ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прымеркаваныя да 500-годдзя заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі у гэтым годзе адбыліся ў незвычайнай форме – у анлайн-фармаце з відэатрансляцыяй у рэжыме рэальнага часу, але сталі плённымі і паспяховымі.
На працягу многіх дзесяцігоддзяў Нацыянальная біб-ліятэка Беларусі выконвае адказную справу збірання, вывучэння і папулярызацыі беларускай і сусветнай кніжнай спадчыны і такім чынам забяспечвае духоўную і інтэлектуальную пераемнасць пакаленняў, перадачу фундаментальных каштоўнасцей і ідэалаў, стварае ўмовы для ўзбагачэння ўнутранага свету і раскрыцця творчага патэнцыялу шырокага кола сваіх карыстальнікаў. Выкананню гэтай высакароднай місіі служыць і правядзенне Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія ладзяцца ў бібліятэцы ўжо трэцяе дзесяцігоддзе.
– Мы не змаглі адмяніць традыцыю штогадовага правядзення гэтай слаўнай навуковай канферэнцыі, – адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А.А. Суша, – як і не захацелі забыцца пра святыню беларускай зямлі – Жыровіцкі манастыр і цудатворны абраз, які святкуе сёлета свой юбілей. Наша міжнародная канферэнцыя стала такім своеасаблівым паклонам духоўнаму цэнтру Беларусі. Для нас вельмі важным з’яўляецца не перарываць традыцыю наладжвання наву-ковага дыялогу і супрацоўніцтва паміж даследчыкамі розных краін, даць магчымасць па-дзяліцца вынікамі актуальных навуковых дасягненняў і праектаў.
З прывітальнымі словамі на адкрыцці навуковага форуму выступілі: міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Паўлавіч Бондар, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Сцяпанавіч Матульскі, прарэктар па навукова-багаслоўскай рабоце менскіх Духоўных акадэміі і семінарыі, кандыдат багаслоўя, дацэнт, Аляксандр Валер’евіч Слесараў.
На інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі было зарэгістравана больш за 100 дакладаў і каля 60 артыкулаў былі прадстаўлены для друку ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.
Вялікую цікавасць удзельнікаў канферэнцыі выклікалі выступленні Алеся Сушы аб паходжанні Жыровіцкага Евангелля, намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдата гістарычных навук Дзяніса Лісейчыкава пра герб Жыровічаў, намесніка дырэктара па навуковай рабоце Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Галіны Рыгораўны Нячаевай, якая паведаміла пра новыя матэрыяалы пра Жыровіцкі абраз і абраз Божай Маці ў рукапісах стараабрадцаў канца ХVII – пачатку ХVIII ст.
Прафесар Раман Сцяпанавіч Матульскі паведаміў пра віртуальную рэканструкцыю бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў, доктар сакральнай тэалогіі Ірына Міхайлаўна Дубянецкая падзялілася інфармацыяй пра даследванне Лонданскага Евангелля.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Miкалаеўна Фiлатава распавяла пра жыццё і дзейнасць Менскага і Бабруйскага праваслаўнага архіепіскапа Міхаіла Галубовіча.
Кандыдат гістарычных навук Павел Булаты пазнаёміў з археаграфічным даследаваннем кнігазбору касцёла ў Ляхавічах. Таццяна Анатольеўна Лаўрык азнаёміла з публікацыямі беларускага пісьменніка міжваеннага перыяду Вячаслава Адамовіча (Дзергача) на старонках беларускіх газет. Ксенія Суша праінфармавала пра экспазіцыйна-выставачны праект, прысвечаны нацыянальным энцыклапедыям.
ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні засведчылі пра высокі ўзровень даследванняў кніжнай культуры Беларусі, духоўна ўзбагацілі яго удзельнікаў і ўсіх, хто сачыў за падзеяй у віртуальнай прасторы.
Падрыхтавала Э. Дзвінская.
Фота www.nlb.by