І для таго я стаў паэтам,
Каб веру ў сэрцах распаліць.
Міхась Васілёк.
Скідзельшчына – самабытны куточак беларускай зямлі з багатай і цікавай гісторыяй. Тут нарадзілася шмат таленавітых людзей. Сярод іх паэт, дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху Міхась Васілёк (сапраўднае імя Міхаіл Восіпавіч Касцевіч).
Міхась Васілёк з кагорты тых паэтаў, хто прайшоў складаны жыццёвы шлях: у дзяцінстве – бежанства за часам Першай сусветнай вайны, здзекі ў паліцэйскіх пастарунках у перыяд панскай Польшчы найперш за тое, што пісаў вершы па-беларуску, уцёкі з палону і ўдзел у барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў.
Нарадзіўся будучы паэт 14 лістапада 1905 года ў вёсцы Баброўня Гарадзенскага раёна ў сям’і лесніка. Праз усё сваё жыццё і творчасць Міхась Васілёк пранёс непагасную любоў да свайго народа, да яго мовы, культуры, да свайго краю, да бацькоўскай зямлі.
Творчасць паэта была зразумелая і дарагая людзям. Простыя вершы былі народжаны пакутамі і нядоляй, але ў іх жыве глыбокая ўпэўненасць у тым,
Што няволя міне,
Прыйдзе шчасця пара залатая!
Памятаюць і шануюць свайго земляка на Гарадзеншчыне, ведаюць і любяць яго творчасць. Яго імем названы вуліцы ў Гародні і Скідзелі, народны літаратурна-краязнаўчы музей у Скідзельскім сельскагаспадарчым ліцэі. У музеі ў вёсцы Мількаўшчыне ў раздзеле экспазіцыі “Гарадзеншчына літаратурная” размешчаны матэрыялы пра жыццёвы і творчы шлях паэта.
Пры ўездзе ў вёску Баброўня ў лістападзе 2012 года намаганнямі мясцовых уладаў, калектыва Скідзельскага сельскагаспадарчага ліцэя і мясцовых краязнаўцаў быў устаноўлены памятны камень-валун у гонар землякоў – змагароў за нацыянальнае адраджэнне і паэтаў Міхася Васілька і яго дзядзькі Макара Краўцова.
З нагоды 115-х угодкаў з дня народзінаў Міхася Васілька сябры Скідзельскай суполкі Таварыства беларускай мовы наведалі яго малую радзіму вёску Баброўню. Адразу ж былі зачараваны незвычайнай прыгажосцю гэтага месца: недалёка восеньскі таямнічы лес, прыгожы і яшчэ нават зялёны лужок, а побач – рака Котра, адметная і непаўторная ў любую пару года.
Налюбаваўшыся цудоўнымі краявідамі, мы заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол памятнага знака, якая займае даволі вялікую прастору. Спачатку прыбралі высокі травя-ны сухастой, пачысцілі цэнтральную дарожку і да ўжо падросшых елачак, хвоек, дубкоў і ліпак пасадзілі невялікія каштаны. Саджанцы са свайго гадавальніка прапанаваў былы старшыня Скідзельскага гарсавета Аляксандр Лазовік. За гэта мы яму вельмі ўдзячныя.
Да каменя-валуна ўсклалі кветкі і запалілі знічы. А потым гучалі цудоўныя вершы нашага славутага земляка. Асабліва ўразіў усіх прысу-тных аповед Галіны Самойлы – гарадзенскай паэткі, пляменніцы Міхася Васілька, якая родам з суседняй вёскі Бандары. Яе маці, Фаіна Самойла, была стрыечнай сястрой паэта і падтрымлівала з ім сувязь на працягу жыцця.
На развітанне прайшліся праз усю вёску Баброўня (налічылі 15 дамоў). Не мінулі месца, дзе раней была сядзіба Міхася Васілька. Ад хаты застаўся толькі падмурак, побач растуць магутныя дубы і ліпы, магчыма, пасаджаныя самім паэтам.
Міхась Васілёк пакінуў нам невялікую літаратурную спадчыну. Але яго паэзія, шчырая, палымяная, з’явілася значным унёскам у беларускую літаратуру. Яна знаходзіла і знаходзіць шырокі адгалосак у сэрцах шматлікіх чытачоў і служыць прыкладам самаахвярнага і бескарыснага служэння Айчыне і народу.
Сябры Скідзельскай суполкі ТБМ.