Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Лірычныя ўспаміны пра добрыя часы

Лірычныя ўспаміны пра добрыя часы

23 лістапада 2020, 21:58 Выданні 36
Лірычныя  ўспаміны пра добрыя часы

4-га лістапада сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў паэтка Святлана Багданкевіч, сябра Сакратарыяту ТБМ імя Ф. Скарыны, падзялілася радкамі лірычнай сямейнай хронікі “Як усё было” з чальцамі клуба “Прамова” на сядзібе ТБМ. Новая кніжачка, аздобленая каляровымі фотаздымкамі, выйшла ў менскім выдавецтве “Бонэм” накладам 200 асобнікаў.

Аўтарка вершаваных радкоў, Святлана Мікалаеўна Багданкевіч, нарадзілася ў 1947 годзе ў вёсцы Рубяжэвічы ў сям’і настаўнікаў. Яе бацька Мікалай Сцяпанавіч быў дырэктарам школы, загадчыкам райана, а маці Яўгенія Рыгораўна – настаўніцай. Бацькі парупіліся, каб дзяўчынка займалася ў класе фартэпіяна ў музычнай школе. Для гэтага ёй давялося жыць самастойна асобна ад бацькоў, пачынаючы з 12 гадоў. Пра гэтыя абставіны спадарыня Святлана якраз і ўзгадала на сторонках сваёй новай паэтычнай кнігі.

Дзяўчына была выдатніцай і скончыла з залатым медалём сярэднюю школу № 1 ў 1965 годзе, паступіла вучыцца ў Менскі педагагічны інстытут імя  М. Горкага на літаратурна-музычны факультэт. У 1970 годзе пасля яго заканчэння С. Багданкевіч працавала ў Менскай педагагічнай вучэльні (пазней – Менскі дзяржаўны педагагічны каледж № 2 імя Максіма Танка) і выкладала музычныя дысцыпліны. У 90-тыя гады каледж набыў статус беларускамоўнай навучальнай установы.

У тыя часы  Святлане Багданкевіч даводзілася рабіць шмат перакладаў рознай дакументацыі. Па сваім прадмеце яна ўдзельнічала ў складанні музычна-педагагічнага тэрміналагічнага руска-беларускага слоўніка (разам з мужам Валянцінам Карпуцем, дацэнтам кафедры народных інструментаў БДПУ імя Максіма Танка). З радасцю яна  перакладала дзіцячыя песні на родную мову. І рабіла ўсё гэта з вялікім энтузіязмам! Спадарыня Святлана працавала ў Адукацыйнай камісіі ТБМ і некаторы час узна-чальвала яе. Нямала парупілася для арганізацыі курсаў па вывучэнні беларускай мовы і па культуры мовы пры ТБМ.

Вершы С. Багданкевіч друкаваліся ў альманахах “Дзень паэзіі” і ў калектыўных зборніках клуба ” Спадчына”- “Скрыжалі Спадчыны”. У 2012 годзе выйшаў зборнік яе вершаў і перакладаў з польскай паэзіі   “Напрадвесні”. З 2013 года  С.М. Багданкевіч з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. У апошнія гады спадарыня Святлана па даручэнні Алега Трусава складала “Летапіс ТБМ” з 2009 па 2014 год.

І вось, пражыўшы багатае на падзеі жыццё, захацелася падзяліцца з сябрамі і роднымі сямейнымі ўспамінамі. Сабраліся разам дзве сястры, прыехала з Калінінграда да Святланы Таццяна і пад псеўданімам Багдан Астравецкі яны стварылі лірычныя паэмы, героямі якіх сталі іх бацькі, блізкія, аднакласнікі.

Бо яны выхоўваліся ў творчай атмасферы, перанялі ад бацькоў цікавасць да літаратуры і манеру апавядання, і навучыліся мысліць рыфмамі. Сваю кнігу сёстры дапоўнілі фотаздымкамі юначых гадоў, а таксама перыяду іх сталасці, прафесійнай і грамадскай дзейнасці, сустрэч з выдатнымі асобамі.

Не аднойчы завітвалі да спадарыні Святланы ў госці паэты, рэдактары і публіцысты: Міхась Скобла, Міхась Шавыркін, Алесь Гібок-Гібкоўскі, Яўген Гучок і іншыя. Была яна асабіста знаёмая і са Стэфаніяй Станютай. А спадарыні Таццяне даводзілася сустракацца з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным.

 

Лірычныя паэмы Святланы Багданкевіч нагадваюць зместам і стылем раман у вершах “Родныя дзеці” Ніла Гілевіча і паэму “Міхасёвы прыгоды” Якуба Коласа.

 

Спадарыня Святлана – чалавек вельмі таленавіты і празарлівы. Вочы яе празрыстыя і ясныя, нібы крышталікі веснавога лёду. Пацеркі, нанізаныя ўласным рукамі – у колер вачэй.  У думках паэтка сумаўляецца з геніямі, якія нядаўна адышлі ад нас. Свае вобразы яна часта атрымлівае з вышыняў. Яна ўдасканальвае майстэрства, адточвае выразы, працуе над перакладамі.

Душэўная вечарына прынесла радасць і суцяшэнне сябрам ТБМ!  Усё ат-рымалася, як напісана ў раздзеле паэмы “Мінскія падзеі”.

 

“Чалавек  я – сацыяльны,

Клімат ім ствару спрыяльны.

Як пірог мой пачастуюць –

Творчы ўздым яны пачуюць!”

 

Былі тут пірагі і яблыкі з лецішча, вершы і жарты, размовы пра каханне, успаміны і пытанні чытачоў да аўтаркі.

У творчай еднасці прыхільнікаў беларускага слова цяжкія часы перажыць значна лягчэй!

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2817
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас