19 снежня 2020 г. г. Менск
У беларусаў з глыбіні вякоў і да цяперашняга часу герб Пагоня ды бел-чырвона-белы сцяг былі, ёсць і заўсёды будуць найбольш важнымі нацыянальнымі сімваламі, сімваламі свабоды, годнасці, незалежнасці Радзімы, народнага абуджэння і нацыянальнага адраджэння.
Гэты факт яскрава засведчылі шматсоттысячныя дэманстрацыі гэтага года ў Менску і незлічоныя шэсці ды мітынгі з дзясяткамі тысячаў удзельнікаў па ўсёй Беларусі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, тысячы бел-чырвона-белых сцягоў у дамах і кватэрах беларусаў, упрыгожаныя ў нацыянальных бел-чырвона-белых колерах двары і кварталы.
Нашыя нацыянальныя сімвалы маюць багатую, годную, велічную гісторыю. Многія стагоддзі пад Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам нашыя продкі баранілі краіну, перамагалі ў бітвах і войнах, будавалі, стваралі, развівалі нашую культуру і навуку.
Змаганне за свабоду і незалежнасць паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі ды Кастуся Каліноўскага, герояў Слуцкага Збройнага Чыну было асвечанае нашымі нацыянальнымі сімваламі, Пагоняй і бел-чырвона-белым сцягам, а іх самаахвярнасць зрабіла Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг яшчэ больш значнымі і каштоўнымі.
Менавіта бел-чырвона-белы сцяг ды Пагоня сталіся афіцыйнымі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі, калі ў 1918 годзе народ Беларусі абвясціў незалежнасць нашай Бацькаўшчыны ды аднавіў дзяржаўнасць нашай нацыі, што зрабіла магчымым і існаванне сучаснай Рэспублікі Беларусь.
Спробы камуністычнай савецкай, а пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і цяперашняй афіцыйнай прапаганды, ачарніць і дыскрэдытаваць нацыянальную сімволіку фактам дазволу на яе выкарыстанне ў акупаванай нацыстамі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, прыраўняць яе да фашыстоўскай ды нацысцкай сімволікі, з’яўляюцца цалкам хлуслівымі, брыдкімі і нахабнымі, супярэчаць фактам ды самі будуюцца якраз паводле метадаў ды запаветаў аднаго з ідэёлагаў нацызму ды стваральніка хлуслівай злачыннай гітлераўскай прапаганды Ёзафа Гебельса.
Тым больш недарэчнымі і абсурднымі выглядаюць тэзы афіцыйнай прапаганды аб неабходнасці забароны бел-чырвона-белага сцяга як сімволікі, што выкарыстоўвалася калабарантамі ў часе ІІ сусветнай вайны, што цяперашні расейскі трыкалёр, які актыўна ды абсалютна беспераш-кодна выкарыстоўваюць у Беларусі не толькі амбасада, прадстаўніцтвы ды грамадзяне РФ, але і асобныя беларускія грамадзяне, а нярэдка і супрацоўнікі беларускіх дзяржаўных органаў, у тым ліку МУС ды МА, вельмі шырока выкарыстоўваўся расейскімі вайсковымі фармаваннямі, што ваявалі на баку і пад камандваннем нацысцкай Нямеччыны.
Пад бел-чырвона-белым сцягам адбывалася і нацыянальнае адраджэнне ды аднаўленне беларускай дзяржаўнасці ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг былі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь з 1991 па 1995 год. Па іроніі лёсу, Аляксандар Лукашэнка стаў першым Прэзідэнтам нашай дзяржавы і прымаў прысягу менавіта пад бел-чырвона-белым сцягам. Але і свой першы “рэферэндум”, дзеля правядзення якога былі злачынна збітыя народныя дэпутаты Беларусі з фракцыі БНФ проста ў зале паседжанняў Вярхоўнага Савета, ён скіраваў супраць нацыянальнай сімволікі.
Ворагі беларушчыны знішчалі нацы-янальныя сімвалы і беларускую мову, каб знішчыць свабоду і годнасць нашага народа, каб зламаць волю да адстойвання свайго права “людзьмі звацца”. Бо і ў 90-х, і ў 2000-х, і цяпер, у 2020-м, ва ўсю моц – на адстойванне сваіх свабодаў, каштоўнасцяў ды інтарэсаў народ Беларусі выходзіць пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.
Асабліва вар’яцкімі формы, метады і маштабы змагання дзяржаўнага апарата з бел-чырвона-белай сімволікай становяцца цяпер. МНС, камунальшчыкі, міліцыя, ад-міністрацыя школаў ды іншых установаў, афіцыйная прапаганда – усе магчымыя сродкі кінуты дзяржаўнай машынай на змаганне з бел-чырвона-белымі сцягамі, стужкамі, парасонамі, вопраткай, бялізнай, снегавікамі, шлагбаўмамі.
За бел-чырвона-белыя сцягі ў вокнах сваіх кватэраў беларусаў абвінавачваюць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах ды караюць штрафамі ды арыштамі.
Раман Бандарэнка, які выйшаў ва ўласны двор высветліць, на якой падставе невядомыя ў масках зразаюць белыя ды чырвоныя стужкі, якімі жыхары ўпрыго-жылі свой двор, быў забіты.
У афіцыйнай прапагандзе ўсё больш настойліва гучаць тэзы аб неабходнасці забароны бел-чырвона-белага сцяга.
Партыя БНФ выказвае рашучы пратэст супраць усіх спробаў забараніць або абмежаваць выкарыстанне гістарычнай нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікі, а таксама супраць намаганняў дыскрэдытаваць бел-чырвона-белы сцяг ды герб Пагоня.
Партыя БНФ патрабуе спыніць пераслед беларусаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі ў сваіх дамах, кватэрах, аўтамабілях, дварах.
Партыя БНФ разглядае ўсе праявы ціску рэжыму на нацыянальную сімволіку як пераслед беларусаў па нацыянальнай прыкмеце, скіраваны на пазбаўленне беларускага народа праяваў нацыянальнай ідэнтычнасці.
Партыя БНФ нагадвае беларусам, што таксама важнай праявай нацыянальнай ідэнтычнасці і сімвалам патрыятызму з’яў-ляецца нашая родная беларуская мова, і заклікае ўсіх грамадзян пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах ужывання, у тым ліку ў стасунках з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, а таксама ініцыяваць і патрабаваць стварэнне беларускамоўных групаў і плыняў у навучальных установах розных узроўняў.
Немагчыма забараніць Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг, як немагчыма забараніць праўду і прагу да жыцця. Штучнае ніколі не пераможа сапраўднае, мёртвае ніколі не пераможа жывое.
З нашымі святымі нацыянальнымі сімваламі – сіла нашага народа, які абудзіўся, вера і надзея, мужнасць і салідар-насць беларусаў у гэтыя месяцы, слава і веліч нашых продкаў, Божае дабраславенне.
Бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня – сімвалы нашай перамогі, якую няздольныя прадухіліць ніякія сілы цемры, гвалту ды хлусні.
Жыве Беларусь!