28 студзеня будзе адзначацца 80-годдзе майстра гістарычнай прозы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і літаратурнай прэміі імя Мележа Леаніда Марцінавіча Дайнекі. Душэўную сустрэчу з яго родны-мі арганізавала ў аддзеле беларускай літаратуры даследчыца творчасці пісьменніка, супрацоўніцай інфармацыйна-даследчага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Анатольеўна Лаўрык.
Зінаіда Міхайлаўна Дайнека, яе сыны Сяргей, Зміцер і Сцяпан узгадалі яркія моманты, якія яны перажылі разам з рознабакова адоранай асобай, добрым сем’янінам і бацькам.Таццяна Дайнека (Беланогая) мае намер запісаць дыск, у які ўвойдуць запісы песень на яго вершы.
Паступаў у мораходную вучэльню, жыў з марай пра мора
Будучы пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Змітраўка Другая Клічаўскага раёна ў 1940 годзе. У дзяцінстве Леанід шмат займаўся спортам, любіў футбол, у школе цікавіўся гісторыяй і геаграфіяй, вывучаў карты.
Пасля школы ён паступаў у Клайпедскую мораходную вучэльню, але не прайшоў па зроку. Юнак вельмі разгубіўся і напісаў: “Зачем слабее вижу я, зачем разбита жизнь моя! Я не увижу больше моря, о горе мне, большое горе, а в сердце пусто и темно…”. Першыя вершы Леанід Дайнека пісаў на рускай мове. Леанід працаваў на будоўлях Калінінграда і ў Свярдлоўскай вобласці, пасля заканчэння Ніжнетагільскага тэхнічнага вучылішча быў электрыкам на металургічным камбінаце. Пасля службы ў войску на Урале, ён паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ, быў выніковым галкіперам футбольнай каманды ” Штык”.
Выпускаў праграмы і песні ў эфір
Пасля заканчэння БДУ яго на-кіравалі ў Віцебск на абласное тэлебачанне рэдактарам студыі дзіцячых перадач. Здымаючы часовую кватэру на вуліцы Новатрактарнай з жонкай і першым сынам Сяргеем, ён меў ка-мандыроўкі, ненармаваны працоўны дзень.
На тэлестудыі працавалі людзі творчыя і незвычайныя. Сярод іх былі дзіцячая пісьменніца Марына Бабарыка, выкладчык музычнай вучэльні, кампазітар Аркадзь Гоман. Леанід пісаў вершы, Аркадзь ствараў музыку, і ў эфір ішлі выдатныя песні. У Віцебску нарадзіўся сын Зміцер, сям’і выдзелілі двухпакаёвую кватэру.
У 1972 годзе Леанід Марцінавіч стаў адказным сакратаром часопіса “Маладосць”. Ён ездзіў у камандыроўкі ад рэдакцыі часопіса, выспупаў ад Бюро прапаганды ў абласных цэнтрах у бібліятэках, працоўных калектывах, школах. Калі аднойчы ён, падчас такой вечарыны, чытаў паэму “Святло тваіх далёкіх вокнаў”, прысвечаную маці, усе плакалі.
У Менску сям’я жыла на вул. Сямёнава, потым – двацаць гадоў на Каліноўскага, пазней перасялілася на вуліцу Заслаўскую. Зінаіда Міхайлаўна, біёлаг па-спецыяльнасці, працавала ў выдавецтве “Народная асвета”.
– Раніцай перад працай Леанід вывучаў гістарычную літаратуру, -успамінае яна.- Увечары сядзеў за сталом, пакуль за вокнамі не спыняўся рух тралейбусаў. Раманы ” Запомніць сябе маладым”, “Людзі і маланкі” пісаліся ад рукі, два далейшыя былі надрукаваныя на машынцы, апошнія ён набіраў на камп’ютары. Леанід Марцінавіч меў шчырыя сяброўскія стасункі з Анатолем Кудраўцом, Генрыхам Далідовічам, Антолем Грачанікавым, Уладзімірам Гніламёдавым, Сяргеем Панізнікам і іншымі сябрамі па творчым цэху.
Аднойчы Анатоль Вялюгін прыйшоў у госці і запытаў: “Лёня, чаму тваіх дзяцей нячутна?” “Сапраўды, яны не бегалі з пісталетамі і не шумелі. Мы куплялі ім контурныя карты, яны іх расфарбоўвалі, малявалі чалавечкаў, ваяроў, гулялі ў вайну і іншыя настольныя гульні, якія прыдумвалі. Калі дзеці пайшлі ў школу, яны бегла чыталі, таму вучыліся на выдатна. Сяргей скончыў школу з залатым медалём, паступіў у Вышэйшую зянітна-ракетную вучэльню. Зміцер атрымаў сярэбраны медаль і далучыўся да брата. Сцяпан закончыў спецыялізаваную фізіка-матэматычную школу.
Называў персанажаў імёнамі блізкіх людзей
Пачынаючы з першых раманаў Леанід Дайнека ўводзіў у тэксты імёны родзічаў і ўсіх людзей, да каго добра ставіўся і памятваў. Дзяўчына са Змітраўкі са здзіўленнем знаходзіла свае прозвішча ў гістарычным рамане і пісала лісты ўдзячнасці аўтару. Землякі адносіліся да яго з павагай.
Шукаў ён, як лепш выкарстаць сваё ўласнае прозвішча, зрабіць нешта лепшае з “Дайнекі”. Сын параіў змяніць усяго адну літарку – у выніку ў рамане з’явіўся ардынарац Канстанціна Астрожскага – Зміцер Дайнеба. Унучцы ён даў імя сваёй матулі -Тэкля, што ў перакладзе з грэчаскай азначае “Слаўная”.
Грунтоўна ставіўся да дэталяў раманаў
Пры апісанні адзення, інтэр’ераў, вайсковай вопраткі пісьменнік адшукваў звесткі ў кнігах і энцыклапедыях, якія знаходзіліся ў хатняй бібліятэцы, выдатна памятаў гістарычныя даты, імкнуўся перадаць дакладна, як называліся ў ХІ -ХVI стагоддзях спажывецкія рэчы, зброя.
Спадар Леанід арганізаваў для сваёй сям’і паездку на Святую зямлю, адправіўся туды разам з сынамі, наведаў святыя месцы, дакранаўся да месца Труны Гасподняй. Цікавілі яго гістарычныя мясціны, ён наведваў Грэцыю, Кіпр, Крыт, Родас, Патмас. На востраве Патмас ён стаяў у паў-змроку пячоры, дзе калісьці Ян Багаслоў пісаў “Апакаліпсіс”.
У 2004 годзе ксёндз Уладыслаў Завальнюк удзяліў сакрамант хросту Леаніду і Зінаідзе Дайнекам ў Чырвоным касцёле. Цягам месяца яны рыхтаваліся, шмат чыталі, вывучалі асновы веры. За імі далучыўся да касцёла Сяргей з яго сынамі Аляксандрам, Міхаілам і Львом, сын Зціцер з яго дочкамі, а малодшы Сцяпан пры-няў праваслаўную веру жонкі.
“Мы ўдзячныя Богу за бацьку”
– Ён быў чалавекам супакою і гармоніі, – узгадвае сярэдні сын Сцяпан.- Яго парады, датычныя жыцця, працы, бізнесу, былі слушныя і важкія, у сям’і ён быў добрым аўтарытэтам.
Леанід Марцінавіч стварыў з сынамі хатні гурт “Батавія-82”, іграў на гітары, сыны дадалі ўдарных і шумавых інструментаў, бацька спяваў “Брыгантыну” і песні з марскога рэ-пертуару. На магнітафон ён запісаў жонцы на восьмае сакавіка песню на верш: “А ты адна, як на вадзе лілея”.
– Ён быў сапраўдням сябрам, з якім было вельмі цікава! – успамінае сын Зміцер.- Мы праводзілі з ім шмат часу, ладзілі лыжныя паходы і прабежкі ў лес. На лецішчы, на Узгор’і-2 кожнаму дрэву ён даў сваё імя. Ад свайго бацькі Марціна ён навучыўся рабіць прышчэпкі, быў добрым садаводам, любіў дрэвы. Каштану я даў яго імя – Леанід.
– Мы мелі дома поўную калекцыю Жуля Верна, Роберта Стывенсана, Марка Твэна, Майна Рыда, Джэка Лондана. Карцела ўвечары зайсці ў яго кабінет і паглядзець, над чым бацька працуе па начах. Памятую яго першую друкарскую машынку… Потым я зачытваўся яго гістарычным цыклам ” Меч князя Вячкі”, “След ваўкалака”, “Жалезныя жалуды”. Захапляў ягоны фантастычны раман “Чалавек з брыльянтавым сэрцам”, уражвалі батальныя сцэны рамана “Назаві сына Канстанцінам”.
Калі з’явілася магчымасць рэальна паехаць за мяжу, мы з бацькам у першае падарожжа паехалі ў Грэцыю і на Кіпр. У раман ” Ілоты” ён перанёс частку з гісторыі Грэцыі. Ён любіў спорт, памятаю нашы вылазкі на лыжах у лес у снежныя зімы.
Ён любіў вывучаць розныя мовы ( англійскую, грэчаскую) і выкарыстовыў словы ў побыце. Ён імк-нуўся жыць у сёняшняй рэальнасці, хутка ўзяў на ўзбраенне новыя тэхналогіі, карыстаўся Фэйсбукам, вайберам, смартфонам, быў распрацаваны ягоны сайт.”
Перамяшчаў герояў у прасторы і часе
Фантастычны раман Леаніда Дайнекі “Чалавек з брыльянтавым сэрцам” не саступае творам папулярнага выхадца са Смаленшчыны, сусветна вядомага Айзека Азімава.
Яго Гай Дубровіч, жыхар Індаеўрапейскай канфедэрацыі 223 Вялікай Эры Плюралізму (ВЭП) праз пачцівыя рукі робатаў Дома пераўтварэнняў ператвараецца ў пчалу – Аpis mellifera – каб адчуць еднасць з усім жывым, аcэнсаваць вечную змену хваль-пакаленняў кветак, пчол, стракоз, людзей. Сын Гая – Клён Дубровіч вядзе барацьбу са злымі сіламі з планеты Сіняя Зорка, дзе валадараць робаты і плазмоіды…
У часе і прасторы падарожнічаюць героі рамана “Назаві сына Канстанцінам” Марцін Жабыка-Жэмба і Зося Еўрапейка, трапляюць спачатку ў часы імператара Канстанціна Вялікага, заснавальніка Канстанцінопаля. Потым – у эпоху апошняга Візан-тыйскага імператара, які бараніў хрысціянскія святыні ад мусульманскіх полчышчаў – Канстанціна Палеалога. І нарэшце, яны пераносяцца ў пачатак ХVII cтагоддзя і спяшаюцца на пад-могу гетману Канстанціну Астрожскаму, і прыкрываюць яго ўцёкі, каб захаваць жыццё і баяздольнасць аднаму з лепшых вайсковых дзеячаў ВКЛ…
“Інтэлектлёты” ўзнімаюць над зямлёй і пераносяць з месца на месца сына Ільва і дачку Зеўса Зінаіду ў апо-шнім, аўтабіяграфічным рамане пісь-менніка…
Леанід Марцінавіч меў чатырох ўнукаў і тры ўнучкі. Сыход яго быў нечаканым, бо для яго ўзорным рубяжом былі 83 пражытыя гады яго бацькі. Пісьменнік меркаваў сустрэць свае 80-годдзе. І вось яно надышло, важнае для яго сямейнікаў, землякоў, чытачоў, герояў.
Выслухаўшы аповеды Зінаіды Міхайлаўны, спадароў Сяргея, Змітра і Сцяпана, я падзякавала родным пісьменніка за ўспаміны пра дарагога ім чалавека. І са здзіўленнем адзначыла, што жыла ў суседнім двары па вуліцы Каліноўскага з гэтай дружнай сям’ёй, хадзіла ў адныя і тыя ж 121-ую і 137-ую сярэднія школы са Сцяпанам і Змітром, выбіралася ў той самы лес на лыжныя вылазкі і па грыбы ўлетку.
На пачатку 21 стагоддзя адным з самых маіх любімых твораў беларускай літаратуры стаў раман ” Назаві сына Канстанцінам”. Бясконца захаплялася сілай духу князя Астрожскага, калі пасля ўцёкаў з сямігадовага Маскоўскага палону ён вярнуўся на радзіму, і праз пэўны час і згуртаваў ліцвінскія войскі на бітву пад Оршай. Калісьці я назвала сына Канстанцінам, а ён, як гетман Канстанцін Іванавіч Астрожскі даў такое ж імя свайму сыну.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
- Леанід Дайнека, яго сын Зміцер і ўнучка Тэкля;
2-4. Родныя пісьменніка ля кніжнай выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы.