Толькі адзіная дзяржаўная беларуская мова – галоўны гарант рэальнага суверэнітэту Беларусі
Пад такім лозунгам рэкамендую дружнай ТБМ-кай грамадой ісці да чарговага з’езда ТБМ. Прашу і рэкамендую гэтую праблему лічыць галоўнай у перадз’ездаўскай дыскусіі і практычнай паўсядзённай нашай працы. Веру, што дэлегаты з’езда ўключаць гэтае пытанне-праблему ў парадак дня і аб’явяць гэтую праблему галоўнай стратэгіяй дзейнасці ТБМ. Для актывізацыі перадз’ездаўскай дыскусіі прапаную для чытачоў “Нашага слова” сціслае абгрунтаванне. Спадзяюся, што чытачы пашыраць і паглыбяць гэтую агульнанацыянальную і лёсавызначальную праблему беларусаў.
На дварэ ХХI стагоддзе, а мы беларусы на сваёй гістарычнай і этнічнай радзіме працягваюць жыць ва ўмовах чужога інфармацыйнага асяроддзя, якое прымусова было навязанае нам знешнімі сіламі некалькі стагоддзяў таму. Трагедыя апошняй чвэрткі стагоддзя: першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь праводзіць у сваёй дзяржаве моўную палітыку, якая прывяла да мяжы, за якой пачынаецца працэс актыўнага памірання беларускай мовы. Гісторыя сведчыць: з паміраннем роднай (этнічнай) мовы памірае і нацыя.
Родная (этнічная) мова любой нацыі ёсць яе самая вялікая сакральная каштоўнасць, гарант поўнага, рэальнага суверэнітэту. Беларуская мова – душа беларуса, глеба, падмурак для фармавання, росту нацыянальнай свядомасці і годнасці. Родная мова ёсць ні з чым непараўнальным духоўным набыткам. Яе, як родную маці, трэба абараняць, шанаваць, быць гатовым нават ахвяраваць сваім жыццём, каб толькі не даць памерці гэтаму неацэннаму нацыянальнаму багаццю.
Сёння стан першай дзяржаўнай мовы замацаванай Канстытуцыяй – мовы беларускай – інакш нельга назваць, як катастрафічным з-за ні чым неабгрунтаванага валюнтарысцкага ўвядзення афіцыйнага двухмоўя. Здзейснена вялікае злачынства: прыняты дзяржавай ў 1990 годзе прагрэсіўны Закон аб адзінай дзяржаўнай мове ў Беларусі дзейнічаў толькі няпоўныя 5 гадоў. Праведзенымі ў траўні 1995 і ў лістападзе 1996 г. рэферэндумамі Прэзідэнт арганізаваў сённяшнюю катастрафічную сітуацыю ў моўнай сферы, свядома пазбавіў беларускае слова магчымасці быць запатрабаваным як у афіцыйным, так і грамадскім жыцці. Яно амаль у поўным аб’ёме абслугоўваецца няроднай рускай мовай, што пазітыўна ўплывае на імклівую татальную русіфікацыю нашай Бацькаўшчыны. У выніку на сваёй гістарычнай зямлі беларусы засталіся фактычна не толькі без сваёй роднай мовы, але і без самабытнай нацыянальнай культуры, і жывуць у сфальсіфікаванай гісторыі. Мова і культура карэннага этнасу ўсіх краін свету нязменна належаць да найважнейшых стратэгічных складнікаў нацыянальных інтарэсаў дзяржавы.
Адзіную у нас беларускую дзяржаўную мову неабходна мэтанакіравана спяліць, вызваляць ад шкодных наступстваў русіфікацыі мінулых гадоў. Прэзідэнцкая ўлада гэтага не рабіла, што прывяло да сапраўднай нацыянальнай трагедыі беларусаў: яны, як ніколі да гэтага амаль спрэс “анямелі” ў роднай мове, што ёсць нацыянальнай катастрофай. Беларус, які пазбаўлены свайго роднага беларускамоўнага асяроддзя становіцца абыякавым да сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці. Цешымся таму, што і ў ва ўмовах татальнай русіфікацыі беларуская нацыя выспявае і паднялася ў нашы дні на самаахвярную барацьбу за выбар свайго далейшага цывілізаванага развіцця.
Каб выйсці беларускаму народу з моўнага і культурнага лінгвацыду і не быць цмянай копіяй Расіі, да чаго прывяла сучасная антынацыянальная палітыка Прэзідэнцкай вертыкалі першачарговай на сёння задачай ёсць барацьба за беларускую мову як адзіную дзяржаўную мову ў Рэспубліцы Беларусь. Нагадаю: у Расейскай Федэрацыі і ва ўсіх створаных на пастсавецкай прасторы краінах дзяржаўнай мовай з’яўляецца толькі адна мова – мова карэннага этнасу. Мова – душа Народа. Вярнуць беларусам іх родную мову ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства ёсць самы высокі патрыятычны абавязаць сумленнага і адказнага беларуса-патрыёта. Як ні цяжка прызнаць: ва ўмовах антынацыянальнай, антыбеларускай палітыкі Прзідэнта ў моўна-культурнай сферы Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны не здолела заняць нацыянальна-патрыятычную пазіцыю па абароне беларускай мовы на яе гістарычнай Бацькаўшчыне, адэкватную пазіцыю неадкладна карэнным чынам выправіць моўную сітуацыю ў Беларусі. Мы, у тым ліку і аўтар гэтага артыкула, не саспелі нават для змагання за аднаўлення дзейнасці гістарычных па сваім значэнні законаў аб мовах, прынятых дэпутатамі БССР. Гэта “Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Аб мовах у Беларускай ССР” (26 студзеня 1990 г.), “Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб парадку ўвядзення ў дзеянне закона Беларускай СССР Аб мовах у Беларускай ССР” (26 студзеня 1990 г.) і “Закон Аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі Беларускай ССР”(26 студзеня 1990 г.);
альбо за новы Закон аб статусе адзінай дзяржаўнай мовы – беларускай.
Мы, асабліва лібералы, паступова самі адмовіліся ад закладзенай Нілам Гіле-вічам педагагічнай сістэмы: разам з адпаведнымі дзяржаўнымі ўстановамі сістэмна і мэтанакіравана весці сярод народа глыбока прадуманую асветніцкую работу пра выключную ролю яго роднай мовы для захавання асабістай этнакультурнай ідэнтычнасці і сваёй гістарычнай краіны, так і для абароны, умацавання яе палітычнага суверэнітэту. Народ павінен мець цвёрдае перакананне, што панаванне рускай мовы ў сучаснай Беларусі, гэта не наша гістарычная непазбежнасць, не добраахвотны выбар рускай мовы, а вынік свядомай, сістэмнай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі на працягу больш, чым двух стагоддзяў, ад якой, на вялікі жаль, Прэзідэнцкая вертыкаль і А. Лукашэнка не адышлі і, як сведчыць сённяшняя жыццёвая сітуацыя, не зменяць сваю пазіцыю да свайго зыходу. Спынім лінгвацыд беларускай нацыі!
Прафесар, дэлегат на 14-ы з’езд ад Менскай гарадской арганізацыі ТБМ
Мікола Савіцкі.
21.08.2020 г.