• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 15 красавіка 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
САМАІРОНІЯ І РОЗДУМ

САМАІРОНІЯ І РОЗДУМ

12 мая 2020, 08:41 Выданні 4
САМАІРОНІЯ І РОЗДУМ

У сваіх знакамітых “Словах пігмея” Акутагава цытуе кітайскага тэарэтыка мастацтва Ван Шанчжэня: “Удзеянне карціны доўжыцца трыста гадоў, уздзеянне пісьма – пяцьсот гадоў, уздзеянне літаратурнага твора – бясконцае…”.

Падсвядома разумеючы гэта, шмат хто з творцаў не абмяжоўваецца чымсьці адным, плённа праяўляючы сябе і ў іншых культурных сферах. Такі сінкрэтызм знайшоў адлюстраванне ў творчасці пісьменніка, мастака, выдаўца Уладзіміра Сіўчыкава.

Кожная ягоная новая кніга – унікальны праект, эксперымент па пошуку аптымальнай формулы ўзаемадзеяння з чытачом. Ён вывучае і аналізуе сучаснасць, фіксуе норавы суайчыннікаў, занатоўвае дыялогі, распавядае пра разнастайныя кур’ёзныя і трагікамічныя выпадкі з жыцця. Абраная Сіўчыкавым класічная форма фацэцыі, вядомая яшчэ з часоў італьянскага Адраджэння, надзвычай арганічна прыжылася на беларускай глебе. Па-мастацку, мазкамі накідваючы фарбы, аўтар стварае “лапікавую коўдру”, адметнае палатно эпохі, дзе паяднаны лёсы, характары, сюжэты і ідэі.

Сёлета пісьменнік зноў усцешыў аматараў сваёй творчасці новым зборнікам “Пацалаваць Фідэля”, які сам жа і аздобіў уласнымі фотаработамі. Чаму такая назва – чытач дазнаецца, прачытаўшы аднайменны аповед. У кнізе змешчаны вядомыя  “Уладзевы гісторыі”, нататкі пра падарожжы як па Беларусі, так і па далёкім замежжы, а таксама краязнаўчыя нарысы.

Займальныя, часцяком фрывольныя фацэцыі, што ўвайшлі ў зборнік – своеасаблівая хроніка жыцця сучаснай літаратурнай і мастацкай багемы, прычым за сатырай тут хаваецца мараль, а за самаіроніяй – глыбокі роздум. Часам прарываецца ў яго развагах смутак: у прыватнасці, ён шкадуе, што ў сталіцы сёння  “…куды часцей пачуеш не беларускую, а кітайскую ці арабскую мовы”.

Варта адзначыць, што гумар Сіўчыкава хоць і дасціпны, але не з’едлівы, і тым болей не абразлівы. Пісьменнікі, навукоўцы, мастакі, выдаўцы ў ягоных аповедах – звычайныя жывыя людзі, разам з якімі ён жартуе, радуецца, смуткуе, і над імі ж, здараецца, раз-пораз нязлосна пакеплівае.

Шмат каго з персанажаў аўтар зашыфроўвае, пакідаючы ад прозвішчаў толькі першыя літары.  Але дапытлівы чытач, безумоўна, пазнае ў кнізе Янку Сіпакова,  Генадзя Бураўкіна,  Зміцера Коласа, Анатоля Клышку ды іншых… Сустрэнуцца на старонках кнігі і Янка Купала, і Уладзімір Караткевіч з Адамам Мальдзісам, а таксама Янка Брыль, Іван Міско – пра кожнага з іх у аўтара ёсць што распавесці.

Alter ego пісьменніка, Уладзя (альбо Уладзімір С.) – інтэлігент, інтэлектуал, чалавек, які жыве літаратурай і мастацтвам. Ён  увесь час здзіўляецца праявам жыцця, імкнецца па-філасофску асэнсаваць рэчаіснасць, не баючыся памыляцца, спазнаваць штосьці новае – няважна, ці то падчас прыгатавання дранікаў для грузінскіх сяброў, альбо лётаючы на паветраным шары, ці вандруючы за акіян (раздзел “Аднойчы вясною ў Амерыцы”).

Нягледзячы на своеасаблівы касмапалітызм, якім прасякнуты зборнік, відавочна, што галоўная крыніца натхнення для пісьменніка – менавіта Беларусь. Гэта ў першую чаргу горад Жодзіна, дзе ён нарадзіўся, лысагорскія краявіды і, вядома ж, Менск, які зрабіўся родным аўтару, і дзе на кожным кроку можна сустрэць знаёмага літаратара ці мастака. Заключная частка выдання пад назвай “Магічныя мапы” – якраз прысвечана мясцінам, блізкім сэрцу аўтара – Парку Горкага, Вайсковым могілкам, Музею валуноў ва Уруччы, жодзінскім, лепельскім, ракаўскім краявідам.

“Невызнаныя шляхі Божыя!” – паўтарае Уладзімір Сіўчыкаў вядомае выслоўе, аналізуючы творчасць беларускіх аўтараў у кантэксце сусветнай літаратуры. Напрыклад, вось да якой высновы ён прыходзіць, разважаючы пра Алеся Якімовіча: “Але наўрад ці мог ён уявіць, што самымі запатрабаваным з ягонай творчай спадчыны, надрукаванымі мільённымі тыражамі акажуцца… апрацоўкі беларусіх народных казак”.

На першы погляд адрасаваная аматарам мастацтва і калегам-пісьменнікам, кніга тым не менш выйшла далёка за рамкі зборніка падарожных запісаў, показак і калялітаратурных анекдотаў. Гэта ў першую чаргу інтрыгоўны летапіс-дакумент, каштоўны артэфакт, сведчанне трываласці і неўміручасці мастацкага слова, увасобленага ў адметную і цікавую форму.

Янка Лайкоў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
FaceApp састарыла 150 мільёнаў твараў па ўсім свеце. Чым гэта небяспечна?
Грамадства

FaceApp састарыла 150 мільёнаў твараў па ўсім свеце. Чым гэта небяспечна?

18 ліпеня 2019, 22:0523
Бітва на Ворскле: як Літва хацела Русь аб’яднаць
Грамадства

Бітва на Ворскле: як Літва хацела Русь аб’яднаць

14 жніўня 2019, 15:1423
Рукапіснае Евангелле ад брата Якуба Коласа
Выданні

Рукапіснае Евангелле ад брата Якуба Коласа

21 лютага 2019, 11:0821
Залікоўкі можна запаўняць па-беларуску
ТБМ

Залікоўкі можна запаўняць па-беларуску

23 сакавіка 2020, 23:1221
Далучайцеся да нас