Нобелеўская прэмія па літаратуры (швед. Nobelpriset i litteratur) – прэстыжная ўзнагарода, якая штогод уручаецца Нобелеўскім фондам за дасягненні ў вобласці літаратуры. Адна з пяці Нобелеўскіх прэмій, заснаваных Альфрэдам Нобелем у яго тастаманце, напісаным 27 лістапада 1895 года ў Парыжы.
Нобелеўская прэмія па літаратуры прысуджаецца штогод з 1901 года. Па стане на 2020 год было прысуджана 117 прэмій, з іх 16 – жанчынам. Усяго 8 раз узнагароджанне не праводзілася: у 1914, 1918, 1935, 1940-1943 гадах, 2018. Першым лаўрэатам у 1901 годзе стаў французскі паэт і эсэіст Сюлі-Прудом.
Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымалі (паводле нашых звестак) 10 германскіх пісьменнікаў. У некаторых з іх двайное грамадзянства, але ўсе яны – нямецкамоўныя.
1902 год
Тэадор Мамзен (1817-1903)
“Аднаму з выдатных гістарычных пісьменнікаў, пяру якога належыць такая манументальная праца, як “Рымская гісторыя”
Крысціян Маціяс Тэаодор Мамзен (ням. Theodor Mommsen; 30 лістапада 1817, Гардынг, Шлезвіг-Гальштэйн – 1 лістапада 1903, Берлін) – нямецкі гісторык, філолаг-класік, юрыст і палітык фрызскага паходжання. Нарадзіўся ў сям’і лютаранскага пастара Енса Мамзена. Рос у горадзе Бад-Альдэсла, у прыходзе якога служыў яго бацька. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, але затым наведваў чатыры гады гімназію Крысціяніюм у Альтоне…
1908 год
Рудольф Эйкен (1846-1926)
“За сур’ёзныя пошукі праўды, усепранікальную сілу думкі, шырокі далягляд, жвавасць і пераканаўчасць, з якімі ён адстойваў і развіваў ідэалістычную філасофію”
Рудольф Хрыстаф Эйкен (ням. Rudolf Christoph Eucken; 5 студзеня 1846, Аўрых, Прусія – 15 верасня 1926, Ена, Веймарская рэспубліка) – нямецкі філосаф. Нарадзіўся ў сям’і рана памерлага паштовага працаўніка і дачкі святара. Дзякуючы клопатам маці, атрымаў добрую аду-кацыю ў гімназіі і Гетынгентскім універсітэце, дзе вывучаў класічную філасофію і старажытную гісторыю, затым у Берлінскім універсітэце…
1910 год
Паўль Гейзе (1830-1914)
“За мастацкасць, ідэалізм, якія ён дэманстраваў на працягу свайго шматгадовага і прадуктыўнага творчага шляху як лірычны паэт, драматург, раманіст, аўтар сусветна вядомых навэл”
Паўль Ёган Людвіг фон Гейзе (ням. Paul Johann Ludwig von Heyse, 15 сакавіка 1830, Берлін, Прусія – 2 красавіка 1914, Мюнхен, Баварыя), паэт, драматург, перакладчык, раманіст, пісьменнік, мастак. Яго бацька, Карл Вільгельм Людвіг Гейзе, быў прафесарам класічнай філалогіі, а маці, Юлія Гейзе – дачка прыдворнага прускага ювеліра Якоба Саламона. Хейзе быў студэнтам гімназіі Фрыдрыха-Вільгельма да 1847 года…
1912 год
Герхарт Гаўптман (1862-1946)
“Першым чынам у знак прызнання плённай, разнастайнай і бліскучай дзейнасці ў вобласці драматычнага мастацтва”
Герхарт Ёган Роберт Гаўптман (ням. Gerhart Johann Robert Hauptmann; 15 лістапада 1862, Оберзальцбрун – 6 чэрвеня 1946, Агнетэндорф) – нямецкі драматург. Нарадзіўся ў Ніжняй Сілезіі ў сям’і ўладальніка гасцініцы Роберта Гаўптмана і яго жонкі Марыі. У дзяцінстве Герхарт праславіўся вялікім фантазёрам. Спа-чатку вучыўся ў вясковай школе, затым з вялікай цяжкасцю паступіў у рэальную вучэльню ў Брэслаў. Па-зней паступіў у Енскі ўніверсітэт…
1929 год
Томас Ман (1875-1955)
“Першым чынам за вялікі раман “Будэнброкі”, які стаў класікай сучаснай літаратуры, і папулярнасць якога няўхільна расце”
Паўль Томас Ман (ням. Paul Thomas Mann, 6 чэрвеня 1875, Любек – 12 жніўня 1955, Цурых) – нямецкі пісьменнік, эсэіст, майстар эпічнага рамана. Самы знакаміты прадстаўнік свайго сямейства, багатага вядомымі пісьменнікамі, нарадзіўся ў сям’і заможнага любекскага купца Томаса Ёгана Генрыха Мана (1840-1891), які займаў пасаду гарадскога сенатара. Маці Томаса, Юлія Ман (народжаная дэ Сільва-Брунс) (1851-1923) паходзіла з сям’і з бразільскімі каранямі…
1946 год
Герман Гесе (1877-1962)
“За натхнёную творчасць, у якой выяўляюцца класічныя ідэалы гуманізму, а таксама за бліскучы стыль”
Герман Гесе (ням. Hermann Hesse; 2 ліпеня 1877, Кальв, Германская імперыя – 9 жніўня 1962, Мантаньёла, Швейцарыя) – нямецкі пісьменнік і мастак. Нарадзіўся ў сям’і нямецкіх місіянераў. Яго маці Марыя Гундарт (1842-1902) была дачкой тэолага Германа Гундарта. Бацька, Ёганес Гесе (1847-1916), быў балтыйскім немцам з эстляндскага горада Пайдэ, служыў некаторы час місіянерам у Індыі, затым працаваў у выдавецтве Гундарта ў Кальве, дзе і пазнаёміўся з Марыяй. З ранніх гадоў дзяцей выхоўвалі ў духу піетызму, які панаваў у доме Гесе…
1966 год
Нэлі Захс (1891-1970)
“За выдатныя лірычныя і драматычныя творы, якія даследуюць лёс габрэйскага народа”
Нэлі Захс (ням. Nelly Sachs; 10 снежня 1891, Шэнеберг (Берлін) – 12 траўня 1970, Стакгольм) – нямецкая паэтка, празаік і драматург. Нарадзілася ў габрэйскай сям’і. У 1940 годзе эмігравала ў Швецыю. Яе першая паэтычная складанка выйшла ў 1947 годзе ва Усходнім Берліне пад назвай “У жыллі смерці” (“In den Wohnungen des Todes”). У гэтых вершах, як і ў п’есе “Элі” (“Eli”, 1943), заяўлены ўсе асноўныя тэмы, развітыя затым у складанках “Зорнае зацьменне” (“Sternverdunkelung”, 1949), “І ніхто не ведае, як далей” (“Und niemand weiss weiter”, 1957) і інш…
1972 год
Генрых Бёль (1917-1985)
“За творчасць, у якой спалучаецца шырокі ахоп рэчаіснасці з высокім мастацтвам стварэння характараў і якая стала важкім унёскам у адраджэнне нямецкай літаратуры”
Генрых Тэадор Бёль (ням. Heinrich Theodor Bоll, 21 снежня 1917, Кёльн – 16 ліпеня 1985, Лангенбройх) – нямецкі пісьменнік, перакладчык і сцэнарыст. Ганаровы грамадзянін Кёльна (1983). Нарадзіўся ў шматдзетнай каталіцкай сям’і чырвонадрэўшчыка Віктара Бёля і Мары Бёль (Герман). З 1924 па 1928 год вучыўся ў каталіцкай школе, затым – у кёльнскай гімназіі кайзера Вільгельма. Улетку 1939 года Бёль паступіў у Кёльнскі ўніверсітэт, але ўжо ўвосень яго прызвалі ў Вермахт…
1999 год
Гюнтар Грас (1927-2015)
“За тое, што яго гуллівыя і змрочныя прыпавесці асвятляюць забытую выяву гісторыі”
Гюнтар Вільгельм Грас (ням. Gunter Wilhelm Grass; 16 кастрычніка 1927, Вольны горад Данцыг (цяпер Гданьск) – 13 красавіка 2015, Любек, Германія) – нямецкі пісьменнік, скульптар, мастак і графік. Грасс быў чальцом аб’яднання нямецкамоўных аўтараў “Група 47” (ням. Gruppe 47). Дзякуючы дэбютнаму раману “Бляшаны барабан” (ням. Die Blechtrommel, 1959 год) атрымаў міжнароднае прызнанне як выдатны нямецкі пісьменнік паваеннага перыяду. Дзякуючы сваёй вядомасці і папулярнасці, ён публічна каментаваў палітычныя і грамадскія падзеі…
2009 год
Герта Мюлер (1953)
“За творчасць, якая з засяроджанасцю ў паэзіі і шчырасцю ў прозе апісвае жыццё бяздольных”
Герта Мюлер (ням. Herta Muller; нар. 17 жніўня 1953, Ніцкідорф, Банат, Румынія) – нямецкая паэтка і пісьменніца, грамадскі дзеяч, мастак. Нарадзілася ў сям’і, якая належала да адной з груп нямецкамоўнай меншасці Румыніі (так званыя банатскія швабы). Яе дзед быў фермерам і гандляром, бацька падчас вайны служыў у войсках СС. Маці пасля заняцця Румыніі савецкімі войскамі была як немка дэпартавана ў лагер на тэрыторыі Украіны, вызвалена ў 1950 годзе. У 1987 годзе Герта разам з мужам, пісьменнікам Рыхардам Вагнерам, пераехала ў ФРГ і пасялілася ў Заходнім Берліне…