У горадзе Магілёве на плошчы Арджанікідзэ, на былой Касцерні знаходзіцца Сацыяльна-гуманітарны каледж МДУ імя А. Куляшова. Ён месціцца ў чатырохпавярховым, з першага погляду досыць тыповым, шэрым савецкім будынаку. Але насамрэч гэты будынак мае даўнюю гісторыю.
Гісторыя пабудовы пачынаецца з 1885 года, калі ў ім было адчынена Александраўскае рэальнае вучылішча. Згодна свайго Статуту гэтая вучэльня была ўсесаслоўнай сярэдняй навучальнай установай адкрытага тыпу. Вучыліся ў ёй шэсць гадоў, сёмы год быў дадатковым.
Падрыхтоўка да арганізацыі і стварэння рэальнай вучэльні ў Магілёве пачалася ў 1879 годзе пры актыўным удзеле губернатара А. С. Дамбавецкага. Пачатковы праект будынка распрацаваў губернскі інжынер Уладзіслаў Міляноўскі. Затым будаўніцтвам займаўся інжынер Пётр Камбураў.
Адчынена была вучэльня 1 ліпеня 1885 года. Назва “Аляксандраўская” была прымеркавана да 25-годдзя кіравання Расійскай імперыяй Аляксандрам ІІ. Будынак быў пабудаваны з чырвонай цэглы у стылі эклектыкі. На навучанне прымаліся толькі хлопцы, прычым любога сацыяльнага статусу і веравызнання. Адразу ў першы год былі залічаны 142 чалавекі. Кіраваў вучэльняй дырэктар з дапамогай інспектара, а навучанне праводзілі 9 выкладчыкаў, 4 “законоучителя” праваслаўнага, рымска-каталіцкага, лютаранскага і габрэйскага веравызнання, памочнік класных настаўнікаў, сакратар і лекар. Адукацыя ў рэальнай вучэльні давалася згодна з вучэбным планам, які прадугледжаваў наступныя прадметы: Закон Божы, руская мова, дзве мовы замежныя – нямецкая і французская, гісторыя, матэматыка, чыстапісанне, маляванне, спевы і музыка. Але асноўны ціск рабіўся на фізіку, механіку, хімію і геаграфію. Па інфармацыі краязнаўца Дзмітрыя Аляксеенкі ў вучэльні была добрая матэрыяльна-тэхнічная база з даволі сучаснымі кабінетамі. Напрыклад абсталяванне кабінета фізікі складалася з 192 адзінак, сярод якіх былі сферычныя люстэркі, электраметар Фехнера, магніты, а таксама геадэзічныя і землямерныя прылады. У будынку былі свае метэастанцыя, хімічная лабараторыя з 98 прыладамі, малявальны тэхнічна-чарцёжны кабінет з 5.115 прадметамі, набор мапаў, атласаў і глобусаў. Фундаментальная бібліятэка вучэльні ў 1902 годзе налічвала 2914 тамоў. Меўся таксама хор, які выконваў музычныя творы з вучэбных хрэстаматый, зацверджаных Міністэрствам адукацыі. Праводзілася навучанне ігры на музычных інструментах. Існавала некалькі аркестраў: сімфанічны, духавы і нават аркестр балалаечнікаў.
Сцены навучальнай установы бачылі многіх выбітных дзеячоў, якія праславілі наш Магілёўскі край. У пачатку 20 стагоддзя выкладчыкам працаваў Міхаіл Сілуянавіч Кахановіч – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, педагог, рэдактар і публіцыст, рэдактар газеты “Магілёўскія ізвесція”. Менавіта ён быў старшынём Магілёўскай Беларускай Рады, па ініцыятыве якой у сакавіку 1918 года ў Магілёве была афіцыйна прызнана ўлада БНР.
Сярод выпускнікоў вучэльні можна назваць мастака Канстанціна Геда, пісьменніка Рувіма Фраермана, аўтара “Дзікага сабакі Дзінга”, Уладзіміра Барцэвіча – палкоўніка Генштаба Расійскай імператарскай арміі, удзельніка Белага руху, паплечніка барона Урангеля. Трэба сказаць, што апошні выпуск Магілёўскай Аляксандраўскай рэальнай вучэльні адбыўся ў 1916 годзе.
У 1960-х гадах на старым будынку былі надбудаваныя яшчэ два паверхі, знівеліраваны адмысловы дэкор з галоўнага фасаду, разабраныя кафельныя печы. Па ўспамінам старажылаў да рэканструкцыі наведвальнікі вучэльні, праходзячы праз фае, сустракалі на падлозе надпіс “Аляксандраўская рэальная вучэльня”.
Мабыць, у будучым любячыя гісторыю сваёй зямлі магілёўцы адновяць непаўторны фасад старажытнай навучальнай установы, каб ні былая прыгажосць, ні высілкі тагачасных архітэктараў не прапалі дарэмна.
Алег Дзьячкоў, Магілёў.