22 лютага 2020 г. для сябраў ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва ў музеі В. Бялыніцкага-Бірулі наш шаноўны сябар, загадчыца музея Святлана Строгіна прачытала цікавую лекцыю “Выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны”. Лекцыя была прысвечана мастакам, якія жылі на Магілёўшчыне, якімі захапляліся і ганарыліся. Пра творчасць магілёўскіх мастакоў А. Бархаткова, Н. Воранава, Э. Карповіча, яскравых магілёўцаў, якія пакінулі на зямлі Беларусі свой зорны след. Таксама пасля лекцыі адбылася сустрэча з мастаком Аляксандрам Суворавым і наведванне яго персанальнай выставы “Горад сонца”.
Антон Стэфанавіч Бархаткоў нарадзіўся 1915 ў вёсцы Шчаглоўка, Касцюковіцкі раён – беларускі жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Вучыўся ў Маскоўскім мастацкім інстытуце імя Сурыкава. Вучань і прадаўжальнік традыцый В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Сыны Антона Стэфанавіча – Вітольд (у гонар В. К. Бялыніцкага-Бірулі) і Ігар – таксама сталі прафесійнымі мастакамі-рэалістамі, такім чынам стварыў сапраўдную мастацкую дынастыю.
А.С. Бархаткоў аўтар шырокавядомых карцін: “Партрэт В. К. Бялыніцкага-Бірулі”, “Ганачак”, “Першая песенька”, “Поўдзень на сенакосе”, “Вясна на Нёмане”, “Красавіцкі дзень”, “Вясна”, “Сінія цені”, “Апошні прамень”, “Бэз”, “Залатая восень”, “Любімыя дубы Якуба Коласа. Мікалаеўшчына” і шмат іншых. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі сучаснага выяўлен-чага мастацтва ў Менску, музеях Магілёва, Гародні, Гомеля, Бялынічаў, Касцюковічаў.
Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Натан Майсеевіч Воранаў нарадзіўся ў 1916 годзе ў Магілёве. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ў выкладчыкаў Івана Ахрэмчыка і Фёдара Фогта, потым у Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны – пасля падрыхтоўкі ў артылерыйскім вучылішчы ў Кастраме камандаваў артылерыйскай батарэяй, потым – звязам разведкі. Не раз быў паранены, на некаторы час страціў зрок. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” і інш. Выкладаў маляванне і чарчэнне ў сярэдніх школах Магілёва, на кафедры малюнка і жывапісу БДТМІ. Дацэнт. Сябар секцыі жывапісу Саюза мастакоў БССР, выконваў абавязкі старшыні Саюза маста-коў БССР. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найбольш вядомыя творы прысвечаны падзеям Кастрычніцкай рэвалюцыі і барацьбе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Стварыў партрэты беларускіх кампазітараў Я. Цікоцкага, У. Кандрусевіча, групавы партрэт фехтавальшчыц (“Беларускія “мушкецёры””); лірычныя і індустрыяльныя пейзажы, нацюрморты.
Беларускія мастацтвазнаўцы лічаць, што Н. Воранаў быў верны ідэалам свайго часу і прытрымліваўся ў творчасці асноўных догмаў сацыялістычнага рэалізму… Аднак творчасць Натана Майсеевіча выходзіла за рамкі гэтага метаду. Захоўваючы ідэалагічную аснову афіцыйнага мастацтва, у жывапісна-пластычным вырашэнні сваіх карцін ён творча пераасэнсоўвае спадчыну імпрэсіянізму, а таксама постімпрэсіянізму. Такое спалучэнне розных мастацкіх традыцый і бясспрэчнага таленту каларыста робіць асабліва прывабнай творчасць мастака і для сучаснага гледача. У творчасці Н. Воранава, бачна дзве лініі: “грамадска-палітычную” і прыватную, камерна-інтымную. Творы Н. Воранава захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, у фондах Беларускага саюза мастакоў, у Музеі гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, у прыватных калекцыях Беларусі і замежных краін.
Магілёўшчына багатая на таленты. Знаёмства з кожным таленавітым чалавекам – гэта радасць адкрыцця. Такім адкрыццём стала сустрэча з мастаком Аляксандрам Суворавым. Аляксандр Браніслававіч Сувораў нарадзіўся ў Магілёве ў 1957 годзе, скончыў сярэднюю школу № 3, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Накірункі яго дзейнасці – станкавы жывапіс, графіка, манументальнае мастацтва. З 1995 года Аляксандр Сувораў у складзе Беларускага саюза мастакоў. Яго творчы шлях пачынаецца з 1980 года. Зроблена многа, але ўлік сваіх прац і дасягненняў мастак не вядзе (былі персанальныя выставы, удзельнічаў у шматлікіх агульных праектах). Творы захоўваюцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленнікава, Шклоўскім краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных калекцыях краін Еўропы і Амерыкі.
Энергетыка ў музеі станоўчая, яна спрыяла шчырай размове аб вечным – аб мастацтве. Першае, што звяртае на сябе ўвагу пры знаёмстве з карцінамі Аляксандра Суворава, – гэта падмурак, на якім грунтуюцца сюжэты. А падмуркам служыць міфалогія – славянская, грэчаская, і не толькі. На міфалогіі мацуецца яго метафізічнае бачанне свету і быцця, часу і прасторы. Мастак падкрэслівае медытатыўны бок жыцця, таму перавагу аддае спакойным, задуменным момантам.
Ва ўсіх творах Аляксандра Суворава прысутнічаюць сімвалічныя элементы з алегарычнымі канатацыямі. Найбольш частыя вобразы, якімі ён карыстаецца – марская ракавіна, музычныя інструменты, птушкі. Карціны Аляксандра Суворава ўводзяць гледачоў у стан унутранай засяроджанасці, сузірання. Глядач міжволі скіроўвае думкі ў гістарычнае і міфапаэтычнае мінулае, задумваецца над культурнымі каштоўнасцямі свайго народа, краіны.
Напрыканцы мерапрыемства пашчасціла пачуць музычныя творы на электронным аргане. Вялікі дзякуй спадарыні Святлане Строгінай за выдатную праграму!
Шымянкова Наталля.
Магілёў.