Сёлета Агульнанацыянальная дыктоўка на Гарадзеншчыне праходзіла пры падтрымцы Гарадзенскага аблвыканкама, супрацоўнікі якога і самі прынялі чынны ўдзел у дыктоўцы. Дыктоўка праходзіла ў асноўным у рамках акцыі “Беларусь помніць”, і тэксты былі прысвечаны 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Хаця, напрыклад, Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт паведаміў наступнае:
“21 лютага 2020 года на ўсіх факультэтах і ў чатырох каледжах, а таксама ў Цэнтры беларускай мовы, літаратуры і культуры (г. Масква), заснаваным сумесна Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М.В. Ламаносава, будзе ў чарговы раз праведзена Купалаўская дыктоўка “Знайдзі сябе з намі”. У сувязі з тым, што ў гэты час універсітэт адзначае 80-годдзе з дня заснавання, тэкст дыктоўкі прымеркаваны да гісторыі і сучаснасці ўніверсітэта. У напісанні дыктоўкі прымуць удзел студэнты, выкладчыкі, навучэнцы каледжаў, супрацоўнікі структурных падраздзяленняў (каля тысячы асоб).
Універсітэт плануе таксама арганізаваць напісанне дыктоўкі, прысвечанай 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, з выкарыстаннем тэкстаў, прапанаваных ТБМ, у красавіку – маі 2020 года”.
Тэксты, прапанаваныя ТБМ, былі прысвечаны 75-годдзю Перамогі, 100-годдзю Слуцкага збройнага чыну, 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча і 550-годдзю з дня нараджэння Міколы Гусоўскага.
У грамадскіх арганізацыях найбольш папулярнымі аказаліся тэксты з аповесці “Данута” Аляксея Карпюка і “На Чорных лядах” Васіля Быкава.
Дыктоўку пісалі ва ўсіх школах вобласці, у бібліятэках, музеях, каледжах, ліцэях, ва ўсіх універсітэтах, на курсах “Мова нанова”, у арганізацыях ТБМ і іншых грамадскіх арганізацыях. У Воранаве дыктоўку пісала ў поўным складзе рэдакцыя “Воранаўскай газеты”. Масава ўдзельнічалі ў дыктоўцы арганізацыі БРСМ.
Усяго 13-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі недзе ў 227 населеных пунктах вобласці, на 380 пляцоўках (калі пляцоўкай лічыць школу, бібліятэку).
Усяго дыктоўку ў вобласці пісалі каля 15 тысяч чалавек, з іх звыш 9000 – Лідскі раён, каля 1000 – Слонімскі раён.
Нажаль, палічыць вельмі дакладна не ўяўляецца магчымым. Не ўсюды такія звесткі збіраюцца, не ўсюды выдаюцца.
Былі, што праўда, і пэўныя абмежаванні, але трэба спадзявацца, што на наступны год яны будуць знятыя і дыктоўка ў Гарадзенскай вобласці стане яшчэ больш масавай.
Журналісты “Воранаўскай газеты” разам з рэдактарам выдання Таццянай Дудко скарысталіся магчымасцю праверыць свае веды па роднай мове. На гадзіну змянілі рэдакцыйныя кабінеты на вучнёўскі клас Воранаўскай школы. Пакуль настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Войшніс дыктавала тэкст, напэўна, многія прыгадалі, як у дзяцінстве старанна выводзілі літары, не раз сумняваліся ў правільнасці пастаноўкі знакаў прыпынку і правапісу. Не абышлося без хвалявання і цяпер. Аднак з дыктантам усе справіліся няблага. Амаль усе журналісты – выдатнікі! І ўжо з цудоўным настроем і сакавітай мовай на вуснах вярнуліся да сваіх творчых спраў.
Далучайцеся да нас: пішыце і размаўляйце па-беларуску!
Яраслаў Грынкевіч.