Калі будзеце ў горадзе Магілёве і захочаце наведаць самы старажытны музей, то вам трэба ісці ў абласны краязнаўчы музей Еўдакіма Раманава на Плошчы славы. На гістарычным будынку музея ў 2005 годзе была ўрачыста адкрыта памятная шыльда нашаму выбітнаму археолагу і грамадскаму дзеячу Еўдакіму Раманавічу Раманаву. І гэтая пашана славутаму дзеячу ў нашым горадзе зусім невыпадковая.
Еўдакім Раманаў (1855 – 1922) – беларускі гісторык, археолаг, этнограф і фалькларыст, краязнавец і педагог. Нарадзіўся ён ў Нова-Беліцы на Гомельшчыне, навучаўся ў гомельскай прагімназіі, затым на курсах настаўнікаў рускай мовы і гісторыі. Потым працаваў настаўнікам, інспектарам народных вучэльняў Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай губерній. Быў чальцом Расійскага геаграфічнага таварыства, Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, Маскоўскага археалагічнага таварыства, Віцебскага статыстычнага камітэта. Уваходзіў у склад камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай бібліятэкі і музея. Вялікі паслужны спіс, ці не праўда? Усё сваё жыццё, дзе б ён не быў, Еўдакім Раманаў адднана і самаахвярна працаваў на ніве папулярызацыі і захавання духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа. Будучы патрыётам свайго краю, ён добра ўсведамляў значнасць для беларусаў нацыянальнай адметнасці і ў першую чаргу мовы. Вось як ён напісаў у 1891 годзе ў адным са сваіх твораў пра занядбанасць беларускай мовы: “Балюча стала беларускаму майму сэрцу такое няведанне навукоўцамі маёй роднай мовы, і, ведаючы беднасць літаратуры беларускай, прыняўся я за збіральніцтва… “.
Даследчыку было ўсё цікава ў жыцці і культуры беларусаў: жытло, народныя абрады, дзіцячыя гульні, народны каляндар і медыцына, адзенне і мова. За сваё жыццё Еўдакім Раманавіч напісаў больш за 200 працаў па этнаграфіі і фальклоры, гісторыі і археалогіі. Да таго ж ён сабраў і надрукаваў больш за 10000 фальклорных твораў. Асноўнай этнаграфічнай працай навукоўцы з’яўляюцца 9 выпускаў “Беларускага зборніка”, якія выйшлі ў 1886 – 1912 гадах. Даследчыкі па праву называюць гэтую працу сапраўднай энцыклапедыяй побыту і культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу, якая захоўвае казкі і спевы, вершы і прымаўкі…
У адным са зборнікаў вельмі цікава пачытаць замовы з Магілёўшчыны. Напрыклад, замова ад гадзюкі, вужакі і сліўня: “Ездзив Юрий по горах, по межах, на зялезных струменах, побивав копъём и гадов и гадынь, и сливнев, подмежных, подбережных, потколодных, гноявых, водзяных, и чорных, и белых, и зяленых, и вишневых, и полосоватых, и чмарых, и рудых. А ты, старая старица, свой скот судержай, рабе божай пухлины на распущай”. (Запісана ў мястэчку Нежкава Магілёўскага павета).
Ці замова ад “заломаў” на збожжы: “На синям мори камянь, па тым камяни дуб, на тым дуби тридзевяць кокотов, на тых кокотах тридзевяць гняздов, на тых гняздах тридзевяць сорок, тридзевяць урок от жаночча, от дзявочча, от хлопечча, от мужчыньска, русый волос, чорный волос, рыжий волос, белый волос. Святая святочки, годовыя празьнички, ходзиця ко мне на помоч; я с словамы, Бог с духамы, як стало, так перастало”. (Вендаражская воласць, Магілёўскі павет).
А вось замова з вёскі Жыравец (мабыць, Журавец) той жа воласці: “Маць Марея сына мела, купала, раба божаго уроки выбирала, ис косьцей, ис сустав, з белага цела, з румянаго лица, из русаго волоса, з голоса, што злый злая уракая, сам Бог помогая. Сам Бог на помочь, янгали на радось. Маць родзила зарой потперазала, усих яго урагов потоптала, каб косьци ня ломило и сэрца ня сушило”.
Замова з мястэчка Палыкавічы Магілёўскага павета: “Жарко сонцо, ясный месяц, три зарицы – родны сястрицы: вутреня заря, повдзенная заря и вячерняё; вода Ярданица, твоя матка волняница, ишла ты цемными лясами, зялеными лугами, крутыми берегами, каменьням, кореньням, поможи рабу божаму от урочищ”.
Замова ад “ляку, упуду, сцени” з вёскі Чыгірынка Быхаўскага павета: “Першим разом, добрым часом. Переполохи вымовляю, Господа Бога упрошаю, – бацьковы, мацярыны, и дзявоцкия и хлопоцкия, и чаловеччия и кошеччия, и собаччия и коровиччия. Помощи Господа умовлях, уговорах, Господьних помыслах; стань Господзи у помочь аминь”.
На думку гісторыка Анатоля Седзіна найбольш плённым у творчай і навуковай дзейнасці Еўдакіма Раманава быў Магілёўскі перыяд 1895 – 1906 гадоў, калі ён служыў інспектарам народных вучылішчаў Магілёўскай губерні і на працягу шасці гадоў (1897 – 1903) быў рэдактарам неафіцыйнай часткі газеты “Магілёўскія губернскія ведамасці”. Менавіта ў гэтыя часы быў зроблены велізарны ўнёсак у справу вывучэння і папуля-рызацыі гістарычна-культурнай спадчыны Падняпроўя.
У 1897 годзе Еўдакім Раманаў заснаваў Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей, які налічваў больш за 6 тысяч экспанатаў. Музей размяшчаўся ў будынку былога кляштара бернардзінаў на беразе Дняпра. Экспазіцыя займала тры пакоі – 140 квадратных метраў. Музейныя экспанаты былі ў асноўным са старажытных храмаў і археалагічных раскопак, якія праводзілі Еўдакім Раманавіч і іншыя археолагі: каменныя і жалезныя прылады працы, фрагменты ганчарнага посуду, упрыгожванні, манеты, калекцыя крыжоў.
Абразапісанне ў музеі было прадстаўлена абразамі 16 – 18 стагоддзяў маскоўскага, смаленскага, стараабрадніцкага, магілёўскага пісьма на палатне, дошках, а таксама выразаных з дрэва, медзі і свінцу. Некаторыя з іх былі ў абкладах работы магілёўскіх майстроў А. Воўчака і П. Сліжыка. Былі там шытая шоўкам і золатам плашчаніца 1566 года, срэбная мітра 1758 года магілёўскага архіепіскапа Г. Каніскага, часткі іканастасаў, царскія брамы, скульптурныя выявы святых. Бібліятэчны аддзел музея ўтрымліваў шматлікія богаслужэбныя кнігі 16 – 18 стагоддзяў, да таго ж там захоўвалася мінея, выдадзеная ў Кракаве ў 90-я гады 15 стагоддзя. У архіве музея было больш за 4000 дакументаў пераважна 17 стагоддзя, у тым ліку грамата на Магдэбургскае права Магілёву 1577 года, інвентары горада, замка, воласці 1604 года. У Магілёўскі перыяд Еўдакім Раманаў надрукаваў каля сотні розных даследаванняў, і гэта не ўлічваючы бібліяграфічных нататак.
Навуковец увёў у навуковы ўжытак вялікую колькасць пісьмовых крыніц па гісторыі Магілёва. Даследаваў археалагічныя помнікі горада, даў ім навуковае апісанне. Даследаваў гарадзішчы і курганы ў Буйнічах, Дашкаўцы, Быхаве, Лучыне, Радамлі, Лукомлі і іншых шматлікіх мясцінах.
У 1905 годзе Раманаў вывучаў Пелагееўскае гарадзішча Змяёўка ў Магілёве па праспекце Міру і правёў археалагічныя раскопкі Магілёўскага замчышча. У межах сучаснага Магілёва на правым беразе Дняпра ва ўрочышчы Гарадшчызна ён выявіў і даследаваў комплекс паселішчаў эпох мезаліту, неаліту, і часоў ранняга жалезнага веку, і Старажытнай Русі. Сабраў археалагічную калекцыю, у якой былі прадстаўлены рэчы ўсіх эпох, пачынаючы ад каменнага веку.
Раманаў працаваў над стварэннем археалагічных карт Магілёўскай, Віцебскай і Гарадзенскай губерній. Сабраў звесткі пра больш чым 1000 гарадзішчаў на Беларусі. Вывучаў шматлікія помнікі каменнага і бронзавага вякоў, а таксама зрабіў першую на Беларусі класіфікацыю прыладаў каменнага веку.
Пад рэдакцыяй Е. Раманава ў 1900-1903 гадах выйшла 3 выпускі “Магілёўскай даўніны”. Гэта зборнікі краязнаўчых матэрыялаў па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Магілёўшчыны. У зборніках друкаваліся цікавыя звесткі пра каменны крыж з чырвонага граніту 1598 года па дарозе на Вендараж за 15 вёрст ад Магілёва, пра Баркалабаўскі летапіс, манетныя скарбы, Чарэйскі манастыр, Магілёўскі сабор Святога Іосіфа, апісанне граматы Стэфана Баторыя і многае іншае.
Асобны артыкул быў прысвечаны шапавалам мястэчка Дрыбін. Шапавальства – шэрстабітны і валяльны промысел, традыцыйнае мастацтва вырабу з воўны, валянне і качанне галаўных убораў і валёнак. Шапавалы Дрыбіншчыны нават распрацавалі сваю адмысловую таемную мову, якая вядомая, як “катрушніцкі лемязень”. Еўдакім Раманаў склаў слоўнік шапавалаў, які быў прыведзены ў першым выпуску за 1900 год.
Вось некаторыя цікавыя словы, прыведзеныя ў зборніку: лес – воксім; балота – шальта; зіма – сіворка; ноч – кімка; раніца – шураньня; поўнач – лухтавіна; тыдзень – жэўшніца; Бог – Ахвес; царква – хлюса; жанчына – жбаха; хлопец – мікрэц; дзеўка – шыхта; баба – яруха; дзед – ярох; маці – бакштэйка; сын – звінчык; жонка – жбаха; муж – жбан; жаніх – драпелун; бядняк – кухта; шапавал – катрушнік; пастух – лапстыр; млынар – скрыготнік; нос – моршчык; язык – лемязень; барада – вірыя; малады – драпёлы… Некаторыя фразы шапавалаў выглядаюць вось так: “Дай мне грошай – гурь маньку хавбов“, “пайшлі піва піць – похлім кера керыць“, “мой брат хварэе – манек хімшает“.
Пагадзіцеся, цяжка пераацаніць унёсак Еўдакіма Раманавіча Раманава ў вывучэнне Беларускага краю. Даследаваннем спадчыны слыннага гісторыка-патрыёта займаліся В. Капыцін, Г. Каханоўскі, А. Седзін, У. Багамольнікаў і многія іншыя. Пачынаючы з 2004 года ў Магілёве на базе МДУ імя Аркадзя Куляшова штогод адбываюцца міжнародная навуковыя канферэнцыі “Раманаўскія чытанні”, прысвечаныя памяці вядомага археолага.
Алег Дзьячкоў,
Магілёў.
На фота Аксаны Астапавай: 1. Памятная шыльда на будынку Абласнога краязнаўчага музея ў г. Магілёве. 3. Будынак музея Е. Раманава.