Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ЧАС І ПАМЯЦЬ УЛАДЗІМІРА БАРЫСЕНКІ (Водгук-роздум на кнігу аўтара “Перамовы з жыццём”)

ЧАС І ПАМЯЦЬ УЛАДЗІМІРА БАРЫСЕНКІ (Водгук-роздум на кнігу аўтара “Перамовы з жыццём”)

29 чэрвеня 2020, 22:54 Выданні 36
ЧАС І ПАМЯЦЬ УЛАДЗІМІРА БАРЫСЕНКІ (Водгук-роздум на кнігу аўтара “Перамовы з жыццём”)

“Я думаю пра апошні прытулак, апошнюю надзею і страчаных людзей.

І чамусьці здаецца, што дабро канчаткова страціла ўладу над чалавекам. Чаму іншы чалавек ніколі не вяртаецца ў асяроддзе тых, хто жыве здаровым жыццём? Чаму ён нікому не патрэбны, згублены для зямлі і неба?” – піша ў сваёй новай кнізе, што днямі пабачыла свет, беларускі паэт і публіцыст Уладзімір Барысенка. На маю думку, яе назва “Перамовы з жыццём” удала, перадае філасофскую танальнасць гэтага мастацка-дакументальнага зборніка, а пададзеныя вышэй словы з’яўляюцца лейтматывам таго, што спяшаўся нам данесці аўтар.

Так, спяшаўся, зважаючы на свой узрост і стан здароўя, асабліва ў сённяшніх беспрэцэдэнтных умовах існавання, – спяшаўся распавесці пра галоўнае і важнае ў асабістым жыццёвым вымярэнні, а найперш перамовіцца з роднымі і блізкімі.

Цэнтральнае месца зборніка (па словах аўтара, дзеля чаго ён і рыхтаваўся) займае ўпершыню апублікаванае эсэ “Эхо эпохи”, якое складаецца з эпісталярнага цыкла: лістоў-пасланняў да памерлага ў 1987-м бацькі-франтавіка Уладзіміра Лукіча. Усе яны анатаваныя разгорнутымі назвамі з рэфрэнавым пачаткам: “На этой странице ты узнаешь не только о том…”. І Барысенка-старэйшы праз палкія словы сына “дазнаецца” пра новае і ў зямны час яму невядомае: як паступова памірае на Аршаншчыне родны Фабрычны – калісьці немалы пасёлак, што яшчэ ў 1980-я меў сваю бальніцу, аптэку, краму і лазню, бязлюднее, як і бліжэйшыя вёскі Лешча, Люціны, Раманоўка і Якаўлевічы, дзе ўжо няма 90-гадовай школы, у якую ён хадзіў; як змагаўся ў Першую сусветную з “немчурой” родны дзядзька Захар Паўлавіч Барысенка, падпрапаршчык 103-га пяхотнага Петразаводскага палка, за што і атрымаў Георгіеўскія крыжы чатырох ступеняў; як у 1921-м чэкісты расстралялі барона Корфа – заснавальніка вядомай у Беларусі суконнай фабрыкі (якая і нарадзіла напачатку ХХ стагоддзя Фабрычны), дзе разам з аднавяскоўцамі працавалі бацькі Куліна Сямёнаўна і Лука Паўлавіч – у 1920-х сакратар партыйнай ячэйкі прадпрыемства; як склаўся лёс землякоў, сяброў, сямейнікаў… Апафеозам гучаць апошнія кранальныя словы сынавага паслання: “Повторяя маму, говорю тебе с Ирой и Любой (сёстры. – Ю. К.): “Мы тоже никогда не думали, что так сильно будем любить тебя после смерти””.

У спрадвечнай беларускай традыцыі ўшаноўваць памяць продкаў. З імі мы вядзём сакральную размову на памінальныя святы – Дзяды і Радаўніцу.

А вось каб у айчыннай літаратуры існавалі празаічныя творы ў форме падобных эпісталярных пасланняў да памерлых родных, нешта не прыгадваю.

У кнізе У. Барысенкі яны, як і частка іншых эсэ і нарысаў, напісаны па-расейску. Зроблена гэта свядома. “На вялікі жаль, – падкрэсліў у гутарцы са мной спадар Уладзімір, – мы давялі нашу мову да такога ганебнага стану, што простыя радкі, ужо не кажучы пра “філасафічныя”, многія суайчыннікі не могуць нармальна ні прачытаць, ні зразумець нават у вёсках, з якіх жывая, не падпраўленая мова выйшла. Гэта вялікая бяда, з якой усё цяжэй і цяжэй змагацца. У такім становішчы, каб ахапіць як мага большую аўдыторыю, вырашыў (гэтак, дарэчы, даводзіцца рабіць не толькі мне) частку твораў падаць на расейскай мове”. На ёй, упэўнены ён, усе, “каму трэба”, прачытаюць. Спадар Уладзімір шчыра пры-знаецца, што на карысць расейскай мовы пытанне канчаткова вырашылася пасля гутарак з блізкімі і дарагімі яму людзьмі, пра якіх гэтаксама распавядаецца ў выданні.

Асабіста я – за няўхільнае ўкараненне, прасоўванне беларускай мовы ва ўсе сферы грамадскага жыцця, найперш  культуры, якая фарміруе і вызначае нацыю. Разам з тым не магу не пагадзіцца са словамі шаноўнага аўтара пра ганебны (дадаў бы – зняволены) стан роднай мовы ў роднай краіне. А вось пра ўнёсак Уладзіміра Барысенкі ў беларускасць скажу асобна напрыканцы артыкула.

Зараз хачу звярнуць увагу яшчэ на два рускамоўныя эсэ з кнігі – “Нескорая помощь: рассказ о битве клятвы и кодекса” і “Розовые пионы: рассказ о воле и поступках”.

Першым з іх распачынаюцца “Перамовы з жыццём”. Гэта пра прафесіяналізм у працы, адказнасць і гуманізм у жыцці. Галоўны герой нарыса Леанід Ларыёнаў, колішні аршанскі лекар хуткай медыцынскай дапамогі, які адпрацаваў на ёй амаль 45 гадоў, і сябра аўтара з дзяцінства. Лічу, такіх, як ён, здольных нас лекаваць і справай і словам, варта называць сапраўднымі дактарамі і эскулапамі, а астатніх, хто прымаў клятву Гіпакрата, – проста людзьмі ў белых халатах. Але, каб не раскрываць сюжэт, падагрэю цікавасць да асобы Леаніда Ларыёнава колькімі словамі пра яго дачку Наталлю, якой ён можа па праву ганарыцца. Менавіта Наталля Ларыёнава, урач лабараторнай дыягностыкі бальніцы хуткай меддапамогі ў Віцебску, не ў прыклад сваім шматлікім канфармісцкім і баязлівым калегам, у канцы сакавіка ўпершыню шырока і адкрыта праз сацыяльныя сеткі як спецыяліст забіла трывогу, ацаніўшы сітуацыю з каранавіруснай інфекцыяй у горадзе, якая пачала выходзіць з-пад кантролю. І сваім учынкам, што атрымаў грамадскі розгалас, паспрыяла захадам, скіраваным на прадухіленне далейшага масавага захворвання.

“Розовые пионы” – шчымлівая гісторыя пра землякоў Фёдара і Фядорку – унука і яго дзеда па маці, працавітага беларускага селяніна, іранічную мянушку якому далі калісьці ў калгасе “из-за его детского телосложения, невысокого росточка, душевной простоты, непосредственности, хитроватой наивности и фанатической любви ко всему живому”. Але названы ў гонар дзеда “разумный” і “вушлый” унучак, урэшце не ўпадабаў духоўны свет яго цёплых казак і мудрых павучанняў, якіх ён шмат пачуў у маленстве. А ўпадабаў хіба што “мінскі” матацыкл, які падараваў яму дзед на чатырнаццацігодзе, ды яшчэ… чарку-другую.

Слушна і ў кантэксце рэалій дзяржаўнай школы У. Барысенка піша: “…дети воспитываются той семейной жизнью, какая складывается. Жизнь семьи тем и отличительна, что впечатления её постоянны, обыденны, что она действует на характер незаметно, укрепляет или отравляет дух ребенка, как воздух, которым мы дышим. …А что же школа? Кто-то из великих сказал, что её цель – воспитание и только воспитание. И надо как можно больше заботиться о том, чтобы искусство внедрять настоящим образом нравственность было поставлено в ней надлежащим образом, чтобы она действительно стала “мастерской людей”. …в своей школе он (Фёдар. – Ю.К.) получил за девять лет однобокое, искусственное воспитание. Его цели были временными и прикладными. И это воспитание вступило в разлад с натуральной жизнью. Жи-знью, которая потребовала вдруг полноты и всестороннего развития. Дед Федорка свое дело сделал, а вот отец и мать его не продолжили”.

Як рэха светлых, далёкіх успамінаў застаўся ў памяці Фёдара дзедаў кветнік з любімымі ружовымі півонямі, якія ён нечакана ўбачыў ля ўваходу ў калонію адкрытага тыпу, куды патрапіў падлеткам за групавое разам з п’янымі сябрукамі “Матыльком” і “Серым” збіванне і рабаванне, але выслухаць усё, што хацелі сказаць яму памятныя з дзяцінства кветкі, проста пабаяўся.

А Фядорка так і не дазнаўся: шкадуючы старога, дачка штораз тлумачыла адсутнасць сына яго занятасцю “навукай” у каледжы…

У. Барысенку ўдалося па-мастацку рэалістычна перадаць у гэтыя хвіліны складаны эмацыянальна-псіхалагічны стан свайго героя: “По телу Федорки пробегает дрожь: невесело, неубедительно как-то говорит дочка. Он, опять же неспеша, выходит и направляется в палисадник. Пристально, со слезою смотрит на розовые пионы и каким-то непонятным для всей природы чувством догадывается – внуку надо лечить душу. …А было бы всё нормально – внук непременно заскочил бы”. Постскрыптум аўтара: “Ни деда, ни внука я больше не видел, а очень хотелось бы… В деревне говорили, перед своей смертью Федорка прошептал: “Федька, де Федька…””.

На маю думку, “Розовые пио-ны” – драматычны і балючы аповед пра нацыянальную праблему – пра пакаленне беларусаў, атручаных глабальным вірусам спажывецтва і слепатой інтэлекту, пра нашых шматлікіх і паўсюдных “Матылькоў” і “Серых” з бутэлькамі “Баброва” ці “Хмяльнога” і прымітыўным “бум-бум-бум” з навушнікаў. Для гэтых маладзёнаў камертон хараства – не ў мілагучнасці роднага слова і, безумоўна, не ў вершах Янкі Сіпакова і Ніла Гілевіча, якім у кнізе з любоўю і пашанаю прысвечаны наступны твор – нарыс “Спадчына класікаў: расповед пра волатаў духу”. Аўтар асабіста ведаў славутых творцаў і неаднаразова пісаў пра іх у розных выданнях.

Заўважу, адна з самых грунтоўных размоў з Народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам у перыёдыцы – юбілейнае інтэрв’ю з ім Уладзіміра Барысенкі “Я прысягнуў на вернасць Беларусі”, надрукаванае 28 верасня 1996 года ў “Белорусской ниве”. Дарэчы, там у кантэксце ўжо закранутага вышэй нацыянальнага нігілізму Ніл Сымонавіч адзначыў: “Агульны стан любой нацыянальнай культуры вызначаецца агульным станам нацыянальнай мовы, якая ёсць першааснова і для літаратуры, і для тэатра, і для кіно, і для песеннай творчасці, і для эстрады, і наогул адыгрывае першаступенную ролю ў фарміраванні духоўнага аблічча нацыі. Ну, а па становішчы нашай мовы на нашай роднай зямлі Беларусь параўнаць няма з кім – нідзе да такой ганьбы грамадзяне краіны не апусціліся. …Пакуль карэнным чынам не зменіцца ў нас – і на дзяржаўным, і на бытавых узроўнях – адносіны да беларускай мовы, – пра паляпшэнне стану беларускай нацыянальнай культуры, тым больш пра яе ўздым, гаворкі не можа быць”.

З лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, пісьменнікам і перакладчыкам Янкам Сіпаковым – славутым земляком – Уладзіміра Барысенку звязвалі даўнія цёплыя таварыскія стасункі. Калі рыхтаваў артыкул, я адмыслова папрасіў спадара Уладзіміра ўзгадаць незабыўнае ў іх сустрэчах. І вось што ён адказаў: “Часцей звычайнага мы сустракаліся з Іванам Данілавічам увосень 1996-га, падчас напісання ім прадмовы да маёй другой кніжкі вершаў “Запаленне душы”. Размаўляць з майстрам было вельмі цікава. Адным з галоўных умоў паспяховай творчасці пісьменніка ён лічыў… цярпенне. Сёння я хачу гэта ў чарговы раз пацвердзіць, а гэтаксама ўспомніць геніяльны наказ-навуку майстра. Ён казаў, што ніколі не трэба слухацца іншых паэтаў, хай сабе і “майстроў жанру”. Бо кожны хваліць цябе часцяком за тое, што падабаецца ў цябе менавіта яму. А яму даспадобы якраз тое, што ты робіш у ягонай манеры, што кладзецца на ягоную асабістую  душу, што сугучна ягоным думкам і настроям. Вось гэта табе меней за ўсё і трэба, калі хочаш застацца самім сабой, а не тым, кім з’яўляецца твой дарадца і кумір. Таму адкрывай і пішы толькі тое, што табе падабаецца самому ў табе самім. Я прытрымліваўся гэтага ў кніжках, што пабачылі свет пасля той, прадмову для якой рабіў старэйшы сябра-зямляк, прытрымліваўся і ў “Перамовах…””.

На ўсё жыццё запомніў аўтар і наступныя праўдзіва-вострыя словы свайго старэйшага сябра-зямляка, якія якраз прыводзіць у іншым нарысе “Аварыя сумлення: расповед пра пасады і прынцыпы”. Неяк у траўні 1988-га загадчык аддзела навін “Сельской газеты” Барысенка забег у “Маладосць” да Сіпакова. Далей працытую з кнігі: “…Іван Данілавіч узначальваў аддзел мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі, потым працаваў адказным сакратаром вядомага часопіса. Ён узяў у рукі апошні нумар маёй газеты: “Чытай, што вы друкуеце… Мне сорамна, а табе?”. Тыкнуў пальцам у вялікі водгук беларускага начальніка на чарговую саюзную пастанову і вымавіў: “З нашага ўгодлівага, ліслівага, падлізлівага запалу з нас смяюцца ўжо ва ўсім свеце. Зноў будзем першымі ў Саюзе нешта перавыконваць, як з разбурэннем храмаў, атручваннем зямлі, асушэннем балот, здзекам над нашымі рэчкамі, не кажу ўжо пра мову… Амаральна гэта, разумееш, тым больш амаральна, калі выкарыстоўваеш для гэтага і чарговы падман…””.

Нарыс “Аварыя сумлення” пра Чарнобыльскую катастрофу, а дакладней – пра яе палітычнае вымярэнне і подзвіг ліквідатараў. А словы Я. Сіпакова пададзены ў кантэксце неадказных і злачынных дзеянняў у той трагічны час партыйнага чынавенства рэспублікі, для якіх узнагароды, службовае становішча, кар’ера сталі галоўнымі.

Аўтар згадвае рэакцыю тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ М. Слюнькова на настойлівыя парады адразу пасля аварыі дырэктара Інстытута ядзернай энергетыкі АН БССР Васіля Несцярэнкі пра неадкладную ёдавую прафілактыку насе-льніцтва і адсяленне бліжэйшай да станцыі яго часткі. Кіраўнік Беларусі раіў не панікаваць і не хваляваць народ – маўляў, на станцыі разбіраюцца, – і казаў: “Нельга забываць: ідзе халодная вайна. Мы абкружаныя ворагамі…”. А потым яшчэ, у процівагу ўкраінцам, якія дамагаліся ў Крамлі фінансаў, медыкаментаў, дазіметрычнай апаратуры, за 15 хвілін адрапартаваўся “старэйшаму брату”, што ў нас усё нармальна, справімся сваімі сіламі. Як вядома, у той горкі 1986-ы жыхароў Беларусі разам з дзецьмі паўсюдна вывелі на першамайскую дэманстрацыю… І як ні сумна і ні драматычна, адразу ўзнікае паралель з вясной 2020-га…

Слушна і актуальна У. Барысенка падсумоўвае: “Наступствы тэхнагеннай аварыі, хоць і не да астатку, ліківідаваць можна. Каб ліквідаваць аварыю сумлення – сродкаў на зямлі яшчэ і не прыдумалі, дый ніколі іх не знойдуць”.

Героі нарыса – ліквідатары-міліцыянеры, былыя супрацоўнікі падраздзяленняў аховы МУС. Чаму менавіта яны? Па-першае, міліцыя з’яўлялася адным з найбуйнейшых фарміраванняў ліквідатараў. Яе супрацоўнікі забяспечвалі эвакуацыю насельніцтва з забруджаных тэрыторый, потым неслі службу па ахове грамадскага парадку ў радыяцыйнай зоне. Па-другое, У. Барысенка мае непасрэднае дачыненне да праваахоўнікаў, бо больш за 15 гадоў адпрацаваў на журналісцкай ніве спачатку ў міліцэйскай шматтыражцы “На страже”, а потым у цэнтры культурна-выхаваўчай работы Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

Заўважу: на старонках “На страже” за ўсю гісторыю газеты, пачынаючы з выхаду яе першага нумара ў 1931 годзе, ніколі не друкавалася такіх аб’ёмістых па фармаце і змястоўных беларускамоўных матэрыялаў на розныя тэмы, найперш пра нацыянальную культуру, як тыя, што належалі аўтару  “Перамоў з жыццём” у ХХІ стагоддзі. Кажу гэта адказна, бо сам вывучаў усю шматгадовую падшыўку газеты. У. Барысенка пісаў пра Я. Брыля, З. Бядулю, М. Гарэцкага, Я. Коласа, К. Крапіву, А. Куляшова, Я. Купалу, Я. Маўра, П. Труса, Цётку… – пісаў цікава і прыгожа, пісаў, каб пазнаёміць зрусіфікаваных праваахоўнікаў з багатай спадчынай свайго народа і данесці да іх слова беларускае. Ён таксама з’яўляецца аўтарам першай кнігі на роднай мове па гісторыі стварэння, станаўлення і развіцця службы аховы МУС – “На варце грамадскага спакою” (2018). Гэта ўсё пра ўнёсак аўтара ў беларускасць.

Акрамя вышэйпералічаных беларускамоўную частку кнігі таксама складаюць эсэ “Белыя ночы: расповед пра земляцкі трохкутнік” і два нарысы – “Друкарскі хлеб: расповед пра роднае выдавецтва” і “Паэтычная гісторыя: расповед пра Семашкевіча і Мяснікова”. Спынюся на апошнім.

Мяркую, галоўны герой у ім усё-такі Міхась Чарот, стаўленне да асобы якога, паводле аповеду, па-рознаму выявілі нашы шаноўныя літаратары і навукоўцы – Рыгор Семашкевіч (1945 – 1982) і Анатоль Мяснікоў (1950 – 2011).

Зноў жа, дзеля цікавасці не буду пераказваць змест, але нагадаю пра малавядомую сёння публікацыю, на якую робіцца акцэнт у нарысе. Гэта артыкул А. Мяснікова (дарэчы, бліз-кага сябра аўтара) “Паэт-трыбун. Чалавек часу. Ахвяра рэжыму”, надрукаваны ў 1996 годзе ў “Звяздзе”. Ён апавядае пра выкрывальніцкі верш М. Чарота “Суровы прыгавор пад-пісваю першым”. Рэдакцыя атрымала на артыкул адзіны (!) водгук, але які! Быў ён ад вядомага літаратуразнаўца, прафесара Берасцейскага ўніверсітэта Цімоха Ліякумовіча.

“Такі ўрок, – пісаў прафесар, – трэба выкарыстоўваць дзеля таго, каб не паўтарыліся абставіны, якія прымушаюць чалавека забывацца аб сваім прызначэнні, аб тым лепшым, чым адаравала яго прырода. Кожнаму чалавеку ў любы момант наканавана праходзіць выпрабаванне на чэснасць і подласць. Вера ў перамогу гістарычнай праўды дапамагае зрабіць маральны выбар на карысць дабра. Толькі трэба глыбока ўнікаць у трагедыю эпохі, у трагедыю асабістых лёсаў”.

Магу пашкадаваць, што ў кнігу не ўвайшло болей падобных твораў. Упэўнены, Уладзімір Барысенка можа яшчэ шмат цікавага распавесці пра знаных пісьменнікаў і паэтаў. За 45 гадоў журналісцкай дзейнасці яму давялося папрацаваць у розных рэспубліканскіх выданнях – “Знамя юности”, “Сельской газете”, “Белорусской ниве”, “На страже”, часопісе “Беларуская думка”. Ягонымі калегамі ў гэтых калектывах былі Марыя Вайцяшонак, Уладзімір Глушакоў, Васіль Жуковіч, Браніслаў Спрынчан (1928 – 2008), Віктар Супрунчук, Мікола Федзюковіч (1943 – 1997), Васіль Шырко, Яўгенія Янішчыц (1948 – 1988), першы айчынны Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.

Падсумаваць водгук-роздум на кнігу аўтара хацелася б яго ўласнымі словамі: “Складальнікамі прапанаванай кнігі сталі жыццё і абставіны, час і памяць, якія вымушаюць кожнага з нас заглянуць у свой унутраны свет і яшчэ раз задумацца пра мэту і сэнс не толькі свайго асабістага існавання. Аўтар падкрэслівае, што змагчы і паспець зрабіць радасць і задавальненне, задуму і прызначэнне больш рэальнымі, адчувальными і поўнымі, прыцягнуць да жыццёвага імгнення водблеск вечнага, нецямнеючага святла, быць першапачаткова і даастатку застацца чалавекам – прэрагатыва выключна самой разумнай істоты”.

Юры Кур’яновіч.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0323
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4020
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1417
Далучайцеся да нас