• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 24 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:14 Грамадства, ТБМ 2
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

Як імгненна бяжыць час. Здаецца, зусім нядаўна сустракалі высакосны, 2020 год. Год, у якім на чалавецтва звалілася страшная, дасюль невядомая хвароба. Карона-вірус, год бурных, непрадказальных палітычных падзей, год шматлікіх ваенных канфліктаў, забастовак і пратэстаў мірных грамадзян, год прыродных катаклізмаў.

Праўда, у нашай сям’і былі і радасныя падзеі. У канцы жніўня мы з жонкай сціпла адсвяткавалі паўстагоддзя сумеснага жыцця, а праз месяц упершыню за 50 гадоў удалося разам адпачыць у санаторыі “Энергетык”. Старэйшы ўнук Іван канчаткова вызначыўся “расквітацца” з халасцяцкім жыццём і стварыць сваю сям’ю. Гэты важны крок быў запланаваны на пачатак 2021 года. Меншы ўнук Міхась у жніўні здолеў прайсці праз парогі сур’ёзнага адбору і стаць выхаванцам прэстыжнай футбольнай акадэміі берасцейскага “Дынама” ў горадзе Ашмяны. Настойлівасць, вытрымку, спартыўны імпэт праявіла і наша адзіная ўнучка Дар’я, якая таксама захапілася футболам. Кумірам для яе стала ігрок менскага “Дынама” і нацыянальнай каманды Беларусі, былая вучаніца СШ № 3 г. Дзятлава Карына Альховік. На адным з матчаў на першынство Гарадзенскай вобласці сярод дзяўчынак яе заўважыў трэнер рэзерву сталічнага “Дынама” і запрасіў на прагляд у Менск. Цяпер амаль кожную пятніцу пасля ўрокаў Дар’я самастойна едзе маршруткай у Менск, паспявае на вячэрнюю трэніроўку, начуе ў роднай цёткі. У суботу, як правіла, едзе з камандай на таварысцкія сустрэчы ў іншыя гарады краіны ці праводзіць іх у Менску. У нядзелю з раніцы – трэніроўка з камандай  і “пакет” хатніх заданняў па ўдасканаленні тэхнікі гульні і фізічнай падрыхтоўкі. Дарога ў Дзятлава і падрыхтоўка да ўрокаў займаюць другую палову дня, а іншы раз – кавалак ночы.

З аднаго боку поспехі ўнукаў радавалі нас, хоць было трошкі трывожна і шкада іх. Як ні кажы, а штотыднёвыя паездкі маршруткай у сталіцу, а там на гарадскім транспарце ў двухмільённым горадзе, насычаным шматлікімі палітычнымі акцыямі, асабліва па выхадных днях, выклікалі трывогу і найболей у Наталлі Георгіеўны. Хвалявалася і перажывала яна і за меншага Міхася. Ведала, што жыве ў зручным, прасторным двухмесным пакоі з адмысловым пяціразовым харчаваннем, вучыцца ў мясцовай гімназіі, да якой не болей за сто крокаў, рыхтуе хатнія заданні пад наглядаў педагогаў-выхавацеляў, трэніруецца пад кіраўніцтвам трэнераў-прафесіяналаў, на працягу сутак за здароўем выхаванцаў сочыць кваліфікаваны медык, але ўсяроўна далёка ад бацькоўскай ласкі і клапатлівай бабулінай апекі.  На вачах меншыя ўнукі пасталелі, сталі больш адказнымі, самастойнымі, дысцыплінаванымі.

У кастрычніку, падчас нашага адпачынку ў “Энергетыку”, у адзін з выхадных дзён Міхась прыехаў на пару дзён дахаты. Маёй Наталлі раптам захацелася ў Дзятлава. Матывавала тым, што трэба паліць хатнія кветкі, нешта ўзяць з адзежы ды проста змяніць абстаноўку.

Канешне ж, паехалі, бо машына была з намі. Дарогай узнікла ідэя ехаць іншым шляхам. Звярнулі на Галубы, Зачэпічы Шчучынскага раёна, Гузні, Шаршні, Дзям’янаўцы. Абшары Ліпічанскай пушчы, раскінуўшыся абапал дарогі, прымусілі кожнага задумацца пра нешта сваё. Ехалі няхутка, любуючыся прыгажосцю ляснога бяскрайняга масіву. Праязджаючы паўз Дзям’янаўцы, жонка раптам захацела завярнуць у вёску, бо ніколі не была тут. Тым больш, што ўжо некалькі гадоў гэты ціхі лясны куток, каб лягчэй перажыць трагічную страту сына, выбрала для свайго жыцця былая калега, з якой доўгі час працавалі ў адным кабінеце. Вёска вялікая, хоць даўно ўжо няма сельсавета, школы і іншых устаноў, але з паўсотні жыхароў ёсць. Зусім нядаўна тут паўстаў невялікі прыгожы будынак драўлянай праваслаўнай царквы, што сведчыць пра перспектыву гэтага населенага пункта.

Адзін вясковец, які рамантаваў плот, падказаў, як нам трапіць да В.К. Кушаль. Хату знайшлі, праўда, у апошні момант Наталля не захацела прыносіць клопат, зваліўшыся, як снег на галаву сваёй былой калезе. Візіт адклалі на пазнейшы час, тым больш што да Дзям’янаўцаў з Дзятлава скончана асфальтаванне дарогі.

Пасля адпачынку ў санаторыі пачалася другая палова кастрычніка, так званая “залатая восень” з палітрай жоўта-барвовых фарбаў. Праўда, чамусьці краявіды не радавалі нас так, як у папярэднія гады. На сэрцы панавала нейкая трывога. Так і мінуў кастрычнік, а яму на змену прыйшоў хмуры, хваравіты лістапад.

З кожным днём у маёй жонкі з’яўлялася ўсё больш надакучлівая думка з’ездзіць куды-небудзь, купіць што-небудзь, паглядзець што-небудзь. З’ездзілі ў Наваградак, набылі новую лядоўню. У Лідзе купілі камплект пасцельнай бялізны, каструльку, шукалі новую патэльню і яшчэ хоць што на кухню, хоць ручнічок ці абрус.

Аднойчы лістападаўскім ранкам зноў гучыць просьба куды-небудзь паехаць. Напаўсур’ёзна прапаную – на Кудыкіну горку. Згодна. Паехалі. Спачатку ў бок Дварца, але на паўдарозе маёй спадарожніцы не захацелася, бо была там дзясяткі разоў. Павярнулі на Тарасавічы і Палубачкі. Я распавёў пра дугу Струве, расказаў, што мы знаходзімся на так званай Слонімскай градзе Наваградскага ўзвышша, што гэта самае высокае месца Дзятлаўшчыны. Яго вышыня амаль 300 метраў над узроўнем мора. Праехалі паўз бяз-людныя Палубачкі, праз Тарасавічы і палявой дарогай трапілі ў Валоўнікі, якія хоць і пры асфальце, але выглядаюць не менш сумна. На вуліцы ніводнай жывой душы.

Больш як паўсотні гадоў таму, калі я пачынаў працу дырэктарам Дзятлаўскай ДЮСШ, мяне накіроўвалі прадстаўніком РАНА на экзамены ў Сямёнавіцкую базавую школу. Транспартам быў спартыўны ровар. Недзе паміж Тарасавічамі і Петрукамі, на палявой дарозе, я наехаў на кавалак калючага дроту і давялося вярнуцца ў Дзятлава, ведучы ровар у руках.

За Валоўнікамі, на гары, заўважылі ўказальнік на Петрукі, Сямёнавічы. Нечакана прыняў рашэнне хоць праз паўстагоддзя пабыць у тых Сямёнавічах. Дагледжаная, роўная гравейная дарога вядзе ў аб’езд Петрукоў. Тут сустрэўся чалавек, які з малатком і зубілам з руінаў былой калгаснай фермы здабываў на свае патрэбы чырвоную цэглу. З яго слоў даведаліся, што ў Петруках на ўсю вёску толькі адзін жыхар.

Паўразваленыя будынкі фермы, закінутыя сянажныя траншэі, воданапорная вежа сустракалі нас злева, на грудку, пры ўездзе ў Сямёнавічы. У вёсцы тры вуліцы. Праехалі па адной – ніводнага жывога чалавека. На другой, у двары, пашчасціла заўважыць пажылога мужчыну. Прыпыніліся. Павіталіся. Загаварылі. Наш прыезд крыху здзівіў яго. Напэўна, ён і не паверыў нашым краязнаўчым пазнавальным намерам, але разгаварыўся. Высветлілася, што ў Сямёнавічах тры жыхаркі. Адна з іх – яго цёшча, да якой раз на тыдзень і наведваецца, каб прынесці ў хату дроў, вады, а таксама забяспечыць хлебам, цукрам, крупамі і іншымі харчамі. Сам жыве ў Борках. У вёсцы Сямёнавічы шмат садоў, усланых ападкамі яблыкаў, якія нікому не патрэбныя. Нават “бічы” ўжо некалькі гадоў не абтрасаюць сады, бо транспарт і паліва абыходзяцца даражэй за выручку ад здадзенай садавіны. Вакол Сямёнавічаў – дагледжаныя бяскрайнія калгасныя палі з сотнямі коткаў саломы, на якіх там-сям горда сядзяць драпежныя птушкі, падпільноўваючы мышэй, а можа, і зайцоў. На даляглядзе заўважылі некалькі дзікіх козаў.

Далей шлях ляжаў на старажытнае мястэчка Раготна, у якім мая Наталля, як і ў Явары, ніколі не была. Колькі ездзіла, працуючы настаўніцай, а пазней завучам, на розныя семінары, адкрытыя ўрокі ў школы раёна, а Раготна і Явар заставаліся невядомымі.

У апусцелым былым мястэчку пад’ехалі да касцёла, палюбаваліся яго прыгажосцю, успомнілі, што не так даўно мясцовы саўгас выкарыстоўзваў яго як склад, праехалі паўз замкнёную сталоўку, каля прыгожага двухпавярховага будынка школы, за парты якога не так даўно садзілася паўтысячы вучняў школы, што дала пуцёўкі ў жыццё дзясяткам знакамітых людзей: таленавітых кіраўнікоў, педагогаў, інжынераў, спартсменаў.

Сёння тут каля 30 вучняў. Збіраліся даехаць яшчэ і да Горкі, але стаміліся. На некалькі хвілін зрабілі прыпынак за Раготна на беразе ва-дасховішча, звыклым месцы рыбакоў-аматараў. Здалёк агледзелі знакамітае старажытнае гарадзішча першажы-хароў гэтых мясцін, якое сёння мае назву “талерка” за вялікае падабен-ства на гэтую пасудзіну.

З Раготна праз Яхноўшчыну рушылі да Сачыўлян, каб праз іх трапіць у Явар. У Сачыўлянах уразілі два будынкі. Абодва збудаваныя ў канцы 20 стагоддзя з белай цэглы, абодва – двухпавярховыя. Кантора калгаса і жылы дом для настаўнікаў і спецыялістаў. У адным і другім сёння “гуляе” вецер, на балконах шматкватэрнага дома параслі маладыя бярозкі, а на падворку неўзабаве будзе лес, такі ж, як на падмурках старажытнага шматвекавога палаца колішніх ула-дароў гэтых мясцін, знакамітых магнатаў з роду Радзівілаў. У тутэйшых жыхароў гэтыя разваліны атрымалі назву “замачак”.

За гэтымі падмуркамі праз сотню метраў і вёска Явар. Дарога ўпіраецца ў комплекс драўляных аднапавярховых будынкаў асірацелай мясцовай сярэдняй школы, якая павінна ганарыцца сваімі выпускнікамі не менш, а можа, і больш, чым раготнаўская. На працягу апошніх дзясяткаў гадоў 20 стагоддзя памянялася кіраўніцтва школы, дзятлаўскага РАНА, мясцовага калгаса, да школы прыбудоўваліся майстэрні, сталоўка, спартыўная зала, склады, неаднаразова рамантаваўся асноўны будынак. А сёння, гледзячы на ўсё пабудаванае, здаецца, што яно нібы апускаецца ў зямлю.

  У мяне ўзнікла пытанне, ці мэтазгодна было калісьці ўсё зроблена, а ў Наталлі – дзе збірацца былым выпускнікам на пачатку лютага на традыцыйны вечар сустрэч? Хто яго арганізуе?

  Вечарэла. Да павароту на Нагорнікі ехалі моўчкі. Было адно жаданне – хутчэй дахаты. Усё ж вырашылі без прыпынку праехаць праз Нагорнікі, Лагуны, Юравічы. Убачыўшы роднае Дзятлава, Наталля Георгіеўна, уздыхнуўшы, з палёгкай сказала, што вельмі стамілася ад убачанага. А пасля дадала: “Як добра, што дзятлаўскім школам, у якіх вучылася і працавала ўсё свае жыццё, у бліжэйшы час нішто не пагражае”. Шчыра падзякавала за падарожжа і ціха сама-сабе задала пытанне:”Ці будзе яшчэ хоць адно?”

Праз некалькі дзён пасля той вандроўкі мы адчулі недамаганне, фізічную стомленасць, затэмпературылі. Выклікалі хуткую дапамогу. Тыдзень хатняга лячэння не прынёс станоўчых вынікаў. У сераду 25 лістапада паклалі ў раённую бальніцу. Зробленыя аналізы пацвердзілі каронавірус. Праз два дні жонку перавялі ў рэанімацыю, а 30 лістапада яе сэрца перастала біцца. Нечакана, неспадзявана, як гром з яснага неба. Шэсцьдзясят восем гадоў. Ранавата. Хоць бы дацягнула да сярэдняй прадацягласці жыцця жанчын у Беларусі – 78 гадоў, дачакалася праўнукаў, парадавалася за малодшых унукаў.

Нягледзячы на такі трагічны вынік лячэння, не магу не выказаць слоў удзячнасці дактарам, медсёстрам, санітаркам, усім супрацоўнікам раённай бальніцы за самаахвярную працу ў нязручным камуфляжным адзенні, у масках і скафандрах; яны, рызыкуючы сваім здароўем, самааддана, днём і ноччу змагаюцца са страшнай хваробай. Праляжаўшы 12 дзён на бальнічным ложку, я ад усіх без выключэння людзей у белых халатах адчуваў дабрыню, спагаду, жаданне дапамагчы. Нізкі вам паклон і шчыры дзякуй!

На жаль, сёння не ўсё залежыць толькі ад дактароў і магчымасцей сучаснай медыцыны, хоць узровень яе і бясплатныя лекі даволі эфектыўныя. Але кожнаму чалавеку наканаваны свой лёс і вызначаны час зямному жыццю Усявышнім. Маёй Наталлі была прадказана такая дата, і яна адчувала з кожным днём усё больш і больш выразна, што зямны шлях яе вось-вось закончыцца. Гэта я зразумеў, калі яе не стала.

Наша сямейнае жыццё ў цэлым было шчаслівым, але не без цяжкасцяў. Ранні шлюб прымусіў вучыцца завочна і працаваць. На яе долю выпала трое родаў і ўсе з паталогіяй. Другая дачка была неданошанай і нарадзілася мёртвай. А ў 1978 годзе ў абласной бальніцы ўбачыў свет сямімесячны паўтаракілаграмовы сын, якога змясцілі ў спецыяльны кювес, а маці адправілі ў Дзятлава. Колькі трывожных дзён і начэй нам, але асабліва Наталлі, прыйшлося перажыць. Кожны тыдзень яна ездзіла ў Гародню. Праўдамі і няпраў-дамі, з цяжкасцямі прабіралася да немаўляткі, каб хоць пару хвілін палюбавацца ім. На дзень два сэрца матулі супакойвалася. І так на працягу двух месяцаў.

Па характары Наталля Георгіеўна была прыроджаным лідарам. Яна і вучылася амаль на выдатна (у атэстаце – лічаныя чацвёркі), паспяхова скончыла дзятлаўскую музычную школу па класе акардэона, калектыў класа выбіраў яе і старастам, і на розныя піянерскія, а затым і камсамольскія кіраўнічыя пасады. З першага да дзясятага класа была салісткай танцавальнага гуртка Дзятлаўскага дома піянераў, а затым амаль 20 гадоў кіравала ім. Ні адзін канцэрт на сцэне раённага Дома культуры не абыходзіўся без танцаў, падрыхтаваных Наталляй Георгіеўнай. А ў кожным танцы не менш за 8-12 пар, бо было шмат ахвочых авалодаць майстэрствам прыгожа танчыць. А які быў рэпертуар: і беларуская полька з крыжачком, і “Юрачка” з “Лявоніхай”, і розныя танцы з гумарам, і ўкраінскія, і малдаўскія, і рускія, і танцы народаў Прыбалтыкі. Наталля была самавучкай, але вельмі апан-таная і ўлюбёная ў сваё хобі, таму ўсё, што ўдавалася дзесьці ўбачыць на конкурсах ці па тэлевізары старалася прыстасаваць пад умовы свайго гуртка. А танец – гэта дадатак  да адрэпетыраваных дасканалых рухаў  і адмысловага адзення. Тролькі усё разам магло даць патрэбны эстэтычны эфект. Таму пошукі спонсараў, патрэбных матэрыялаў, кваліфікаваных краўчых займалі іншым разам не менш часу, чым падрыхтоўка самога танцу. А яшчэ амаль усе рэпетыцыі суправаджаліся музыкай пад язык. У фінале ж – трывожныя хвіліны за кулісамі, перажыванні, каб ніхто не зблытаўся, каб усё прайшло гладка. Авацыі, як і прынята, толькі танцорам, пра кіраў-ніка ўспаміналі рэдка, а часцей увогуле забывалі. Асноўнай працай Наталлі Георгіеўны было выкладанне біялогіі. За ўсё жыццё я не ўспомню ні аднаго выпадку, калі мая жонка пайшла на ўрок без падрыхтоўкі, без напісанага плана-канспекта. Іншы раз на гэта адводзіўся час за кошт начнога сну. Можа, таму амаль усе вучні і любілі біялогію, бо ў дадатак да дасканалага ведання свайго прадмета дапасоўваўся пераканаўчы, зычны, прыемны голас, заўсёды акуратны знешні выгляд настаўніцы, справядліва выстаўленыя адзнакі не толькі за адказы каля дошкі, але папраўкі і адказы з месца, уменне дараваць вучню яго промахі і быць пры гэтым патраба-вальнай і справядлівай. Дзясяткі яе вучняў былі пераможцамі раённых, прызёрамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Многія выбралі прафесію настаўніка біялогіі.

Напэўна, таму, калі ў 1988 годзе ў нашым горадзе адчыніла дзверы новая школа, на пасаду завуча была прызначана менавіта Наталля Георгіеўна. Напэрэдадні яна паспяхова прадстаўляла Дзятлаўскі раён на першым абласным конкурсе “Настаўнік года”. Адной з першых на Дзятлаўшчыне яна атрымала кваліфікацыю “настаўнік вышэйшай катэ-горыі”.

Але вучыць дзяцей – гэта адна справа, звыклая. Вучыць роўных сабе, многія з якіх былі нашмат старэйшыя і больш вопытныя – справа новая, вельмі сур’ёзная і адказная. Колькі давялося паездзіць па семінарах, гутарыць з вопытнымі завучамі вялікіх гарадскіх школ і, у першую чаргу з Яўгеніяй Рыгораўнай Савань, пад чыёй апекай Наталля Георгіеўна вырасла сапраўдным педагогам. Настольнымі кнігамі сталі зборнікі загадаў Мінадукацыі, метадычная літаратура па кіраванні навучальным працэсам. Гасцюючы ў Вільні, у свёкра, заслужанага настаўніка Беларусі, які шаснаццаць гадоў працаваў завучам Валеўскай школы, не цуралася задаваць яму пытанні, і іншы раз іх гутарка доўжылася гадзінамі.

Усё гэта, але найперш справядлівыя адносіны да кожнага педагога, за кароткі тэрмін дапамаглі стварыць працаздольны, апантаны ідэяй стаць у рад лепшых школ раёна калектыў настаўнікаў, які налічваў амаль 100 чалавек. А колькі нервовых клетак было патрачана пры складанні штогадовага раскладу ўрокаў для школы амаль з паўсотняй класаў і тысячай вучняў!

У канцы 2005 года на галаву маёй жонкі звалілася яшчэ адна бяда. Неспадзяваная траўма прыкавала мяне на доўгія 9 месяцаў да ложка. Быў пастаўлены цяжкі, невылечны дыягназ. Маё жыццё праходзіла па бальніцах Гародні і Дзятлава. Спосаб перамяшчэння – толькі на насілках.

Колькі фізічных сіл і вытрымкі, нервовай напругі спатрэбілася маёй Наталлі, колькі трэба было праявіць ласкі, пяшчоты і дабрыні, выходжваючы мяне, выконваючы капрызы хворага.

Дзякуючы ёй, дактарам і маім малітвам мне пашчасціла спачатку перасесці ў інвалідны вазок, а затым і ўвогуле падняцца на мыліцы, з якімі не расстаюся і сёння.

У 2014 годзе яшчэ адно выпрабаванне звалілася на нас: інсульт пазбавіў дару мовы нашу старэйшую дачку. Зноў Наталля Георгіеўна значную частку часу траціць на яе апеку. Зноў бальніцы: то Ліда, то Гародня. Зноў трывожныя дні і ночы, зноў нашы шчырыя малітвы – і зноў Усявышні зміласцівіўся. Дачка праз тры гады вярнулася на працу. Карыстаецца аўтарытэтам і пашанай у педкалектыве СШ № 9 г. Ліды. Прадаўжае рыхтаваць пераможцаў гарадскіх і прызёраў абласных школьных алімпіядаў па англійскай мове, якой яна дасканала валодае. У свой час скончыла з залатым медалём дзятлаўскую СШ № 1, а  затым з чырвоным дыпломам Менскі лінгвістычны ўніверсітэт. Ад маці пераняла гены адданасці выбранай прафесіі, добрасумленнасць, працаздольнасць.

Усе жыццёвыя калізіі значна падарвалі здароўе маёй жонкі. Не так даўно яна вымушана была зрабіць аперацыю на пазваночную грыжу, з’явіліся значныя праблемы з ціскам, часта стала балець галава і шмат ін-шых, менш значных болек.

Нягледзячы на ўсё гэта, мая Наталля заўсёды была надзейным тылам, падтрымлівала ўсе мае грамадскія справы: адкрыццё мемарыяльных знакаў і дошак, сустрэчы беларускіх пісьменнікаў з вучнямі школ раёна і дарослымі ў бібліятэках, любіла краязнаўчыя вандроўкі, паве-рыла і падтрымала ідэю стварэння ў Дзятлаве помніка К.І. Астрожскаму.

Разам мы ўжо ахвяравалі пер-шую, але не апошнюю грашовую суму ў гэтую справу. Па паходжанні Наталля Георгіеўна – руская. Маці, хутчэй за ўсё, этнічная беларуска з прыгранічнай Берасцейшчыны, але з гонарам лічыла сябе рускай. А бацька ўвогуле меў скандынаўскія карані. У яго тыповае шведскае прозвішча – Янсон, пазней ператворанае рознымі пісарамі ў Янісон. Дачцэ гэтых людзей Наталлі было наканавана нарадзіцца на беларускай зямлі, у Дзятлаве, тут правесці сваё дзяцінства і юнацтва, тут стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей і дачакацца ўнукаў, тут, у школах горада, адпрацаваць амаль 45 гадоў, увабраць у сябе беларускія традыцыі і культуру, паглыбіць веды багацейшай гісторыяй ВКЛ, а з 90-х гадоў 20 стагоддзя перайсці на беларускую мову, на якой і выкладала свой прадмет. Пазней, каб лепш яе ведаць, стала сябрам ТБМ, беларуская мова запанавала ў нашай хаце ў паўсядзённым жыцці. Прыхільнікамі яе паступова становяцца нашы дзеці і ўнукі, бо сапраўдная любоў да сваёй краіны, згодна з выказваннем К. Паўстоўскага, немагчыма без любові да сваёй мовы.

У адной з запісных кніжак жонкі я знайшоў днямі: “Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку” (К. Паўстоўскі). Канешне ж, Паўстоўскі меў на ўвазе рускую мову, але Наталля гэтае выказванне прыстасавала да мовы таго народа і краіны, дзе ёй выпала пражыць зямное жыццё.

Адышла ў іншы свет наша Наталля, прыгожая жанчына, ласкавая і дабрадушная жонка, пяш-чотная маці, клапатлівая бабуля, неназойлівая свякруха, высокакваліфікаваны педагог-прафесіянал, справядлівая суседка, з Богам у сэрцы. Вельмі неспадзявана, ціха, нікога не турбуючы. Дзятлаўская зямля нарадзіла яе, яна ж і прыняла яе прах на вечны спачын.

Пра аўтарытэт яе гаворыць і той факт, што на развітанне з кавіднай нябожчыцай, якое адбывалася ў двары дома, сабраліся родныя і блізкія людзі, суседзі, былыя калегі-пен-сіянеры і сённяшнія настаўнікі СШ № 3, выпускнікі розных гадоў, у якіх памерлая была класным кіраўніком, аднакласнікі дачкі і сына, іх сябры, знаёмыя, супрацоўнікі папраўчай калоніі, дзе працуе сын і шмат іншых. Многіх я не пазнаў, бо быў на ізаляцыі і прысутнічаў на цырымоніі развітання, седзячы ў зачыненай машыне. Таму і не мог сказаць “дзякуй” тым, хто сабраўся, за маральную і матэрыяльную падтрымку, за шчырыя спачуванні, выказаныя мне і маім сямейнікам праз газету “Перамога”, праз тэлефон, праз паведамленні, а пазней і пры асабістых сустрэчах.

Шаноўныя дзятлаўчане, настаўнікі-пенсіянеры, педкалектыў СШ № 3, лідскай СШ № 9, папраўчай калоніі № 26, супрацоўнікі дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчагна музея, суседзі, сябры, знаёмыя, сястра Маргарыта Ламака, сваты Альшэў-скія і Падвойскія, усім Вам нізкі паклон, сардэчны “Дзякуй”. Няхай такое гора як мага далей абыходзіць Вас, Вашых родных і блізкіх.

І апошняе. Наталля Георгіеўна не была шчырай прыхаджанкай. У царкву хадзіла толькі на вялікія святы. Царкоўныя пропаведзі слухалі праз адчыненае акно ці з балкона, бо наша кватэра знаходзіцца праз дарогу ад царквы, але Бога трымала ў сэрцы. Малілася. Старалася жыць па біблейскіх законах.

І настаяцель дзятлаўскага храма іерэй Аляксей Сцяпанавіч адпеў яе згодна з усімі канонамі, за што мы – родныя і блізкія нябожчыцы – вельмі ўдзячныя і маем вялікую надзею, што нашы малітвы дапамогуць вызначыць месца для душы любімай Наталлі ў райскім куточку на нябёсах. Дзявятага студзеня будзе 40 дзён, як з зямнога жыцця адышла ў вечнасць наша любімая жонка, матуля, бабуля, сястра, свякруха. Мы будзем помніць яе заўсёды.

 Валерый Петрыкевіч,

старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Свята Дня Незалежнасці
Грамадства

Свята Дня Незалежнасці

18 жніўня 2019, 21:5218
Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі  ТБМ
Мова

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ

11 сакавіка 2020, 22:1218
“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ
Мова

“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ

4 лютага 2020, 09:0617
Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы
Выданні

Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы

12 студзеня 2021, 19:0317
Далучайцеся да нас