Мы пагутарылі з даследчыцай беларускай літаратуры, пісьменніцай Ганнай Севярынец, якая выкладае рускую мову і літаратуру ў Смалявічах.
– Ганна Канстанцінаўна, падзяліцеся, калі ласка, досведам дыстанцыйнага навучання школьнікаў. Якія формы Вы выкарыстоўвалі? Што найбольш эфектыўна?
– Я задавала вучням самастойную працу, яны пісалі эсэ і свае адказы дасылалі мне. Навучанне анлайн (анлайн урокі, канферэнцыі) у нас праводзіць пакуль немагчыма, таму што не ўсе дзеці на перыферыі маюць планшэты і ноўтбукі, і мы не можам “засадзіць” іх на доўгі час за кампутар.
Дыстанцыйная форма дазваляе самастойную працу і зваротную сувязь выкладчыка з вучнямі, што мы і рабілі.
Я выкладаю ў 5-6 і ў 10-11 класах рускую мову і літаратуру.
З вучнямі 10-11 класаў мы паглыблена працуем. Старшакласнікі рыхтуюцца да ЦТ. Каб ім было цікава, мы прыдумалі свой праект – YOU.TUBE-канал. Дзецы самі здымаюць відэаролікі, працуюць над мовай, мы ствараем карысны кантэнт.
– Які псіхалагічны стан вучняў?
– Яны спакойныя і мэтанакіраваныя, таму што бачаць, што настаўнік застаецца, не пакідае іх і займаецца з імі. Іншая справа – бацькі. Яны вельмі моцна нярвуюцца. Нават дробязныя пытанні выводзяць іх з раўнавагі.
– Якія памкненні ў Вашых вучняў? Што яны думаюць пра будучыню?
– Большасць з іх скіравана на тэхнічныя і эканамічныя спецыяльнасці. Многіх цікавяць сацыяльныя камунікацыі, менэджмент. Некалькі чалавек мараць аб гуманітарных спецыяльнасцях. Вучні сканцэнтраваныя на сваіх задачах. Для ніх нават трошкі прасцей зараз, бо яны могуць не наведваць неабавязковыя дысцыпліны.
– Колькі дзяцей наведвае школу пасля вакацый?
– На гэтым тыдні з 200 вучняў ў нашай гімназіі займаліся 33 чалавекі. Большасць з іх – гэта вучні 7-9 класаў.
– Калі б рашэнне залежала ад Вас, то які б Вы далі загад у сістэме адукацыі?
– Я б перавяла вучняў цалкам на дыстанцыйнае навучанне.
Гутарыла Эла Дзвінская.
На здымку: Ганна Севярынец.