Home
ТБМ

Адказ нашым заслужаным

Адказ нашым заслужаным

На з’ездзе ТБМ у кастрычніку пасля шэрагу нудных дакладаў пра вялікія нашыя дасягненні, калі многія з прысутных у зале пачалі ўжо засынаць, мне прыйшлося выступіць з крытыкай шаноўнага кіраўніцтва нашай арганізацыі. Пасля майго невялікага спічу народ прабудзіўся і распачалася цікавая дыскусія, якая зараз перайшла на старонкі газеты “Наша слова”. У № 44 за 4 лістапада выйшлі аж два матэрыялы з крытыкай маёй сціплай асобы. Артыкул “Як Алегу Дзьячкову з Магілёва “з’явіліся новыя лідары” я каментаваць не буду, бо гэта звычайнае глупства, што мяжуе з хамствам. А вось на артыкуле спадара М.П. Булавацкага  спыніцца варта.

Зразумела, што крытыку ніхто не любіць, сказаць па шчырасці, я і сам яе не дужа  люблю. Але ж ТБМ лічыцца дэмакратычнай арганізацыяй, па меншай меры, была такой да нядаўняга часу. І крытыкаваць варта і трэба, не зважаючы на рэгаліі і пасады, каб арганізацыя магла нармальна развівацца і існаваць.

Спадар Булавацкі піша , што “не варта кідаць камяні ў людзей, што пражылі значна большы век”, маўляў, “зарабляйце свой імідж іншымі сродкамі”, г.зн., іншымі словамі, што не трэба крытыкаваць нашых “заслужаных” і самога Булавацкага ў тым ліку?! Але ж мой апанент – дэмакрат і апазіцыянер з вялікім стажам, аж з 1978 года, і дзіўна, як ён не разумее, што адным з галоўных прынцыпаў дэмакратыі якраз і з’яўляецца магчымасць выказваць крытычныя заўвагі, не зважаючы ў тым ліку на ўзрост і заслугі. Аднаго такога сонцападобнага “заслужанага” аўтарытарнага кіраўніка з пакалення Булавацкага мы ўсе добра ведаем… Ён таксама заяўляе, што вельмі шмат зрабіў для Беларусі  і таму не варта яго крытыкаваць… Але ж ён аўтарытарны кіраўнік, і таму з ім усё зразумела, а спадар Булавацкі лічыць жа сябе дэмакратам?! Так што пакрытыкаваць наша шаноўнае кіраўніцтва (якое, безумоўна, шмат чаго добрага робіць) і самога Булавацкага варта і нават неабходна, каб яно не забранзавела са сваімі дасягненнямі і рэгаліямі , як калісьці “дарагі Леанід Ільіч”.

Такім чынам, спадар Булавацкі дужа палымяна мне хоча давесці  пра тое, “дзе тая “традыцыйная” апазіцыя…???” Пра старую і новую апазіцыю, або традыцыйную і нетрадыцыйную, (называйце, як каму зручней), можна доўга разважаць. Але факт застаецца фактам, што сёлета адзінага кандыдата старая апазіцыя вылучыць так і не здолела. Хаця ў нашай найноўшай гісторыі пазітыўны прыклад ужо маецца, калі ў 2006 годзе быў вылучаны адзіны апазіцыйны кандыдат, прычым  беларускамоўны – гэта спадар Алесь Мілінкевіч. Але калі гэта было?! А сярод сённяшніх беларускамоўных лідараў так і не знайшлося постаці, вакол якой варта было б усім аб’яднацца і за якой пайшоў бы народ. Як яскравы прыклад дзейнасці некаторых беларускамоўных арганізацый, якія прэтэндуюць на лідарства, можна прыгадаць момант віншавання на з’ездзе ТБМ ад Грамады і БНФ. Гэтыя спадарыня і спадар павіншавалі, засвяціліся, пабылі трошкі і… пабеглі. А куды пабеглі? Зразумела, што яны памкнуліся ратаваць Бацькаўшчыну, бо ў бліжэйшыя некалькі гадзін, калі доўжыўся з’езд нашай арганізацыі, Бацькаўшчына без іх дапамогі абысціся не здолела б.  А калі разважыць, то хіба не маглі ўжо гэтыя дзве шаноўныя арганізацыі хаця б раз на тры гады (!) даслаць на пару гадзін свайго прадстаўніка на рэспубліканскі з’езд ТБМ, дзе абмяркоўваюцца многія істотныя пытанні нацыянальнай культуры і цэлай краіны ўвогуле?! Выслухаць розныя меркаванні, і самім нешта параіць і падказаць?! Але ў іх, як заўсёды, не было часу! А вось каб іх запрасілі на які семінар, напрыклад, у Вільню ці Варшаву, а пажадана ў Брусэль, то, мяркую, што ад гэтых партый набралася б шмат аахвочых кандыдатаў, ды і часу б у іх знайшлося  некалькі дзён і нават тыдзень.

І таму нічога дзіўнага, што на палітычным небасхіле паўсталі новыя імёны, перадусім, гэта Віктар Бабарыка і Святлана Ціханоўская. І вы самі добра ведаеце, што і ў новых лідараў палітычны шлях не ўсыпаны ружамі-кветкамі… Але яны ўжо шмат чаго здолелі дамагчыся менавіта як палітыкі.

Парада Булавацкага “прыгледзецца да справы” такіх, як я, – вельмі слушная. Я ніколі Булавацкага М.П. публічна не крытыкаваў, а крытыку мог сабе дазволіць толькі ў вузкім коле на пасяджэнні гарадской рады. Але паколькі мой апанент захацеў вынесці дыскусію на “шырокі прастор”, то так і быць… Я стаў кіраўніком ТБМ г. Магілёва восенню 2005 года. У якім стане я прыняў арганізацыю ад Булавацкага і такіх заслужаных дэмакратаў, як ён? Калі Міхась Пятровіч забыўся, якой была наша тады гарадская арганізацыя, то няхай перачытае пратакол, які ён пісаў на справаздачна-выбарчай канферэнцыі, і ўзгадае выступы ўдзельнікаў, якія там гучалі.  Напрыклад, тады прагучала і прапанова за-крыць гарадскую арганізацыю ў Магілёве, бо дзейнасцю арганізацыі ніхто займацца не хацеў. І зараз я не хачу сказаць, што ў нас няма праблем і што ў нас усё выдатна. Але наша гарадская Магілёўская арганізацыя далёка не апошняя сярод суполак рэспубліканскага ТБМ, і я вельмі ганаруся нашымі дасягненнямі і нашай грамадой! Пастараюся ў бліжэйшы час перамагчы сваю ляноту і напісаць справаздачу аб дзейнасці нашай арганізацыі за апошнія гады для друку ў “Нашым слове”. Дзіўна, што Булавацкі не заўважае, або не хоча заўважаць “іміджу” ТБМ г. Магілёва. І яшчэ адно. У гэтыя гады мы пасунулі ў нашай арганізацыі заслужаных пенсіянераў і прэдпенсіянераў, якія “сінеючымі пальцамі” ўчапіліся і ўвесь час любілі ўваходзіць у раду, ездзіць на з’езды і засядаць у прэзідыумах: усё нам любілі  раіць і радзіць са сваімі павучаннямі. Ды і ўвогуле, спадару Булавацкаму варта ўжо даўно ад глабальных пытанняў аналітыкі агульнадзяржаўных праблем нарэшце пераходзіць да лакальных, напрыклад, заняцца пытаннямі ўласнай абласной арганізацыі ТБМ, якую ён узначальвае ў апошнія гады. Бо хутка там застанецца толькі сам “ганаровы і заслужаны” Міхась Пятровіч. Так што пара Вам ужо пакла-паціцца аб сваім уласным іміджы…

Калі Булавацкі і такія, як ён, не здолеюць пераадолець свой старэчы эгаізм, то яны пахаваюць і сябе як грамадскіх дзеячаў, і сваю справу, якой яны аддалі вялікію частку свайго жыцця.

А таму нашаму рэспубліканскаму кіраўніцтву яшчэ раз нагадаю,  што, на ваша шчасце, я жыву ў Магілёве, а не ў Менску,  а так бы даўно вас з вашымі рэгаліямі пасунуў, як я гэта шмат год таму зрабіў з пенсіянерамі ў Магілёве. Калі, спадары, новаабранае кіраўніцтва ТБМ і надалей так будзе кіраваць рэспубліканскай арганізацыяй, то наступны з’езд ТБМ будзе падобны да пасяджэння Палітбюро ЦК КПСС. Чаго вартыя мы і нашыя ўсе дасягненні і званні, калі мы не здолеем знайсці і навучыць моладзь, нашых будучых пераемнікаў, будучыню нашай краіны?!

Алег Дзьячкоў,

намеснік старшыні ТБМ.

Магілёў. 

12 лістапада 2020 г.

 

Previous article Пясняр наднёманскага краю
Next article Не магу маўчаць!

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”
Выданні

У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”

Ліст 28th, 201816
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Май 2nd, 202116
Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”
Грамадства

Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”

сак 28th, 201915
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202515