Канцлер Германіі Ангела Меркель звярнулася да немцаў у сувязі з пандэміяй каранавіруса ў свеце. Прамова нямецкай лідаркі здабыла вялікую папулярнасць ва ўсім свеце. Яе цытуюць вядучыя інфармацыйныя агенцтвы і карыстальнікі сацыяльных сетак.
“Радыё Свабода” апублікавала прамову цалкам.
“Каранавірус вельмі сур’ёзна змяняе жыццё ў нашай краіне. Нашае ўяўленне аб штодзённасці, аб грамадскім жыцці, аб сацыяльным узаемадзеянні – усё гэта падвяргаецца выпрабаванню, як ніколі раней. Мільёны з вас не могуць хадзіць на працу, вашыя дзеці не ходзяць у школы і дзіцячыя сады, тэатры, кіно і крамы зачыненыя, і, што, напэўна, цяжэй за ўсё – усім нам не хапае асабістых сустрэчаў, якія мы ўспрымалі ў іншых абставінах як дадзенасць.
Вядома, у такой сітуацыі кожны з нас заклапочаны, мы задаёмся пытаннем, што будзе далей. Сёння я такім незвычайным чынам звяртаюся да вас, таму што хачу распавесці, чым я як канцлер, а таксама мае калегі ва ўрадзе кіруемся ў гэтай сітуацыі. Гэта і ёсць адкрытая дэмакратыя: мы прымаем палітычныя рашэнні празрыста і тлумачым іх. Мы стараемся тлумачыць нашыя дзеянні максімальна старанна і інфар-маваць пра іх, каб унесці яснасць. Я цвёрда веру, што мы справімся з гэтай задачай, калі сапраўды ўсе грамадзяне зразумеюць яе як сваю задачу.
Таму дазволю сабе выказацца так: усё сур’ёзна. І вы таксама пастаўцеся да гэтага сур’ёзна.
З часоў уз’яднання Германіі, не, з часоў Другой усясветнай вайны не было большага выкліку нашай краіне, пры якім так шмат залежала б ад нашых сумесных салідарных дзеянняў.
Я хачу растлумачыць вам, на якім этапе развіцця зараз знаходзіцца эпідэмія ў краіне, распавесці, што робяць федэральны ўрад і дзяржаўныя структуры, каб абараніць усіх у на-шым грамадстве і паменшыць эканамічную, сацыяльную і культурную шкоду. Але яшчэ я хацела б данесці, чаму для гэтага нам патрэбныя вы і што можа зрабіць кожны з вас.
Аб эпідэміі – усё, што я скажу вам, заснавана на сталых кансультацыях федэральнага ўраду з экспертамі інстытута Роберта Коха і іншымі навукоўцамі і вірусолягамі: ва ўсім свеце вядуцца інтэнсіўныя даследаванні, але да гэтага часу няма ні тэрапіі супраць каранавірусу, ні вакцыны.
Пакуль гэта так, можна зрабіць толькі адно, і гэта галоўнае ва ўсіх нашых дзеяннях: запаволіць распаўсюджванне вірусу, расцягнуць яго на месяцы і такім чынам выйграць час. Час для таго, каб навукоўцы маглі распрацаваць лекі і вакцыну. Але перш за ўсё час для таго, каб мы маглі паклапаціцца найлепшым чынам аб тых, хто захварэў.
У Германіі выдатная сістэма аховы здароўя, магчыма, адна з найлепшых у свеце. На яе можна спадзявацца. Але нават нашыя шпіталі будуць цалкам перагружаныя, калі ў самы кароткі час у іх будзе дастаўлена шмат пацыентаў, у якіх каранавірусная інфекцыя працякае цяжка.
Гэта не проста абстрактныя лічбы статыстыкі, гэта нечыя бацька ці дзед, маці ці бабуля, нечыя партнёры, гэта людзі. Мы – грамадства, у якім важнае кожнае жыццё, кожны чалавек.
Перш за ўсё ў гэтай сітуацыі я б хацела звярнуцца да лекараў, медсёстраў і медбратоў, да ўсіх работнікаў нашых шпіталёў і сістэмы аховы здароўя ў цэлым. У гэтай барацьбе вы змагаецеся за нас на перадавой. Вы першымі сустракаецеся з хворымі, бачыце, як цяжка працякаюць некаторыя выпадкі інфекцыі. І кожны дзень вы зноў бярэцеся за працу і дапа-магаеце людзям. Вы робіце вялікую справу, і я дзякую вам за гэта ад усяго сэрца.
Такім чынам: задача палягае ў тым, каб запаволіць прасоўванне вірусу на яго шляху праз Германію. Выконваючы гэтую задачу, мы павінны – і гэта жыццёва важна – засяродзіцца на наступным: па магчымасці абмежаваць грамадскае жыццё. Вядома, у разумных межах, таму што дзяржава павінна функцыянаваць і далей, натуральна, мы захаваем забеспячэнне насельніцтва і захаваем эканамічную дзейнасць па меры магчымасцяў.
Але ўсё, што можа пагражаць людзям, усё, што можа пашкодзіць чалавеку або грамадству, мы павінны зараз абмежаваць.
Мы павінны памен-шыць рызыку заражэння аднаго чалавека іншым, як толькі можам.
Я ведаю, наколькі сур’ёзнымі аказаліся гэтыя абмежаванні ўжо зараз: ніякіх мерапры-емстваў, ніякіх кірмашоў, ніякіх канцэртаў, перш за ўсё, ніякіх заняткаў у школах і ўніверсітэтах, ніякіх гульняў у дзіцячым садку і на дзіцячых пляцоўках. Я ведаю, як жорстка ўрываюцца ў наша жыццё і ў нашую дэмакратычную сама-свядомасць абмежаванні, пра якія дамовіліся федэральны і зямельныя ўрады. Падобных абмежаванняў ніколі яшчэ не было ў рэспубліцы.
Дазвольце вас запэўніць: чалавек накшталт мяне, якому свабода перамяшчэння дасталася ў цяжкай барацьбе, можа знайсці апраў-данне падобным абмежаванням толькі пры крайняй неабходнасці. У дэмакратычнай краіне яны могуць быць уведзеныя толькі на вельмі сур’ёзнай падставе і толькі часова – але зараз яны неабходныя, каб захаваць жыцці.
Таму ад пачатку тыдня ўведзены больш жорсткі памежны кантроль і абмежаванне на ўезд з некаторых найважнейшых суседніх з намі краінаў. Эканоміцы, буйным і дробным праlпрыемствам, крамам, рэстаранам, самазанятым ужо цяпер вельмі цяжка. Наступныя тыдні будуць яшчэ цяжэй. Запэўніваю вас: федэральны ўрад робіць усё, што можа, каб змякчыць эканамічныя наступствы, і, перш за ўсё, захаваць працоўныя месцы.
Мы можам зрабіць усё неабходнае, каб дапамагчы нашым прадпрымальнікам і працадаўцам вытрымаць гэта цяжкае выпрабаванне, і мы зробім гэта.
Кожны можа быць упэўнены – забеспячэнне прадуктамі будзе гарантаванае заўсёды. І калі ў нейкі момант паліцы апусцелі, значыць, яны будуць запоўнены ізноў. Кожнаму, хто зараз ідзе ў супермаркет, я б хацела сказаць: рабіць запасы мае сэнс, так было заўсёды. Але ў меру. Ліхаманкавая скупка прадуктаў, як быццам іх больш не будзе, бессэнсоўная і, у рэшце рэшт, кажа пра адсутнасць салідарнасці з іншымі людзьмі.
І дазвольце мне сёння выказаць падзяку тым людзям, якім занадта рэдка дзякуюць. Тыя людзі, якія ў гэтыя дні сядзяць за касай супермаркета ці напаўняюць паліцы, робяць адну з найцяжэйшых працаў на сённяшні дзень. Дзякуй, што застаяцеся на пасадзе дзеля суграмадзян, працаздольнасць крамаў літаральна трымаецца на вас.
Зараз аб самым неабходным: усе дзяржаўныя меры будуць бессэнсоўныя, калі мы не будзем выкарыстоўваць найбольш дзейсны сродак супраць занадта хуткага распаўсюджвання віруса: нас саміх. Вірус закрануў кожнага з нас без разбору, і зараз сапраўды гэтак жа без разбору мы павінны дапамагаць адзін аднаму. Перш за ўсё тым, што прымем праблему ўсур’ёз. Не ўпадаць у паніку, але таксама ні на хвіліну не дапускаць думкі, што ад вас нічога не залежыць. Кожны на рахунку. Патрэбныя нашыя агульныя намаганні.
Эпідэмія паказала нам, наколькі мы ўсе ўразлівыя і як залежныя ад абачлівых паводзін іншых. Але акрамя гэтага – як сумеснымі дзеян-нямі мы можам абараніць і падтрымаць адзін аднаго.
Гэта залежыць ад кожнага. Мы не асуджаныя і не павінныя адхілена назіраць, як распаўсюджваецца вірус. У нас ёсць супраць яго сродкі: мы павінны берагчы адзін аднаго і за-хоўваць дыстанцыю. Парады вірусолагаў адназначныя: больш ніякіх поціскаў рукі, грунтоўна і часта мыць рукі, захоўваць дыстанцыю ад іншых людзей, па меншай меры, паўтара метра, і лепш за ўсё спыніць кантакты з людзьмі вельмі сталага веку, таму што менавіта яны знаходзяцца ў найбольшай небяспецы.
Я ведаю, як цяжка выконваць гэтыя патрабаванні. Як раз у цяжкія часы мы хочам быць бліжэй адзін да аднаго. Клопат для нас заўсёды выяўлялася ў шчыльным кантакце і дотыку. Але, на жаль, цяпер правільней прытрымлівацца адваротнага. І мы ўсе павінны зразумець: цяпер менавіта дыстанцыя – праява клопату.
Зайсці да некага з добрымі намерамі, неабавязковае падарожжа – усё гэта можа азначаць заражэнне, і ад гэтага цяпер трэба адмовіцца. Эксперты абгрунтавана кажуць: унукі не павінны зараз сустракацца з бабулямі і дзядулямі.
Тыя, хто пазбягае непатрэбных сустрэч, дапамагаюць усім, хто цяпер у шпіталях кла-поціцца пра пацыентаў, колькасць якіх толькі расце. Так мы ратуем жыцці. Гэта для многіх будзе цяжка, і таму зараз мы нікога не павінны пакідаць у самоце, мы павінныя паклапаціцца пра тых, каму патрэбныя спачуванне і падтрымка. Мы – сем’і і грамадства – знойдзем іншы спосаб падтрымаць адзін аднаго.
Ужо цяпер паўстала мноства крэатыўных спосабаў супрацьстаяць вірусу і яго сацыяльным наступствам. Ужо цяпер унукі запісваюць падкасты для бабуляў і дзядуляў, каб тыя не адчувалі сябе самотнымі.
Мы ўсе павінны знайсці спосаб паказаць дружалюбны жэст і разуменне: скайп, тэлефонныя размовы, эмэйлы а, можа, наогул зноў пачаць пісаць лісты. Бо пошта працуе. Мы чуем пра выдатныя прыклады дапамогі суседзям сталага веку, якія не могуць самі хадзіць на закупы. Я ўпэўненая, узнікне яшчэ шмат новага, і мы, як грамадства, пакажам, што мы нікога не пакідаем у бядзе.
Я звяртаюся да вас: прытрымлівайцеся правілаў, вызначаных на бліжэйшы час. Мы, як урад, увесь час будзем правяраць, што можна выправіць, што яшчэ неабходна зрабіць. Сіту-ацыя развіваецца, і, застаючыся ў ёй, мы павінны вучыцца, каб у любы момант змяніць рашэнне і рэагаваць іншымі спосабамі. І ўсе нашыя дзеянні мы будзем тлумачыць.
Таму я прашу вас: не верце чуткам. Верце толькі афіцыйным паведамленням, якія мы будзем перакладаць таксама на многія іншыя мовы.
Мы – дэмакратыя. Мы жывем не прымусам, а агульнымі ведамі і салідарнасцю. Гэта гістарычная задача, і з ёй можна справіцца толькі сумесна.
Я абсалютна ўпэўненая, што мы пераадолеем гэты крызіс, але наколькі вялікія будуць ахвяры? Колькі любімых людзей мы страцім? Гэта шмат у чым залежыць ад нас. Мы можам дзейнічаць рашуча і салідарна. Мы можам прыняць абмежаванні і падтрымліваць адзін аднаго.
Сытуацыя сур’ёзная, яе фінал адкрыты.
Гэта значыць, ён будзе залежаць, у прыватнасці, ад таго, як дысцыплінавана кожны з нас выконвае правілы.
Нават калі мы яшчэ ніколі не перажывалі нічога падобнага, мы павінныя паказаць, наколькі шчыра і разумна мы можам сябе паводзіць і гэтым ратаваць жыцці. Гэта залежыць ад кожнага з нас без выключэння і, такім чынам, ад нас усіх”.
Радыё Свабода.

