• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 14 красавіка 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Навіны Германіі. “Самае складанае – арганізаваць час”

Навіны Германіі. “Самае складанае – арганізаваць час”

18 мая 2020, 20:20 У свеце 4
Навіны Германіі. “Самае складанае – арганізаваць час”

Як школьнікі Берліна навучаюцца дыстанцыйна і абмяркоўваюць каронавірус з настаўнікамі

Зыгрун Дорынг працуе ў нямецкім фондзе “Памяць, адказнасць і будучыня”. У межах супольных праектаў не раз прыязджала ў Беларусь. Сям’я Зыгрун жыве ў раёне Кёпенік на паўднёвым усходзе Берліна. Яе малодшы сын, 14-гадовы Бела, вучыцца ў 8 класе гімназіі.

– Адукацыя ў Германіі – справа дэцэнтралізаваная. Кожная федэральная зямля вырашае адукацыйныя пытанні па-свойму, пачынаючы ад падручнікаў і грошай на абеды і заканчваючы навучальным працэсам, – тлумачыць Зыгрун. – У Берліне паралельна дзейнічаюць дзве сістэмы. Пасля малодшай школы – 1-6 класы, дзіця можа паступіць альбо ў гімназію і атрымаць “абітур” (атэстат) праз шэсць гадоў, альбо вучыцца ў Sekundarschule да 13 класа. Праграмы вельмі падобныя. Розніца ў тым, што ў школе меншая нагрузка і больш павольны навучальны працэс.

 

Гімназія Белы побач з домам – на ровары 7-8 хвілін. З 17 сакавіка ён вучыцца дыстанцыйна. У ягоным класе 32 вучні. Усяго ў гімназіі больш за 500 дзяцей.

– За некалькі дзён класная кіраўніца Белы папярэдзіла пра пераход на дыстанцыйнае навучанне, – кажа Зыгрун. – Спачатку заданні дасылалі праз электронную пошту, кожны выкладчык пазначаў тэрмін, да якога трэба выканаць працу. Пасля настаўніца зрабіла кожнаму вучню акаўнт на платформе Lernraum Berlin – “навучальная прастора Берлін”. У першы час, калі на платформе быў аншлаг, усё працавала вельмі марудна. Звычайна пляцоўкай карысталіся вучні 11, 12, 13 класаў. Аднак у сувязі з каранавірусам на ёй зарэгістравалі і маладзейшыя класы.

Па большасці прадметаў вучэбны працэс выглядае так: вучань спампоўвае заданні, выконвае іх і да пазначанага тэрміну вяртае настаўніку. Часам дзецям прызначаюць дадатковыя анлайн-актыўнасці па-за платформай.

– Настаўніца французскай мовы зрабіла падборку фільмаў па граматыцы, і заданні трэба было выконваць па праглядзе. Настаўнік гісторыі таксама раіць фільмы, прысвечаныя знакамітым людзям альбо пэўным падзеям, – каментуе Зыгрун.

 

Па яе словах, шмат залежыць ад асобы выкладчыка. Хтосьці вядзе анлайн-відэазаняткі з усім класам, а нехта дасылае папяровыя заданні ў паштовую скрынку.

Паводле звыклага раскладу, у Белы 6-7 заняткаў. Вучоба пачыналася а 8 раніцы і заканчалася а 2-й ці 3-й гадзіне па паўдні. Цяпер у Белы ненармаваны графік.

 – Спачатку было вельмі няпроста. Сын прасіў сядзець побач з ім і ўвесь час пакідаў убаку сваё асноўнае заданне, – узгадвае суразмоўца. – Усё расцягвалася ў часе. На заданні, якія можна было выканаць за 10 хвілін, трацілася гадзіна. А я не такая строгая, як настаўніца. Цяпер Бела ўжо прызвычаіўся, зрабілася прасцей. Часам падыходзіць да мяне ці мужа, каб мы нешта патлумачылі. Альбо сказалі, што думаем наконт ягонага адказу і ці дастаткова ён напісаў.

 

Большасьць прадметаў на дыстанцыйным навучанні засталіся тыя самыя, што і ў агульнай праграме. Дадаткова Бела вывучае ангельскую і французскую мовы. Змяніўся фармат.

– Дзеці даволі часта некуды выходзілі на тэматычных занятках, – кажа Зыгрун. – Да прыкладу, у Белы цудоўны выкладчык па рэлігіязнаўстве – гэта неабавязковы прадмет, на яго запісваюцца па жаданні. Ён водзіць дзяцей у розныя культавыя ўстановы і знаё-міць з асаблівасцямі рэлігій свету. Цяпер дзецям гэтага не хапае.

 

Па словах Зыгрун, гурткі і дадатковыя заняткі ў Берліне па-ранейшаму не працуюць. Дзеці большую частку дня праводзяць дома.

– Бела любіць быць дома. Каб выцягнуць яго на двор, трэба доўга ўгаворваць. Выязджае на ровары з бацькам і старэйшым братам, які, дарэчы, сам пашыў нам усім маскі.

 

Бела ўжо можа заставацца дома адзін. Муж Зыгрун працуе дыстанцыйна з дому, яна выходзіць на працу пры патрэбе. За гэты час была ў адпачынку і брала дадатковыя выходныя. Цяжэй бацькам дзяцей малодшых класаў, кажа Зыгрун.

 – На працы можна пісаць заяву аб пазачарговым адпачынку, калі трэба застацца дома і клапаціцца пра дзяцей. У садках дзейнічаюць толькі экстранныя групы па доглядзе за дзецьмі, чые бацькі працуюць у жыццёва важных і н-абходных цяпер галінах – перадусім медыцыне, транспартнай сферы і сферы паслуг.

 

Для дзяцей самае складанае – арганізаваць свой час, упэўненая Зыгрун.

– Яны вымушаныя самастойна займацца. Бела ўсё адкладае на апошні момант і не паспявае. Не можа арганізаваць свой час. Я размаўляла з бацькам аднаго з аднакласнікаў Белы. У іх сям’і практыкуюць заняткі па блоках: блок матэматыкі, нямецкай мовы. Дзень такім чынам структуруецца.

З большага Зыгрун задаволеная, як наладжаны навучальны працэс.

– Мне здаецца, выкладчыкі стараюцца зрабіць лепшае ў гэтай сітуацыі.

 

Зыгрун расказала, што ў Белы ёсць асобны прадмет – этыка. На ім з дзецьмі абмяркоўваецца ў тым ліку сітуацыя з каронавірусам.

– Выкладчык у заданнях просіць, каб вучань сцісла апісаў, як сябе паводзяць яго бабуля і дзядуля падчас каранавірусу і ці застаецца ён з імі ў кантакце, наколькі ён баіцца, што яны могуць інфікавацца і цяжка захварэць, – кажа Зыгрун. – Дзецям даюць спасылкі на артыкулы па тэме ў часопісе Der Spiegel, з якімі трэба азнаёміцца і зрабіць высновы. Альбо напісаць адказ на выступ, да прыкладу, віца-губернатара Тэхаса Дана Патрыка, які прапанаваў ахвяраваць пажылымі людзьмі на карысць росквіту ЗША.

 

Сярод заданняў – падрыхтаваць падрабязны спіс аргументаў “за” і “супраць” на тэму “Ці варта ахвяраваць бабулямі і дзядулямі, каб уратаваць грамадства?” Аргументы можна знайсці ў артыкуле, прыдумаць самому альбо знайсці ў дыскусіях у інтэрнэце альбо паразмаўляць з бацькамі.

– Аргументы просяць не проста пералічыць, але і патлумачыць, чаму яны вучня пераканалі ці не пераканалі, – працягвае Зыгрун. – Альбо паразважаць над тэзісамі, кшталту – “дзяржава не мае права ставіць у небяспеку жыццё асобных людзей на карысць большасці. Усё грамадства павінна абараняць старых і слабых, нават калі з гэтай прычыны шмат людзей губляе працу і зарабляе нашмат менш грошай”. Альбо – “Калі дзеля абароны асобных людзей ставіцца ў небяспеку грамадства, гэта несправядліва. Мы не павінны дзеля абароны пажылых людзей аддаць на бяздзейнасць усё грамадства”.

– У заданнях па этыцы я бачыла такія пытанні: калі хварэюць малады і стары чалавек і няма магчымасці лячыць усіх – як ты лічыш, ці дапушчальна з маральнага пункту гледжання не лячыць старога, а займацца маладым? – прыводзіць чарговы прыклад Зыгрун. – Мне падабаецца, што з дзецьмі гэта абмяркоўваюць, заклікаюць выказваць свае думкі і сачыць за тым, што адбываецца ў грамадстве.

 

У Берліне ў Белы жывуць бабулі і дзядуля.

– Ён вельмі іх любіць. Не бачыўся з імі ўжо некалькі тыдняў. Вельмі пакутуе ад гэтага. Калі я сказала, што бачылася са сваёй мамай у нядзелю, ён вельмі засмуціўся і сказаў, што гэта несправядліва. Але ён размаўляе з імі праз тэлефон, – кажа суразмоўца.

Зыгрун кажа, што з мінулага тыдня вучні пачалі вяртацца ў школы. Першымі вярнуліся абітурыенты – 12-класнікі ў гімназіях і 13-класнікі ў Sekundarschule, якія рыхтуюцца да экзаменаў. З гэтага тыдня ў Sekundarschule запрасілі і дзявятыя класы, але па строгім рэгламенце.

– У памяшканне яны ідуць паасобку, настаўнік назірае, каб кожны як мае быць апрацоўваў рукі і адразу ішоў у клас. Маскі на занятках можна надзяваць па жаданні, – кажа Зыгрун. – Клас дзеляць на тры групы, і кожная займаецца ў асобным памяшканні. З гэтым пакуль праблемаў няма, бо астатнія класы вучацца дома. Альбо запрашаюць на вучобу праз дзень – па палове класа.

 

Па словах Зыгрун, берлінская сенатарка па справах адукацыі прапана-вала запрасіць у школы тых з сямі- і васьмікласнікаў, хто мае цяжкасці з вучобай, альбо тэхнічныя праблемы, альбо каму абставіны перашкаджаюць вучыцца дома.

 – Бацькі адрэагавалі досыць крытычна, і я з імі згодная, што такая сітуацыя можа прывесці да стыгматызацыі сярод вучняў, – дадае Зыгрун. – Таму пакуль меншыя дзеці займаюцца па-ранейшаму дома. Аднак да канца навучальнага года ўсе класы плануюць вярнуць у школу.

 

Летнія канікулы ў Берліне пачынаюцца 25 чэрвеня.

Зыгрун адзначыла, што на вуліцах Берліна людзей стала трошкі болей. Аднак па-ранейшаму дзейнічаюць абмежаванні: можна гуляць толькі з тымі, хто жыве з табой у адной кватэры. У іншым выпадку – толькі па двое і на адлегласці як мінімум 1,5 метра. Таксама цяпер абавязкова трэба надзяваць маску, калі заходзіш у грамадскі транспарт ці краму.

ЯШ.

Радыё Свабода.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
FaceApp састарыла 150 мільёнаў твараў па ўсім свеце. Чым гэта небяспечна?
Грамадства

FaceApp састарыла 150 мільёнаў твараў па ўсім свеце. Чым гэта небяспечна?

18 ліпеня 2019, 22:0523
Бітва на Ворскле: як Літва хацела Русь аб’яднаць
Грамадства

Бітва на Ворскле: як Літва хацела Русь аб’яднаць

14 жніўня 2019, 15:1423
Залікоўкі можна запаўняць па-беларуску
ТБМ

Залікоўкі можна запаўняць па-беларуску

23 сакавіка 2020, 23:1221
Рукапіснае Евангелле ад брата Якуба Коласа
Выданні

Рукапіснае Евангелле ад брата Якуба Коласа

21 лютага 2019, 11:0820
Далучайцеся да нас