25 жніўня ў 29-тую гадавіну прыняцця Канстытуцыйнага закона аб Незалежнасці нашай краіны тысячы людзей сабраліся ля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці. Да грамады звярнуліся дэпутаты Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Антончык, Лявонці Зданевіч. Яны распавялі пра гістарычны дзень 25 жніўня 1991 года.
З 24 па 25 жніўня 1991 года адбывалася пятая нечарговая сесія Вярхоўнага Савета Беларусі XII cклікання, якая атрымала назву “Сесія незалежнасці”. Менавіта падчас гэтай сесіі беларускі парламент прыняў шэраг найважнейшых для краіны рашэнняў, якія засведчылі тое, што Беларусь стала незалежнай.
Станаўленне незалежнай Рэспублікі Беларусь адбывалася паступова. З гэтым працэсам звязаны цэлы шэраг пераломных дат. Нягледзячы на тое, што Савецкі Саюз быў ліквідаваны толькі 8 снежня 1991 года, а суверэнітэт Беларусь абвясціла яшчэ 27 ліпеня 1990-га, менавіта з 25 жніўня 1991 года беларусы ўзялі лёс сваёй краіны ва ўласныя рукі.
Яшчэ 27 ліпеня 1990 года – падчас знакамітага параду суверэнітэтаў савецкіх рэспублік – Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў Дэкларацыю “Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. Але, нягледзячы на тое, што дэкларацыя аб’яўляла нашу краіну суверэннай дзяржавай, на самой справе гэты дакумент не меў рэальнага юрыдычнага значэння і ў параўнанні з іншымі прававымі актамі насіў рэкамендацыйны характар.
У Беларусі працягвалі дзейнічаць старыя савецкія законы, якія нярэдка супярэчылі Дэкларацыі. І толькі пасля правалу жнівеньскага путчу ГКЧП, які спрабаваў спыніць працэсы дэмакратызацыі і дэцэнтралізацыі ў СССР, нашай краіне ўдалося выйсці на новы, незалежніцкі этап пабудовы сваёй дзяржаўнасці.
На нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета, якая была склікана ў хуткім часе пасля паражэння жнівеньскага путчу, у 20 гадзін 12 хвілін 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. За гэта прагаласавала 256 дэпутатаў дзеючага тады Парламента, супраць – 0, устрымалася – 0, не галасавала 9 народных выбраннікаў. У выніку гэтага Дэкларацыя станавілася рэальна дзейным законам, па сваёй юрыдычнай сіле нават вышэйшым за старую савецкую канстытуцыю. У дапаўненне да гэтага рашэння быў прыняты яшчэ цэлы шэраг законаў і пастаноў, які забяспечылі Беларусі палітычную і эканамічную самастойнасць.
Выступаючы перад грамадой, дэпутаты Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі і Сяргей Антончык выказалі ўпэўненасць, што цяпер, аб’яднаўшыся з прадстаўнікамі маладога пакалення ўдасцца дасягнуць перамогі, адстаяць свабодны выбар грамадзян і незалежнасць краіны. У памятны дзень на плошчы прамаўлялі таксама працоўныя МТЗ.
Са спевамі выступілі Андрусь Такінданг, Таццяна Матафонава, Сяргей Башлыкевіч і іншыя. Сотні ліхтарыкаў асвяцілі плошчу.
Эла Дзвінская, фота аўтара.