А – у! Шаноўныя чытачы нашага “Нашага слова”! Звярнуцца да Вас і да свядомых, патрыятычных беларусаў у нязвыклай форме звароту паклікаў мяне 15 (1478) нумар газеты за 8 красавіка 2020 г. Упершыню, калі не памыляюся, справаздача для чытачоў аб выніках падпіскі змешчана на першай старонцы ў якасці “перадавіцы” з самым кароткім суправаджэннем. На другі квартал падпісаліся ўсяго аж на 543 асобнікі. На апошнім з’ездзе ТБМ, а таксама ў СМІ ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў неаднойчы агучваў лічбу шэсць-сем тысяч сяброў Таварыства беларускай мовы. Значыць адзін асобнік падпісаны для 13 сяброў. У двухмільённай сталіцы – (“Дык сейце ж, дзецюкі!” К. Каліноўскі) – 1 асобнік на 12 тысяч жыхароў. У 26-ці раёнах Беларусі няма аніводнага падпісчыка-чытача няма з першага студзеня 2020 года, а ў другім квартале – у 28-мі раёнах, у 36-ці – па адным падпісчыку.
Газета “Наша слова” ёсць інтэграваны паказчык сённяшняга катастрафічнага стану такой жыццёважнай і гістарычна ганаровай грамадскай арганізацыі. Гэта адбылося з-за моўнай палітыкі ўладай вертыкалі, а таксама памылковай стратэгіі і тактыкі ва ўмовах канстытуцыйнага двухмоўя.
Галоўны рэдактар у гэтым жа нумары змясціў вельмі трывожны пасыл: “…газета працягвае выходзіць …”. Спыненне папяровага выдання газеты “Наша слова” будзе трагічным сігналам-набатам беларусам аб спыненні дзейнасці-бяздзейнасці гістарычнага Таварыства беларускай мовы. Схамянёмся, прачнёмся, сумленны народ! Для паўторнага выратавання “Нашага слова” сярод нас можа не знайсціся другога беларуса афіцэра-патрыёта.
Не верыцца, што Сакратарыят ТБМ (глядзіце старонку 2 газеты) не абмеркаваў антыканстытуцыйнае 4-х хвіліннае відэа “Беларуская мова робіць нашых дзетак тупейшымі” на youtube Іны Кардабнёвай. І гэта педагог з вышэйшай універсітэцкай адукацыяй, маці з нечалавечай знявагай і абразай бэсціць беларускую мову, а значыць і беларускі народ. Ужо трэці тыдзень відэа пацяшае прыхільнікаў “русского мира”. 24 сакавіка я даслаў на адрас кіраўніцтва ТБМ скарочаны тэкст відэа. Ад старшыні ТБМ А. Анісім атрымаў прапанову на маю прапанову: “Падзяляем (кажу ад імя ўсіх кіраўнікоў ТБМ) Вашу пазіцыю па абароне дзяржаўнай беларускай мовы. Вы як неабыякавы грамадзянін маеце права накіраваць свой асабісты зварот у любую дзяржаўную ўстанову”.
Паведамляю, што я даслаў тэкст відэазапісу наступным адрасатам: міністру адукацыі, камісіі па адукацыі, культуры і навуцы НС ПП, адміністрацыі Прэзідэнта, міністру інфармацыі. Але ж я – толькі добра спелы пенсіянер, я для высокай улады хто?
Маё пытанне да “амалоджанай” Рады ТБМ на апошнім з’ездзе: не саромцеся, не хавайце свой асабісты інтэлект у гэты гістарычна адказны час. На нашых вачах і пры нашым бяздзеянні беларуская мова перайшла са статусу канстытуцыйна адзінай дзяржаўнай у статус выміраючай мовы. Толькі грамадзяне нашай Бацькаўшчыны, для якіх беларуская мова не ёсць роднай (этнічнай), могуць быць індыферэнтнымі да лінгвацыду і этнацыду беларусаў.
Дзіўлюся і цешуся таму, што толькі адзін нумар “Нашага слова” выклікаў ў мяне столькі разваг. Выбачаюся. Не магу не адзначыць цікавыя адукацыйна-выхаваўчыя матэрыялы А. Грудзіны пра Я. Хадкевіча і Л. Лаўрэша пра беларускае школьніцтва ў пачатку стагоддзя і, безумоўна, паэта Віктара Шніпа з яго цудоўным беларускім пантэонам.
Сябры! І гэта пры такім узроўні змешчанага матэрыялу мы – сямітысячная тэбээмаўская армада – маем толькі 543 падпісчыкі!?
Сябры Рады! А – у! Дзе Вы? Годныя ж Вы, мудрыя Вы, каб захаваць і “Наша слова”, і неўміручае Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і адказна падыйсці да выпраўлення склаўшайся катастрафічнай сітуацыі, за якую я адказны разам з Вамі і без Вас.
Прафесар Мікола Савіцкі.