Зміцер Захарэвіч. Паэт, бард. Нарадзіўся 20 сакавіка 1980 г. у Менску. Скончыў гістарычны факультэт і вайсковую кафедру БДУ. З 2002 г. да 2012 г. праходзіў вайсковую службу ў органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
Вершы неаднаразова друкаваліся ў беларускай перыёдыцы (часопісах “Дзеяслоў”, “Маладосць”, “Полымя”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Літаратурная Беларусь”, “Наша ніва” і інш.), а таксама ва Украіне (паэтычны альманах “Тerra poetica’2016”, выданне “Літературний форум”). Вершы перакладаліся на ўкраінскую мову. Лаўрэат “Фэсту аднаго верша” (2015) і грамадскага творчага конкурсу “Курапаты – Народны Мемарыял” (2017). Неаднаразова ўдзельнічаў у бардаўскіх і паэтычных фэстах і літаратурных форумах як у Беларусі, так і ў Украіне.
РЭФЛЕКСІЎНЫ АБРАЗОК
Праімчалі коні Феба стрымгаловыя,
След пакінулі –
блішчыць скрозь ноч ліловую
Маладзік
у скачцы згубленай падковаю.
Можа, знак на шчасце?
Ды не возьмеш – высака.
А з яго злятае снег, бы месяц дыхае,
Цішыня ж наўкол –
не напісаць, не выказаць.
Дзень мінуў,
нічым не горшы між суседзямі –
Не апёк адчаем,
памяць развярэдзіўшы,
Завітаў на час
і прэч пайшоў, адведаўшы.
На стале па ім закрэмзаныя аркушы,
На якіх ламаны рытм
і рыфма не гучыць,
Толькі тузін словаў вартых
знойдзеш да душы:
“Закацілася за гмахі сонца грошыкам.
Сноў салодкіх! Засынай, мая харошая.
Заўтра зноўку будзе
неблагі дзень збольшага…”
14.03.2016 г.
ВІНО ПЕРАМОГІ
Паўстанцам 1863-64 гг.
Хай віно перамогі не выпіта
І ў касцёлах нас не адпяюць,
Пад бізун самаўладнага скіпетра
Нас нікому ўжо не вярнуць.
Больш ніколі не будзем “падданымі”,
Хай шалеюць праз тое віжы –
Птушкі вольна звіняць над палянамі,
Дзе па нас паўсталі крыжы.
Душы нашы з малечаю цешацца,
Бо не здольны ніхто пакараць
Нас, пайшоўшых
бацькоўскімі сцежкамі,
Каб Айчыну сваю адзыскаць.
Па начох яшчэ ззяюць полыскі
Інсургенцкіх паходных агнёў,
А тых, хто ўпадзе сцятым коласам,
Зямля прыме, як годных сыноў.
Бо Яе мы не косткамі спрахлымі
Пасвянцалі, а верай сваёй.
У імя Жыцця пад штандарамі нашымі
Спадкаемцы пойдуць на бой.
28.06.2016 г.
ПРА ДОЖДЖ ET CETERA
Сустрэлі порсткія дажджы
Цень лістападу
Ля невідочнае мяжы
Пары без ладу.
Зламаўшы мерны ход хвілін,
Плюскочуць золлю,
Як за ўспамінам успамін
На рану соллю.
Наўмысна, пэўна, каб мяне
Лацвей расцвеліць,
Бо хочацца, дзе спакайней –
У бездань белі.
Дзе тумановы сон глыбей –
У заваконне,
Дзе вогкім воблакам плыве
Сівы сасоннік.
Дзе кроплям станісты касцёл
Падставіў плечы.
А дождж дзяўбе аднак усё,
Што час не лечыць.
І б’е да ачмурэння ў звон,
Як марнаслоўе.
Ды коціцца свет пад адхон
З “зямной любоўю”.
Не трапь пад колы – не скуголь
Пра дзень пануры.
На ране соль? Хай будзе соль –
Прадубіць скуру.
Пакуль агмень не прагарэў
Ёсць шанц сугрэцца.
Хай дождж гнюсавіць на дварэ –
І ён мінецца.
10.11.2016 г.
КУРАПАТЫ. ГАЛГОФА
Міжволі прыцішваю крок
У храме васковых хвояў,
Дзе гронкі рабінаў – кроў
Пакутнікаў, не герояў.
На безыменных кладох
Западзіны – не магілы.
Мы ж гэтае самі, дальбог,
Найлітасцівы, нарабілі!..
Данос, абгавор і паклёп –
Ці знойдзеш каго без правіны?
Паэта здаваў вершаплёт,
За бацькам хапалі сына.
Хіба да дзіцячай слязы,
Калі ў рай маршуюць адважна?
Ды ў цемры палаюць сляды –
Катынь, Курапаты, Дражна.
Хто ўперад кім быў – драбяза.
Не разбіраючы масці,
Пахмельны канвойны вязаў
Іржавым дротам запясці.
Па спінах скразіў халадок,
Малітвы шапталі таропка,
Але абрываў кат радок,
З “Нагана” ставячы кропку.
Пасля яны, змыўшы мазгі
З фарсістых юхтавых ботаў,
Спірт да ачмурэння пілі,
Прапахлыя смерцю і потам…
Каб ім не спалося штоноч
І сэрцы іх кроіла памяць,
Да цішы Галгофы прыходзь,
Дзе хвоі, як свечкі ў храме.
11.02.2017 г.
АБАРОНЦА
Здалёку шпаркай ластаўкай ляцела,
Спяшалася, не шкадавала крыл,
Калі ў баі расшкуматаным целам
Ён ад бяды зямлю сваю закрыў.
Вады жывільнай кроплю
ў дзюбцы несла,
Каб яе ўліць у вусны ваяра,
А ён – такі ж,
як і ў дзяцінстве, неслух –
З усмешкаю на захад пазіраў,
Які палаў над збаўленай Радзімай,
Напоенай з крыві і слёз дажджом,
Дзе ён да неўміручых пабрацімаў,
Глынуўшы сонца, ў неба адышоў.
23.05.2018 г.
ГРОНКА
Ціша цемрадзі лістком трапечыцца,
Верасень на плечы церусіць.
Я імя тваё пакіну ўвечары,
Выйду сэрца золлю астудзіць.
Годзе сцерагчыся непазбежнага
Зоркай у калодзежы старым:
Возьме восень уначы належнае –
Зрынуць далавах лісток вятры.
Золак дзень распаліць арабінаю –
Іншага не будзе й не было.
Гронкай з арабіны той пакінуў я
Золі ўчорашняй імя тваё.
…Ціша зноўку запануе ўвечары,
Верасень над светам заімжыць.
Я імя тваё пакіну вечнасці,
З золі прэч пайшоўшы назаўджы.
21.09.2017 г.
БЕЛАРУСІ
“З чорнаю павязкаю на вуснах…”
Ул. Караткевіч.
Зрабілася маім праклёнам –
Нібыта непазбыўны крыж,
Насупар кніжнаму канону
Я ўзяў твой грэх. Чаму ж маўчыш?
Маўчыш нявольніцай нямою,
Як служыш пану пры стале
Ці як нахабнік у апоі
Уночы грудзі твае рве.
Маўчыш, калі паміж сабою
За шэлег чубяцца сыны,
Чые парэшткі пасля бою
Знясуць на сметнік груганы.
Маўчыш, як ля дзядоўскай прошчы
Убачыш цені чужаніц,
Як крэсліць на нябёсах прочырк
Агонь пякельны бліскавіц.
Маўчацьмеш з прыкраю ахвотай,
Бо ўжо не будзе, што сказаць,
Як павядуць да эшафота,
Каб за маўчанне пакараць.
Радзіма, Летаю барвянай
Святыя ў вырай адплылі.
Я ўзяў твой грэх.
Я ўкрыжаваны.
І крыж згінае да зямлі.
Нясу яго, нібы паклоны
Табе ў малітве кладучы:
– Пазбаўся згубнага праклёну.
Стань роўнай іншым!
Не маўчы!!!
26.11.2017 г.
* * *
Рыззё з плячэй, цвікі ў далоні.
І ўвечненага на крыжы
“Памазалі” крывёй на скронях
Вянца цярновага шыпы.
І не было, бадай, нікога
У чалавечае гайні,
Хто б не крычаў: “Імем народа,
Распні яго! Яго распні!”
Без ліку згінула імперый,
Мячы й кайданы з’ела ржа,
Аднак нязменны сімвал веры –
Той крык для плебса й буржуа.
Лагво бяспечнае – бажніцай,
Дзе сон і стол – алтар сям’і.
І хай сабе ваюе рыцар
За прымхі на краі зямлі.
28.04.2018 г.
СТЫХІІ
І. АГОНЬ
Шугае полымя, нібыта танчыць стэп
У ім для нас з табою Саламандра,
І сэрцы жарсна б’юцца, бо суладна
Шугае полымя, нібыта танчыць стэп.
Хай той агонь не прагарыць намарна,
А, паскараючы зачаравальны тэмп,
Шугае полымя, нібыта танчыць стэп
У ім для нас з табою Саламандра.
ІІ. ПАВЕТРА
Навыперадкі з ветрам па цябе
Пусціцца, маючы каханне сцягам,
У нетры пазахмарнага прасцягу
Навыперадкі з ветрам па цябе.
Туды, дзе не ахопіш вокасягам
Сінечу, дзе ўсцяж зоравей мяце,
Навыперадкі з ветрам па цябе
Пусціцца, маючы каханне сцягам.
ІІІ. ЗЯМЛЯ
Усё жывое
мусіць мець надзейны грунт,
Карэнне моцнае,
каб вытрываць навалу;
Калі знішчае сівер кволае без жалю,
Усё жывое
мусіць мець надзейны грунт.
Таму праз негадзь
па зямлі, што ўзгадавала
Не зломкаў нас,
на конях скачам смела ўгрунь –
Усё жывое
мусіць мець надзейны грунт,
Карэнне моцнае,
каб вытрываць навалу.
ІV. ВАДА
Цячэ ўздоўж часу самавітая рака,
Народжаная з дзёрзкае крыніцы;
За далягляд пад сонцам залаціцца,
Цячэ ўздоўж часу самавітая рака.
Заўжды паводкай пачуцця разліцца
Напагатове, не ждучы красавіка,
Цячэ ўздоўж часу самавітая рака,
Народжаная з дзёрзкае крыніцы.
15-16.11.2019 г.
* * *
Памерлай зоркі зыркае святло,
Працяўшы нарасты
з эпохаў і парсекаў,
Ані сагрэць ці ўзрушыць не змагло –
Адно кранулася апушчаных павекаў
Насупраць дробкі дрогкае агню,
Які адсюль
да іншых светаў не памкнецца,
А пацеры ўзрушаюць цішыню,
Бо сэрца стылае спрабуе адагрэцца
Сярод шурпатай шэрані зямлі,
Дзе між халодных
“прамяністых” заўжды цесна
І веры ні на хвілю не дасі
Даўно няісным светачам нябесным.
21.12.2019 г.
СЛОВЫ НА РОЗВІТ
Даланя на шчацэ,
пацалунак кароткі дый годзе –
Без вільготных вачэй
і пустых абяцанняў чакаць,
Бо на кулі зямной
ісці поруч ды ўрэшце сыходзіць
Гэтаксама нянова,
рыхтык жыць альбо паміраць.
У кастрычніку лісце
пад ногі апала з галінаў,
Але з поля па Масленцы
знікнуць дазвання снягі,
Калі з выраю птушкі
прыляцяць гурмою ўспамінаў,
Непазбыўным дакорам
за ўсіх развітанняў грахі.
Невялікі цяжар –
не намуляе плечы ў дарозе.
Безліч будзе яшчэ
пацалункаў і словаў “Бывай!”
Не сумуй аб мінулым –
наважся забыць пры нагодзе
І вандроўцу самотнаму
ветла здалёк памахай.
20.02.2020 г.
НА ВОЛЮ
Я стрымгалоў лячу адведаць,
Махнуўшы клопатам крылом,
Дзяцінства край, дзе хата дзеда
Плыве цераз гады чаўном,
Дзе Маткі Боскай Вастрабрамскай,
Што ацалела ў час вайны,
Пагляд заззяе з-за фіранкі,
Пачуўшы крокі ў цішыні
Двара, які дабраслаўлёны
Узнёслай музыкай званіц
Дзвюх частак свету, але сёння
Часцей у самаце маўчыць;
З яго штолета выпраўляўся,
Набраўшы выспелых пладоў,
З гурмою сваякоў на Спаса
На могілкі да прабацькоў,
Каб незлічоны раз засведчыць,
Што б недавяркі ні вярзлі,
Крыві і душаў нашых еднасць
І ў памяці, і на зямлі –
Пра гэтае крый Бог забыцца,
Таму імчуся стрымгалоў
У неўміручы край дзяцінства
На волю з нежывых муроў.
27.02.2020 г.

