Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
25 сакавіка – 102-я ўгодкі БНР

25 сакавіка – 102-я ўгодкі БНР

30 сакавіка 2020, 21:27 Грамадства, ТБМ 83
25 сакавіка – 102-я ўгодкі БНР

Віншаванне з нагоды Дня Волі

Паважаныя сябры!

ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” віншуе вас з Днём Волі! Сёлета мы адзначаем ўжо 102-я ўгодкі гэтай слаўнай даты нашай найноўшай гісторыі. Гэты дзень для многіх пакаленняў беларусаў з’яўляецца Днём нацыянальнай годнасці і рашучасці. Сёння мы яшчэ больш выразна ўсведамляем, якую справу зрабілі нашы папярэднікі, калі ў неверагодна складаных умовах здолелі аб’яднацца і абвесціць пра новую краіну – Беларускую Народную Рэспубліку. Дзякуючы іх рашучасці, выключнай мужнасці і непахіснай веры ў свой народ,  мы жывём у сваёй незалежнай дзяржаве.

Няхай жа гэты дзень стане для ўсіх нас, грамадзян Беларусі, днём удзячнай памяці пра слаўных папярэднікаў, святам яднання на грунце павагі і пашаны да нашай гісторыі, да нашай культуры і роднай беларускай мовы!

Разам святкуем – разам справімся з любымі нягодамі!

Сакратарыят ТБМ.

 

Рыгор Барадулін

25 сакавіка…

Дваццаць пятага сакавіка –

Годны дзень

Беларускай дзяржавы.

Веснаплынных вятроў талака

Пыл з кароны атрэсла іржавы.

Шматавалі нас досыць арлы

І з адной, і з дзвюмя галавамі.

Мы не з нейкай бязроднай імглы,

Нас вякі як сваіх

Гадавалі.

Мы – ратаі святла,

Крывічы,

Верхачы неўміруючай Пагоні.

Маладзік сакалом на плячы,

Гартны меч у цвярдое далоні.

Лучыць нашыя мары рака

Бел-чырвона-белага сцяга.

Дваццаць пятага сакавіка –

Наша свята,

Пароль

           І прысяга!

Алесь Змагар

25 Сакавік

Радзіўся Ты ў Менску Беларускім‚

Пажарам Край дыміўся ў вагні.

Наўкол чужынцы на палетках вузкіх

Тапталі скарбы нашых родных ніў.

 

Народ стагнаў‚ угору ўздымаў рукі‚

Лавіў святла недасяжны прамень.

Быў цяжкі час. Сярод нясцерпнай мукі

З’явіўся Ты‚ прыгожы‚ светлы Дзень.

 

Цудоўнай зоркай ўзняўшыся высока‚

Народу шлях да волі асвяціў‚

І зашасцелі казкаю асокі‚

Мінулай славай лес загаманіў.

 

І Край ажыў. Народ паймкнуўся к свету‚

У вачах крынічыць радасці струмень.

І нашых продкаў слаўны запаветы

Ўваскрослі ў гэты незабытны дзень.

 

Вялікі Дзень! Нічым Цябе не сцерці!

Стагоддзям нат Цябе не перажыць!

Вякі мінуць‚ а Ты ў народным сэрцы

У песнях‚ былях будзеш жыць!

 Kirchheim – Аўстрыя,

25 Сакавіка 1946 г.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
"ВЕРАСЕНЬ" выйшаў на Замкавы гасцінец
Культура

"ВЕРАСЕНЬ" выйшаў на Замкавы гасцінец

13 чэрвеня 2026, 17:0720
Тракельскі санктуарый наведаў новапрызначаны Апостальскі нунцый
Грамадства

Тракельскі санктуарый наведаў новапрызначаны Апостальскі нунцый

26 ліпеня 2025, 09:4016
Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”
Грамадства

Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”

28 сакавіка 2019, 11:3715
Мой зямляк кампазітар Антон Валынчык
Гісторыя і краязнаўства

Мой зямляк кампазітар Антон Валынчык

2 жніўня 2026, 10:0715
Далучайцеся да нас