Дзясяткі людзей за апошні тыдзень выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю. Акторы Нацыянальнага беларускага тэатра імя Я. Купалы запісалі відэазварот да грамадзян. Над будынкам тэатра залунаў бел-чырвона-белы сцяг. Асудзіў гвалтоўныя дзеянні сілавікоў дырэктар Купалаўскага тэатра, былы міністр культуры Павел Латушка. Ён назваў выбары несумленнымі і заклікаў даць прававую ацэнку сілавым метадам і актам гвалту, якія былі ужытыя супраць мірных дэманстрантаў.
Праз некалькі дзён Павел Латушка быў звольнены з пасады дырэктара тэатра, а тэатр часова зачынены быццам бы па прычыне захворвання членаў калектыва на СOVID.
– Купалаўскі тэатр – сэрца нашага народа, залаты фонд нацыі, – зазначыў былы дыпламат і дырэктар тэатра. – Творчасць немагчымая без свабоды. Немагчымае руйнаванне базавых інстытуцый культуры нашай, якім з’яўляецца Купалаўскі тэатр.
Супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі выказаліся ў падтрымку Паўла Латушкі: “Звальненне прафесіянала такога ўзроўню будзе вялікай памылкай. Акрамя таго, мы можам страціць адзін з лепшых тэатральных калектываў краіны. І гэта будзе непапраўнай стратай для беларускай культуры!” З такім жа лістом выступілі 33 супрацоўнікі Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры. Сябры Рады ТБМ імя Ф. Скарыны на чале з Аленай Анісім выказаліся ў падтрымку Паўла Латушкі.
Многія тэлевядоўцы, звольніліся з дзяржаўных тэлеканалаў, каб не транслявайць хлусню на ўсю краіну. Сышоў з працы Антон Мартыненка, які на СТВ вёў перадачу “Раніца. Студыя добрага настрою”. Тэлевядовец Іван Ургант змясціў у Інстаграме бел-чырвона-белы сцяг і напісаў: “Ненавіжу гвалт! І люблю Беларусь!”
Заслужаны майстар спорту Вадзім Дзевятоўскі, чэмпіён свету, Алімпійскіх гульняў і чэмпіянату Еўропы зрабіў пост у Фэйсбуку: “Лукашэнка – не мой прэзідэнт.”
Спявак Аляксей Грос, пераможца “Славянскага базару” надрукаваў у Інстаграме пост: “Сорамна маўчаць, сорамна быць крывадушным.”Спявачка Інна Афанассева звярнулася да сілавікоў: “Не біце і не забівайце людзей!” “Спыніце гвалт!” – звярнулася да кіраўніцтва АМАП-у вядомая спартсменка Дар’я Домрачава. Заслужаны артыст Беларусі Яўген Крыжаноўскі запісаў відэазва-рот да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.
Пра звальненне з шэрагаў структур МУС і Узброеных сілаў па-ведаміў шэраг грамадзянаў. З шэрагаў унутраных войскаў звольніўся старшы пілот атрада верталётнай эскадрыллі Аляксандр Ісачанка. Са Следчага камітэта зволіліся старшы лейтэнант юстыцыі Мікіта Старажэнка і старшы следчы Партызанскага раённага аддзела СК Андрэй Астаповіч.
“Маўчаць не буду, удзельнічаць ва ўтойванні злачынстваў не буду, злачынныя загады выконваць не буду, працягваць працу ў сілавым блоку не магу з прычыны неадпаведнасці маіх прынцыпаў з сапраўднай палітыкай”,-напісаў у сваім рапарце Андрэй Астаповіч. З шэрагаў міліцыі пасля 14 гадоў службы выйшаў падпалкоўнік Аляксандр Ахрэмчык. “Маё сумленне не дазваляе быць у так званым шыхце. Я добрасумленна ставіўся да сябе і сваёй службы. Настаў момант, калі я не магу шчыра перад самім сабой выконваць сваю працу. Я зразумеў, што фак-тычна прадаю свае маральныя прын-цыпы…”, – напісаў А. Ахрэмчык.
У Глыбокім звольнілася па закліку сумлення начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Марыя Сакалоўская.
Сумленную хрысціянскую пазіцыю акрэслілі гарадзенскія святары – архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій і настаяцель Свята-Пакроўскага сабора Георгій Рой.
Яшчэ да выбараў 2 жніўня айцец Георгій Рой прамаўляў у саборы і нагадаў вернікам, што, згодна з Бібліяй, бацькам хлусці ёсць д’ябал, і заклікаў вернікаў ніколі не далучацца да яе, дзе б яна не праяўлялася.
“Шмат перажыванняў у кожнага з нас, каб быў мір і спакой у нашай краіне. А міру і спакою можна дасягнуць тады, калі ёсць справядлівасць. Калі парушаецца прынцып справядлівасці ў грамадстве, тады ўзнікаюць розныя супярэчнасці, якія правакуюць самыя негатыўная наступствы. Калі парушаецца прынцып праўды – гэта таксама тое, што правакуе людзей на рэзкія крокі, думкі і словы”.
– Усе да глыбіні душы былі шакаваны тым, што адбывалася апошнія некалькі дзён, – адазваўся пасля падзей настаяцель Свята-Пакроўскага сабора.- Такога Беларусь не бачыла з часоў вайны. Фактычна на чатыры дні беларусы апынуліся сам насам з вялікім злом. Калі АМАП сышоў з нашых вуліц, не было ніякіх правакацый, беспарадкаў, пабітых вітрын. Пытан-не, хто ж тады ствараў напружанасць на вуліцах нашых гарадоў? Для чаго патрэбны былі гэтыя здзекі?
Звяртаючыся ў храме да настаўнікаў архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій прамовіў:
– Вам на каленях трэба стаяць за ўсе фальсіфікацыі і хлусню!
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усея Бе-ларусі заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць гвалт. Мітрапаліт Павел наведаў пацярпелых у шпіталі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ў сераду 19 жніўня прыйшоў да ІЧУ на Акрэсціна. Ён памаліўся пад сценамі следчага ізалятара, а таксама пагутарыў з валанцёрамі і былымі вязнямі ІЧУ, і сустрэўся з міністрам унутраных справаў Караевым.
Сімвалічны ланцуг Пакаяння, які звязаў мемарыял у Курапатах з ІЧУ на Акрэсціна, адбыўся ў Менску 22 жніўня. У вялізны шэраг вышыхтаваліся, трымаючыся за рукі, тысячы менчукоў. Людзі станавіліся ад урочышча Курапаты праз вуліцы Мірашнічэнкі, Кальцова, плошчу Бангалор, Нямігу, метро “Грушаўка” да турмы на завулку Акрэсціна.
Паводле матэрыялаў СМІ
падрыхтавала Э. Дзвінская