Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнай разнастайнасці

Краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнай разнастайнасці

4 лістапада 2020, 17:00 Культура, Навука 60
Краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнай разнастайнасці

21-22 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў VII Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У гэтым годзе мерапрыемствы кангрэса праходзілі як у будынку Нацыянальнай бібліятэкі, так і анлайн.

Удзельнікамі сталі прадстаўнікі з Беларусі, Германіі, Расіі, Францыі і Украіны. Гэта вядучыя спецыялісты бібліятэк, навукова-даследчых арганізацый, устаноў адукацыі, распрацоўшчыкі і вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфарма-цыйнай прадукцыі, літаратуразнаўцы і пісьменнікі. Цэнтральнай тэмай ў гэтым годзе была тэма краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнай разнастайнасці.

Двухдзённая праграма мерапрыемства была насычанай: у бібліятэцы прайшлі пленарнае і секцыйныя паседжанні, круглыя сталы, семінары, віртуальная прэзентацыйная пляцоўка і майстар-клас.

Асноўнымі тэмамі для абмеркавання сталі гісторыя і культура краін, рэгіёнаў, мясцовасцей як напрамкаў для сучасных даследаванняў; арганізацыя краязнаўчай дзейнасці бібліятэк, яе нарматыўнае і метадычнае забеспячэнне; краязнаўчыя бібліяграфічныя рэсурсы па краязнаўстве, краіназнаўстве; папулярызацыя краязнаўчых і краіназнаўчых ведаў, музеяў, архіваў; краязнаўчы кантэнт у інтэрнэт-прасторы; сучасная выдавецкая прадукцыя ў захаванні і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны краін, рэгіёнаў.

Змястоўнай была праграма секцыі “Развіццё краязнаўчай дзейнасці: этапы, людзі, супольнасці, дакументальная спадчына”.  З  прамоцыяй сваіх даследаванняў выступілі: кандыдат гістарычных навук Вольга Шутава, галоўны бібліёграф  Нацыянальнай бібліятэкі Галіна Кірэева, загадчык сектарам НББ Таццяна Сапега  і іншыя. Магістр гуманітарных навук Вікторыя Дудзінская акрэсліла краязнаўчы аспект творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча ў кантэксце фарміравання нацыянальнага кода культуры. Магістр палітычных навук Юлія Ярмак распавяла пра малавядомыя старонкі жыцця габрэяў у Гародні: пра дзейнасць жанчын  у сферы кніжнага гандлю. Вераніка Бабарыка-Амельчанка пазнаёміла са старонкамі гісторыі менскага раёна – Курасоўшчыны, яго навуковых цэнтраў і прамысловых аб’ектаў.

У межах форуму працавала выстава выдавецкай прадукцыі, да ўдзелу ў якой былі запрошаны вытворцы літаратуры і электронных рэсурсаў. Адбылося пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Разам з выдавецкім домам “Звязда” прайшоў круглы стол пісьменнікаў і літаратараў “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”, удзельнікам якога сталі спецыялісты з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны.

На закрыцці кангрэса ўдзельнікі падвялі вынікі двухдзённай працы форуму, абмеркавалі ўзнятыя на секцыйных паседжаннях пытанні, значную ўвагу надалі перспектывам развіцця карпаратыўнага і інфармацыйнага ўзаемадзеяння, захаванню дакументальнай спадчыны.

Вынікі працы VII Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” будуць садзейнічаць далейшаму ўмацаванню міжнароднага супрацоўніцтва паміж установамі культуры, адукацыі і навукі, развіццю краязнаўчай дзейнасці, фарміраванню інфармацыйнай культуры і стануць значным унёскам у развіццё інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі
Культура

ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

28 чэрвеня 2022, 20:0816
100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва
Культура

100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва

17 лютага 2023, 15:4915
2 красавіка – Вербніца
Грамадства

2 красавіка – Вербніца

29 сакавіка 2023, 07:3215
Кніга Вінцэся Мудрова
Выданні

Кніга Вінцэся Мудрова

26 студзеня 2021, 13:2014
Далучайцеся да нас