Паважаная рэдакцыя!
Падрабязна азнаёміўся з Праграмай святкавання 400-годдзя Хацінскай бітвы 1621 года, якая надрукавана ў газеце ад 25 сакавіка 2020 года № 13 (1476). Прапаную, пункт 5, дзе пералічваюцца гарады Менск, Берасце, Баранавічы, Быхаў, дапоўніць горадам Шкловам. Таксама, прапаную сваю працу пра Яна Караля Хадкевіча, які мае непасрэднае дачыненне як да Шклова, так і да Хацінскай бітвы 1621 года.
З павагай,
Аляксандр Грудзіна..
Ян Караль Хадкевіч (1560 – 24 верасня 1621) – вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Лі-тоўскага. Гетман вялікі (1605), ваявода віленскі (1616). Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Хадкевічаў, што паходзіў ад кіеўскіх баяраў (XV ст.). Належаў да найстарэйшай, быхаўскай, галіны роду і ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа “на Шклове, Мышы і Быхаве”.
Ян Хадкевіч – адзін з найбольш таленавітых вайскаводаў XVII стагоддзя. У сваёй палітычнай дзейнасці адстойваў суверэнітэт Вялікага Княства. У родзе Хадкевічаў існавала традыцыя актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага. Бацька Яна, таксама Ян (1537-1579), быў кашталянам віленскім (сенатарам) і адміністратарам Інфлянтаў. У 1568 годзе ён атрымаў ад імператара Святой Рымскай імперыі Фэрдынанда тытул графа з назвамі галоўных маёнткаў – Шклова, Мышы і Быхава. Дзед вядомага вайскавода, Геранім Хадкевіч (1500-1561), быў кашталянам віленскім і ўваходзіў у склад Рады Вялікага Княства Літоўскага. А брат дзеда, Рыгор Хадкевіч, быў кашталянам віленскім і гетманам вялікім літоўскім. Дзякуючы менавіта Хадкевічам, пачалося будаўніцтва Шклова на “новым”, другім па ліку, месцы на беразе Дняпра, больш вядомае пад назвай Рыжкавічы. Гэтыя традыцыі роду давалі магчымасць здольнаму і амбітнаму чалавеку рабіць сваю кар’еру.
Дзяцінства Яна Караля праходзіла ў часы Інфлянцкай вайны. Ён быў сведкам ваенных дзеянняў на Літве і Балтыцы і вельмі цікавіўся вайсковай справай. Калі хлопчыку было некалькі гадоў, бацька ўзяў яго ў паход супраць маскоўскіх войскаў Івана Жахлівага, што ўварваліся ў Літву. Пасля папярэдняй хатняй адукацыі ў 1573 годзе Ян разам са сваім старэйшым братам Аляксандрам, распачаў навучанне ў Віленскай езуіцкай калегіі, а потым і ў Віленскай акадэміі. Калі кароль і вялікі князь Стэфан Баторы ў сакавіку 1579 года праязджаў праз Вільню з войскам, каб вярнуць захоплены Маскоўскім войскам Полацк, ад імя студэнтаў акадэміі яго вітаў менавіта малады Ян Хадкевіч урачыстай прамовай. Ён вылучаўся сваёй здольнасццю да навукі і ўжо тады меў моцны характар. Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну не толькі маёнткі, але і тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве. Потым была вучоба за мяжой, дзе Ян Хадкевіч, апрача акадэмічнага курсу, шмат увагі прысвячаў вайсковым ведам і тэорыі вайсковай справы.
Па вяртанні на радзіму ў 1590 годзе Ян Хадкевіч зрабіўся вайскоўцам. Ужо ў 1595 годзе ён камандаваў уласнай ротай з 50 коннікаў, а потым – ротай у 100 коннікаў ва Украіне. У 1596 годзе Хадкевіч удзельнічаў у баях з войскам Севярына Налівайкі, дзе выявіў свой вайсковы талент. За свае вайсковыя заслугі Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага літоўскага, а праз тры гады, у 1599 годзе, яму было нададзена Жамойцкае староства, што раўнялася ваяводскай пасадзе, і ён увайшоў, такім чынам, у склад сенату Рэчы Паспалітай.
У 1600 годзе Ян Хадкевіч на чале ўласнай коннай роты ўдзельнічаў у паходзе гетмана Яна Замойскага ў Малдову, якую заняў гаспадар Валахіі Міхай Мужны (Віцязул). Бітва войска Яна Замойскага з арміяй Міхая Мужнага адбылася ў ваколіцах Плаешці 20 кастрычніка 1600 года і скончылася перамогай Замойскага. Хадкевіч быў у перадавым аддзеле дабраахвотнікаў, якія асабліва прычыніліся да перамогі. Гетман Ян Замойскі сярод лепшых вояў вылучаў Яна Хадкевіча.
Падчас барацьбы ў Маскоўскай дзяржаве паміж Ілжэдзмітрыем І і Барысам Гадуновым і потым, пасля забойства Ілжэдзмітрыя І, сярод кіроўных колаў Рэчы Паспалітай папулярным быў план стварэння славянскай федэрацыі – Рэчы Паспалітай з далучэннем да яе Маскоўскай дзяржавы ў якасці трэцяга чальца федэрацыі. Між тым, гісторыкі сцвярджаюць, што гетман Ян Хадкевіч выступаў супраць дапамогі Ілжэдзмітрыю ІІ і нават выказваў сваё незадавальненне каралю. Як вядома Ілжэдзмітры ІІ паходзіў са Шклова і, магчыма, Ян Хадкевіч асабіста ведаў гэтага чалавека не з лепшага боку. Каралю прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб пераканаць Хадкевіча ўдзельнічаць з войскам у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы. Урэшце Ян Хадкевіч згадзіўся на прапанову караля ўзначаліць войска для дапамогі гарні-зону ў Маскве. На пачатку восені 1611 года ён сабраў у Шклове 2500 жаўнераў, запасы харчавання і амуніцыі і накіраваўся ў Маскву. Яго намаганнямі запасы харча-вання былі дастаўлены ў Маскву для крамлёўскага гарнізона на чале з Ілжэдзмітрыем. Але ў канцы лета – пачатку верасня 1612 года Хадкевіч быў адбіты ворагамі Ілжэдмітрыя. Хадкевіч спрабаваў увайсці ў горад з поўдня, прайшоўшы праз Данскі манастыр, праз Калужскую браму. Яго войску ўдалося прабіцца ў Замаскварэчча і дайсці да вуліцаў Вялікая Ардынка і Пятніцкая. Спробы прарвацца да Крамля і Кітайгорада не ўдаліся. Гэта вырашыла лёс крамлёўскага гарнізона. 6 снежня 1612 года гарнізон капітуляваў.
У 1618 годзе падчас новага паходу на Маскву ў войску Яна Хадкевіча налічвалася 14 тысяч чалавек, у тым ліку каля 5500 пяхоты. Войска заняло сяло Тушына на поўнач ад Масквы і пачало рыхтавацца да штурму сталіцы. На дапамогу Хадкевічу прыйшло з Украіны 20-тысячнае казацкае войска на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным. Пачаўся новы штурм Масквы праз Цвярскую і Арбацкую брамы, але ён быў адбіты. У выніку перамоваў 11 снежня 1618 году ў сяле Дэўліне (каля Тройца-Сергіева манастыра) было падпісана перамір’е. Расея адмовілася ад прэтэнзіяў на Смаленскую, Чарнігаўскаю і Северскую землі, якія цяпер вярталіся ў склад Вялікага Княства Літоўскага.
А неўзабаве пачалася вайна з супраць Турцыі і крымскіх татараў. Ян Хадкевіч зноў узначаліў галоўнае камандаванне над узброенымі сіламі Рэчы Паспалітай. Аднак гады, праведзеныя на войнах, паўплывалі на яго здароўе. Хадкевіч усё часцей хварэў. Памёр Ян Хадкевіч 24 верасня 1621 года, пражыўшы 60 год. Хоць камандзіры спрабавалі захаваць гэтую вестку ў таямніцы, каб не аслабіць баявы дух у войску, усе хутка даведаліся і, калі перавозілі ў замак Хацін яго цела, жаўнеры сталі ў шыхт і аддалі вайсковае шанаванне свайму палкаводцу. Вайна закончылася перамогай. Султан забараніў крымскім татарам нападаць на Украіну.
Цела Хадкевіча была дастаўлена ў Камянец-Падольскі, дзе ён быў пахаваны 14 кастрычніка 1621 года. Летам 1622 году, удава Хадкевіча дамаглася эксгумацыі, і Хадкевіч быў перапахаваны ў рэзідэнцыі князёў Астрожскіх – горадзе Астрогу на Валыні ў чэрвені таго ж года. Падчас паўстання Хмяльніцкага ў 1648 годзе, труна была эвакуявана з Астрога і верну-та туды зноў у 1654 годзе. Яшчэ раз рэшткі Хадкевіча былі перапахаваны ў новую магілу ў Аст-рогу ў 1722 годзе.
У Яна Караля Хадкевіча засталася спадчына. У тым ліку горад Шклоў і Шклоўскае графства. Праўда, засталіся і даўгі, якія дасягалі 100 тысяч злотых. Патрыёт сваёй дзяржавы, Ян Караль Хадкевіч ахвярна пералічаў асабістыя грошы на войска і да апошняга моманту бараніў сваю Айчыну [1,2,4].
Нажаль, сёння імя Яна Хадкевіча адсутнічае ў тапаніміцы горада Шклова. Між тым, яшчэ ў даваенны час паміж сучаснымі вуліцамі Замкавай і Вішнёвай на паўднёвым ускрайку горада існавала мураваная калона, якя мела назву “Слуп Яна”. Гэта месца знаходзіцца амаль побач з былой брамай сярэднявечнага Шклова, якая насіла назву “Магілёўская”. Верагодна, калона і была пабудавана ў гонар славутага дзяржаўнага і вайскова дзеяча Вялікага Княства Літоўскага і які мае непасрэднае дачыненне да нашага горада. Па ўспамінам мясцовых жыхароў на калоне заўсёды рабілі сваё гняздо буслы, але падчас пасляваеннай адбудовы калону разабралі на цэглу [3].
Літаратура:
- Саверчанка І., Санько Зм. 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. – Мн.: рэдакцыя газеты “Звязда”, 1993, – С.42.
- Большой энциклопедический словарь Брокгауза и Эфрона. Т. XXXVII – СПб, 1903. – С. 476.
- Рэвяка А.А., Тараканаў С.Р. Былыя жыхары вёскі Рыжкавічы. Успаміны, асабісты архіў.
- Інтэрнэт-крыніцы.