Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ У ВЕРХНЯДЗВІНСКУ

ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ У ВЕРХНЯДЗВІНСКУ

3 сакавіка 2020, 19:40 Мова, ТБМ 17
ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ У ВЕРХНЯДЗВІНСКУ

Дзень роднай мовы, які ў такім грунтоўным фармаце адзначаўся ў Верхнядзвінску ў трэці раз, быў вельмі насычаным і змястоўным. Нават, калі лічыць толькі па працягласці свята: яно доўжылася з 10.00 гадзін раніцы і скончылася амаль у 17.00 гадзін вечара.

Раённая арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” разам са сваімі актывістамі і памочнікам – Цэнтрам дзяцей і моладзі – загадзя распрацавалі праграму аж на цэлы дзень, які распачаўся творчай імпрэзай з удзелам пісьменніцы Ірыны Жарнасек і мясцовых аўтараў – Антона Бубалы, Вячаслава Якімава, Алены Карасёвай і мастака творчай суполкі “Пагоня” Валерыя Шчаснага, які да гэтага дня прымеркаваў выста-ву сваіх карцін, што  адлюстроўваюць  гістарычныя падзеі, якія  адбываліся на нашай зямлі і задаюць  пытанні да роздуму.  Бо тое, што робіць  мастак, прымушае  шукаць адказы на зусім няпростыя пытанні. Адна з тэм, якая  заняла не адно палатно – Расіцкая трагедыя далёкага 1943 года, калі  разам з жыхарамі Расіцы ў полымя вайны пайшлі святары – Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Адноўлены Расіцкі храм, што стаў месцам паломніцтва, як помнік нашай памяці, мужнасці і самаахвярнасці.

Магчыма таму, што абодва святары беатыфікаваны, на мой погляд, паспрыяла і тое, што гэта  трагедыя знайшла сваё ўвасабленне і ў літаратурным творы Ірыны Жарнасек “Будзь воля Твая”. Дзелячыся ўспамінамі пра тое, што падштурхнула аўтарку да  напісання рамана, яна сказала:

– Падштурхнула сустрэча з адной жанчынай, у якой я брала ін-тэрв’ю, і тая распавяла, што цудам ёй удалося застацца жывой.

– Але, – як кажа пісьменніца, — цяжкасць напаткала ў тым, як выкласці багаты матэрыял успамінаў, якія я сабрала падчас сустрэч са сведкамі Расіцкай трагедыі. Не адзін раз бралася за кнігу, але адчувала: не тое, і зноў шукала форму, якая б змагла адлюстраваць тое, што адбылося ў той час. Сёння, мне падаецца, я б змяніла нешта ў кнізе, але, што напісана, тое напісана. Дарэчы, гэта мая адзіная кніга пра вайну. Пра яе мне было цяжка пісаць, бо ніхто так праўдзіва не зрабіў гэта, як Быкаў, а я ж – дзіця пасляваеннага часу.

Чаму пісьменніцу так пры-цягвае Расіца?

– Расіца сталася ўжо часткай майго жыцця. І не толькі таму, што напісала я пра трагедыю Расіцы кнігу. Не, немагчыма вытлумачыць, чым яна так прыцягвае да сябе. Не хочацца казаць пафасных словаў….  Расіца – гэта праўда пра нас і нашу зямлю. Пра яе трагічнае мінулае і пра такую супярэчлівую нашу сучаснасць.

І ў  чарговы раз Ірына Францаўна едзе ў Расіцу на жалобныя мерапрыемствы, якія прайшлі ў мінулыя выхадныя.

 

У СШ № 2, куды мы завіталі ў гэты дзень на чарговую  сустрэчу з настаўнікамі і вучнямі школы, гаспадыня якога – настаўніца Ларыса Дзевяковіч, запрасіла пісьменніцу, кніга І. Жарнасек – у школьным краязнаўчым музеі.

Кніга запатрабавана чытачамі, пра што сведчаць допісы ў сеціве, але для пісьменніка – гэта вялікія фінансавыя выдаткі. На мой розум, то мясцовым уладам, магчыма, трэба было б парупіцца пра тое, каб перавыдаць кнігу, якая  сёння захоўваецца нават у Ватыкане. Калі пісьменніца даведалася пра такі факт, то была вельмі здзіўлена такой нечаканасцю.

У Ірыны Жарнасек каля дзясятка кніг, сярод якіх і “Ліст да сына”, твор напісаны тады, калі сын яшчэ  пад стол пехам хадзіў, кажа яна. Героямі аповесці з’яўляюцца наша маладыя людзі, якіх хвалююць праблемы сучаснага жыцця, дзе б яны ні жылі, – у горадзе ці ў вёсцы: сяброўства i каханне, вернасць чалавечаму i грамадзянскаму абавязку, адказнасць за лёс роднай зямлі. І, як лічыць пісьменніца, актуальнасць гэтых праблем у сённяшнім грамадстве толькі ўзрастае, пра што яна і гаварыла на сустрэчы з вучнямі ў СШ № 2.

Ірына Францаўна займаецца і перакладчыцкай працай, піша апавя-данні для дзяцей і некалькі сваіх кніг яна прывезла для ўручэння перамож-цам раённага конкурсу чытальнікаў і асабіста іх уручыла.

Вячаслаў Якімаў, экс-старшыня раённага суда, узяўся за пяро, калі з’явілася больш вольнага часу і дзве першя кнігі – гэта,  як падзяка роднаму куточку, дзе нарадзіўся. У першай – успаміны жыхароў Езярышча, яго роднай вёскі, аб падзеях ваеннага часу, у другой – багатая гісторыя мястэчка Езярышча. Заўважна, што абедзве кнігі – на беларускай мове, на якой  цудоўна размаўляе і сам аўтар, што для мяне стала некалькі нечаканым. Але варта прачытаць уступ да адной з кніг, і  атрымаеш грунтоўны адказ.

Выступаючы на сустрэчы перад прысутнымі, Вячаслаў Васільевіч правёў такі “гістарычны ўрок” для настаўнікаў і вучняў, што ўкладальнікі падручнікаў па гісторыі Беларусі проста не знайшлі б аргументаў  супраць.

– Наша дзяржава, – казаў Вячаслаў Якімаў, – яшчэ ў 16 ст. мела такі Статут, па якім пісаліся Статуты ўсёй Еўропы на працягу 200 год! А мова – гэта той складнік, без якога не можа быць дзяржавы. І наша мова – адна са старэйшых моваў сусвету.

Алена Карасёва, самая маладая ўдзельніца імпрэзы, прысвечанай Дню роднай мовы, выдала пакуль яшчэ толькі адну кнігу, якая атрымала цёплы водгук старэйшых калег. Але ў яе – шмат гумарыстычных матэрыялаў, якія не раз друкаваліся на старонках “Вожыка”.

Антон Бубала, мясцовы краязнавец, настаўнік, аўтар дзвюх кніг, шматлікіх публікацый у раённай, абласной і рэспубліканскай прэсе, узгадаў на вечарыне імёны тых нашых  землякоў – паэтаў і пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Верхнядзвіншчыне.

 

Акрамя дзвюх сустрэч – у Цэнтры дзяцей і моладзі і СШ № 2,  Ірыну Францаўну Жарнасек чакалі і чытачы раённай бібліятэкі імя Т. Хадкевіча. Шчыра, нязмушана ішла цёплая гаворка пра творчасць пісьменніцы, яе карані і продкаў, дзіцячыя гады, журналісцкую працу, цікавыя гісторыі з рэдакцыйнага жыцця.

Музыка, вершы і проза, карціны – гэта тыя галіны чалавечай тво-рчасці, якія не паддаюцца лагічнаму асэнсаванню, бо, напрыклад, каб вырабіць дэталь, распрацоўваюць чар-цяжы, дзе дакладна ўсё вымерана-вызначана. Творчасць  жа не паддаецца ніякім лагічным схемам і чарцяжам. Як нараджаюцца радкі вершаў ці  сюжэты раманаў і карцін? Гэта ўсё – з вобласці непазнаных і не вывучаных таямніц,  і тым цікавей нам будуць іх носьбіты – паэты і пісьменнікі, музыкі і мастакі!

Валянціна Болбат,

ТБМ, Верхнядзвінск.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1419
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0217
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Далучайцеся да нас