Пачынаючы з 2017 года, літаратурны клуб “Экватар” штогод праводзіць у пасёлку Дружны, што зусім блізка ад Менска, канцэрт памяці пісьменніка і барда Валерыя Скакуна. Месца абрана не выпадкова. Валерый правёў там апошнія гады свайго жыцця, там недалёка і пахаваны. У Дружным дагэтуль жывуць ягоная апошняя жонка Іна і сын Валодзя.
Для Валерыя Скакуна быў вельмі важным літаратурны клуб “Экватар”, ягонае літаратурнае і канцэртнае жыццё – усё, што звязана з суполкай. Валерый стаяў ля вытокаў заснавання клуба, ён вельмі шмат зрабіў для развіцця “Экватара”. З кіраўніком суполкі Вячаславам Корбутам Валерый Скакун прасябраваў дваццаць пяць год, а з шэф-рэдактарам клуба Інгай Вінарскай – звыш дзесяці.
2020-ты не стаў выключэннем са склаўшайся ўжо традыцыі – штогод праводзіць канцэрт памяці Валерыя Скакуна ў Дружным. Імпрэзу вырашылі ўсё ж такі зрабіць, нягледзячы на эпідэмічную і палітычную сітуацыю ў краіне.
Арганізатарам канцэрту, як і ў мінулыя гады, выступіла загадчыца Дружненскай дзіцячай бібліятэкі Святлана Ефіменка. Імпрэза была замоўлена ў актавай зале Дружнескай школы мастацтваў.
Калі артысты ўжо прыехалі на выступленне, спадарыня Святлана вельмі выбачалася за тое, што людзей на мерапрыемства сабраць не ўдасца, бо ў Дружным ужо пачаўся каранцін з-за другой хвалі каронавіруса, і арганізавана школьнікі ды студэнты не прыйдуць, а неарганізавана пабаяцца. Але шэф-рэдактар “Літаратурнага экватара” Інга Вінарская зазначыла, што канцэрт усё роўна будзе праведзены дзеля ўшанавання памяці Валерыя Скакуна.
У зале сабраліся бібліятэчныя супрацоўнікі, сваякі Валерыя Скакуна, нешматлікія зацікаўленыя слухачы. Імпрэза пачалася.
Нечакана прысутныя пачулі… званы. Так, менавіта прыгожым звонам распачаўся канцэрт. На мініяцюрных, але сапраўдных званах сыграў для слухачоў Аляксандр Койпіш, які, дарэчы, як потым высветлілася, спецыяльна вучыўся на іх граць, і нават працуе званаром у некалькіх сталічных цэрквах. Потым Аляксандр распавёў прысутным пра лячэбныя ўласцівасці гукаў, якія даюць званы пра гранні на іх. Але на гэтым выступленне спадара Койпіша не скончылася. У нейкі момант ён дастаў зборнік сваіх вершаў і прачытаў некаторыя з іх.
Спявачка, акторка, мастачка Міліта Сібрыкава на гэты раз падрыхтавала камерны рэпертуар для канцэрту. Яна нават апранулася ў чорны касцюм для імпрэзы. Міліта двойчы выходзіла да публікі – выступала яна з губным гармонікам і без, а дапамагаў ёй, як звычайна, “чароўны” караоке-мікрафон.
Паэтка Лера Лявонцьева прачытала прысутным свае новыя, нядаўна створаныя вершы. А потым яна, як звычайна, дастала свае ўлюбёныя карткі-падказкі, на якіх шмат чаго напісана, і чытала кароткія вершаваныя творы з іх.
Шэф-рэдактар “Літаратурнага экватара”, паэтка і пісьменніца Інга Вінарская выступала доўга. Яна падрабязна распавяла пра жыццё літаратурна клуба “Экватар”, пра ўсе навіны, знакавыя падзеі і нават – пра праблемы клуба, пра ворагаў і здрайцаў. І гэта ўсё было расказана нават не прысутным, а сябру-нябожчыку Валерыю Скакуну, чый партрэт стаяў на сцэне і чый дух (выступоўца была ў гэтым упэўнена) нябачна прысутнічаў на канцэрце.
Потым Інга шмат распавядала пра свайго сябра Валерыя Скакуна, пра тое, якім ён быў чалавекам, як усё ўмеў рабіць: і электрыку, і сантэхніку, і газапровады, і будаўнічыя работы самай рознай ступені складанасці. Спадарыня Вінарская зазначыла, што была рэдактарам, дызайнерам і тэхнічным рэдактарам амаль усіх кніг Валерыя Скакуна – і паэзіі, і прозы.
Напрыканцы свайго выступлення Інга Вінарская сказала, што Скакун быў чалавекам моцным і нават часамі жорсткім, а потым прачытала шэраг вельмі складаных, нават рэвалюцыйных вершаў з другой рэдакцыі сваёй кнігі “Солнце поэтов”.
Завяршыўся канцэрт выніковай агульнай фотасесіяй выступоўцаў і слухачоў.
Дружненскай дзіцячай бібліятэцы былі падараваны альманах “Літаратурны экватар” № 8 (10), а таксама кнігі некаторых сяброў суполкі.
Паэтка, пісьменніца, журналістка
Інга Вінарская.