Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Краязнаўства – ключ да гісторыі помнікаў культавай архітэктуры

Краязнаўства – ключ да гісторыі помнікаў культавай архітэктуры

9 верасня 2020, 22:51 Выданні 27
Краязнаўства – ключ да гісторыі помнікаў культавай архітэктуры

Бясспрэчна, краязнаўцы робяць неацэнную працу па зборы, апрацоўцы і папулярызацыі гістарычных матэрыялаў з самых розных куточкаў нашай краіны, іх руплівая і апантаная праца адкрывае для нас Беларусь, яе карані ў рэчышчы самых розных аспектаў, у тым ліку – у рэчышчы аспекту гісторыі помнікаў культавай архітэктуры. На тэрыторыі Беларусі на працягу стагоддзяў у мірным суседстве жылі хрысціяне, юдэі ды мусульмане, як жывуць і цяпер. Плыняй жыцця рэлігійных грамад будаваліся шматлікія храмы, частка з якіх захавалася па наш час, частка знікла або зруйнавалася, пакінуўшы аб сабе толькі архіўныя памяткі. Вывучэнне гісторыі храмаў, ацалелых і незахаваных, гісторыі жыцця супольнасці іх вернікаў з’яўляецца важнай працай на ніве захавання і пашырэння ведаў пра Беларусь. Гэта тысячы і тысячы помнікаў, распрацоўка наратыву па кожным з якіх дапамагае нам збіраць цаглінкі рэлігійнай гісторыі нашай краіны. Рэлігія вельмі моцна ўплывала на жыццё чалавека ў традыцыйным грамадстве, повязі якога асабліва доўга захоўваліся ў параўнальна дробных населеных пунктах – вёсках і мястэчках. Рэлігія фармавала светапогляд чалавека, яго маральныя якасці як асобы і грамадзяніна. Менавіта таму гісторыя храмаў і іх грамад, якія жылі згодна з прынцыпамі сваёй веры, з’яўляецца для нас вельмі важнай і цікавай, яна раскрывае старонкі рэлігійнай гісторыі Беларусі. Часта, па прычыне вузкай спецыялізаванасці і значнай загружанасці прафесійных навукоўцаў, дыстанцыйным вывучэнні помнікаў (па дакументах, без непасрэднага наведвання і даследавання мясцовасці), звярнуць на гэта ўвагу могуць толькі краязнаўцы – людзі, якія вельмі любяць сваю ваколіцу, маюць непасрэдны кантакт з прадстаўнікамі мясцовай супольнасці, давер і магчымасць збору разнастайнага кшталту арыгінальных матэрыялаў і сведчанняў пра мінулае і сучаснасць. Менавіта таму краязнаўства і выступае ў якасці неацэннага ключа да гісторыі помнікаў культавай архітэктуры нашай краіны. І гэта праца ідзе, паступова, але не без поспехаў. Прыкладам плёну на гэтай ніве можа служыць кніга краязнаўца Вітольда Антонавіча Ермалёнка “Святыня над возерам”.

Гэтая кніга выступае першым за ўсе часы грунтоўна сістэматызаваным духоўна-асветным выданнем, прысвечаным Мёрскаму касцёлу, названаму ў імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і св. біскупа-мучаніка Язафата Кунцэвіча. Выданне ўвабрала ў сябе звесткі не толькі пра мураваны касцёл пачатку ХХ ст. з чырвонай цэглы, звыклы для вока жыхароў Мёршчыны і турыстаў, але і пра яго папярэдніка – драўляны касцёл, пабудаваны яшчэ ў XVII ст. Пра старадаўні храм, які, на жаль, не захаваўся да нашага часу, маюцца вельмі сціплыя звесткі, але і яны, рупліва сабраныя з розных архіўных крыніц, маюць для нас вялікае значэнне, як і рэча-выя памяткі з яго інтэр’ераў, сярод якіх – турэцкая літаўра XVII ст., якая нагадвае пра слаўную перамогу нашых продкаў у бітве пад Венай, дзе хрысціянскі свет быў ура-таваны ад турэцкай навалы. Асноўная частка кні-гі прысвечана гісторыі сучаснай святыні, збудаванай у неагатычным стылі, асвятленню біяграфій яго святароў, жыцця парафіі. Хоць аўтар і не прэтэндуе на поўную завершанасць тэмы і ўсеахопнасць, але, пры гэтым, ім зроблены неацэнны ўнёсак у супольную скарбонку ведаў пра Мёрскі касцёл, яго святароў і парафію, якія надалей будуць пашырацца і папаўняцца новымі матэрыяламі і рэчавымі сведчаннямі – архіўнымі дадзенымі, прадметамі, якія належалі касцёлу ў розныя часы, і могуць быць выпадкова знойдзеныя, фотаздымкамі і іншым. У сваю чаргу, гэты ўнёсак узбагачае і агульнабеларускую скарбонку гісторыі помнікаў культавай архітэктуры, гісторыі рэлігіі на Беларусі.

Выданне мае мяккую вокладку. На галоўным яе баку змешчаны сучасны фотаздымак Мёрскага касцёла. Непаўторны каларыт гэтага фотаздымка складаецца ў тым, што вежы касцёла адбіваюцца ў люстры возера, над якім ён стаіць – нездарма ж кніга мае назву “Святыня над возерам”. Фонам вокладкі з’яўляецца выява азёрнай паверхні, над якою плывуць прасвечаныя сонейкам аблокі. Гэты фон цалкам запаўняе адваротны бок вокладкі і паядноўваецца з выявай на галоўным яе баку. Кніга выйшла сёлета з менскай друкарні ТАА “Капітал Прынт” у колькасці 100 асобнікаў. Выданне налічвае 262 старонкі і вельмі багата ілюстраванае. Сярод ілюстрацый – выявы Мёрскага касцёла, яго інтэр’ераў, арыгінальных літургічных прадметаў, дакументаў і кніг, фотаздымкі святароў і парафіян і іншыя. Сярод выяў сустракаецца і згаданая вышэй турэцкая літаўра, якая была набыта на ўласныя сродкі В.А. Ермалёнкам у прыватнай асобы і цяпер захоўваецца ў музейным аб’яднанні Мёрскай СШ № 3. Змест кнігі ўключае ў сябе 34 складовыя элементы, знітаваныя адзінай ідэяй аўтара. Сярод усяго чытач можа даведацца пра гісторыю будаўніцтва мураванага храма, гісторыю яго званоў і аргана – галасоў святыні, што заўжды суправаджалі і працягваюць суправаджаць усе важныя падзеі ў жыцці парафіі, ды пра іншыя важныя акалічнасці. Праз біяграфіі ксяндзоў, змешчаныя у кнізе, адкрываецца жыццё касцёла, іх прыклад служэння і працы выступае прыкладам для кожнага хрысціяніна. Магчыма, камусьці гэта стане натхненнем на душпастарскае служэнне, дапаможа пачуць Божае пакліканне.

Гэтае выданне будзе карысным для вернікаў Мёрскага касцёла, католікоў іншых парафій, навукоўцаў, краязнаўцаў, вандроўнікаў і ўсіх, хто цікавіцца мінуўшчынай Мёршчыны і Беларусі агулам, яе духоўным жыццём у сучаснасці і гісторыі. Парафія – гэта не проста супольнасць вернікаў касцёла, але адзінства духу і маліт-вы, адзінства жыцця і лёсу, дзе кожны мае прыкласці намаганні да агульнага дабрабыту і дасягнення ідэала пабожнага жыцця. Мёр-ская парафія шмат зрабіла і зараз працягвае рабіць на гэты ідэал, але вынік залежыць ад несупыннай працы і штодзённага памоцнага ўдзелу кожнага.

Багаты спіс крыніц і літаратуры сведчыць пра аб’ём працы, здзейсненай аўтарам, і яе грунтоўнасць. Выданне “Святыня над возерам” было надрукавана на асабістыя сродкі В.А. Ермалён-ка і прысвечана святой памяці яго маці Барбары Адамаўны (1925-2019). Гэта добры напамін аб шчырым і сціплым чалавеку, які захаваў і перадаў традыцыі продкаў нашчадкам. Хай душа яе спачывае на небе… А аўтару зычым жыць Божай ласкай, заўжды захоўваць моц веры і натхненне, а таксама выпусціць другі наклад гэтай выдатнай кнігі, якая стала добрым арыентырам і дапаможнікам у працягу працы па стварэнні як найбольш поўнай гісторыі Мёрскага касцёла, а таксама прыкладам для стварэння падобных прац па іншых храмах Беларусі. Чытайма і адкрывайма невядомыя старонкі гісторыі Радзімы разам!

Бібліяграфічная спасылка: Ермалёнак, В.А. Святыня над возерам: гісторыя Мёрскага рымска-каталіцкага касцёла ў імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і св. біскупа-пакутніка Язафата Кунцэвіча ад старажытнасці да сучаснасці / В.А. Ермалёнак. – Мінск: Капитал Принт, 2020.-262 с.

Ігар Кандратовіч,

жыхар г. Мёры.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:0422
Восеньскія дні назірання за птушкамі
Грамадства

Восеньскія дні назірання за птушкамі

7 кастрычніка 2019, 15:5421
Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу
Навіны

Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу

26 сакавіка 2020, 10:1420
На Слонімшчыне будуць разводзіць аленяў
Грамадства

На Слонімшчыне будуць разводзіць аленяў

12 кастрычніка 2018, 10:0720
Далучайцеся да нас