У 1925 годзе паэту, грамадскаму, культурна-асветнаму дзеячу Янісу Райнісу была ўручана вышэйшая ўзнагарода дзяржавы – ордэн Трох Зорак (Triju Zvaigznu ordenis). Дэвіз ордэна быў пазначаны так: “Per aspera ad astra”(“Праз церні да зорак”).
155 зорак-імгненняў зіхцяць з дня нараджэння народнага паэта Латвіі Яніса Райніса (11.09.1865-12.09.1929). Паспрабуем угледзецца ў некаторыя з іх на планідзе Творцы.
Чуйны дзень любоўю лечыць.
Прыпыняе бег на тое,
Каб сустрэчы ўвекавечыць,
Слова выдаць залатое
На прызнанні, на зычэнні….
Супыняюцца Імгненні:
Яніс Райніс – п р ы с в я ч э н н і !
(1) – Вы ў маёй асобе заўсёды знойдзеце ў добрых справах добрага абаронцу. (Яніс Райніс праўленню культурна-асветнага таварыства беларусаў у Латгаліі “Бацькаўшчына”. 18.08.1921 г.).
(2) – У гісторыі беларусы вядомыя як “крывічы”, пра гэта сведчыць хроніка. У гэтых крывічоў, пазнейшых беларусаў, вялікая гісторыя. (З прадмовы Райніса-Пліекшана на сейме 27.06.1922 г.)
(3) – Не забудзем, што заснавальнікамі і культурнымі ўтрымальнікамі вялікай і славутай Літоўска-Беларускай дзяржавы былі беларусы. Іх мова была дзяржаўнай мовай Літвы. Беларускі народ – гэта народ старажытнай культуры і цяпер адраджаецца на новае культурнае жыццё. (З артыкула “Госці Рыгі” ў газ. “Сацыял-дэмакрат”, № 58, 9.03.1924 г.)
(4) – Я сам паходжу з Латгаліі, з тых мясцін, дзе жыве многа беларусаў. З беларусамі мяне звязвае сяброўства, я ім глыбока спачуваў яшчэ ў тыя часы, калі іх прыгнятаў царскі рэжым, вось таму і зразумела, што цяпер я магу глыбока садейнічаць культурнаму ўздыму беларусаў, якія далучаюцца да сусветнай культуры народаў і імкнуцца ўкласці сваю часціну ў культуру ўсяго чалавецтва. (З прамовы на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск. 14 лістапада 1926 г.)
(5) – Жадаю поспехаў на пя-тыя ўгодкі і ў далейшай працы вядзення свайго народу па шляхах куль-туры да святлейшай будучыні. (З віншавання на адрас Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. 29.05.1927 г.)
( 6 ) – З гэтага дня мы пачынаем збліжэнне з Усходам, з народамі Усходу, з якімі мы хочам збліжаць нашу культуру, гэта беларусы і велікарусы. Асабліва сімпатычныя нам беларусы, гістарычна блізкія літоўцам. (З прамовы на сходзе па абвяшчэнні “Таварыства культурнага зблііжэння з народамі СССР.” 2.06.1929 г.)
З пакалення ў пакаленне і святло расце, і роднасць
Вельміпаважаннаму песняру Латвіі – шчырапрыязны…
Яніс Райніс пасля наведвання ў лістападзе 1926 г. Менска і Віцебска вяртаўся ў Рыгу з багатымі падарункамі. Сярод іх кнігі з дарчымі надпісамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Андрэя Аляксандровіча, Цішкі Гартнага, Юркі Гаўрука, Міхася Чарота, Кузьмы Чорнага, а таксама дарункамі артыстаў з тэатраў у Менску і Віцебску.
Аўтограф Янкі Купалы на адвароце фотаздымка з Янісам Райнісам і сябрамі літаратурна-мастацкага згуртавання “”Узвышша”:
(7) – Welmipawazanamu piesniaru Latwii J. Rajnisu szrzyrapryjazny.
Janko Kupala.
Miensk 10/XI-26 h.
(8) – Вы былі першымі, хто пайшоў насустрач беларусам, каб яны займелі сваю культурна-нацыянальную аўтаномію. (Прызнанне Янісу Райнісу Сяргея Сахарава, з 1925 г. дырэктара Люцынскай беларускай гімназіі. 20.05.1927 г.)
( 9 ) – Упершыню імя Купалы я пачуў ад Райніса. 31 снежня 1928 г. рабочая моладзь сустракала з Янісам Райнісам Новы Год. Тады Райніс маладым пісьменнікам прамовіў: “Добра, што вы цікавіцеся савецкай літаратурай. Але, акрамя рускіх, ёсць у СССР і іншыя пісьменнікі, якімі таксама варта было б зацікавіцца, – і сярод іх вядомы беларус Янка Купала”.
Давідс Волтс першым з нас пачаў перакладаць вершы Янкі Купалы. (Яніс Ніедрэ, пісьменнік, грамадскі дзеяч).
(10)
Ламіся, варожая сіла, грымі,
Мы дойдзем да даляў, дзе шчасце,
Ламі нас, тапі, аб скалу расчапі –
Мы выйдзем да сонца з нянасця!
(Урывак з верша Я. Райніса “Зламаныя сосны” ў перакладзе інс-пектара Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі Кастуся Езавітава. У зб. “Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі”, 2003 г.)
(11)
Разбудзіў нашы спячыя душы
І стаючую кроў узбурліў, –
Зацвярдзелыя сэрцы узрушыў,
Розум светлаю думкай наліў.
(Урывак з верша Веры Вайцюлевіч “Яну Райнісу”. 1932 г.)
(12)
Я добра помню
дваццаць шосты год у Мінску,
Калі Ян Райніс Беларусь абняў аберуч.
(З верша Язэпа Пушчы “Яну Райнісу”. 5.ХІ.1957 г. Чаадаева.)
( 13 ) – А паэзія Яна Райніса ў самым галоўным яе вызначэнні сугучна паэзіі Янкі Купалы. І я ў сваіх адносінах да Янкі Купалы і Яна Райніса – стаўлю іх побач… (Аляксей Пысін. 1982 г.)
(14)
Калісьці зеляней была трава,
Блакітней неба і лагодней сонца.
Тут беларусам памагаў трываць
Сам Райніс –
наш дарадчык, абаронца.
(З верша Станіслава Валодзь-кі “Яніс Райніс і беларусы” у зб. “Крывіцкія руны: Беларускія пісь-меннікі Латвіі”, 2003 г.)
(15) – Маці Яніса Райніса – Дарта Пліекшанэ – мела беларускія родавыя карані, паходзіла з роду Грыкоўскіх. Ад маці ён увабраў у сваю душу беларускія народныя песні і пазней перакладаў іх на латышскую мову. Памерла Дарта Пліекшанэ ў 1899 г. у Віцебску і была пахавана на Стара-Сямёнаўскіх могілках. У 1991 г. пры ўваходзе на могілкі быў устаноўлены ў гонар маці Райніса памятны знак. (З артыкула Вольгі Шыдлоўскай “Роля беларускіх пісьменнікаў у захаванні беларускай культуры ў Латвіі ў 20-30-я гг. ХХ ст.” Віцебск.)
(16) P.S. Панізьніка Сяргея:
О, птушка ў Янісавых соснах
і маці Дарты песні-кросны…
Тут зык: “Ён беларусаў хросны!” –
вятрам ніколі не суняць.
(З верша “Нязломныя сосны Райніса”.)
Згадалася цераз гады,
як Райніс сонечныя словы
вязаў у гонкія плыты
Сонечны век
“Яркага, сонечнага веку табе, беларускі працоўны народ!”
(З прамовы Яніса Райніса на Акадэмічнай канферэнцыі.
Менск, 14.ХІ.1926 г.)
Зноў звініць зара на гронцы.
Сокам цёплы дзень напоўню…
“Сонца – першае, што помню,
і апошнім будзе сонца…”
Бачу – свецяцца азёры,
чую – звоняць сенажаці:
веру ў промні, промні-ўзоры,
промні дзіўных песень маці…
На Купалле йду да броду:
крылы Ліга – наталенне.
З пакалення ў пакаленне
і святло расце, і роднасць…
Знаю – Даўгаву да донца
працінае след ад поўні…
Наша дружба – наша сонца:
мы – яго жывыя промні.
(Язэпс Османіс пераклаў гэты верш на латышскую мову.)
Сваякі
120-му дню нараджэння
Яніса Райніса.
Ішлі разведчыкі плямёнаў,
спыняліся каля ракі.
На “Свэйкі!” – покліч утрапёны –
паролем кліч быў: “Сваякі!”
Страла не выпускала джала,
цішэла з дзідаю крывой.
Сваяцкая мяжа ляжала
не спырсканая крывёй.
Мы вырасталі, урасталі
у немяжоўныя вякі…
Па сёння чую:
– Свэйкі!
Далі
мне паўтараюць:
– С в а я к і !
Мы – сваякі. Няма прагалаў
у нашай роднасці зямной.
Край крывічоў і край латгалаў
з’яднаны крэўнаю Дзвіной.
Як вока поўная. Тугая
мая світальная рака.
Ласкава Даўгава прымае
вітальны покліч сваяка.
Штогод буйней калоссе нівы
над райнісаўскім “Ave Sol!”
…Здаўна так: нашай дружбы жнівень
не меч падносіць, а хлеб-соль.
————————————–
“Свэйкі!” – латышскае вітанне.
“Аve Sol!” /”Няхай жыве сонца!” – назва паэмы Райніса. 1985 г.
Стырно
Жывіца капала і стыла.
Не пойдзе бервяно на дно:
на Рыгу зрушана стырно.
Бывайце, румы залатыя!
Ужо чырвоныя кашулі
напяў наддзвінскі ветравей.
Ад бронзавых плытоў пажухлі
рамонкі воглыя ў траве.
Трымала песня, абдымала
і раздымала берагі.
Плылі ганкі – і ночы мала
запеў закончыць дарагі.
А ля стырна ганкоў – казулі*
сцюдзёнку ў Даўгаве пілі.
Нібыта ветразі, кашулі
у песні новыя плылі.
Ганкі чакаў сівы Нядзвецкі**,
пакінуўшы вартоўны двор,
ішоў да стырнавых пагрэцца…
Звінеў у песнях родны бор.
Не патануў той гул сасновы.
…Згадалася цераз гады,
як Райніс сонечныя словы
вязаў у гонкія плыты.
Між беларускіх плытагонаў
Андрэя Упіта радня***:
набраў ён творчага разгону
са стырнавога караня!
Ці сёння мы не заадно?
Ці румы спадчыны пустыя?
Майструю вернае стырно,
плыву – у песні маладыя.
————————————–
*Гульня слоў: стырна (лат.) – казуля.
**Нядзвецкі – начны вартаўнік сядзібы Пліекшанаў, выхавацель (дзядзька) Жаныня, будучага Яніса Райніса.
***Дзед А. Упіта – Грышка паходзіў з беларускіх плытагонаў.
Верш змешчаны у зб. “Сты-рно”, 1989 г.
Станцыя Бігосава
У 1926 годзе на станцыі Бігосава двойчы спыняўся
народны паэт Латвіі Яніс Райніс.
Пусты перон зажураны..
Дзе край латгальскі? Знік?
З Бігосава ў Манчжурыю
заскрыгатаў цягнік.
Узрушаным насельнікам
праменьчык на суку.
Да Віцебска пасцелена…
Менск падае руку!
У Райніса з Бігосавам
сваяцтва да пары…
Сібірскімі пагостамі
сплывуць яго сябры:
паміж глухімі межамі,
дзе рэйкі не гудуць,
балткрэваў рэбры свежыя
пад шпалы падкладуць.
…Але яшчэ не змецены
ўсе лісты з дубоў.
І ў Латвіі – нявесціна
да Райніса любоў.
Калі цягнік з Манчжурыі
ўвойдзе ў разгон –
пад аркамі ажурнымі
замрэ ў Рызе ён.
І высылка паспешная
Бігосава праткне…
Ох, станцыя памежная
з дубамі ў вакне,
з паглядам Яна Райніса
у рыскім цягніку…
За ім і я, і раніца –
з-пад промня на суку.
Нікому сонца босае
не засланяў паэт.
…Вяртай мяне, Бігосава,
у райнісаўскі свет!
Нязломныя сосны Райніса
Натхненне ў Юрмале – ад сцежак,
ад аблачынак, ад усмешак,
прыбою дужага, дажджынак,
зажынак песень і дажынак.
Натхненне ў Юрмале – як свята:
душа над буднямі прыўзнята,
а з ёю – горад баравы.
І кружаць вершы-журавы:
Нібыта з Тадэнаўскай зыбкі
ўздымаліся… Іх пераняць
хачу я. Стаў на бераг сыпкі…
Падняцца б мне цяпер на дыбкі
і сосны Райніса абняць.
О, ткуцца ў Янісавых соснах
і маці Дарты песні-кросны…
Тут зык: “Ён беларусаў хросны!” –
вятрам ніколі не суняць.
————————————–
Мае вершы “Станцыя Бігосава” і “Нязломныя сосны Райніса” надрукаваны ў зборніку “Пры сьвя-чэньні…”. Вільня. “Наша Будучы-ня”, 2004 г.
————————————–
Аўтары вершаў-прысвячэнняў Янісу Райнісу: Эдзі Агняцвет, Рыгор Барадулін, Пятрусь Броўка, Вера Вайцюлевіч, Станіслаў Валодзька, Васіль Вітка, Віталь Вольскі, Сяргей Грахоўскі, Кастусь Езавітаў, Васіль Зуёнак, Аўгіння Кавалюк, Уладзімір Мазго, Сяргей Панізьнік, Пятро Прыходзька, Аляксей Пысін, Юрась Свірка, Максім Танк, Станіслаў Шушкевіч…
Супыняюцца імгненні
нашым позіркам прыўкрасным,
каб натхнёныя памкненні
прыўзняліся на страмёны
ў аблачынным аблачэнні;
каб жылі мы ў пасвячэнні,
што і нашыя імёны
узгадаюць п р ы с в я ч э н н і.
Сяргей Панізьнік.