Дзмітро Чараднічэнка нарадзіўся 30 лістапада 1935 года ў сяле Межырыч (Канеўскі р-н Чаркаскай вобл.). Пасля заканчэння Кіеўскага педагагічнага інстытута (1957) працаваў настаўнікам, журналістам, выдаўцом. З 1992 года ўзначальваў створанае ім літаб’яднанне “Радосынь”.
Паэт, педагог, рэдактар, мастацтвазнаўца ў 1979 г. стаў сябрам Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны. Дзмітро Чараднічэнка – аўтар зборнікаў вершаў, аповесцяў, казак, прыпавесцяў… Сумесна з жонкай Галінай Кірпой быў укладальнікам некалькіх выданняў, сярод іх і Буквар, і чытанкі… Такім чынам, ён – не толькі выдавец разнастайных зборнікаў, але і аўтар даследаванняў літаратурных стасункаў.
Яго творчай увагай уганаравана і Беларусь. Вось толькі пералік паэтаў, чые творы выйшлі ў пераспеве Д. Чараднічэнкі: Максім Багдановіч, Якуб Колас, Васіль Вітка, Янка Сіпакоў, Іван Калеснік, Алесь Разанаў, Сяргей Панізьнік, Васіль Сідарэнка…
Я магу пахваліцца, што сябрую з Дзмітром больш як паўсотні гадоў.
У прадмове да перакладаў нізкі маіх вершаў (“Украінська літературна газета”, 22.Х.2015 г.) Дзмітро Чараднічэнка пазначыў, што пазнаёміліся мы з ім у 1968 г. у Мікалаеве на фестывалі маладых паэтаў. Усесаюзная сустрэча праходзіла ў чэрвені-ліпені, а вось 29 верасня таго ж года пры маім наведванні Кіева Дзмітро правёў мя-не ў неверагодна цікавы музей Ганчара Івана Макаравіча. Потым музей народнага мастака Украіны стаў Нацыянальным цэнтрам народнай культуры.
А ў жніўні 1985 г. Дзмітро адгукнуўся на маё запрашэнне наведаць Беларусь. То “варагі”, то “грэкі” прычальвалі ў заснаваны мной музей “Хата бабкі Параскі на Шляху з Грэкаў у Варагі”. Літаратурна-этнаграфічнаму музею-сядзібе быў ад Дзмітра ў падарунак верш, які ў маім перакладзе гучыць так:
Дзякую брату за хлеб і за хату
і за тую Дзвіну,
у якой я пабачыў
беларускіх нябёс сінізну.
Я й Слову падзяку нясу:
адчуў яго сілу, красу…
Дзякую і прыхіляю
да Вашага дома я зноў
душу сваю і любоў.
(16.08.1985 г.)
Пасля мы наведалі левы, мой родны бераг Дзвіны з палацам графа Лапацінскага, з многімі прыгоствамі мястэчка Лявонпаль Мёрскага р-на, дзе я вучыўся ў школе. А пазней – зноў Верхнядзвінскі р-н, вёска Расіца, дзе сустрэліся з ацалелымі пасля Асвейскай трагедыі саласпілскімі вязня-мі. Пра іх я складаў свае кнігі Памяці. Засталіся на здымках старажытная Дрыса, дарога на Полацак…
Ох, нашы пуцявіны-гасцінцы….Недалёка ад Бягомля спыніліся каля помніка. З прыдарожжа проста ўтыкаеццца ў вочы выява бронзавай фігуры жанчыны з узнятымі ў пракляцці рукамі. Тут у 1943 годзе разам з жыхарамі, затопленымі ў студні дзецьмі, была знішчана карнікамі вёска Шунеўка – каб не было партызанам прытулку. Некаторы час паўглядаліся ў мемарыял “Праклён фашызму”. Архітэктурны комплекс у памяць людскіх стратаў уразіў Дзмітра. У 1987 г. у Кіеве выйшла трылогія Д. Чараднічэнкі “Неопалима колиска” з яго паэмамі пра трагічную долю літоўскага сяла Аблінга, беларускай вёскі Шунеўка, чарнігаўскіх Пяскоў. Асаблівую ўвагу аўтар звяртаў на трагедыю Беларусі ў той пакутнай вайне. Яго паэма “Крыніца” прысвечана закатаваным шаснаццаці дзецям Шунеўкі. Вось урывак з паэмы ў маім перакладзе:
– А наша крыніца
поўна агню…
Яшчэ немаўляты,
а голас мы свой падаём:
“Ніколі не будзем друзам.
І нас не заліць
тым крывавым агнём –
мы беларусы.
Нас выкрадалі ў народа:
на крылах гусіных
вярталіся казачным грузам.
Нішчылі нас,
ды мы заставаліся
сілай;
род свой вялі –
беларусы.
Мы ў завязі кветкі,
ў пупышцы лістка,
ў карэньчыку
і парастку белавусым;
у кроплі дажджу,
у ядры каласка –
беларусы.
Шчабеча дзятва
ручаямі зямлі:
вочы – сінюткі лён,
а чубчыкі – лён русы…
Гэй! Наўздагон!
Узняліся,
пайшлі –
беларусы.
Помніца наша сустрэча ў Кіеве 22 снежня 1986 года – у пакоях Саюза пісьменнікаў. Захаваўся пераднавагодні мой здымак удзе-льнікаў Секцыі мастацкага перакладу: Таццяны Кабржыцкай, Вячаслава Рагойшы і Дзмітра Ча-раднічэнкі. Яшчэ адна кіеўская сустрэча з ім – 16.05.1990 года. Творчыя справы патрабалі папаўненняў. Вось як “прытуляў” мяне Дзмітро разам з жонкай Галінай у 2007 годзе: надрукавалі пераклад майго верша ў хрэстаматыі сусветнай літаратуры “Світ від А до Я”. А ў 2011 годзе я пераслаў у Кіеў свой зборнік для дзяцей “Літары ў расе”. І атрымаў такі, нібы з рук у рукі, водгук, які ў перакладзе гучыць так:
“Шчыра дзякую за дзівосную кніжку для дзяцей. У мяне пакуль што толькі ад “Буквара” Клышкі было такое неймавернае ўзнясенне.
Гэта прыўкрасная, дасціпная, глыбокапатрыятычная чытанка для юных чытачоў…
…Вітаю Цябе з высока-мастацкім выданнем. Дзмітро Чараднічэнка. 28.ХІ.2011. Кіеў”.
З дзесяткаў эхспромтаў на адрас ардэнаноснага лыцара выскачылі такія радкі:
З Літвою меў ён творчы шлюб,
аздобіўшы бурштынам чуб.
Ў Паланзе зладзіў творчы зруб:
там Данелайціс гладзіў чуб…
А Данелайціс узгадаўся таму, што Дзмітро Чараднічэнка пераклаў яго паэму “Лета”. Асаблівая творчая цяга яго да повязяў такога прасторавага былога дзяржаўнага ўтварэння як ВКЛ для мяне зразумелая. Вычытаў, што маці Дзмітра нарадзілася на Чар-нігаўшчыне і пачувала сябе ліцвінкай, бо летуцелі там яшчэ ліцвінскія згадкі. У вершы-прысвячэнні майму сябру “На чаранку радні” нездарма былі такія радкі:
Жыцця твайго калінка
ўквеціць Абалонь.
І жытняя скарынка
матулечкі-ліцвінкі
ўзляжа на далонь…
Падлічыў, што па-ўкраінску з-пад пяра шыкоўнага паліглота Дзмітра праявіліся вершы пяці латышскіх паэтаў. І вершы ажно сямідзесяці аўтараў з Літвы. Я ж абавязкова павінен адзначыць, што Дзмітро перакладае з чэшскай, славацкай, мангольскай моваў. А друкаваўся ён не толькі ў Літве, Беларусі, Латвіі, а і ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Азербайджане, Манголіі, ЗША, Канадзе. Такі ўсюдыісны творца не мог быць не ўганараваны не толькі прэміямі роднай Украіны – як імя Максіма Рыльскага, Лэсі Украінкі… Усяго прэміяў, медалёў, граматаў на яго п’едэстале налічваецца добры дзесятак. І землякі Данелайціса былі таксама шчодрымі. Дзмітро Чараднічэнка стаў кавалерам Ордэна Вялікага князя Літоўскага Гедзімінаса 3-й ст. у 1996 г. А Рыцарскі крыж “За за-слугі перад Літвой” атрымаў у 2003 годзе.
Уяўляю: 2020 год прыпыніўся ў Кіеве на вуліцы Герояў Дняпра і вядзе перазовы:
– Галіна Кірпа нарадзілася 1 студзеня 1950 года! Віншую!
Юбілярка ўстрапянулася:
– Я – тут!
– Дзмітро Чараднічэнка нарадзіўся 30 лістапада 1935 года! Віншую загадзя!
Юбіляр засяродзіўся:
– Я – тутака!
– Оляна Рута, дачушка іх, нарадзілася 6 жніўня 1977 года…
Оляна Рута – паэтэса, пераклдчыца, мастачка стала на дыбкі:
– Я! Я! Я! Юбілей – гульба мая!
Прытуліўшыся да весніцаў Новага Года, мне застанецца толькі прамовіць вуснамі Дзмітра:
– Новы Год! Мне вушы тры,
кожны юбілей круты!
Хай танцуе далягляд
і лагодзіцца пагляд, –
каб з Дняпра свярдзёлкі-вочы
адпраўлялі ўдалеч ночы…
Іх Галіна не прымне.
– Мне русалачка ў Дзвіне
спраўдзіць: “Ведаю Дняпро:
гладзіла Дзмітра рабро…”
Новы Год між намі верціцца…
– Хай Оляна Рута сцерпіцца:
муж і татка не кудзеліцца, –
ён да ўсіх у чарадзе…
…Бачу: вунь Дзмітро ідзе!
Вільня з ім у грамадзе.
Сяргей Панізьнік.
Снежань 2019 г.
Дзмітро Чараднічэнка (Кіеў)
А ЧЫЙ ТЫ СЫН ?
Ты поўны дабрыні,
Адкрыты і лагодны,
Ты – ласкаю –
І мора зморыш.
І ўсё ж дазволь хоць раз пачуць,
А як з матуляю гаворыш.
Памкненні гордыя ў цябе,
І мэта ў цябе ёсць:
Ты ёю шлях свой зорыш…
І ўсё ж дазволь хоць раз пачуць,
А як з матуляю гаворыш.
Ты ў пахвальбе герой:
Захочаш – спыніш плынь,
А скалам сінь падорыш…
Але адно пачуць дазволь, –
Як з роднай мамачкай гаворыш.
Пераклаў з украінскай
Сяргей Панізьнік.