Памёр беларускі грамадскі дзеяч, гарадзенец Аляксандр Місцюкевіч, актыўны сябра Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Яму было 77 гадоў. На працягу доўгіх гадоў займаў пасаду старшыні Рады Гарадзенскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Шчыры беларускі патрыёт, вернік. Вёў актыўны дыялог з уладамі пра вяртанне ў вонкавае афармленне Гародні беларускай дзяржаўнай мовы, захавання малых архітэктур-ных формаў, якія абласныя ўлады спрабавалі схаваць ад жыхароў. Як краязнавец займаўся вывучэннем Слонімшчыны.
Аляксандр Місцюкевіч памёр 11 снежня ў Гародні ад каронавіруснай інфекцыі. Абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выказвае словы смутку і спачування родным нябожчыка.
Старшыня Гарадзенскай абласной Рады ТБМ імя Ф. Скарыны
Віктар Парфёненка.
Не стала Аляксандра Місцюкевіча – даследчыка Слонімшчыны
У Гародні не стала гісторыка, грамадскага актывіста і даследчыка Слонімшчыны Аляксандра Місцюкевіча. Ён пражыў 77 гадоў і памёр ад каронавіруснай інфекцыі.
Нарадзіўся ён на Слонімшчыне ў вёсцы Піронім. Усё жыццё ён адпрацаваў на пасадах, звязаных далёка не з краязнаўствам, гісторыяй, філалогіяй. У свой час ён закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Працу пачаў электраманцёрам і даслужыўся да намесніка дырэктара вучэбнага цэнтра РУП Гроднаэнерга. Разам з тым, Аляксандр Місцюкевіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, цікавіўся гісторыяй сваёй сям’і, гісторыяй роднага краю. У 1999 годзе яго абіраюць кіраўніком Гарадзенскага абласнога Таварыства беларускай мовы. І дзевяць гадоў разам з іншымі землякамі ён адраджаў беларускую мову на Гарадзеншчыне – вяртаў яе ў школы, на прадпрыемствы і ў арганізацыі.
У 2002 годзе мне трапіў у рукі маленькі па памерах, але ладненькі зборнічак “Спявайце, братцы, спявайце”. Гэта быў кішэнны фармат беларускага спеўніка, у які былі сабраны песні рознага жанру. Яго склалі гарадзенскі паэт і кампазітар Яўген Петрашэвіч і Аляксандр Місцюкевіч.
Час ішоў і спадар Місцюкевіч сур’ёзна захапіўся гісторыяй сваёй роднай вёскі Піронім на Слонімшчыне. Пачаў збіраць пра яе розныя звесткі: ад успамінаў да архіўных матэрыялаў. І сабралася іх шмат. Ён пачаў пісаць асобныя артыкулы, зрэд часу друкуючы іх на старонках “Газеты Слонімскай”. Так атрымалася і кніга “Падарожжы па родных мясцінах”, якая пабачыла свет у гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” у 2016 годзе.
У “Падарожжах па родных мясцінах” Аляксандр Місцюкевіч вельмі цікава распавёў не толькі пра родную вёску Піронім, але і пра асоб, якія некалі мелі дачыненне да вёскі, былі яе гаспадарамі. Найперш шмат новых архіўных звестак аўтар знайшоў пра шляхціцаў Бронскіх. Дзякуючы Бронскім у Піроніме ў XIX стагоддзі была адкрыта суконная фабрыка, на якой працавалі 75 чалавек.
Апісваючы гісторыю Піроніма, аўтар кнігі даследуе і іншыя вёскі і хутары Слонімшчыны, асабліва тыя, якія суседнічаюць ці суседнічалі з Піронімам. Найперш гэта Львоўшчына, Ісаевічы і Дзераўная. Таму што лёс роднай вёскі краязнаўца Місцюкевіча падобны на лёс іншых слонімскіх вёсак. Не абмінула іх і паўстанне 1863 года, розныя войны, у тым ліку Першая і Другая сусветныя, рэпрэсіі і калектывізацыя. Сотні землякоў праходзяць праз старонкі кнігі Аляксандра Місцюкевіча, якія змагаліся з ворагамі, прымалі ўдзел у паўстаннях, загінулі за Бацькаўшчыну і на франтах, былі сасланыя ў Сібір ці закатаваныя, а таксама тыя, хто застаўся жыць і працаваць на роднай зямельцы, перажыўшы многія войны, рэпрэсіі і калектывізацыю…
Аляксандр Місцюкевіч шмат гадоў пражыў у Гародні. Яго заўсёды можна было бачыць на розных мерапрыемствах, сустрэчах, прэзентацыях, а таксама на роднай Слонімшчыне. Ён хварэў душой і сэрцам за Бацькаўшчыну і родную мову. Для ўсіх землякоў і беларусаў – гэта вялікая страта. Нам заўсёды будзе не хапаць гэтага шчырага, светлага і таленнавітага чалавека.
Сяргей ЧЫГРЫН,
старшыня Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ.