Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Фарфоравы клоўн. Памяці артыста Ігара Вяпшкоўскага (16 студзеня 1985 – 31 сакавіка 2020)

Фарфоравы клоўн. Памяці артыста Ігара Вяпшкоўскага (16 студзеня 1985 – 31 сакавіка 2020)

21 красавіка 2020, 19:56 Культура 29
Фарфоравы клоўн. Памяці артыста Ігара Вяпшкоўскага (16 студзеня 1985 – 31 сакавіка 2020)

Мы не былі блізка знаёмыя … Гэты інтэлігентны, тонкі, вытрыманы і безадмоўны чалавек часам здаваўся адзінокім і нелюдзімым. Але з Гарыкам мяне звязвала творчасць у самым пачатку майго тэатральнага жыцця: ён сыграў Белага клоўна ў двух версіях музычнай казкі “Папялушка” па п’есе ўкраінскага драматурга Яўгена Жураўкіна ў пастаноўцы Таццяны Аксёнкінай, дзе гучаць песні на мае вершы – у 2011 г. прэм’ера адбылася ў Сучасным мастацкім тэатры, а ў 2019 г. – у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. У СМТ Ігар Вяпшкоўскі таксама выступіў харэографам-пастаноўшчыкам спектакля “Папялушка”, а дзеля спектакля “Час па парах!” (“Пора по парам!”) па ранніх вадэвіляў А. Чэхава запісаў іранічныя куплеты на мае вершы, якія, паводле задумы рэжысёра Т. Аксёнкінай, злучылі жарты “Мядзведзь” і “Прапанова” ў адну гісторыю.

Берасцеец Гарык Вяпшкоўскі скончыў Дзяржаўны музычны каледж імя Р. Шырмы ў родным горадзе па спецыяльнасці “Тэатральнае мастацтва. Акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно” (майстар курса – Цімафей Зіноўевіч Ільеўскі). Гледачам Берасцейскага акадэмічнага тэатра драмы, дзе артыст служыў пасля заканчэння каледжа, ён запомніўся ў ролях Ліса ў спектаклі “Маленькі прынц” паводле А. дэ Сэнт-Экзюперы і Раскольнікава ў спектаклі “Злачынства і пакаранне” паводле Ф. Дастаеўскага.

З 2005 г. Ігар з поспехам здымаўся ў беларускім кіно і расійскіх тэлесерыялах. Сярод яго прац – “Брэсцкая крэпасць” (2010), “Зваротны бок Месяца” (2012), “Старэйшая сятра” (2013), “Натура, якая сыходзіць” (2013), “Непадкупны” (2015), “Вакальна-крымінальны ансамбль” (2018) і інш. У 2014 г. як рэжысёр, сцэнарыст, аператар і прадзюсер зняў незалежны караткаметражны мастацкі фільм “Падарунак”, у якім галоўныя ролі сыгралі акцёры Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Сяргей Шымко, Зміцер Давідовіч, Гражына Быкава і Наталля Халадовіч. Акрамя таго, І. Вяпшкоўскі выступіў аператарам праектнага мастацкага фільма “Выпрабаванне” (рэжысёр – С. Філатаў, 2014).

У Менску Ігар з 2010 г. служыў у РТБД, а з 2018 г. – у Маладзёжным тэатры. Іграючы нават у спектаклях, першапачаткова пастаўленых не для яго, артыст стварыў асобныя, характарныя (часам камічныя, часам абвостраныя), ды заўсёды непаўторныя вобразы ў тэатральнай класіцы і сучаснай драме. Сапраўды, немагчыма ўявіць больш выразнага, праўдзівага і пранікнёнага выканання галоўнай ролі ў спектаклі “Чалавек з Падольска” Дзмітрыя Данілава ў пастаноўцы Дзмітрыя Багаслаўскага. Сярод іншых акцёрскіх прац І. Вяпшкоўскага на сцэне Маладзёжнага – Юрый (“Шкілеты” А. Шутава), Яўген Шумільчык (“Трыксцер клуб” В. Альхоўскай), Настаўнік (“Дурнічка” Лопэ дэ Вега), Знайдыш (“І не намі тое прыдумана…” Д. Багаслаўскага).

Шматгранны талент Гарыка праявіўся і ў яго захапленні відэаартам. Ён выступіў рэжысёрам і аператарам відэакантэнту да спектакляў па творах сучаснай беларускай драматургіі: “Сучылішча” (“С училища”) А. Іванова (рэжысёр – А. Марчанка, прадзюсерскі цэнтр “Art Corporation”), “Ляцелі арэлі” К. Сцешыка (рэжысёр – Д. Паршын, Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр), “Гэта ўсё яна” А. Іванова (рэжысёр – М. Дабраўлянскі, РТБД).

Напрыканцы сакавіка Гарык прыехаў у Берасце да бацькоў. Раптоўна ў яго падняўся ціск, бо з дзяцінства былі праблемы з сэрцам. Артыст наведаў лякарню, яму збілі ціск, але пасля яму зноў стала кепска. Гарыка завезлі ў прыватны медцэнтр, дзе параілі папіць лекі і адправілі дахаты. Уначы ён заснуў, але ўжо не прачнуўся. Акцёр быў пахаваны на могілках у вёсцы Вістычы, што пад Берасцем. З нагоды сітуацыі, выкліканай распаўсюджваннем каронавіруса COVID-19, пахаванне прайшло ў вузкім коле самых блізкіх людзей. На вялікі жаль, большасць сталічных калег не змагла развітацца з Гарыкам.

У гэтыя дні ўспамінаецца гульня, якую прыдумаў на Фэйсбуку Ігар: цацачны зайчык па мянушцы Ягорыч падарожнічаў па свеце са сваім сябрам Гарыкам і “пазіраваў” на фота з розных куткоў зямнога шара. Толькі чалавек з душой дзіцяці мог прыдумаць і ўвасобіць такую чароўную гульню!.. Несправядліва рана пайшоў мой аднагодак і мастак з, мабыць, самага незапатрабаванага культурнага пакалення.

Зміцер

Ермаловіч-Дашчынскі, паэт, тэатразнавец.

 

Фота з асабістага архіва І. Вяпшкоўскага і архіва Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра.

  1. Артыст Ігар (Гарык) Вяпшкоўскі. Партрэт 2019 г.
  2. Сучасны мастацкі тэатр. Сцэна са спектакля “Папялушка” Я. Жураўкіна. Справа – І. Вяпшкоўскі (Белы клоўн). Здымак 2012 г.
  3. Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр. Сцэна са спектакля “Чалавек з Падольска” Д. Данілава. Справа – І. Вяпшкоўскі (Чалавек з Падольска). Здымак 2018 г.
  4. Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр. Сцэна са спектакля “Трыксцер клуб” В. Альхоўскай. У цэнтры – І. Вяпшкоўскі (Шумільчык). Здымак 2019 г.
  5. Ягорыч у Бабруйску. Здымак 2019 г.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2618
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску
Грамадства

Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску

31 ліпеня 2024, 06:1916
Далучайцеся да нас