Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
30 гадоў без свята

30 гадоў без свята

10 жніўня 2020, 19:00 Грамадства 18
30 гадоў без свята

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет 12-га склікання прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР

Сяргей Навумчык згадвае той час:

– Гэты дзень тады ж, у 90-м, быў абвешчаны Днём Незалежнасці, хаця Дэкларацыя незалежнасць не абвяшчала. Строга кажучы, яна толькі пацвярджала тое, што было ўжо запісана ў Канстытуцыі БССР 1978 года – што Беларусь з’яўляецца суверэннай рэспублікай. Незалежнасць будзе абвешчаная толькі праз год, 25 жніўня 91-га.

У 1990-м галасаваць за поўную самастойнасць сакратары райкамаў, старшыні калгасаў, генералы і дырэктары заводаў былі яшчэ не гатовыя, і “Дэкларацыю аб Незалежнасці”, якую мы ім прапанавалі, яны адрынулі. Тое, за што яны прагаласавалі, было палавінчатым дакументам, і не ішло ў параўнанне з тым, што было прынята ў Літве ці Латвіі.

Сапраўды, у Беларусі не было так, як у Літве ці Латвіі. Але і ўмовы, у якіх жыў беларускі народ у ХХ стагоддзі, былі іншымі – два стагоддзі пад Расейскай імперыяй і сем дзесяцігоддзяў пад імперыяй камуністычнай. У 1990-м латыш мог сказаць сыну: “Калі мы жылі ў незалежнай Латвіі…”. У Беларусі ніхто не мог распавесці сыну ці нават унуку пра досвед жыцця ў незалежнай краіне; у заходніх рэгіёнах маглі толькі распавесці, як “было пры Польшчы”.

Дэкларацыя прымалася, хаця і “на нервах”, але неяк не вельмі заўважна па-за межамі Авальнай залы. 27-га ліпеня мне давялося застацца ў Авальнай зале, калі большасць дэпутатаў БНФ яе пакінула. Парламенцкая большасць спачатку адхіліла падрыхтаваны Фронтам праект, за кожны радок давялося змагацца, потым уключыла палажэнне пра “новы Саюз”, а потым увогуле некаторыя паставілі пад сумнеў неабходнасьць Дэкларацыі; пасля выхаду з залы фронтаўцаў дэпутаты пад настроем – “А, дык БНФ не хоча галасаваць? Дык тады прагаласуем!” – націснулі кнопкі, на гэта і быў разлік.

Але за наступныя месяцы яны прызвычаіліся, што перад гэтым на сесіях, калі прымалі законы, апазіцыя апелявала да Дэкларацыі. Слова “суверэнітэт” не выклікала ў іх страху. 25 жніўня 91-га яны прагаласавалі за незалежнасць. Так, на іх рашэнне паўплываў выступ Зянона Пазьняка, націск дэпутатаў БНФ, якіх падтрымалі іншыя дэмакратычныя дэпутаты, і канешне – тысячы чалавек на Плошчы. Усё гэта так.

Але, калі я задумваюся над тым, ці магла б дэпутацкая большасць гэтак пра-галасаваць у 91-м, калі б не было прынятай годам раней Дэкларацыі аб суверэнітэце – прыходжу да высновы, што – наўрад ці.

 

Яно так. Беларусы дома і за мяжой выдатна разумелі, што ў рамках Саюза Дэкларацыя 27 ліпеня – гэта яшчэ не незалежнасць, але велізарны крок да незалежнасці. У Менску памкнуліся былі святкаваць 27 ліпеня як Дзень Незалежнасці, пра што сведчаць расцяжкі па горадзе, але са святам не задалося. Неўзабаве здарылася 25 жніўня 91-га, потым 8 снежня. Паралельна святкавалі 25 сакавіка, ну а затым яшчэ 3 ліпеня. Святаў незалежнасці было больш, чым самой незалежнасці, і ўсім стала не да 27 ліпеня.

Аднак, не ўсюды забылі пра гэты дзень. З 1995 года 27 ліпеня святкуецца грамадскасцю Ліды, як асноўнае летняе свята. 19 гадоў святкаванне ішло безперапынна, потым пачаліся праблемы з дазволамі, мяняліся формы, але свята адзначалася. Партыя БНФ прымала рашэнне па аднаўленні святкавання 27 ліпеня. Рашэнне засталося на паперы, дата застаецца паўзабытай, але незаслужана, а таму не навечна.

Паводле Радыё Свабода.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5920
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0415
Далучайцеся да нас