Знакавая падзея адбылася 12 верасня на Лідчыне. Тут, у вёсцы Беліца, устаноўлены і асвечаны крыж-абярэг. Крыж устаноўлены для падзякі Богу за не надта цяжкія наступствы ад першай хвалі пандэміі і з просьбай на Божую ласку перад наступ-нымі хвалямі, а таксама дзеля абароны нашага краю ад іншых пошасцяў, навалаў і нашэсцяў. Як гучала падчас урачыстасці асвячэння, крыж пастаўлены дзеля здароўя цялеснага і духоўнага нашага народа, а таксама дзеля адзінства гэтага народа.
Сам чын устаноўкі і асвячэння крыжа сведчыць, што мы пераадолеем усе расколы і вернем гэтае адзінства. Крыж ставілі грамадскія арганізацыі і ў першую чаргу Ёдкаўская суполка ТБМ (старшыня Віталь Карабач). Крыж ставілі з дазволу Лідскага райвыканкама.
На асвячэнні прысутнічалі католікі і праваслаўныя з Ліды, Гародні, Пескаў і мясцовыя жыхары з Беліцы. Асвячалі крыж ксёндз Віктар Савіцкі з Няцечы і бацюшка Уладзімір Камінскі з Ліды. Воляй лёсу ксёндз Віктар і айцец Уладзімір – аднакласнікі, з лідскай школы № 5. Не бачыліся гадоў 15 і вось сустрэліся на асвячэнні крыжа ў Беліцы. Таму асвячэнне ішло з экуменічным адценнем. Малітвы на асвячэнне чытаў ксёндз Савіцкі, а крапіў крыж святой вадой бацюшка Камінскі.
Акрамя крыжа мелася быць пастаўлена фігурка арханёла Рафаіла (Рафала), чыё імя пераклададаецца, як “Бог лечыць”. Фігуркі арханёла Рафаіла часта ставіліся ў нас з нагоды мору ці эпідэмій. У лідскіх Жырмунах да гэтага часу стаіць калона арханёла Рафала, пастаўленая у 18-м стагоддзі, што праўда, усе забылі, з якой нагоды яна пастаўлена, але па дакументах – гэта менавіта калона арханёла Рафала. Фігурку для Беліцы падчас суматохі апошняга часу зра-біць не справіліся, але задача не здымаецца.
Крыж пастаўлены на тым самым месцы, дзе ў 2002 годзе ставіўся крыж у гонар герояў 1569 года.
На завяршэнне набажэнства прагучаў духоўны гімн усіх беларусаў “Магутны Божа”. І яшчэ адна дэталь – на крыжы завязаны беларускі нацыянальны ручнік, вытканы ў Воршы.
Яраслаў Грынкевіч.