Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
За адзіную дзяржаўную беларускую мову

За адзіную дзяржаўную беларускую мову

30 сакавіка 2020, 21:17 Мова 69
За адзіную дзяржаўную беларускую мову

Беларускую нацыю за апошнюю чвэрць стагоддзя прывялі да мяжы яе этнічнага вымірання.  Навука і гісторыя даказалі: няма этнічнай мовы – няма этнасу, няма нацыі. Сёння ўжо дзеці не разумеюць беларускую мову. Уладная вертыкаль вырасціла цэлае пакаленне беларусаў без роднай мовы, роднай песні, беларускай гістарычнай памяці. Як кажуць у народзе, усё не так, як у людзей. Татальная русіфікацыя праз сучасныя СМІ зрусіфікавала апусцелыя вёскі. Дзяржаўная сістэма выхавання і навучання амаль цалкам рускамоўная. Паспаліты народ беларускі не разумее, што мы, беларусы, ёсць носьбітамі паміраючай роднай беларускай мовы. І ў гэтых умовах ні адна палітычная партыя, грамадская арганізацыя, (у тым ліку і кіраўніцтва ТБМ імя Ф. Скарыны, ТБШ), іх кіраўнікі, дэпутаты ўсіх узроўняў за чвэрць стагоддзя афіцыйнага двухмоўя не асмеліліся прафесійна, адказна і чэсна публічна назваць прычыны і прозвішчы высокіх дзяржаўных і навуковых асобаў, якія адказныя за лінгвацыд беларусаў. Яны выступаюць бэк-вакалістамі ўладнай вертыкалі. Прыклад: паседжанне Рады  ТБМ 26 студзеня і бессэнсоўны зварот да Прэм’ера. Інтэлігенцыя, акадэмічныя навукоўцы і грамадскія дзеячы разумеюць гэтую смертаносную праблему, але баяцца прафесійна-публічна адукоўваць паспалітых беларусаў і матывавана патрабаваць ад уладнай вертыкалі спыніць беларускамоўны лінгвацыд і этнацыд.

Этнацыд (ад спалучэння слоў грэч.: etnos – народ і лац.: caedo – забіваю) – палітыка, скіраваная на знішчэнне нацыянальнай свядомасці той ці іншай этнічнай групы. У адрозненні ад генацыду не звязана з фізічным знішчэннем носьбітаў пэўнай мовы, культуры альбо рэлігіі.

У канцы 1994 года беларусам і ўсяму свету было заяўлена:  “Люди, которые говорят на бело-русском языке, не могут делать ничего, кроме как разговаривать на белоруском языке, потому, что по-белорусски нельзя выразить что-то большое. Белорусский язык – бедный язык. В мире существует только два великих языка – русский и английский”. І гэта не проста словы, а  стратэгія і тактыка моўнай і культурнай дзяржаўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь.

Такое пра беларускую мову гаварылі толькі польскія палітычныя дзеячы ў міжваенны перыяд. У 21-м стагоддзі ніводзін палітычны лідар так не зганьбіў родную мову ў сваёй краіне. Для іх родная мова – найвялікшая каштоўнасць. (Нагадаем, што тэзаўрус літаратурнай беларускай мовы налічвае каля 500 тысяч слоў, а дыялектнай – дзесьці каля 2 мільёнаў слоў!)

Як і ў горшыя часы панавання савецкага палітычнага рэжыму, усё афіцыйнае жыццё нашай краіны пачало абслугоўвацца толькі рускай мовай, хаця і былі свядома, дзеля затуманьвання татальнага пачатку знішчэння беларускай мовы, прыняты нарматыўныя акты аб роўнасці беларускай і рускай моваў. Вынікам 25-ці гадовага канстытуцыйнага двухмоўя маем пераход беларускай мовы са статусу адзінай дзяржаўнай у статус выміраючай мовы.

Мова – душа Народа.  Для вяртання беларусам іх роднай мовы ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства трэба неадкладна на дзяржаўным, канстытуцыйным узроўні карэнным чынам выпра-віць моўную сітуацыю ў Беларусі. Для гэтага неабходна:

а) аднавіць дзейнасць гістарычных па сваім значэнні законаў аб мовах, прынятых дэпутатамі  БССР. Гэта “Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі “Аб мовах у Беларускай ССР”” (26 студзеня 1990 г.), “Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР “Аб парадку ўвядзення ў дзеянне закона Беларускай СССР “Аб мовах у Беларускай ССР”” (26 студзеня 1990 г.) , “Дзяржаўную праграму развіцця бела-рускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР”, па-станова Савета міністраў № 240 ад 20.09.1990 г.

б) або ў бліжэйшы час прыняць новы Закон аб статусе  адзінай дзяржаўнай мовы – беларускай.

Дзяржаве неабходна сістэмна і мэтанакіравана  весці сярод народа глыбока прадуманую растлумачальную работу пра выключную ролю яго роднай мовы як для захавання этнакультурнай ідэнтычнасці краіны, так і для абароны, умацавання яе палітычнага суверэнітэту. Народ павінен мець цвёрдае перакананне, што панаванне рускай мовы ў сучаснай Беларусі – гэта не гістарычная непазбежнасць, не добраахвотны выбар рускай мовы нашым народам, а вынік свядомай, сістэмнай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі на працягу больш, чым двух стагоддзяў, ад якой, на вялікі жаль, уладная вертыкаль не адышла і па сёння.

 

Яшчэ раз паўторым нашы высновы-прапановы (лозунгі)  па выратаванні беларускай мовы і яе этнаносьбіта:

– спыніць беларускамоўны лінгвацыд і этнацыд;

– за адзіную дзяржаўную  беларускую мову ў Рэспубліцы Беларусь;

– вярнуць 17-ы артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года;

– вярнуць закон “Аб мовах у Беларускай ССР” (26 студзеня 1990 г.);

– вярнуць  “Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы” 1990 г.

Прафесары Леанід Лыч, Мікола Савіцкі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Верабей чырыкае для дзяцей
літаратура

Верабей чырыкае для дзяцей

21 лістапада 2025, 18:3421
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0918
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0618
Незабыўны Альберт Паўловіч
літаратура

Незабыўны Альберт Паўловіч

21 лістапада 2025, 13:3817
Далучайцеся да нас