У гісторыі Беларусі не раз здараліся эпідэміі чумы, халеры, “гішпанкі” іншых пошасцяў. У тыя часы медыцына была значна слабей развіта. Але людзі звярталіся да Вышэйшых сілаў з просьбай аб дапамозе, аб выбаўленні ад хваробы. Прыкладам можа служыць касцёл св. Роха на Залатой горцы ў Менску, сродкі на які складалі на знак падзякі святому Роху за выбаўленне ад халеры, насыпаўшы цэлую горку залатых манет.
Сёння мы маем высокатэхналагічную развітую медыцыну і спадзяёмся, што яна дапаможа. Але ці не павінны мы павышаць сваю духоўнасць, умацоўваць веру, падымаць дух, звяртаючыся да прыкладаў у беларускай гісторыі і літаратуры? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да вядомага гісторыка, пісьменніка і паэта, аўтара больш 30 кніг прозы, вершаў, эсэ і гістарычных нарысаў, спадара Уладзіміра Арлова.
– Эпіграфам да гэтага адказу я ўзяў бы нядаўнія словы мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пра тое, што трэба маліцца так, нібы ўсё залежыць толькі ад Бога і рабіць так, нібы ўсё залежыць толькі ад нас.
Узгадайма найперш нашага знакамітага доктара Францішка Скарыну. Ён бліскуча здае экзамен у Падуанскім універсітэце, першым з усходніх славян атрымлівае навуковую ступень доктара медыцыны і неўзабаве, не адракаючыся ад лекарскай практыкі, бярэцца за пераклад Бібліі, каб даць свайму народу “броні духоўныя”.
– Як Вы лічыце, ці можам мы ўмацаваць наш імунітэт, звяртаючыся да беларускай мовы, літаратуры? Бо нездарма сказаў наш класік: ” Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Магчыма, беларускасць, закладзеная ў падсвядомасці, абароніць нас, як ген нашай нацыі, ген жыцця?
– Я пагаджаюся з тымі, хто лічыць, што паняцце “нацыянальны імунітэт” – не метафара, а рэальны, магутны (калі гэты імунітэт сапраўды выпрацаваны) сродак супрацьстаяння як эпідэміі духоўнай кшталту ўсюдыіснай заразы “русского мира”, так і эпідэміі віруснай. Калі мы ўсведамляем сябе нацыяй, а нашу краіну – сваім домам, які мусім пакінуць дзецям і ўнукам, мы, безумоўна, адчуваем нязмерна большую адказнасць за сябе і бліжняга, чым адчувае атамізаванае насельніцтва.
Мове разам з агульнанацыянальнай гістарычнай памяццю тут належыць неацэнная роля. Так, гістарычна Беларусь ніколі не была, а значыць, і не будзе монамоўнай, як не была і монаканфесійнай або монанацыянальнай, аднак менавіта беларуская мова ёсць тым “цэментам”, які змацоўвае нас у нацыю. Не было б яе – не існавала б і нашай дзяржаўнасці. Улюбёныя апанентамі гэтай думкі прыклады некаторых іншых еўрапейскіх дзяржаваў або Лацінскай Амерыкі, тут не спрацоўваюць, але гэта ўжо тэма для іншай размовы.
Карацей кажучы, калі б не існавала беларускай мовы, не існавала б і нашых расейскамоў-ных, хоць і беларускацэнтрычных суайчыннікаў. Адкуль бы ўзялася тады гэтая іхняя “цэнтрычнасць”?
– Якія творы ў сусветнай і беларускай літаратуры для Вас з’яўляюцца жыццясцвярджальнымі? Што Вы перачытваеце ў гэты час?
– Пералік можа атрымацца фантастычна доўгі. У мяне вялікая бібліятэка з некалькіх тысяч тамоў. Як на цяперашні час, калі мноства кніг нескладана знайсці ў інтэрнэце, такі кнігазбор выглядае празмерным і прымушае мяне раз-пораз шчодра дзяліцца з публічнымі і школьнымі бібліятэкамі. Але аснову бібліятэкі захоўваю, бо гэта якраз тыя самыя жыццясцвярджальныя творы, пра якія вы пытаецеся. Мне шкада з імі развітвацца, бо некалі яны фармавалі мае светабачанне, светаразуменне і светаўяўленне. Зрэшты, працягваць уплываць на гэтую трыяду і цяпер. Напрыклад, у дні эпідэміі я ўпершыню і з асалодаю прачытаў раман Мілана Кундэры “Неўміручасць”.
Паколькі я ўжо пачынаю адказваць на частку Вашага наступнага пытання, працягну. Перачытваю цяпер “Досведы” французскага філосафа XVI стагоддзя Мішэля Мантэня, дарэчы, стваральніка шанаванага мною жанру эсэ. Перагортваю старонкі Бібліі ў перакладзе Васіля Сёмухі. Перад гэтым заглыбляўся ў выбраныя мясціны чытанага раней выдатнага рамана сучаснага літоўскага пісьменніка Рычарда Гавяліса “Віленскі покер”. Па-беларуску кніга шматфарбна загучала, дзякуючы Паўліне Вітушчанцы, дачцэ Сержука Вітушкі, колішняга старшыні легендарнай менскай “Талакі”. Рэкамендую гэты раман кожнаму, хто любіць Вільню і добрую літаратуру з глыбокай рэфлексіяй.
Раю таксама звярнуцца да “Чарнобыльскай малітвы” Святланы Алексіевіч. У час эпідэміі гэтая кніга нагадвае кожнаму, што чалавецтва зноў памылілася (будзьма спадзявацца, не фатальна), лічачы сябе валадаром прыроды.
Жыццясцвярджальна гучыць увогуле кожная таленавітая кніга. Некаторыя мае знаёмыя карыстаюцца вольным часам, каб перачытваць улюбёныя рэчы Уладзіміра Караткевіча. Тым, хто яшчэ не ведае, хачу сказаць, што нядаўна выйшаў новы, 18-ты том цяперашняга 25-томніка Караткевіча. Кніга неверагодна жыццясцвярджальная і абсалютна нечаканая! Яе склалі 600 малюнкаў нашага класіка, дзе вы знойдзеце і біблійныя сюжэты, і адметную велікодную паштоўку, і партрэты калегаў ды сяброў, і галерэю герояў пісьменніка. Сярод гэтых герояў знайшлося месца славутаму зайцу, што варыць піва. Хай бы дасціпны малюнак з апетым Караткевічам чатырохлапым піваварам натхніў айчынных півавараў на заснаванне піўнога фэсту. Такая імпрэза магла б стаць часткаю будучага вялікага фэсту, што рыхтуецца да сёлетняга 90-годдзя пісьменніка і павінен стаць традыцыйным. Гэты ж каранцін-самаізаляцыя некалі, мабыць, скончыцца.
– Над чым Вы працуеце ў перыяд самаізаляцыі, чым падтрымліваеце сябе і сваіх родных?
– А працую я цяпер найбольш над падрыхтоўкай да друку новага, ужо чацвёртага выдання маіх “Імёнаў Свабоды”. Гэта надзвычай важная для мяне кніга. Цяпер у ёй будзе 366 герояў. Будзеце чытаць з яе штодня па кароткім аповедзе – хопіць акурат на цэлы год, нават на высакосны. Сярод маіх герояў і гераіняў – асобы знакамітыя і тыя, чыіх імёнаў вы не знойдзеце ў энцыклапедыях. Але ўсіх аб’ядноўвае змаганне за свабоду ў самых розных яе вымярэннях, а таксама – імкненне жыць у вольнай незалежнай Айчыне. З кімсьці мне выпала быць добра знаёмым, хтосьці жыў у іншую эпоху, ды кожны нечым паўплываў на мой характар, на мой светапогляд, урэшце на тое, што я стаў пісьменнікам. Зямныя шляхі гэтых людзей завяршыліся, аднак доўжацца ў маёй памяці.
У новым выданні семдзесят новых герояў, пачынаючы ад Міхала Клеафаса Агінскага і Уладзіслава Сыракомлі і сканчваючы нашымі сучаснікамі: Васілём Сёмухам, Юрыем Хадыкам, Міхалам Анемпадыставым, Наталяй Санько…
Новыя старонкі прысвечаны паўстанцам і паўстанкам 1863 года – Зыгмунту Серакоўскаму і ягонай жонцы Апалоніі з роду Далеўскіх (яе найцікавейшыя мемуары ў перакладзе Станіслава Судніка друкаваліся ў “Нашым слове”), Людвіку Звяждоўскаму, нарачонай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, Зыгмунту Мінейку, які пазней стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі. Самі за сябе гавораць беларускаму чытачу імёны Барыса Кіта, Ніла Гілевіча, Валерыя Маракова, Алены Кіш.
Калі ўжо згадаў гэтую народную мастачку, дадам, што новымі героямі кнігі сталі яе прафесійныя калегі Віктар Маркавец, Гаўрыла Вашчанка, Людміла Русава. Мяне вельмі ўразілі лёсы іншадумцаў, а затым савецкіх палітвязняў Браніслава Ржэўскага і Сяргея Ханжанкова. У ліку новых герояў літаратары Уладзімір Жылка і Мойшэ Кульбак, Алесь Ліпай і Таццяна Зіненка, Пятро Васючэнка і Уладзіслаў Ахроменка, педагог і краязнавец Алесь Белакоз, мовазнаўцы Зміцер Саўка і Марыя Лукашук, гісторык і грамадскі лідар з Баранавічаў Віктар Сырыца.
Назваць усіх ў гэтым невялікім інтэрв’ю я проста не магу, але ўспомню яшчэ адно імя – мастак, шматгадовы выкладчык маладзечанскай мастацкай школы Васіль Лазоўскі. Мне пашчасціла высветліць, што менавіта ён прывёз на векапомныя менскія Дзяды 1988 года бел-чырвона-белы сцяг, які тады быў публічна ўзняты ў Беларусі ўпершыню за некалькі дзесяцігоддзяў забароны.
У кнізе шмат трагічных лёсаў, але для мяне яна гучыць аптымістычна. Яна гаюча сведчыць: нас – нязмерна болей, чым здаецца ў хвіліны паняверкі і роспачы. Няхай мае “Імёны”, якія павінны выйсці ў Бібліятэцы Радыё Свабода, стануць аптымістычнымі і для вас!
Гутарыла Эла Дзвінская.