• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 28 лютага 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Ратавальнік мовы

Ратавальнік мовы

6 красавіка 2020, 19:11 Мова 6
Ратавальнік мовы

Пайшоў у Нябесную Беларусь сталы сябар рэдкалегіі “Нашага слова” прафесар Павел Сцяцко

Яшчэ Вальтэр параўноўваў мову з расквітнелым садам. Але каб сад квітнеў вясной, а летам пладаносіў, яго трэба даглядаць круглы год. Спілоўваць сухія галіны, знішчаць жукоў-караедаў і раслін-паразітаў, што звыклі жывіцца чужым сокам. Сад сам не здольны  абараніцца, ачысціцца ад паўзучай набрыдзі. Яму патрэбен садоўнік.

Вось такім клапатлівым садоўнікам у садзе беларускай мовы быў Павел Сцяцко – адзін з найлепшых айчынных мовазнаўцаў, які на 91-м годзе жыцця  пакінуў гэты свет у шпіталі пад Гародняй. Усё жыццё ён ратаваў ад русіфікацыі родную мову, яго ёмістая кніга “Культура мовы”, як на маё разуменне, павінна быць настольнай для ўсіх, хто піша па-беларуску. 

У гэтым даведніку Павел Сцяцко падрабязна разгледзеў 1500 выпадкаў засмечвання нашай мовы чужамоўнымі калькамі, пазычанымі без асаблівай патрэбы словамі і словазлучэннямі і якіх, трэба прызнаць, да гэтай пары безліч у нашых нарматыўных слоўніках. Гартаеш іх, і ажно душа сцінаецца, калі на вочы трапляюць казначэй, узносы, мсцівец, прыхожая, вярыцельная грамата, ваеннаслужачы, лечачы ўрач... Як быццам у беларускай мове няма ёмкіх і дакладных адпаведнікаў: скарбнік, складкі, помснік, вітальня, даверчы ліст, вайсковец, лекар...

Павел Сцяцко тыя адпаведнікі якраз і знаходзіў, і чытачам сваім даводзіў мэтазгоднасць іх ужывання. Цярпліва і даступна, як школьнікам на ўроку. Пашукаўшы ў запасніках народнай памяці, ці – зазірнуўшы ва ўласную кішэню, а часам і паклікаўшы на дапамогу чуйных да мовы класікаў Максіма Гарэцкага ці Кузьму Чорнага, Янку Брыля ці Фёдара Янкоўскага.

З гарадзенскім доктарам філалогіі многія не пагаджаліся, крытыкавалі за моўны радыкалізм. Найперш другі доктар з таго самага Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэтя імя Янкі Купалы – Іван Лепешаў. Што ж, два мядзведзі ў адным берлагу ўжыцца не маглі. Іван Якаўлевіч складаў свае фразеалагічныя слоўнікі сыходзячы з больш памяркоўных пазіцый. Павел Уладзіміравіч любіў секануць з пляча, вінавацячы калегу ледзь не ў капітуляцыі перад “русским миром”. Я спрабаваў іх прымірыць, даводзячы прафесару Сцяцко, што і слоўнікі прафесара Лепешава патрэбны, паколькі фіксуюць сучасны стан мовы – з усімі яе хваробамі і хібамі. А каб знайсці дзейсныя лекі, трэба ведаць гісторыю захворвання.

Былі ў Сцяцка сутычкі і з самім Канд-ратам Крапівой, які ў таленавіта напісаных байках высмейваў дыпламаваных бараноў, а ў мовазнаўстве (як віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук і адказны за ўсе акадэмічныя слоўнікі) почасту запальваў перад імі зялёнае святло. Павел Уладзіміравіч прыгадваў, як на канферэнцыі па нармалізацыі беларускай мовы, якая праходзіла ў 1972 годзе, Крапіва заклікаў пісьменнікаў часцей карыстацца адрэдагаванымі ім ды яго паслядоўнікамі слоўнікамі. І малады мовазнавец смела запярэчыў акадэміку: “Няўжо беларускія пісьменнікі настолькі непісьменныя, што будуць трымацца, як п’яны плоту, вашых слоўнікаў?”

Павел Сцяцко даглядаў і мілаваў сад мовы самааддана, ахвяраваўшы адпачынкам і сямейным жыццём. Помню, як неяк улетку ён цэлы месяц жыў у свайго сябра і майго школьнага настаўніка Пятра Марціноўскага ў мястэчку Дзярэчын на Зэльвеншчыне. Там, дарэчы, мы і пазнаёміліся ў 1984 годзе. Думаеце, прафесар адпачываў? Не, ён ледзь не штодня выбіраўся ў падарожжы па навакольных вёсках, не мінаючы сваё роднае Грабава, гутарыў з людзьмі. У выніку сабраў і выдаў “Зэльвенскі слоўнік” і ўжо адной гэтай сваёй працай сплаціў доўг зямлі, дзе прыйшоў на свет у далёкім 1930 годзе.

З Паўлам Уладзіміравічам мы закончылі адну і тую ж Дзярэчынскую школу. Ён у пасляваенным 1947-м, я – на трыццаць сем гадоў пазней. У гасціннай хаце Пятра Марціноўскага, за чаркай “марціні” (так мы называлі самаробнае настаўнікава віно) будучы карыфей мовазнаўства расказваў, як вучыўся пры немцах у беларускай шко-ле. Падкрэсліваў – у беларускай і мовай, і ўсім духам выкладання. Заняткі адбываліся ў былым палацы Сапегаў, які ў 1943 годзе спалілі партызаны… 

За ўсю сваю гісторыю Дзярэчынская школа наўрад ці прыгадае больш здольнага вучня – першы клас Павел адолеў усяго за два месяцы, з трэцяга пераступіў адразу ў пяты, а з пятага сягнуў сходу ў сёмы! Перад гэткім націскам падкага да навукі юнака здаўся без бою (без экзаменаў) Гарадзенскі педінстытут, які ў 1991 годзе даверыў свайму колішняму выпускніку кафедру беларуска-славянскага мовазнаўства.

Дзесяць кандыдатаў і адзін доктар філалагічных навук – вучні Паўла Сцяцка. Можна з поўным правам гаварыць пра яго навуковую школу. А колькі па ўсёй Беларусі завочных вучняў Паўла Уладзіміравіча, якім пасля прачытання ягоных кніг нібы вочы нанова адкрыліся! У Герадотавай “Гісторыі”, у кнізе чацвёртай, гаворыцца пра племя будзінаў, якое жыло ў міжрэччы Прыпяці і Гарыні. Тыя будзіны доўгі час жылі ў падняволлі і амаль развучыліся размаўляць па-свойму, а потым усё ж скінулі чужое ярмо і (цытую Герадота) “былі ўражаныя прыгажосцю роднай мовы”. Гэтак і многія беларусы, прачытаўшы кнігі гарадзенскага прафесара, адчуюць сябе малапісьменнымі і зразумеюць, што памылкова засвоілі не тую мову… 

Павел Сцяцко нарадзіўся ў дзень смерці Сталіна і ўсё сваё жыццё паклаў, каб сарваць бальшавіцка-імперскую зашмаргу з беларускай мовы. І зашмарга тая, дзякуючы яго высілкам, адчувальна паслабла.

А памёр напярэдадні Дня Волі, перад Звеставаннем. Сумная для нас, камусьці гэта вестка, магчыма, прынесла радасць. Можа, і на нябёсах хтосьці пажадаў вывучыць не сапсаваную русіфікацыяй самабытную беларускую мову…

Міхась СКОБЛА.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0618
Выспачкі беларускай культуры  ў новым музеі ў Жлобіне
Культура

Выспачкі беларускай культуры ў новым музеі ў Жлобіне

9 лютага 2021, 21:1517
Пабачыў свет „Руска-беларускі слоўнік-даведнік лекавых раслін”
Выданні

Пабачыў свет „Руска-беларускі слоўнік-даведнік лекавых раслін”

21 лістапада 2018, 13:1817
Дыктоўка для сяброў ТБМ у Лідзе 21 лютага
Мова

Дыктоўка для сяброў ТБМ у Лідзе 21 лютага

18 лютага 2021, 21:0417
Далучайцеся да нас