29 кастрычніка 2017 г. я была абраная на пасаду старшыні Грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Час у сацыяльна-палітычным плане быў, як звычайна ў апошнія 26 гадоў, не вельмі спрыяльным для нашай беларускай справы. Тым не менш, паколькі я з’яўлялася дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, сёе-тое зрабіць удалося. Нагадаю некаторыя мерапрыемствы, якія праходзілі непасрэдна ў сядзібе ТБМ. Пра іншыя дапоўняць намеснікі і кіраўнікі арганізацый.
2017 год
16 лістапада ў бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі правялі прэзентацыю кнігі “Ліцвіны ў гвардыі Напалеона”, хачу адзначыць, што падчас выставы ў Варшаве гэтае выданне выклікала значную цікавасць у наведнікаў, паколькі ў ім закранаюцца пытанні гісторыі, агульнай для беларускага, французскага і польскага народаў.
25-26 лістапада адбылася канферэнцыя “Нацыянальны ўніверсітэт: місія і выклікі”, арганізаваная ТБМ і аргкамітэтам па стварэнні ўніверсітэта з беларускай мовай навучання.
27-28 лістапада мы з Паўлам Церашковічам (сябрам аргкамітэта па стварэнні ўніверсітэта з беларускай мовай навучання) удзельнічалі ў Міжнароднай канферэнцыі ў Варшаве, дзе абмяркоўваліся пытанні, датычныя развіцця вышэйшых навучальных устаноў Польшчы. Досвед гэты вельмі карысны для нашай працы над стварэннем універсітэта. Наш удзел атрымаўся ў такой прадстаўнічай канферэнцыі, дзе былі рэктары ўсіх ВНУ Польшчы, стаў магчымым дзякуючы падтрымцы польскай амбасады ў Беларусі.
5 снежня ў нашай сядзібе прайшла прэзентацыя кнігі, прысвечанай 100-годдзю Усебеларускага з’езда, аўтары С. Рудовіч і В. Герасімаў. Выданне падрыхтаваў аргкамітэт па святкаванні сотых угодкаў БНР на чале з Радзімам Гарэцкім, сябрам Рады ТБМ, камітэт быў запачаткаваны ў Вільні ў 2015 г.
Напрыканцы года дзякую-чы дапамозе чэшскай амбасады мы абнавілі мэблю ў нашай сядзібе.
2018 год
На традыцыйным паседжанні Рады ТБМ у пачатку 2018 года мы прынялі план нашай дзейнасці. Нагадаю, што 2018 год у нас праходзіў пад знакам 100-годдзя БНР. Традыцыйныя Агульнанацыянальныя дыктоўкі прайшлі ў многіх школах, музеях, бібліятэках нашай краіны, а таксама ў сядзібе ТБМ.
Да Дня волі наша арганізацыя выпусціла адмысловую паштоўку з выявай дома, у якім была абвешчана БНР.
У сакавіку была склікана нечарговая Рада ТБМ, на якой было прынята рашэнне аб заснаванні Універсітэта імя Ніла Гілевіча, прыватнай установы адукацыі з беларускай мовай навучання. 15 сакавіка наш Універсітэт быў зарэгістраваны.
З нагоды 100-годдзя БНР старшыня ТБМ была запрошана ў Лондан для ўдзелу ў святкаваннях, арганізаваных беларускай дыяспарай на чале з Міколам Пачкаевым. Адна з урачыстасцяў адбывалася ў памяшканні англійскага парламента з удзелам англійскіх дэпутатаў, прадстаўніка беларускага пасольства, старшыні БНР Івонкі Сурвілы, Станіслава Шушкевіча.
25 сакавіка па запрашэнні аргкамітэта я выступіла з кароткім вітальным словам на святкаванні 100-годдзя БНР у Менску. Урачыстасці да 100-годдзя БНР адбываліся ў многіх кутках нашай краіны, і сябры ТБМ як правіла былі сярод галоўных арганізатараў.
25 красавіка 2018 г. я выступіла ў Страсбургу на паседжанні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы. Мой выступ быў прысвечаны гісторыі ўзаемаадносін еўрапейскіх краін і беларускай дзяржавы, у прыватнасці, БНР.
12 траўня я прымала ўдзел у святочным адкрыцці помніка Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне на ўскраіне Косава.
У чэрвені сябры нашай арганізацыі (Аляксандр Давідовіч і Алег Дзьячкоў) зладзілі экскурсію па Магілёўшчыне з наведваннем радзімы братоў Гарэцкіх.
Летам аднавіліся заняткі “Гістарычнай школы”, якую праводзіў Алег Трусаў, яны працягваліся і ўвосень. Акрамя таго, Універсітэт імя Ніла Гілевіча распачаў сваю дзейнасць у выглядзе падрыхтоўчых курсаў па дзевяці дысцыплінах, якія праводзілі выкладчыкі беларускіх ВНУ, а таксама навукоўцы з НАН Беларусі.
Трэба адзначыць, што нягледзячы на заўсёдныя фінансавыя складанасці, нам удалося памяняць уваходныя дзверы і адно акно ў нашай сядзібе. Гэта, безумоўна, палепшыла наш імідж і было прыхільна ўспрынята наведнікамі.
У кастрычніку 2018 г. запрацаваў новы сайт газеты “Наша слова” nslowa.by.
13 кастрычніка я, як старшыня ТБМ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў, разам з рэктаратам Універсітэта імя Ніла Гілевіч прыняла ўдзел у паседжанні круглага стала ў Лідскім замку.
20 кастрычніка кіраўніцтва ТБМ і рэктарат Універсітэта імя Ніла Гілевіча наведалі школу з беларускай мовай навучання ў Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласці, дзе распавялі навучэнцам і настаўнікам пра ТБМ і Універсітэт. У гэтым жа месяцы адбылася паездка ў Баранавічы ў сядзібу Баранавіцкага ТБМ.
3 лістапада кіраўніцтва ТБМ і рэктарат Універсітэта наведалі Гомель.
У лістападзе адбылося чар-говае паседжанне Рады, на якім было прынята рашэнне пачаць шырокае грамадскае абмеркаванне праекта закона “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь”. Як і меркавалася, у далейшым прасоўванні гэтага законапраекта мы наткнуліся на неразуменне. Былі атрыманы некалькі адмоўных адказаў.
Напрыканцы года былі выдадзены календары рознага фармату з выявамі ўсіх старшыняў ТБМ, прысвечаныя 30-годдзю арганізацыі.
2019 год
У студзені 2019 г. Асамблея НДА ўручыла ўзнагароду “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” ганароваму старшыні ТБМ Алегу Трусаву за ініцыятыву “Універсітэт імя Ніла Гілевіча”.
23 студзеня кіраўніцтва ТБМ наведала курсы “Мова нанова” ў Барысаве.
27 студзеня 2019 г. адбылося чарговае паседжанне Рады ТБМ, на якім сярод іншага была падтры-мана прапанова партыі БНФ правесці 2019 год як Год беларускай мовы. У працяг гэтай ініцыятывы ў Маладзечне ў рэдакцыі “Рэгіяна-льнай газеты” прайшоў круглы стол “Мова – канстытуцыйнае права”, у якім ўдзельнічала я, як старшыня ТБМ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
10 лютага адбылася паездка ў Магілёў, у цэнтр Кола, дзе праходзілі разнастайныя імпрэзы да Дня роднай мовы.
22 лютага я прымала ўдзел у мерапрыемствах да Дня роднай мовы, у прыватнасці на правядзенні Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Гарадзейскай СШ № 2.
20 сакавіка разам з Алегам Трусавым прынялі запрашэнне кіраўніцтва курсаў “Мова нанова” і наведалі Ліду.
25 сакавіка па прапанове аргкамітэта выступілі на ўрачыстасці, прымеркаванай да Дня Волі – 101-й гадавіны БНР.
У пачатку красавіка як старшыня ТБМ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў прыняла ўдзел у акцыі “100 дубоў для Жылкі”, якая ладзілася на радзіме паэта.
15 красавіка па запрашэнні курсаў Мова нанова разам з Алегам Трусавым наведалі Рэчыцу. Тэма размовы: “Беларуская мова – гарант гуманітарнай бяспекі краіны”.
8 чэрвеня я прыняла ўдзел у ўшанаванні памяці паўстанцаў-удзельнікаў Мілавідскай бітвы 1863 г. пад Мілавідамі разам з сябрамі Баранавіцкага ТБМ.
27 чэрвеня ў сядзібе ТБМ прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная 30-годдзю ТБМ. У гэты ж дзень распачаўся новы сезон “Гістарычнай школы” з Алегам Трусавым.
6 верасня адбылася канферэнцыя “Нашы вякі – наша багацце. Лепшыя практыкі менеджменту ў галіне захавання гісторыка-культурнай спадчыны”, арганізаваная намеснікам старшыні ТБМ Дзянісам Тушынскім, якая была прымеркавана да 30-годдзя ТБМ. Пасля канферэнцыі адбыўся ўрачысты прыём, у якім бралі ўдзел сябры арганізацыі, удзельнікі канферэнцыі, прадстаўнікі палітычных партый, а таксама амбасадары еўрапейскіх краін.
22 лістапада ў Вільні адбы-лося ўрачыстае перапахаванне герояў паўстання 1863 г. на чале з Кастусём Каліноўскім. У дэлега-цыі з Беларусі былі многія сябры Рады ТБМ, нашых раённых і абла-сных арганізацый. Трэба адзна-чыць, што спрыянне ў аказанні ві-завай падтрымкі аказаў сябар Ра-ды ТБМ Алесь Лагвінец, які звяр-таўся ў Амбасаду Францыі і атры-маў там дапамогу.
5 снежня 2019 г. былі спынены мае паўнамоцтвы як дэпутата Палаты прадстаўнікоў у сувязі з абвяшчэннем новых выбараў. Ужо падчас вядзення выбарнай кампаніі стала зразумела, што ў дэпутацкі корпус не патрапіць ніхто з апазіцыйнымі поглядамі. Таму зразумела, што маю кандыдатуру не дапусцілі да ўдзелу ў выбарнай кампаніі. Гэта, безумоўна, зменшыла нашы магчымасці ў прасоўванні беларускай мовы. Тым не менш, справа, якая была запачаткаваная, напрыклад, у беларусізацыі нашага заканадаўства, працягваецца. Перакладзена ўжо некалькі кодэксаў на беларускую мову. Спадзяюся, што так будзе і надалей.
Зразумела, што ў дакладзе немагчыма ахапіць усю дзейнасць, якую праводзіла наша арганізацыя. Таму я спадзяюся, што мяне дапоўняць намеснікі, а таксама нашы сябры з розных абласных, раённых арганізацый, кіраўнікі суполак.
За кадрам засталіся многія выступы на тэлебачанні, радыё, інтэрв’ю ў розных СМІ. У іх заўсёды выказваю нашу непахісную прынцыповую пазіцыю: беларуская мова ў Беларусі павінна выконваць усе функцыі дзяржаўнай мовы – гучаць з вуснаў дзяржаўных дзеячаў, палітыкаў, розных іншых чыноўнікаў. Беларуская мова павінна стаць мовай навучання для большасці школьнікаў, студэнтаў, навучэнцаў каледжаў і іншых ССУ. Наша нацыянальная мова павінна нязмушана, прыгожа і прыстойна ліцца з экранаў тэлевізараў, гучаць у радыёэфіры. Нашы творчыя асобы не павінны мець перашкодаў у выступах на роднай беларускай мове. Для таго, каб настойваць на гэтым, мы маем вынікі апошняга перапісу, згодна з якім колькасць людзей, якія назвалі сваёй роднай мовай беларускую мову вырасла ў параўнанні з папярэднім. Гэта самае пераканаўчае сведчанне сапраўднага выбару народа.
Падводзячы рысу пад вынікамі нашай дзейнасці ў справаздачны перыяд, хачу адначыць наступнае. Наша арганізацыя строга выконвае статутныя палажэнні. Паседжанні Сакратарыята і Рады ТБМ праходзілі рэгулярна. У выпадку неабходнасці склікалася нечарговая Рада, як гэта было неабходна для заснавання Універсітэта імя Ніла Гілевіча.
Я хачу падзякаваць маім намеснікам: Коласу Уладзіміру, Давідовічу Аляксандру, Тушынскаму Дзянісу і Судніку Станіславу за іх падтрымку і актыўную дапамогу. Асобна хачу выказаць падзяку ганароваму старшыні ТБМ Алегу Трусаву, які нягледзячы на сваю занятасць у навуковай дзейнасці, даў згоду выконваць абавязкі рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча і робіць гэта самааддана.
Я ўдзячна ўсім кіраўнікам арганізацый і суполак, усім сябрам ТБМ за актыўную пазіцыю і нястомную дзейнасць у справе абароны беларускай мовы як дзяржаўнай мовы ў нашай краіне. Падзеі апошніх месяцаў паказваюць, што проста нам не будзе, але я веру: дзякуючы згуртаванасці і выразна акрэсленай цвёрдай пазіцыі мы зможам змяніць сітуацыю ў лепшы бок.