Фрагменты даклада старшыні і выступленняў падчас абмеркавання
Напрыканцы 2017 года адбылася прэзентацыя чарговага календара аўтарскай серыі В. Дранчука “Маляўнічая Бацькаўшчына”. На гэтым грамадскім сходзе талакоўцамі-спонсарамі выдання было аднагалосна вырашана аднавіць на Нясвіжчыне дзейнасць раённай арганізацыі ТБМ. Што на гэта скіравала? Каляндар “Ідыліі” быў прысвечаны мастаку, беларускамоўнаму настаўніку з Малева Хведару Вініцкаму, а таксама яго брату, стваральніку першай беларускамоўнай гімназіі на тэрыторыі пасляваеннай Нямеччыны Алесю Вініцкаму – людзям, якія ні пры якіх умовах не выракаліся роднай мовы.
Справа ТБМ – найвысакароднейшая грамадская і, галоўнае, грамадзянская справа, бо гэта мірная абарона, абарона шляхам “культурна-асветніцкай дзейнасці” роднай мовы. Нагадваючы радкі Статута аб мэтах і задачах нашага аб’яднання, працытую старшыню Карцэвіцкай суполкі Станіславу Вальчык. Яна вельмі коратка, адным слова выказала нашы дзеянні ў дачыненні да роднай мовы – “р а т а в а ц ь!”.
Пытанне роднай мовы – балючае, надзвычай актуальнае пытанне як для ўсёй Беларусі, так і для Нясвіжа і Нясвіжчыны. Для Нясвіжа асабліва яшчэ і таму, што часта пазіцыянуем яго культурнай сталіцай Беларусі, горадам-помнікам, горадам гістарычным і турыстычным. Сюды людзі едуць па глыбінную беларушчыну, а мы прапануем ім (у моўным плане) чужы свет. Разумеем, што “грамадскія моўныя ініцыятывы сітуацыі з мовай не ўратуюць – патрэбны палітыка-прававыя рашэнні дзяржаўнага ўзроўню”. Але без грамадскіх інцыятыў не дачакаемся тых дзяржаўных захадаў.
СВЯТОЕ ДАЛУЧЭННЕ ДА РОДНАГА СЛОВА
Нясвіжчына далучылася да Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў 2017 годзе, на другім дзясятку ад пачатку яе правядзення. Першай справай адноўленай арганізацыі сталася дыктоўка-2018 у Дзень роднай мовы. Пісалі яе ў раённай бібліятэцы і на іншых пляцоўках 360 чалавек. У наступным годзе выйшлі без малога на тысячу – гэта найлепшы наш вынік: пісалі ў бібліятэках, установах культуры, школах і садках, гімназіі і каледжы, офісе музея-запаведніка “Нясвіж”, Доме польскім. Добра арганізавалася ў той год Гарадзея: там дзве школы аб’ядналіся для супольнай дыктоўкі. У гэтым годзе таксама больш паўтысячы.
За гэтыя 3 гады выпрацавалі свае падыходы, метадычныя прыёмы, зыходзячы з таго, што дыктоўка найперш не для адукацыіі ці праверкі ведаў, а для выхавання, святога далучэння да беларускага слова.
– Бралі тэксты, якія прапаноўвала “Наша слова”, але заўсёды распрацоўвалі яшчэ і свае, каб быў большы выбар. Напрыклад, “Ад Скарыны да Разанава”. Абавязковым быў тэкст на краязнаўчым матэрыяле.
– Клапаціліся пра псіхалагічны камфорт удзельнікаў: не ператваралі іх у вучняў, не правяралі тэксты. Кожны меў магчымасць сам сябе праверыць (ці праз мультымедыя выводзіўся на завяршэнне тэкст, ці раздаваліся лісткі з тэкстам) і задаць пытанні наконт памылак, цяжкіх арфаграм і пунктаграм.
– Сціпла, але густоўна афармлялі лісты для напісання – крыху дызайну, крыху інфармацыі.
– Дыктоўка ў хату (для тых, хто не можа прыйсці ) ці тэкст у хату (для тых, хто па пэўных прычынах не можа пісаць).
– Дыктоўка “ў тры рукі” апрабавана ў дзіцячых садках: спачатку дзеткі на падрыхтаваных для дыктоўкі лістах малююць вядомыя ім літаркі і слоўкі, “і” ды “ў”, да іх – асацыятыўныя вобразы роднай зямлі – кветкі, птушкі, хмаркі. Пасля супрацоўнікі садка пішуць на тых упрыгожаных лістах дыктоўку. І ўжо вечарам бацькі, забіраючы дзетак, бя-руць дадому тыя дыктоўкі, каб пачытаць, а то і напісаць у сям’і.
– Дыктоўкі не толькі да Дня роднай мовы, але і з іншых нагодаў, напр. юбілеяў (або элементы дыктоўкі) .
НАШЫ КАНТАКТЫ
Надзвычай спрыялі кантактам з грамадскасцю, установамі і ар-ганізацыямі раёна прэзентацыі календароў “Ідыліі Фёдара Вініцкага”, “Невядомая Нясвіжчына”, “Маляванкі” з аўтарскай серыі Валера Дранчука “Маляўнічая Бацькаўшчына”. Ладзіліся яны не толькі ў раённай бібліятэцы, раённым краязнаўчым музеі, але і ў бібліятэках, што ў Рудаўцы, у Снове, у Высокай Ліпе, школе № 4 г. Нясвіжа, дзіцячым садку № 4, сацыяльным цэнтры для пажылых людзей… Збор матэрыялу для календароў, кантакты з талакоўцамі – гэта так-сама наша паўсядзённая праца, мо яшчэ больш эфектыўная, чым падчас вялікіх сходаў і прэзентацый; гэта своеасаблівыя прэзентацыі на доме, толькі ў вузкім коле, для 1-3 чалавек.
Самыя цесныя стасункі маем з дзіцячым садком “Караблік дзяцінства”, дзякуючы Станіславе Вальчык (там выхоўваліся і выхоўваюцца яе ўнукі). На працягу 3 гадоў яна штотыднёва праводзіла там з дзеткамі заняткі “Роднае слоўка”, была рэгулярным грамадскім беларускамоўным выхавацелем. Справа, на якую не кожны адважыцца і пагодзіцца . Як на працу! За так! Дзеля роднай мовы! Далучалася сп. Станіслава і да метадычнай работы калектыва, удзельнічала ў семінарах-практыкумах гэтай установы.
Адчувалася шчырае жаданне і загадчыцы садка ўнесці сваю долю ў адраджэнне роднай мовы. Неаднойчы мелі мы слова перад вялікай грамадой бацькоў, супрацоўнікаў установы і выхаванцаў. Дапамагалі шмат ў афармленні беларускай хаткі-альтанкі і музейчыка ткацтва. Неаднаразова ўдзельнічалі ў экскурсіях і занятках гэтага музея. Ахвотна прымалі ў садку і нашы прапановы. Так, напрыклад, з маленькімі выхаванцамі запісана некалькі краязнаўчых выпускаў для раённага радыё (пра беларускія прыказкі, пра печ, непасрэдна пра беларускую хатку-альтанку). Набывалі ў садку на кожную групу каляндар “Маляўнічая Бацькаўшчына” і праводзілі раз у месяц заняткі па адпаведнай яго старонцы. Па добрым прыкладзе “Карабліка дзяцінства” завязаліся стасункі яшчэ з Саскаліпкаўскім садком.
Паразуменне маем са школай-гімназіяй г. Нясвіжа, школай № 4 г. Нясвіжа, педкаледжам імя Якуба Коласа. Ахвотна і масава падтрымліваюць тут Агульнанацыянальную дыктоўку. Яшчэ да каранавіруса паспелі зладзіць ў гімназіі і каледжы сустрэчы з беларускім бардам Віктарам Шалкевічам і Яраславам Іванюком – заснавальнікам і трымальнікам электроннай беларускамоўнай бібліятэкі “Камунікат”.
Амаль рэгулярныя стасункі ўсталяваліся з адзелам для дзённага знаходжання пажылых людзей Няс-віжскага сацыяльнага цэнтра. Стані-слава Вальчык праводзіць там сустрэчы рознай тэматыкі, найперш, “Сустрэчы з паэзіяй”. Сябрамі ТБМ праведзена некалькі аўтобусных края-знаўчых экскурсій для знаёмства з невядомай Нясвіжчынай. Такі вопыт ёсць: яшчэ раней практыкавалі падобныя аўтобусныя экскурсіі для маладых людзей з Менска.
Яшчэ адзін аб’ект нашых кантактаў – гэта курсы “Мова нанова” ў Нясвіжы, якія запрацавалі нядаўна. Шчыра радуемся гэтаму новаму беларускамоўнапму асяродку, радуемся, што тут больш маладое пакаленне, падтрымліваем, гатовы спрыяць. Ды і ўжо гэта рабілі, у прыватнасці, Валер Дранчук, які падрыхтаваў тры тэматычныя сустрэчы для наведвальнікаў курсаў. Адна з іх прысвечана памяці нясвіжскага мастака Міхала Сеўрука.
ВЫДАВЕЦКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ, ШАНАВАННЕ МАЙСТРОЎ БЕЛАРУСКАГА СЛОВА, напаўзабытых імёнаў, асобаў, якіх незаслужана абышлі і абыходзяць увагай – важны накірунак нашых старанняў
Калектыўны зборнік “Нясвіжскі ўток-1” (2018 г.) сабраў творы розных літаратурных жанраў амаль 50 аўтараў.
У 2019 годзе распачата выданне электроннага часопіса “Нясвіжскія каеты”. Гэта краязнаўчы, гістарычна-літаратурны квартальнік. Выйшлі першыя яго нумары. Рыхтуецца пяты. Радуе, што прадстаўлены ў ім краязнаўчыя, літаратурныя напра-цоўкі, публіцыстычныя артыкулы нашых сяброў, дакументальныя пераклады з кнігі Вікторыі Жукевіч-Дзівоты “Даніна памяці”. Прапанавалі свае гістарычныя даследаванні навуковыя супрацоўнікі музея-запаведніка “Ня-свіж”, а таксама Алесь Краўцэвіч старонкі з неапублікаванай кнігі. Імкнуўся надаць часопісу жывой нясвіжскай надзённасці, дыскусійнайсці па вострых пытаннях мовы, выхавання, захавання культурнай спадчыны Валер Дранчук.
Далучыліся мы да шматгадовага (амаль 2 дзесяцігоддзі доўжыц-ца) праекта журналіста, літаратара, выдаўца і эколага Валера Дранчука “Маляўнічая Бацькаўшчына.” Тры апошнія календары – “Ідыліі”, “Невя-домая Нясвіжчына” і “Маляванкі” – гэта не толькі набытак стваральніка і аўтара каляндарнай серыі, але і наш тэбээмаўскі набытак, тым больш, што аўтар – актывіст ТБМ. Старонкі гэтых календароў насычаны беларускім водарам – наша мова, нашы падзеі і даты, святы і традыцыі , нашы людзі, наша зямля – лясы і кветкі – усё, што трэба ахоўваць і захоўваць, што абавязаны помніць, чым абавязаны ганарыцца, калі мы людзі, калі жыць тут наканавана нам лёсам і Богам.
Гэткія ж словы, амаль адзін ў адзін, датычаць і краязнаўчага сказа Станіслава Судніка “Пілігрымка дадому”, заснаванага на нясвіжскім краязнаўчым матэрыяле. Наша грамада мае дачыненне да шырокай папулярызацыі твора. Падрыхтаваны па “Пілігрымцы” два краязнаўчыя выпускі “Хвілінак нясвіжазнаўства” на раённым радыё; праведзена паэтыч-ная сустрэча ў сацыяльным цэнтры. Падчас экскурсіі ў Сейлавічы і Кунасу зноў жа вярталіся да гутаркі пра гэты твор; па сутнасці то і ехалі, каб пабачыць тое, аб чым прачыталі ў “Пілігрымцы.” І непасрэдна ў Сейлаўскім касцёле з нагоды юбілею сп. Станіслава (мінулай восенню)разам з землякамі цёпла віталі і яго самога, і абмяркоўвалі ды цытавалі яго твор.
Яшчэ адно выданне справаздачнага перыяду – змагарная кніга Валера Дранчука “Гавязна”. Гэта ўзор кнігі сябра ТБМ. Бо кніга распавядае пра шматгадовае змаганне за вяртанне на карту Беларусі і ў паўсядзённае жыццё землякоў аднаго толькі слова, адной назвы – Гавязна – надзвычай даўняй, адзінкавай у сваім родзе. Сустрэча зацікаўленай грамады з нагоды выдання кнігі была наладжана ў Вішнявецкай бібліятэцы (Гавязна – цяпер Вішнявец).
У асобе сябра ТБМ і сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Бруя гарманічна паядналіся абаронца роднай мовы, таленавіты пісьменнік і шчыры вернік. Пра выданне кніг сп. Уладзімір рупіцца сам, хоць нямнога ў нас такой краязнаўча-духоўнай, надзённа-рэлігійнай мастацкай літаратуры.
За справаздачны перыяд зладзілі літаратурна-асветніцкія імпрэзы з нагоды юбілеяў Паўлюка Пранузы, Уладзіслава Сыракомлі, Валянціны Аксак, а таксама ўшанавальную сустрэчу ў памяць паэта са стаўпецкага Вязаўца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Івана Івашкі. Да таго ж усталявалі памятную шыльду “Іванаў парк. Явар і каліна” ля яго сядзібы, дзе паэт праз гады садзіў-падсаджваў розныя дрэўцы ды кусты каліны, шыпшыны, ядлоўцу.
Прадумана спланавалі свят-каванне юбілею Жылкі. Абвясцілі гэты 2020 год Годам Жылкі. Ды яшчэ і ў папярэдні год было шмат зроблена – пасадка дубровы “Сто дубоў для Жылкі” на беразе Ушы, працоўная акцыя “Чысты чацвер у Макашах”, выдадзены каляндар з прысвячэннем песняру красы і яго вершамі. А сёлета было ўрачыстае адкрыццё Каменя Жылкі непасрэдна ў дзень юбілею паэта. Ёсць упэўненасць, што з ініцыятывы сяброў арганізацыі з’явіцца ў Нясвіжы першая на Беларусі вуліца імя Уладзіміра Жылкі.
ПРАЕКТЫ СТАЛЫЯ – УДЗЕЛЬНІКІ НОВЫЯ
Заснавалі і маемся прадаўжаць сталыя праекты. Адзін з іх “Клумба памяці ад ТБМ”. У рамках праекта добраўпарадкавалі магілу краязнаўцы Клаўдзіі Шышыгінай. Успаміналі добрым словам годную несвіжанку. Праз некаторы час былі дзве мініяцюрныя клумбачкі ля мемарыяла гарадзейскім яўрэям скульптара Леаніда Левіна. Нямнога патрацілі часу, каб пасадзіць каля камянёў чырвоныя кветачкі-кропелькі. Больш слухалі мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў Леаніда Качановіча і Аляксандра Абрамовіча.
Валянцін і Марыся Гладкія, Валер Дранчук ладзілі сваю клумбу, ля напаўразбуранага касцёла ў Навасёлках. Тут хутчэй ужо выхаваўчая акцыя, папрок людзям, грамадству: нельга бяздзейсна сузіраць руйнаванне храма, брыдка вымалёўваць свае плоцікі, выштукоўваць свае кветнічкі, калі поруч зарастае асотам святыня.
Праз 2 гады ладзілі сустрэчы памяці каля помніка спаленым Агароднікам. Жывуць яшчэ тыя, хто перажыў жудасную Купальскую ноч 1944 года. А працы рукам у садовых пальчатках тут заўсёды хопіць.
Другі сталы праект мае назву “Сустрэнемся каля Буднага”. Праз тры гады 6 жніўня, у Дзень беларускага кнігадрукавання, ладзілі асветніцкія акцыі з выхаванцамі садка, з гасцямі горада, аматарамі прыгожага пісьменства. Кожны год да сяброў ТБМ далучаліся новыя ўдзельнікі.
ЗА МОВУ БЕЗ МЕЖАЎ
(імпрэзы па-за межамі раёна)
- Прэзентацыя кнігі В. Дранчука “Гавязна ” ў в. Вішнявец (Стаў-пецкі р-н).
- Сустрэча з паэзіяй “Тут Купальскае агніска палае” (памяці паэта Івана Івашкі) у в. Вязавец (Стаўпецкі р-н).
- Краязнаўчая паездка суполак Новы Свержань і Карцэвічы ў в. Калодзезнае (Капыльскі р-н). Арг. – В. Холадава, Г. Ярашэвіч.
- Прэзентацыя кнігі З. Кулік “Капыльская містэрыя” ў Капылі.
- Іванаў парк “Явар і каліна” ў в. Вязавец (Стаўпецкі р-н).
- Вечар беларускай паэзіі для супрацоўнікаў ААТ “Адкрыты кантакт” (г. Менск).
- Прэзентацыя кнігі У. Бруя “Нябесны банк” (Польшча).
СУСТРЭЧЫ СУПОЛАК
Каб мацаваць стасункі, паразуменне і адзінадушша паміж сябрамі арганізацыі, праводзім сустрэчы суполак. Гэта самыя прыемныя моманты ў нашай рабоце. Нясвіжская суполка гасцявала ў Свержанскай. Валянціна Холадава (кіраўнік) прапанавала сябрам паездку да знакамітай “Прыстанькі”, дзе адбыўся ў 1906 годзе нелегальны з’езд перадавых настаўнікаў Меншчыны. Сп. Валянціна бліскуча справілася з абавязкамі экскурсавода па мясцінах Коласа. Гасцявалі і свержанцы ў сяброў Карцэвіцкай суполкі. Іх чакала сустрэча са знакамітым паркам Альба ды прыемны час пад кронай дуба Якуба – зялёнага патрыярха нясвіжскай зямлі. Слухалі пошум мудрага дрэва, чыталі вершы, спявалі песні…
ПЕРСПЕКТЫВЫ РОСТУ
Па колькасным складзе на сёння нас 30. Колькаснае павелічэнне арганізацыі – пытанне. Чаму? 1. Вакол рускамоўнае насельніцтва. 2. Хто і ўсведамляе трагічны стан роднай мовы, то не бачыць паспяховай, станоўчай перспектывы і сэнсу ў нашай рабоце. Некаторыя яшчэ і не маюць грамадскага імпэту; патэнцыялу і вопыту грамадскай работы. Наша ра-ённая арганізацыя не надта маладая. Старэйшыя людзі засталі яшчэ час па-сапраўднаму беларускамоўных школ, гадаваліся ў беларускамоўных сем’ях ці чулі беларускамоўных бабулю з дзедам. А што сённяшні 17-гадовы? Ён з калыскі ад бацькоў чуў толькі мову суседняга народа. Таму малады беларускамоўны чалавек – вялікая рэдкасць, але гэта прыкмета культуры, духоўнасці, патрыятызму (часам, канешне, і даніна модзе). Няма іх ў нашай арганізацыі. Усе ў БРСМ, а БРСМ гаворыць выключна на другой дзяржаўнай мове, не на мове свайго народа. Найбольшая перспектыва новых суполак – Вязавец.