Так здарылася ў маім жыцці, што толькі на 48 годзе я быў ахрышчаны ў Магілёўскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Бялыніцкай. Святы сакрамант 24 чэрвеня 2001 года здзейсніў святар Пётр (Анры) Мартэн і ў гэты ж дзень, разам з іншымі магілёўскімі вернікамі, я адправіўся ў пілігрымку на сустрэчу з Янам Паўлам II у Кіеў.

У гэтыя дні па запрашэнні прэзідэнта Леаніда Кучмы і кіраўніцтва Грэка-каталіцкай і Рыма-каталіцкай цэркваў гэтай краіны на Украіну з візітам прыбыў Папа Рымскі Ян Павел II. Падзея была не толькі вельмі значная для жыхароў Украіны, а таксама і для іншых краін былога Савецкага Саюза, кожная з якіх распачала свой шлях да станаўлення самастойнасці і незалежнасці.
Ян Павел II правёў на Украіне пяць дзён – наведаў сталічны Кіеў і Львоў, як цэнтр Украінскай Грэка-каталіцкай царквы. У Кіеве ён наведаў Аскольдавую магілу, дзе знаходзіцца помнік князю Уладзіміру і прамовіў малітву. Пабываў у Бабіным Яры каля мемарыяла памяці ахвярам Другой сусветнай вайны. Таксама Святы Ойча правёў перамовы з тагачасным прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам.
Потым на аэрадроме Чайка адбыліся дзве літургіі ў лацінскім і візантыйскім абрадах. Наша магілёўская групоўка дапоўніла агульную беларускую дэлегацыю, і мы разам арганізавана рушылі да месца, якое была прызначана для Беларусі. Побач знаходзілія сектары з пілігрымамі з Казахстана і Славакіі.
Святочная літургія была арганізавана вельмі ўрачыста і прыгожа. Была пабудавана спецыяльная пляцоўка для алтара, пляцоўкі для шматлікіх удзелькаў святочнага мерапрыемства. На асобнай пляцоўцы знаходзіліся ганаровыя госці і шматлюдныя хор і аркестр. Пасля музычнага праслаўлення распачалася Святая Імша, якую ўзначаліў Ян Павел II.
Асабіста мяне вельмі ўразіла ўрачыстасць, якая прысутнічала сярод усіх прысутных. Але найбольш кранула тое, што Вялікі хрысціянін звярнуўся да прысутных на іх родных мовах. І калі загучала наша беларуская, над нашым сектарам міжвольна загучалі радасныя і ўзнёслыя воклічы ўдзячнасці, якія напаўнялі нашыя сэрцы захапленнем і гонарам за наш беларускі народ. Другі раз сярод прысутных беларусаў нешта падобнае адбылося калі Папамабіль з Янам Паўлам II па заканчэнні літургіі праязджаў побач з нашай пляцоўкай.

З прамовы пантыфіка асабліва хачу ўзгадаць яго словы: “Жыццё хрысціяніна – гэта жыццё ў бурлівым моры. А компасам для яго, каб абавязкова дайсці да мэты, ёсць дзесяць Божых запавядзей. Калі мы не будзем прытрымлівацца компаса, СВАБОДЫ і ГОДНАСЦІ нам не ўбачыць”.
Алесь Грудзіна,
Шклоўская арганізацыя ТБМ
імя Ф. Скарыны.

