Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Шаноўны Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка, агляніцеся на пройдзенае

Шаноўны Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка, агляніцеся на пройдзенае

25 жніўня 2020, 15:49 Мова 7
Шаноўны Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка,  агляніцеся на пройдзенае

Да ўсталявання ўлетку 1994 года ў Рэспубліцы Беларусь прэзідэнцкага палітычнага рэжыму ў нас паслядоўна, без усялякага прымусу адбываўся такі наспелы,  жаданы для народа працэс нацыянальна-культурнага адраджэння. У яго гістарычнай заканамернасці, пераможным завяршэнні мала хто сумняваўся. Найбольш адметнымі былі поспехі ва ўзрастанні сацыяльнай ролі беларускай мовы, якую стагоддзямі  душылі ў царскія і савецкія часы. Пасля прыняцця 26 студзеня 1990 года самага прагрэсіўнага для ХХ стагоддзя Закона “Аб мовах у Беларускай ССР”, роднае слова беларусаў пачало выключна дэмакратычным шляхам, без спеху займаць толькі для яе адной законнае на нашай зямлі месца ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці чалавека, у т. л. і ў дзяржаўна-палітычнай.

Неадарваных ад нацыянальнай глебы людзей асабліва радаваў прыход беларускай мовы ва ўсе тыпы навучальных устаноў, бо гэта стварала спрыяльныя ўмовы для ўзгадавання маладых пакаленняў, быць здольнымі актыўнымі носьбітамі этнакультурных традыцый сваёй краіны. Далучаныя да яе роднай мовы школьнікі настойліва прасілі бацькоў размаўляць з імі дома толькі па-беларуску і даволі часта дапамагалі дарослым выпраўляць іх памылкі. Людзі па-добраму зайздросцілі тым, хто без запінкі карыстаўся беларускай мовай. Многія дзяржаўныя чыноўнікі замест таго, каб бавіць час ля тэлевізараў, на стадыёнах, наведвалі курсы па вывучэнні беларускай мовы, прычым за досыць высокую аплату. Словам, нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі, сэрцам якога была, ёсць і назаўжды застанецца яе родная мова, давала 100-працэнтную надзею на перамогу.

Гэтую так жаданую, выкліканую самім ходам развіцця беларускай нацыі надзею Вы, Аляксандр Рыгоравіч, пахавалі сваімі супярэчнымі адраджэнскаму працэсу рэферэндумамі, няспыннымі размовамі пра надуманую тоеснасць беларускага і рускага народаў, іх моваў, што так цешыла нашага ўсходняга суседа, спрыяла выношванню ў яго планаў па інкарпарацыі ў свой склад краіны з аднолькавымі (па Вашым вызначэнні) народамі, культурай, мовай.

Уведзенае з Вашай ініцыятывы афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе, як і меркавалася яго зачыншчыкамі, практычна цалкам вытурыла беларускую мову з грамадскага ўжытку. Выдатна разумеючы абсалютную непатрэбнасць для любога карэннага народа краіны афіцыйнага двухмоўя, ніхто з прэзідэнтаў створаных на постасавецкай прасторы дзяржаў не пайшоў, Аляксандр Рыгоравіч, Вашым памылковым шляхам. У выніку ў ніводнай з гэтых дзяржаў не існуе, як у Рэспубліцы Беларусь, праблемы з захаваннем карэннай нацыі ад смяротнага ўздзеяння на яе русіфікацыі. Гэтая страшэнная трагедыя дамоклавым мячом вісіць толькі над галавой беларусаў. Без сваёй спрадвечнай бацькоўскай мовы яны падобныя на дзяцей, адарваных ад роднай маці.

У Вашай моўнай палітыцы, Аляксандр Рыгоравіч, шмат агульнага з той, якую за пасляваенныя гады праводзіла Камуністычная партыя Беларусі, прычым таксама, каб дагадзіць, выслужыцца перад Маскоўскім Крамлём. Вашыя дасягненні ў разбурэнні моўнай асновы беларускай нацыі непараўнальна больш заўважныя, чым у камуністаў. Але ў апошніх хапіла розуму, смеласці, каб ухіліцца ад адказнасці за нанесеную беларускай мове шкоду. А ўхіліліся таму, што ініцыявалі прыняцце вялікай гістарычнай важнасці Закона “Аб мовах у Беларускай ССР”. Аўтар гэтых радкоў ніколі не быў камуністам, але да тых, хто прычыніўся да прыняцця такога выратавальнага для беларусаў Закона, ставіцца з вялікай пашанай.

На падобнага роду крок павінны пайсці і Вы, Аляксандр Рыгоравіч, каб не застацца ў айчыннай гісторыі далакопам беларускай мовы, няшчадна загубленай майскім (1995) і лістападаўскім (1996) рэферэндумамі. На стварэнне, развіццё беларускай мовы нашаму народу спатрэбілася тысячагоддзе! Вы ж яе загубілі за 10-15 гадоў свайго прэзідэнцва. Ужо заўтра рашуча адрачыцеся ад злачыннай практыкі афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Рэкамендую грунтоўна азнаёміцца з моўнай палітыкай уладаў краін з адной карэннай нацыяй: Польшчы, Германіі, Славакіі, Францыі, Чэхіі…, каб пераканацца, што і Беларусі, як і ім, няма аніякай патрэбы ў афіцыйным двухмоўі. Усякія спасылкі ў дачыненні да Беларусі на нейкія аб’ектыўныя ўмовы будуць беспадстаўнымі, бо іх свядома і да таго ж гвалтам стваралі для нас варожыя свецкія і духоўныя ўлады іншых краін.

Каб ад слоў перайсці да канкрэтнай справы, што так наспела, рэкамендую Вам распарадзіцца аб правядзенні ў Менску Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па праблеме: “Шляхі выратавання беларускай мовы ад поўнага заняпаду і забеспячэння ёй рэальнага статусу адзінай дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь.” Загадзя ведаю, што для Вас гэта надзвычай цяжкае псіхалагічнае выпрабаванне: ламаць тое, чаму прысвяцілі больш за чвэрць стагоддзя свайго прэзідэнцтва. Заўважу, што ў свеце дастаткова прыкладаў, калі ў інтарэсах справы вялікія палітыкі ішлі на карэнную перамену ўчыненых імі памылак, пралікаў.

Будучы ў гадах Вашага бацькі (ідзе мне 92-і год), маючы багаты жыццёвы досвед, з усёй адказнасцю рэкамендую Вам адысці ад актыўнай палітычнай дзейнасці, каб яшчэ больш не “наламаць дроў”, асабліва ў такой важнай этнаўтваральнай сферы, як нацыянальна-культурная. Вы яе незаслужана паставілі на галаву. Дайце ж магчымасць свайму пераемніку на прэзідэнцкіх выбарах паставіць яе на ногі, што, ой, як нялёгка ажыццявіць пасля здзейсненага тут пагрому.

Дарэчы, у Вас адсутнічаюць падставы хваліцца дасягненнямі і ў эканамічным развіцці краіны, павышэнні жыццёвага ўзроўню людзей. Ён ніжэй, чым ва ўсіх нашых суседзяў. Гісторыя не забываецца і на добрыя, і на дрэнныя (у дадзеным выпадку загуба беларускай мовы) учынкі палітыкаў.

Ніколькі не сумняваюся, што заўтрашнія беларусы будуць любіць сучасную беларускую мову і пасля таго, як яна стане безнадзейна мёртвай (будзь пракляты той, па чыёй волі такое злачынства адбудзецца!), як сёння мы любім, цэнім старабеларускую мову. Забыцца, зняважыць сучаную беларускую мову, г. зн., выкрасліць з нашай духоўнай спадчыны створанае Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Васілём Быкавым, Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Караткевічам, Генадзем Бураўкіным… Хто не разумее гэтага, таму вялікі грэх ісці, заставацца Прэзідэнтам!

З павагай і спадзяваннем быць пачутым!

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:0424
Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”
Грамадства

Выстава „Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”

13 снежня 2018, 10:5823
Лідскія курсы “Мова нанова” пісалі дыктоўку па “Мужыцкай праўдзе”
Мова

Лідскія курсы “Мова нанова” пісалі дыктоўку па “Мужыцкай праўдзе”

4 сакавіка 2019, 20:5721
Гарады з «памылкамі» ў назвах: Дзятлава ці Зьдзецел?
Мова

Гарады з «памылкамі» ў назвах: Дзятлава ці Зьдзецел?

29 жніўня 2019, 15:3620
Далучайцеся да нас