20 лютага на сайце “Радыё Свабода” быў змешчаны адказ Вінцука Вячоркі і Сяргея Шупы на пытанне чытача, дзе яны настойваюць на неправамернасці ўжывання тэрмінаў “Летува”, “летувіс” і “летувіскі”. Зміцер Санько адгукнуўся на гэты адказ грунтоўным артыкулам “І ўсё ж – Літва ці Летува?” З увагі на цікавасць нашых чытачоў да гэтай тэмы мы перадрукоўваем артыкул з невялікімі аўтарскімі зменамі і дапаўненнямі.
Пошукі згоды
Я цалкам згодны з Вінцуком Вячоркам і Сяргеем Шупам: галоўнае, на што нам усім трэба звярнуць пільную ўвагу, – гістарычная адукацыя. Я таксама за тое, каб з суседзямі жыць мірна, абмяркоўваць вострыя пытанні, прыходзіць да паразумення, да пагаднення, але, падкрэслю, да гэтага мусяць імкнуцца абодва бакі. Сёння ўжо мала хто ўспамінае пра спробу такога пагаднення ў Гярвятах чвэрць стагоддзя таму. Коратка нагадаю. Там сабраліся беларускія і летувіскія гісторыкі і дамовіліся лічыць Вялікае Княства Літоўскае агульнай спадчынай: вы, маўляў, можаце называць гэтую дзяржаву “літоўска-беларускай”, а мы будзем называць “беларуска-літоўскай”. Гэткае джэнтльменскае пагадненне. І што з гэтага выйшла? Беларускія навукоўцы цвёрда трымаліся дамоўленасці, і гэта знайшло сваё ўвасабленне ў падручніках і энцыклапедыях. А вось летувісы зрабілі выгляд, што ні пра што ні з кім не дамаўляліся.
Былі і іншыя сустрэчы – круглыя сталы, канферэнцыі пад умоўным назовам “Рым”, у якіх бралі ўдзел навукоўцы з тых краін, што калісьці складалі абшар Рэчы Паспалітай, – Беларусі, Летувы, Польшчы і Украіны. Арганізатары іх ставілі за мэту дасягненне ўзаемаразумення і збліжэнне пазіцый у асвятленні гісторыі. Але насуперак гэтаму летувіска-беларускія рознагалоссі ўсё больш і больш паглыбляліся. Урэшце падчас канферэнцыі ў Троках дайшло да скандалу. Летувісы – з трыбуны і ў друку – абвінавацілі беларусаў, што тыя прэтэндуюць на “іхнія” летапісы і статуты. На гэтым праект “Рым” скончыў сваё існаванне, далей проста не было сэнсу збірацца.
Хто спадкаемцы?
Дык чыё Вялікае Княства? Калісьці ў 1991 годзе, яшчэ за саветамі, як я рыхтаваў да выдання кнігу Івана Саверчанкі “Канцлер Вялікага Княства”, сустрэліся мы ў выдавецтве “Навука і тэхніка” з яе навуковым рэдактарам Анатолем Грыцкевічам. Акрамя заўваг і пажаданняў, выкладзеных пісьмова ў водгуку на рукапіс, было адно пажаданне, выказанае вусна: “Думаю, не варта пісаць, што Вялікае Княства Літоўскае – беларускае гаспадарства”. – “Чаму?” – “Не пара яшчэ”, – адказаў спадар Анатоль.
Калі ў 1993 годзе выйшла з друку кніга “100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”, мой старэйшы сябар Арсень Ліс, вельмі заслужаны для нашай навукі і культуры чалавек, павіншаваўшы з гэтай падзеяй, мякка заўважыў: “Толькі вось з Вялікім Княствам вы, здаецца, трохі перабралі меру. Ці варта было так?” На гэты сумнеў я адказаў пытаннем: “А калі б Сталін не аддаў Вільню, калі б яна засталася ў складзе Беларусі, як бы тады трактавалася Вялікае Княства? Як вы думаеце?” – “Бясспрэчна як беларуская дзяржава! Тут і сумнявацца не даводзіцца”. – “Дык што ж выходзіць, палітычныя маніпуляцыі дыктатараў дваццатага стагоддзя перайначваюць даўнейшую гісторыю? Яна ж ужо адбылася!” – “Так, маеце рацыю”, – пагадзіўся калега.
Атрымаўшы Віленскі край, нашы суседзі распачалі татальную летувізацыю. Перайначвалі на свой лад усё: старадаўнія найменні вёсак, мястэчак, гарадоў, вуліц, імёны і прозвішчы жыхароў. Не грэбавалі ніякімі сродкамі і метадамі. Вельмі паказальны такі прыклад. У 1963 годзе маладыя беларускія навукоўцы Арсень Ліс і Іван Цішчанка агледзелі ў Дзяржаўным гістарычным архіве Летувы рукапіс Яна Карловіча пра фальклор Віленшчыны. Былі ўражаныя высокім навуковым роўнем падрыхтоўкі і багаццем песеннага матэрыялу. Там былі не якія-небудзь прыпеўкі новага часу, а наш традыцыйны фальклор, вытокі якога – у сівой старажытнасці. Праз пару тыдняў вярнуліся з фа-тографам, каб зрабіць копію. Але гэтым разам ім у архіве нічога не далі! Няма – і ўсё тут. Нашыя фалькларысты зразумелі, чаму ад іх хаваюць той рукапіс: з яго добра відаць, што Віленшчына – беларуская.
Пра парадкаванне тэрміналогіі
Гістарыяграфія, як і кожная навука, павінна мець дакладна вывераны тэрміналагічна-паняццевы апарат. Неадназначнасць, недастатковая акрэсленасць, двухсэнсоўнасць ствараюць глебу для непаразуменняў і спекуляцый. Неспарадкаваная тэрміналогія – “кульгавая” навука. Беларускім гісторыкам яшчэ шмат трэба зрабіць на гэтым абсягу, бо даўно ўжо пара адмовіцца ад звычкі глядзець на сваю гісторыю праз чужыя акуляры. На жаль, дасюль яшчэ следам за палякамі нашы даследнікі называюць, напрыклад, міжваенную Польшчу “Другой Рэччу Паспалітай” (хоць даўнейшая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў не была польскай дзяржавай), Жыгімонта Старога ці якога іншага манарха завуць нашым “каралём” (хоць мы мелі толькі аднаго караля – Міндоўга), а зусім нядаўна, следам за расейцамі, бяздумна ўжывалі, а зрэдзьчас і цяпер ужываюць, тэрміны “дамангольскі перыяд” і “старажытнаруская народнасць”.
Тое самае і з Літвою. Добра, калі яшчэ ўдакладняюць: “летапісная Літва”, “Літва (у этнаграфічным значэнні слова)”, “гістарычная Літва” або “Літва ў сучасным разуменні”. Але, бывае, і гэта не ратуе, бо не будзеш жа кожнага разу тлумачыць, якое паняцце ўкладваецца ў слова, і часам атрымоўваецца проста блытаніна. За саветамі, калі нашым гісторыкам нельга было пісаць пра Вялікае Княства Літоўскае, гэтай праблемы, зразумела, не існавала. Цяпер жа развязанне яе стала дужа актуальным. Так што тэрміналагічнае размежаванне Літвы гістарычнай і сучаснай (Летувы) – настойлівае патрабаванне часу. Менавіта гэта, на мой погляд, і дасць шанец паразумецца беларускім і летувіскім гісторыкам. Хацелася б, каб нашыя суседзі зразумелі, што так, як было, ужо не будзе. Чым хутчэй яны гэта ўсвядомяць, тым лепей для ўсіх.
Ці недарэчная канструкцыя?
Нашы летувіскія апаненты, як і аўтары нататкі, смяюцца з нібыта недарэчнай канструкцыі слова “летувіскі”, дзе канчатак становіцца суфіксам. А між тым вось ужо больш за тры чвэрці стагоддзя ў Беларусі пішуць “Вільнюс” і вытворнае ад яго “вільнюскі”. Я ніколі не чуў, каб у Летуве смяяліся з гэтага. Выпадак жа абсалютна аналагічны: Вільнюс – вільнюскі, летувіс – летувіскі. Усё як там: і слова ўзятае жыўцом з чужой мовы, і прыметнік утвораны паводле той самай мадэлі, і канчатак зрабіўся суфіксам. Дык чаму ж не чуваць пратэстаў, адкуль такая непаслядоўнасць? Адказ відавочны: у першым выпадку слова лашчыць іхні слых, а ў другім стварае для іх праблемы.
Дарэчы будзе адзначыць, што захаванне канчаткаў у пазычаных словах – звычайная з’ява. Згадайма, напрыклад, лексіку, што прыйшла ў нашую мову з грэцкай (апакаліпсіс, базіс, крызіс, тэзіс, Ахілес, Геркулес, Ісус) або з лаціны (кансэнсус, полюс, статус, узус, калегіюм, кворум, форум). Скланяючы гэтыя словы, мы да чужых “закансерваваных” канчаткаў дадаём яшчэ свае. І такой лексікі ў нас даволі багата.
Урэшце, усе мы разумеем, што ў кожнай мове – свае асаблівасці, у кожнага народа – свае традыцыі. Жонка майго калегі Саткаўскаса, беларуска, запісаная ў тутэйшым ЗАГСе на прозвішча Саткаўскас. Гэты казус выклікае вясёлы смех у ягонай радні: “Як гэта – жанчына, а прозвішча мужчынскае?!” А ў Беларусі ніхто з гэтага не смяецца. Гэтаксама і нам дзіўна чуць пра жанчыну ў Нямеччыне з прозвішчам, напрыклад, “Камінскі”. А немцы гэта ўспрымаюць як належнае.
Што да націскаў. Тут і праўда ёсць разбежнасць. Але ўсё ж нашмат часцей у нас гавораць не Летува, а Летува. Такое вымаўленне знаходзіць сваё пацверджанне ў перакладзе афіцыйнага гімна Летувы на расейскую мову, зробленым яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагоддзя: “Летува, отчизна наша, ты – земля героев…” А словы “летувіс” і “летувіскі” зафіксаваныя менавіта ў такім выглядзе “Вялікім слоўнікам беларускай мовы” Фёдара Піскунова (2012), які абапіраўся на практыку маўлення.
Для падмацавання сваёй пазіцыі аўтары паклікаюцца на “Ангельска-беларускі слоўнік” Валянціны Пашкевіч, выдадзены ў 2005 годзе пад рэдакцыяй С. Шупы. Адзначаюць пры гэтым, што мовазнаўцы, якія зберагалі міжваенную класічную традыцыю, не сумняваліся, як завецца суседняя дзяржава. Мушу сказаць, што В. Вячорка і С. Шупа паспяшаліся з такім абагульненнем: у рукапісным “Беларуска-французскім слоўніку” Льва Гарошкі, які ён укладаў з канца 40-х гадоў, ёсць і “Летува”, і “летувіс”, і “летувіскі”.
Аўтары, відаць, мяркуюць, што зняважлівыя выразы, закліканыя паказаць невуцтва ды інфан-тыльнасць апанентаў (“некампетэнтная імправізацыя”, “словы-калекі”, “словы-монстрыкі”, “дзіцячыя комплексы”, “лінгвістычныя выбрыкі”), разам з прыдуманай імі мянушкай “летувісты” пераканаюць публіку лепей за аргументы. Дарэмна. Гэта сведчыць толькі пра іх слабую пазіцыю. “Летува” і “летувіс” – не беларуская выдумка. Гэта саманазоў краіны і народа, а “летувіскі” – прыметнік, утвораны паводле законаў нашай мовы.
Літва не роўна Летува
Але справа, зразумела, не ў канчатках і суфіксах. Справа ў тым, што летувісы хочуць захаваць знак роўнасці паміж гістарычнай Літвой і сённяшняй Летувой, а нам у той Літве пакінуць ролю падсуседзяў-кватарантаў, пра якіх можна і не згадваць. То бок, пакінуць усё так, як было дасюль.
У гэтым ім надта спрыялі і спрыяюць расейцы. Масква зрабіла Летуве два вельмі дарагія падарункі: першы – у 1939 годзе, калі аддала, забраўшы ў нас, Вільню; другі – у 1995 годзе, калі арганізавала праз сваю агентуру ў Беларусі рэферэндум дзеля замены сімволікі. Такога шчасця нашыя суседзі не чакалі. І калі ў нас зрынанне Пагоні выклікала душэўны боль, дык там з нагоды гэтай неспадзяванкі шмат у якіх сябрынах звінелі келіхі.
Не сумняваюся, што ў Летуве нямала нашых сімпатыкаў. Ёсць і сярод летувіскіх навукоўцаў людзі з цвярозым поглядам на гіс-торыю, якія бачаць, куды, у які тупік, завяла міфатворчасць. Але не яны вызначаюць, як цяпер модна казаць, мэйнстрым іхняй гістарыяграфіі.
Усіх нешта “напружвае”. Летувісаў, як пішуць В. Вячорка і С. Шупа, нямала напружваюць “недарэчныя” тэрміны ў беларус-кай мове. Шмат каго з палякаў дагэтуль напружвае тое, што “kresy wschodnie” належаць не ім. Ну а расейцаў увогуле напружвае тое, што мы – асобная краіна. Дык што, пад усіх будзем падладжвацца? Не! Лічацца з тым, хто голасна заяўляе пра свае законныя правы, а не з тым, хто, утуліўшы галаву ў плечы, азіраецца на суседзяў: “Ці тое сказаў я?”, “Ці не пакрыўдзіў каго?”, “Ці не глядзіць хто коса на мяне?” Дыпламатыя патрэбная, але не коштам нацыянальных ін-тарэсаў.
Даўняя гісторыя Летувы – велічны замак, які захапляе чужаземцаў сваім хараством. Падумаць толькі: маленькі народ, які да сярэдзіны шаснаццатага стагоддзя не меў пісьменнасці, здолеў стварыць багатую культуру і магутную дзяржаву ад мора да мора! Сапраўды, ёсць чым захапляцца… Ды вось закаклюка: замак гэты пабудаваны на пяску. Можна, вядома, спадзявацца, што пясок злежыцца, сцэментуецца і з часам стане трывалым падмуркам. Але можа і не злежацца, калі яго падмые шчыры струмень крынічнай вады, схаваны пад напластаваннямі міфаў, паўпраўды і замоўчвання.