21 кастрычніка Лідскі гістарычна-мастацкі музей стаў пляцоўкай для правядзення круглага стала “Лідскі дыялог – 2020”. Мерапрыемства праходзіла ў адкрытым фармаце. Адбылося яно пры ўдзеле прадстаўнікоў мясцовай улады, дэпутатаў Гарадзенскага абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, старшыняў гарадскога, сельскіх выканаўчых камітэтаў і раённых структур грамадскіх аб’яднанняў. Была магчымасць уступіць у дыялог і ў прадстаўнікоў апазіцыі. Але прынялі ўдзел у дыскусіі адзінкі.
Адно з ключавых пытанняў, якое абмяркоўвалася падчас мерапрыемства, – павышэнне ролі мясцовага кіравання і самакіравання з праекцыяй на развіццё рэгіёна. Мадэратарам сустрэчы выступіла старшыня Лідскага раённага Саветаў дэпутатаў Інэса Белуш.
Падчас працы пляцоўкі былі закрануты і іншыя пытанні. Датычыліся яны магчымых змен у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, тэрміна паўнамоцтваў абіраных органаў, формы ўладкавання Парламента, удасканалення мясцовага кіравання і самакіравання, у тым ліку змены выбарчай сістэмы і многія іншыя. Свае прапановы агучылі ўдзельнікі сустрэчы. Ніводная з іх не засталася без увагі. Пасля ўсе ідэі і прапановы будуць прааналізаваны, а з іх сфармаваны пэўныя тэмы для далейшага абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе.
У завяршэнне “Лідскага дыялогу-2020” яго ўдзельнікі адзначылі: падобны фармат сустрэч сёння актуальны. І ў першую чаргу, як выдатная пляцоўка для абмену меркаваннямі, абмерка-вання важных для грамадства тэм і пытанняў.
Тэкст: Вольгі Капцэвіч.
У складзе кіраўнікоў грамадскіх арганізацый у Круглым стале “Лідскі дыялог – 2020” браў удзел старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” Станіслаў Суднік. Ён унёс наступныя прапановы па зменах у Канстытуцыю:

- У выніку канстытуцыйнай рэформы вертыкаль улады павінна быць узмоцнена, а не аслаблена.
- Ад Прэзідэнта іншым галінам улады павінны быць перададзены толькі малазначныя і дэкаратыўныя функцыі. Усе іншыя павінны застацца ў руках кіраўніка дзяржавы.
- Пераход да парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі ў бліжэйшыя 10 год немагчымы.
Каб забяспечыць гэта, трэба за гэтыя гады:
– стымуляваць дзейнасць палітычных партый;
– увесці прапарцыйна-мажаратарную выбарчую сістэму, паводле якой палова дэпутатаў будзе абірацца па партыйных спісах; пераход да поўных выбараў па партыйных спісах магчымы будзе на другім этапе праз гадоў 20;
– увесці явачны прынцып фармавання выбарчых камісій.
- Канстытуцыйна падтрымаць нацыянальна-патрыятычныя структуры:
– вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай;
– прыняць Закон “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”;
– увесці тэрмін “Тытульная мова Рэспублікі Беларусь”. Прыблізная фармулёўка артыкула Канстытуцыі можа гучаць так:
“Тытульнай мовай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларуская мова”.
- Навесці парадак у дзейнасці СМІ.
Прапановы па самакіраванні:
- Правесці адміністратыўную рэформу:
– на першым этапе – узбуйніць раёны. У прыватнасці ў Гарадзенскай вобласці ліквідаваць Воранаўскі, Бераставіцкі, Свіслацкі, Зэльвенскі раёны, далучыўшы іх тэрыторыі адпаведна да Лідскага, Гарадзенскага, Ваўкавыскага і Слонімскага раёнаў.
– на другім этапе ліквідаваць вобласці і ўтварыць зручныя для кіравання паветы.
– заміж каравага тэрміну “аграгарадок” вярнуць на карту Беларусі тэрмін “мястэчка”.
- Увесці паўнавартасныя муніцыпальныя выбары.
- Увесці выбарнасць суддзяў гаспадарчых судоў (міравыя суды).
Станіслаў Суднік патлумачыў прысутным сутнасць прапановаў, але, што праўда, вялікага паразумення не атрымалася. Тым не менш пазіцыі акрэслены. Пунктаў прапаноў магло быць значна больш, але гэта раённы ўзровень, па вялікім рахунку раённыя прапановы, хоць ад улады, хоць ад грамадскасці патрэбны хутчэй для статыстыкі, чым для выкарыстання ў Канстытуцыйнай камісіі. Але калі б яны масава ішлі з усіх раёнаў, то нешта, можа, і ўлічылася б.
Яраслаў Грынкевіч.

