,
У тумане далягляды,
У краіне – нарыў…
Беларускі матыў
У свеце прастыў.
Толькі з Расіі
Доўгія шыі
Цягнуць да нас –
Пільнуюць свой час.
…А я тут свой сум
Паміж вёсак пасу.
ХРЫСЦІНЕ
На жоўта-брудным
восеньскім фоне –
Ясныя вочы маёй дзяўчынкі.
Ідзем за руку мы з ёю паволі
І топчам у лужах
першыя льдзінкі.
Пра клёны чырвоныя
ў нас бяседа,
(Хоць стаў варыцца
супу каструлю),
Затым дачка нешта
кажа пра дзеда
І ўспамінае сваю бабулю.
Мы заўтра паедзем
у госці ў вёску
У цёплую хату да бабы з дзедам,
Дзе добра так спіцца
на дзедавым ложку,
Дзе баба за ўнучкай
тупае следам.
…Малая набрала лістоў кляновых
І звонка ў двары
гарадскім смяецца,
А ў мяне ад пачуццяў
старых і новых
Не ў такт імгненню
сціскаецца сэрца.
ПЫТАННЕ
…Ёсць сям’я і праца ёсць –
Не стае кахання!
Няма стомы, а ёсць злосць
На мяжы трывання.
Ёсць краіна ды няма
Тут тваёй дзяржавы…
Ці ва ўсім, чаго няма,
Вінаваты самі?
ВЫБАР
Калі ў начальнікі выбралі хама –
У акрузе закрылі
апошнюю краму.
А тыя крэціны, што выбіралі,
Ездзяць па хлеб у далёкія далі.

