Для беларускай культуры XXI ст. характэрны спад цікавасці да аматарскай тэатральнай творчасці – шмат у чым таму, што арганізацыя вольнага часу сучасным чалавекам іншая, чым у мінулым стагоддзі. У святле гэтых аб’ектыўных абставін асаблівае значэнне набывае досвед, прыклад і асоба Валянціна Іванавіча Ермаловіча (1925 – 2004) – выдатнага дзеяча народнага тэатра, прапагандыста беларускай мовы, рэжысёра, акцёра, педагога, шчырага сябра ТБМ, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.
У 1950 г. В. Ермаловіч скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (курс лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, народнага артыста БССР К.Н. Саннікава). Служыў акцёрам Пінскага (1950 – 1954) і Магілёўскага (1954 – 1956) абласных драматычных тэатраў, дзе пераважна іграў характарныя ролі: Нелькін (“Вяселле Крэчынскага” А. Сухава-Кабыліна), Бойка (“Зямны рай” С. Васільева), Андрэй ( “У добры час!” В. Розава), Сева (“Іван Рыбакоў” В. Гусева) і інш. Асабліва значнай для сваёй творчай біяграфіі артыст справядліва лічыў ролю Пятра ў спектаклі “Апошнія” М. Горкага на пінскай сцэне.
З 1956 па 1985 гг. В. Ермаловіч выкладаў у Магілёўскім культурна-асветніцкім вучылішчы імя Н.К. Крупскай, адначасова паспяхова ажыццяўляючы мастацкае кіраўніцтва аматарскімі тэатральнымі калектывамі г. Магілёва і Магілёўскай вобласці. Выбар народнага тэатра як прасторы творчай самарэалізацыі быў для В. Ермаловіча зусім не выпадковым. Рэжысёр успамінаў: “У часы ма-йго дзяцінства людзі вельмі захапляліся мастацкай самадзейнасцю, спектаклі ставіліся ледзь не ў кожнай вёсцы. Бацькаў брат Іосіф, мой старэйшы брат Мікола, іншыя хлопцы і дзяўчаты збіраліся па вечарах у нашай хаце, развучвалі п’есы. Рэпеціравалі, ставілі спектаклі”. Неабходна адзначыць, што роднымі братамі Валянціна Іванавіча Ермаловіча былі гісторык, літаратуразнавец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Іванавіч і настаўнік беларускай мовы і літаратуры, партызан-падпольшчык, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі Лявон Іванавіч.
У Магілёўскім народным тэатры Палаца культуры завода штучнага валакна ў 1961 – 1969 гг. В. Ермаловіч паставіў спектаклі “Хто смяецца апошнім?” К. Крапівы, “На крутым павароце” К. Губарэвіча, “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці” А. Махнача, “Мурын бор” І. Ісачэнкі, “Купалінка” (“Паўлінка” і “Прымакі”) Я. Купалы і інш.
У 1971 – 1977 гг. рэжысёр кіраваў тэатральным калектывам медыцынскіх работнікаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы. У Краснапольскім народным тэатры ў 1978 – 1992 гг. ён ажыццявіў пастаноўку спектакляў “І змоўклі птушкі…” І. Шамякіна, “У новым доме” І. Мележа, “Людзі і д’яблы” К. Крапівы, “Паўлінка” Я. Купалы, “Таблетку пад язык” А. Макаёнка, “Вечар” А. Дударава, “Васа Жалязнова” М. Горкага, “Чалавек з мядзведжым тварам” І. Чыгрынава, “Стогны душы” паводле М. Гарэцкага, “На дарозе жыцця” Я. Коласа і інш. З 1993 па 1998 гг. В. Ермаловіч служыў рэжысёрам непаўторнага ў сваім родзе Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача, дзе інтэрпрэтаваў на сцэне наступныя творы: “Модны шляхцюк” К. Каганца, “Дагарэла свечачка…” А. Петрашкевіча, “Трыбунал” А. Макаёнка і інш.
Рэжысёр М. Макарцоў адзначаў: “У кожнай п’есе, якую выбіраў для пастаноўкі Валянцін Іванавіч, ён быў суаўтарам драматурга: крэсліў і перарабляў тэкст, дапісваў пралогі і маналогі, уносіў свежую, жывую плынь у п’есу, ад чаго яна толькі выйгравала. Менавіта такі падыход да драматургіі з’яўляўся значнай часткай яго рэжысёр-скага наватарства і непаўторнасці. Не палохаўся ён масавых спектакляў, гістарычных палотнаў, якія патрабавалі вялікіх пастановачна-рэжысёрскіх намаганняў. Наадварот, ён імі захапляўся і ўдала ўплятаў у іх фальклорныя матывы. […] Амаль ва ўсіх спектаклях Валянцін Іванавіч прымаў удзел і як артыст. Па-народнаму маляўнічымі, сакавітымі, жыццёвымі створаныя ім вобразы Пустарэвіча ў купалаўскай “Паўлінцы”, Васіля – у дудараўскім “Вечары”, Цярэшкі – у макаёнкаўскім “Трыбунале”…”.
У 1992 г. В. Ермаловіч заснаваў у Магілёўскім гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу народны тэатр “Валянцiн”, якім кіраваў да апошняга дня свайго жыцця. З калектывам рэжысёр увасобіў сцэнічныя працы “Пан міністр” Ф. Аляхновіча, “Юбілей” А. Чэхава, “На чорных лядах” паводле В. Быкава, “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Дзяды” А. Міцкевіча, “Калізей” М. Матукоўскага, “Дачка волі” М. Карпечанкі, “Сімфонія гневу” В. Шашалевіча, “Камедыя” У. Рудава паводле К. Марашэўскага і Ф. Аляхновіча і інш. Пры тэатры “Валянцін” быў створаны монатэатр, дзе В. Ермаловіч як майстар мастацкага слова выконваў літаратурныя спектаклі “Жыціе Ефрасінні По\лацкай” С. Законнікава, “Полымя кахання” Л. Рублеўскай, “Чаго жыў?” паводле А. Дударава, “Новая зямля” Я. Коласа, “Лебядзіная песня” А. Чэхава і інш.
Валянцін Іванавіч Ермаловіч у сваёй рэжысёрскай творчасці аднавіў беларускі традыцыйны сінтэтычны тэатр, наноў адкрыў драматургію Беларускага нацыя-нальнага адраджэння XIX – XX стст. (К. Каганец, Ф. Аляхновіч, М. Гарэцкі, Л. Родзевіч, В. Шашалевіч і інш.), стаў першым пастаноўшчыкам твораў драматургаў-сучаснікаў (А. Петрашкевіч, Л. Рублеўская, І. Ісачэнка, М. Карпечанка і інш.), зрабіў унёсак у развіццё формы монаспектакля ў беларускім тэатры. За 58 гадоў плённай працы В. Ермаловіч паставіў і аформіў 215 драматычных спектакляў, быў уганараваны прэміяй Ленінскага камсамолу (1986) і званнем Заслужанага работніка культуры БССР (1988). Рэжысёр і педагог збіраўся, але не паспеў скончыць і выдаць кнігу “Запiскi рэжысёра народнага тэатра”, у якую павінны былі ўвайсці раздзелы, прысвечаныя працы рэжысёра самадзейнага тэатра з акцёрам, працы з драматургам, рэжысуры літаратурна-мастацкай кампазіцыі. Надзвычай актуальны сёння такі навучальны дапаможнік для практыкаў аматарскага тэатра ў Беларусі.
17 сакавіка 2020 г. выдатнаму майстру споўнілася б 95 га-доў. Памяці рэжысёра і педагога прысвечана кніга ўспамінаў яго родных, сяброў і вучняў “Ачышчэнне душы” (“Кнігазбор”, 2014). У г. Магілёве, на доме № 46 па вуліцы Першамайскай, дзе ў па-сляваенныя гады жыў Валянцін Іванавіч з сям’ёй, была ўсталявана мемарыяльная дошка яго памяці (скульптар – сябар Саюза мастакоў Беларусі У. Конанаў). Урачыстае адкрыццё адбылося 4 верасня 2015 г. i было прысвечана 90-годдзю В. Ермаловіча. Сродкі на ўсталяванне мемарыялу былі сабраныя сіламі каля 500 чал. з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы, сярод якіх прафесар Я. Мірановіч (г. Беласток), пісьменнік В. Казакоў (г. Масква), дацэнт С. Кагамлык і актрыса А. Дудзіч (г. Кіеў).
Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі,
тэатразнавец.
Фота з асабістага архіва аўтара:
1 – Валянцін Ермаловіч – артыст Пінскага абласнога драматычнага тэатра.
2 – Сцэна са спектакля Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача “Трыбунал” А. Макаёнка. У цэнтры – В. Ермаловіч (Цярэшка Калабок).
3 – Сцэна са спектакля тэатра “Валянцін” “Сімфонія гневу” В. Шашалевіча. Першы справа – В. Ермаловіч (Сальк).
4 – Мемарыяльная дошка памяці В. Ермаловіча.