Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Сустрэча з Ганнай Севярынец у Мар’інай Горцы

Сустрэча з Ганнай Севярынец у Мар’інай Горцы

14 снежня 2020, 23:14 ТБМ 18
Сустрэча з Ганнай Севярынец у Мар’інай Горцы

27 лістапада адбылася сустрэча сяброў ТБМ нашага горада з вядомай сучаснай пісьменніцай Ганнай Севярынец.

Пакуль чакалі ўсіх сяброў, Ганна пацікавілася нашым горадам, некаторымі гістарычнымі момантамі: ці захаваўся будынак пошты ў Мар’інай Горцы, у якім стане знаходзіцца тая пабудова, дзе быў Дом пісьменнікаў у 1930-ыя гады? Аказваецца, паэт Анатоль Вольны (Ажгірэй) нарадзіўся на станцыі Пухавічы, значыць, у Мар’інай Горцы, а бацька яго быў тут начальнікам пошты. Сям’я Алеся Дудара (Дайлідовіча) таксама жыла ля станцыі Пухавічы, а бацька працаваў у чыгуначнай краме. У выніку сышліся, што абавязкова ў будучым запросім Ганну на экскурсію па нашым горадзе.

На сустрэчы наладзілі відэаканферэнцыю для тых, хто хварэе і не мог далучыцца да сустрэчы.

Пілі гарбату з аладкамі ды пірожнымі.

Калі ўсе сабраліся, пісьменніца пачала лекцыю. Яна выказала думку, што  ў Беларусі грамадзянская непакорнасць  прачынаецца кожныя 30 гадоў, кожнае пакаленне. Спачатку гэта было паўстанне Касцюшкі 1794 г., за ім шляхецкае паўстанне 1831,  паўстанне Каліноўскага 1863, нацыянальнае адраджэнне пачатку 20 ст. – першая партыя БСГ, першая газета “Наша ніва”, БНР і беларусізацыя 1920-х , пісьменнікі 1960-ых гадоў – Быкаў, Караткевіч, Адамовіч, 1990 -ыя нацыянальны ўздым і нараджэнне незалежнай Беларусі. І вось сення мы з вамі назіраем чарговую барацьбу беларусаў за права ”людзьмі звацца” Таксама заўважылі, што,  на жаль,  беларускае нацыянальнае крыло ніколі не мела шырокай падтрымкі народа. З-за гэтага і былі мы пад рознымі імперыямі, бальшавікамі… На сённяшні дзень нацыянальнае пытанне зноў не цікавіць большасць людзей, і гэта, безумоўна, кепска.

Пісьменніца з асаблівай цікавасцю вывучае літаратуру перыяду 1920-30-ых гадоў. Пра гэты час яна напісала кнігу “Гасцініца Бельгія”, што выйшла ў 2019 г.  Гэта вельмі важны і насычаны перыяд у беларускай гісторыі і літаратуры. Ганна паведаміла нам, што ў Саюзе пісьменнікаў у ССРБ налічвалася 500 чалавек, найбольшая колькасць на савецкай прасторы.  Пры тым, што Беларусь была тады маленькая, разрабаваная войнамі і падзеламі. Дык гэта не проста 500 нейкіх там ”пісьменнікаў”, а 500 пісьменнікаў, якія актыўна публікаваліся і пісалі. І ўсіх  іх, разам з іх творчасцю  знішчыла савецкая ўлада. У 1937 годзе, 29 кастрычніка, за адну ноч у Курапатах было расстраляна 108 чалавек. Самая беларуская эліта, інтэлігенцыя. 

– ‘Па ўспамінах жыхароў Менска, – распавяла нам Ганна, –  у двары КДБ пылала вогнішча з розных рукапісаў, кніг, нататнікаў, дакументаў асуджаных два тыдні! Там гарэла наша з вамі душа.

Нішчыць і таптаць нашу нацыю, нашу  эліту працягваюць дагэтуль. Беларускую літаратуру ператварылі ў нецікавую, шэрую “белліт”. Ганна прывяла прыклад: у школе праходяць тэму “Прырода ў творчасці Уладзіміра Дубоўкі”, у той час, як у яго творчасці былі адзінкі вершаў на тэму прыроды. Астатнія – грамадзянская лірыка, моцныя вершы. Беларускую нацыю мэтанакіравана знішчаюць, знішчаюць  і знішчаюць…

Ганна нам расказала пра 30 самых такіх яскравых пісьменнікаў таго часу. Адзначу ў гэтым артыкуле  чатырох пісьменнікаў – нашых землякоў, з Пухавіччыны. Некаторыя слухачы пазналі іх усіх па партрэтах, некаторыя часткова. Я, напрыклад, ведаў толькі пра Міхася Чарота.

Першы талент Пухавіччыны 20-ых гадоў быў Анатоль Вольны (Ажгірэй) з Пухавічаў (Мар’інай Горкі). 

Малады Алесь Дудар (Дайлідовіч) быў галоўным скандалістам у БССР.

Уладзімір Хадыка з Цітвы, вучыўся ў Дудзіцкай школе, працаваў сакратаром Дудзіцкага сельсавета, таксама быў рэпрэсаваны, сасланы ў Сібір, загінуў на будаўніцтве дарогі.

І нарэшце, Міхась Чарот. Пра Чарота Ганна расказала гісторыю, як ён у турме надрапаў на сцяне апошні свой верш ”Прысяга”, які нам пісьменніца зачытала:

Я не чакаў;

Я не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, –

Кажу вам – я не вінаваты!

 

Таксама застаўся ў памяці яшчэ  адзін таленавіты пісьменнік  Юлій Таўбін, ураджэнец Магілёўшчыны. ”Калі б яго не расстралялі, то Нобелеўскі лаўрэат у Бе-ларусі з’явіўся б раней. Юлій мог бы стаць нашым нацыянальным геніем”. У 21 год ён пачаў публікавацца, а ў 26 яго ўжо расстралялі.  Асабліва ўразіў яго верш ”З нізкі ”Смерць”, які пачынаецца з радкоў:

Калі я буду паміраць

І рабіцца дакучным целам…

А я хачу, каб гэта было не хутка, –

Я цяпер хачу жыць, жыць -…

 

– Хто ведаў, што жыць яму засталося зусім няшмат, – сказала пасля верша Ганна. –  Гэта сумна. Неверагодна сумна.

Я быў вельмі натхнёны пасля гэтай сустрэчы.  Пачуцці годнасці і самоты пылалі перамешана ўнутры мяне. Пасля суст-рэчы я захацеў напісаць верш. У мяне атрымаліся наступныя радкі:

Кроў ад крыві з яцвягаў і сарматаў

Народ дзівосны нарадзіўся,

Ён у стагоддзях не згубіўся

І не прагнуўся пад вар’ятаў!

 

Народ змагарную натуру прыгадаў.

Успомніў: ён спрадвечна не здаваўся!

І хоць за трыццаць год ён адсыпаўся –

На трыццаць першы ўсё ж паўстаў!

 

Такі кругаварот прыроды годны,

Які складае дух народны,

Які не знікне проста ў воду.

 

Вядзі кругаварот да волі!

Каб дух народны не забыў прыроду!

Каб род дайшоў да лепшай долі!

Сустрэча з пісьменніцай доўжылася дзесьці тры гадзіны. Тры найкаштоўнейшыя гадзіны для кожнага слухача, бо ў гэты час яны атрымалі веды, якія цяжка знайсці і яшчэ цяжэй нават даведацца пра іх. Мы, ТБМ імя Ф. Скарыны горада Мар’іна Горка, заклікаем людзей быць сквапнымі да ведаў!

Дарэчы, мы пацікавіліся, адкуль у яе руках урыўкі з біяграфіямі пісьменнікаў і іх фотаздымкі, і яна расказала нам пра новую даследчую кнігу, якую ў хуткім часе выдадуць, таму чакайце!

Сяргей Крачкоўскі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Навукова-практычная канферэнцыя  "ХIІ Лідскія чытанні".
літаратура

Навукова-практычная канферэнцыя "ХIІ Лідскія чытанні".

26 красавіка 2025, 06:4016
Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову
Мова

Ад 16 студзеня ўсе друкаваныя СМІ Украіны мелі перайсці на ўкраінскую мову

2 лютага 2022, 07:5516
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
Далучайцеся да нас