У цяперашні час у свеце праводзіцца больш за 100 даследаванняў у мэтах пошуку лекаў ад каронавіруса і прафілактыкі заражэння. Адначасова вядуцца распрацоўкі вакцыны ад COVID-19.
Поспехі амерыканскіх навукоўцаў
Федэральнае кіраванне ЗША па кантролі за лекамі і прадуктамі (FDA) у экстранным парадку ліцэнзавала прымяненне прэпарату Remdesivir для лячэння хворых COVID-19 у цяжкім стане. Рашэнне грунтавалася на выніках даследавання, якое паказала, што частка хворых, якія атрымлівалі гэтыя лекі, вылечылася ад каронавіруса.
Антывірусны прэпарат Remdesivir запавольвае пранікненне віруса ў здаровыя клеткі, што перашкаджае размнажэнню інфекцыйнага агента. Калі вірус спрабуе стварыць мноства ўласных копій, лекі парушаюць гэты працэс. Вытворца прэпарата – кампанія Gilead Sciences Inc. – прадэманстравала, што Remdesivir эфектыўны і пры іншых каронавірусных інфекцыях, такіх як SARS і MERS.
Ліцэнзія FDA, якая звычайна выдаецца праз шмат месяцаў пасля клінічных выпрабаванняў, была выдадзена ў экстранным парадку пасля таго, як папярэднія вынікі даследаванняў пад эгідай адміністрацыі ЗША, паказалі, што Remdesivir скарачаў час выздараўлення на 31% (у сярэднім – на 4 дні) у стацыянарных хворых з цяжкім ходам COVID-19.
Д-р Энтані Фаўчы, які ўзначальвае нацыянальны інстытут аховы здароўя і які з’яўляецца кансультантам прэзідэнта па пытаннях каранавіруса, заявіў, што прэпарат увойдзе ў новы стандарт лячэння хворых COVID-19.
У той жа час, іншы прэпарат гідраксіхларахін, на які спадзяваліся, аказаўся неэфектыўным ў паляпшэнні стану хворых.
Дасягненні вучоных Ізраіля
У інстытуце біялагічных даследаванняў у Нес-Цыёне ў Ізраілі паведамілі аб атрыманні першага працоўнага ўзору прэпарату ад каронавіруса.
У сумеснай заяве інстытута і міністэрства абароны Ізраіля сцвярджаецца, што прэпарат працуе і як вакцына, і як лекі, прыгнятаючы каронавірус ў арганізме хворага чалавека.
Монакланальные антыцелы (антыцелы, якія выпрацоўваюць імунныя клеткі), пакладзеныя ў аснову прэпарату, былі атрыманы з плазмы крыві жывёл і людзей, якія перахварэлі каронавірусам. Клінічныя выпрабаванні паказалі высокую эфектыўнасць прэпарату.
Міжнародная група навукоўцаў у ходзе эксперыментаў, праведзеных у Утрэхтскім ўніверсітэце, знайшла монакланальныя антыцелы, якія змаглі ў лабараторных умовах адолець COVID-19. Артыкул аб сваім даследаванні навукоўцы апублікавалі 4 траўня ў навуковым часопісе Nature Com-munication.
Дапамагчы выздаравець бліжняму
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў тых, хто перанёс каронавірусную інфекцыю, стаць донарамі крыві, якая можа стаць паратункам для цяжкахворых на каронавірус.
– Калі так сталася, што вы захварэлі, але з Божай дапамогай і дзякуючы ахвярным высілкам медыкаў вылечыліся ад гэтай небяспечнай хваробы без цяжкіх наступстваў для здароўя, досвед вашага цярпення можа прынесці вялікую карысць іншым людзям, -адзначыў іерарх Каталіцкага касцёла. -У арганізме чалавека, які перахварэў нейкай вострай віруснай ці бактэрыяльнай інфекцыяй, імунная сістэма выпрацоўвае супраць патагена антыцелы – спецыяльныя бялкі, якія дапамагаюць змагацца з інфекцыяй і не захварэць на яе паўторна пэўны час (у выпадку з некаторымі хваробамі – нават усё жыццё).
Аналагічным чынам працуюць і вакцыны: калі мы робім прышчэпку, антыцелы да кампанентаў мікраарганізмаў выпрацоўваюцца нават без факту самога захворвання.
Мы пакуль што не ведаем канкрэтна, як чалавечы імунітэт адказвае на новы каранавірус COVID-19, бо жывём у век доказнай медыцыны, калі для дакладнага сцвярджэння патрэбныя пэўныя час і высілкі правядзення шматлікіх даследаванняў. Але медыкі сведчаць, што гэты новы вірус прынцыпова не адрозніваецца ад сваіх больш бяспечных для чалавека “суродзічаў”: як і іншыя каронавірусы, ён павінен выклі-каць імунны адказ.
На сёння ад COVID-19 пакуль няма вакцыны. Фактычна, нашыя медыкі гераічна змагаюцца за жыццё хворых з адзінай мэтай: максімальна падтрымліваць іх жыццёва важныя органы, пакуль арганізм не выпрацуе ўласныя антыцелы.
Любыя браты і сёстры ў Хрысце! Я заклікаю вас выканаць запаведзь любові да бліжняга і дапамагчы іншым хворым, калі вы самі нядаўна перанеслі пацверджаны выпадак COVID-19. У вашай крыві знаходзяцца каштоўныя антыцелы, якія нашы прафесійныя медыкі могуць з яе выдзеліць.
Вашымі антыцеламі будуць эксперыментальна лячыць іншых, цяжкахворых людзей. Наколькі вынік лячэння будзе эфектыўным, медыкі скажуць, калі пандэмія скончыцца. Але дайце іншым цяжкахворым прынамсі гэты шанец!
Падрыхтавала Э. Оліна.